Сабор у імя Архістратыга Міхаіла (Мазыр)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Праваслаўны храм
Кафедральны сабор Святога Архангела Міхаіла
Church of Saint Michael Archangel, Mazyr.jpg
52°02′46″ пн. ш. 29°16′24″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Мазыр
Канфесія Праваслаўе
Епархія Тураўская
Архітэктурны стыль позняе барока
Заснавальнік род Аскерак
Першае згадванне 1645
Дата заснавання 1618
Будаўніцтва 1745—1760 (1770)
Стан дзеючы
Сайт Афіцыйны сайт

Кафедральны сабор Святога Архангела Міхаіла — праваслаўны сабор у Мазыры, галоўны храм Тураўскай епархіі, пабудаваны як касцёл бернардынаў у XVIII стагоддзі ў стылі позняга барока ў выглядзе двухвежавай трохнефавай базілікі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1615 годзе кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт III Ваза фундуе манастыр бернардынаў у Мазыры.

У 1645 годзе адстаўны палкоўнік Стэфан Лозка падарыў манахам-бернардынам драўляны кляштар, які пабудаваў насупраць Мазырскага замку. Гэты кляштар разам з усім местам быў зруйнаваны маскоўскім войскам падчас вайны 16541667 гадоў.

Будынак сабора ўзведзены ў 1760 — 75 гг. з цэглы па фундацыі мазырскага маршалка Казіміра Аскеркі як касцёл пры кляштары бернардзінцаў на месцы драўлянага храма. Кляштар скасаваны ў 1832 г. і прыстасаваны першапачаткова пад гарадскую бальніцу, а ў 1839 г. - пад прысутныя месцы (архітэктар Вісконці), касцёл перададзены праваслаўным. У гэтым жа годзе будынак значна пацярпеў ад пажару. У 1851 г. складзены каштарыс на перабудуву касцёла ў царкву, аднак рэканструкцыя завершана толькі ў 1865 г. Сабор асвячоны ў імя архістратыга Міхаіла, у 1876 г. адрамантавана.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Кляштарны комплекс уяўляе сабой помнік архітэктуры позняга барока XVIIXVIII стагоддзяў у выглядзе прамавугольнага храма, падзеленага ўнутры двума шэрагамі калон на тры нефы: цэнтральны і два бакавых.

Сабор вырашаны 3-нефавай 2-вежавай базілікай з 5-граннай апсідай. Галоўны 3-часткавы фасад — увагнута-выпуклая архітэктурная плоскасць, раскрапавана звязкамі пілястраў, тонкапрафіляванымі карнізамі. Барочныя рысы ў архітэктуры храма вылучыліся ў фігурных ліштвах аконных праёмаў і ўваходнага партала, складанай прафіліроўцы крапаваных карнізаў, увагнутых плоскасцях вежаў, слаістых пілястрах і арнаментальных капітэлях. Шатровыя пакрыцці 3-ярусныя вежы (васьмярык на 2 чацверыках) набылі ў 1829 г. ; над імі і прамежкавым трохвугольным франтонам ( у тымпане ляпны медальён з барэльефам Хрыста Уседзяржыцеля) узнесены цыбулепадобныя купалкі з ажурнымі залачонымі крыжамі. Архітэктура завяршэння фасада набыла рысы класіцызму — трохвугольныя франтоны, арачныя праёмы з імпастамі ў прамавугольных нішах, карнізы з сухарыкамі. Партал увахода завершаны лучковым разарваным франтонам з прамавугольнай нішай для абраза па цэнтры. Рытм бакавых фасадаў ствараюць лучковыя аконныя праёмы і лапаткі ў прасценках.

Інтэр'ер[правіць | правіць зыходнік]

Прастора інтэр'ера 6 магутнымі пілонамі падзелена на 3 нефы: цэнтральны перакрыты цыліндрычным, нізкія бакавыя — крыжовымі скляпеннямі на здвоеных падпружных арках, абапёртых на слупавыя і насценныя пілястры. Скляпенні размаляваны сюжэтнымі евангельскімі сцэнамі. Апсіду з ляпным прысценным алтаром і глорыяй у завяршэнні вылучае 3-ярусны разны драўляны іканастас. Над скляпеністым нартэксам хоры з пластычна выгнутым парапетам, дэкарыраваным аркатурай. Пад апсідай знаходзіцца крыпта, перакрытая цыліндрычным скляпеннем. У алтары абраз «Хрышчэнне» і 2 скульптуры віленскай работы - «Хрыстос у цямніцы» і «Хрыстос».

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 241-242.
  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]