Саветы

Саве́ты - калегіяльныя выбарныя прадстаўнічыя органы ўлады, якія сфарміраваліся падчас рэвалюцый 1905-1907 гг. і 1917-1921 гг. на землях Расійскай імперыі, а таксама ў шэрагу краін свету (Германія, Польшча, Фінляндыя, Аўстрыя, Венгрыя, Чэхаславакія, Румынія, Югаславія і інш.) падчас рэвалюцыйнага крызісу пасля Першай сусветнай вайны ў 1918-1923 гг.
Саветы ў рэвалюцыі 1905-1907 гг.
[правіць | правіць зыходнік]8 сакавіка 1905 г. у горадзе Алапаеўску быў створаны першы ў Расійскай імперыі Савет рабочых дэпутатаў. Увесну 1905 г. падобныя Саветы ўзніклі ў іншых уральскіх гарадах (Ніжні Тагіл, Мотавіліха, Надзеждзінск). Але яны дзейнічалі ў межах асобных прадпрыемстваў і выконвалі хутчэй функцыі прафсаюзаў[1].
Традыцыйна ў расійскай гістарыяграфіі лічыцца, што першым агульнагарадским Саветам стаў Савет упаўнаважаных, арганізаваны 15 мая 1905 г. рабочымі тэкстыльных прадпрыемстваў Іванава-Вазнясенска. Ён узнік падчас стачкі, што працягвалася на прадпрыемствах горада з 12 мая па 23 ліпеня 1905 г., у якой удзельнічалі, паводле падлікаў розных даследчыкаў, ад 30 да 70 тыс. рабочых[2]. У Іванава-Вазнясенскі савет быў абраны 151 чалавек паводле нормы: адзін дэлегат на 500 рабочых ад прадпрыемтваў з колькасцю работнікаў больш за тысячу чалавек. Выбары праходзілі шляхам адкрытага галасавання. Савет кіраваў стачкай, вёў перамовы з уладамі і адміністрацыяй прадпрыемстваў, займаўся харчовым забеспячэннем забастоўшчыкаў, арганізаваў рабочую міліцыю для аховы парадку ў горадзе і абароны фабрык ад штрэйкбрэхераў. У пэўнай ступені Савет стаў органам гарадскога самакіравання, узяўшы на сябе функцыі арганізацыі бяспекі ў горадзе і наклаўшы забарону на гандаль алкаголем і павышэнне коштаў на прадукты харчавання. Савет спыніў сваю дзейнасць 19 ліпеня 1905 г. у сувязі з рашэннем аб спыненні стачкі, паколькі адміністрацыі прадпрыемстваў пайшлі на частковыя саступкі рабочым[3][4].
У 1905 г. Саветы рабочых, чыгуначных, казачых, матроскіх, батрацкіх і сялянскіх дэпутатаў былі арганізаваны ў 62 населеных пунктах Расійскай імперыі, у тым ліку з 33 гарадах. Пік арганізацыі Саветаў прыходзіўся на кастрычнік-лістапад 1905 г.[5][6]. Дэпутаты выбіраліся паводле вытворчага прынцыпу - ад калектываў рабочых прадпрыемстваў, на сельскіх сходах і г.д. Саветы кіравалі агульнагарадскімі стачкамі, займаліся арганізацыяй узаемадапамогі і часта, ва ўмовах часовага замяшальніцтва царскіх уладаў, бралі на сябе некаторыя функцыі мясцовай улады, абапіраючыся на арганізаваныя імі баявыя рабочыя дружыны. Найбуйнейшым сярод іх быў Пецярбургскі Савет рабочых дэпутатаў. Ён быў арганізаваны 13 кастрычніка 1905 г. К сярэдзіне лістапада 1905 г. у яго склад уваходзілі 562 дэпутаты. Яны прадстаўлялі 181 прадпрыемства і 16 прафсаюзаў горада[7]. Была ўстаноўлена норма прадстаўніцтва - адзін дэпутат ад 500 рабочых, якая, аднак, выконвалася дастаткова адвольна - у Савеце былі прадстаўнікі і ад дробных майстэрняў з колькасцю 30-40 працаўнікоў. Без выбараў у Савет і яго выканаўчы камітэт былі кааптаваны 44 прадстаўнікі цэнтральных і мясцовых арганізацый Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Бунда і Польскай сацыялістычнай партыі. Усяго сацыял-дэмакраты складалі каля 65% членаў Савета, сацыялісты-рэвалюцыянеры - каля 13%[8][9]. Падчас паўстанняў у снежні 1905 г. у Маскве і некаторых іншых гарадах Саветы ажыццяўлялі кіраўніцтва імі, выконваючы ролю рэвалюцыйных органаў улады. Пасля падаўлення снежаньскіх паўстанняў яны былі ліквідаваны царскім урадам, а іх дэпутаты падвяргаліся рэпрэсіям[10].
На тэрыторыі Беларусі Саветы рабочых дэпутатаў падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. не былі сфарміраваны. Функцыі кіраўніцтва агульнагарадскімі стачкамі выконвалі кааліцыйныя саветы, камітэты, камісіі, у якія на аснове пагадненняў уваходзілі прадстаўнікі мясцовых арганізацый рэвалюцыйных партый: Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, Бунда, Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Польскай сацыялістычнай партыі і інш.[11].
Саветы пасля Лютаўскай рэвалюцыі
[правіць | правіць зыходнік]Падчас Лютаўскай рэвалюцыі ў Петраградзе сфарміраваліся асобныя Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў, якія 1 сакавіка аб'ядналіся ў Петраградскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які ажыццяўляў фактычную ўладу ў сталіцы поруч з Часовым урадам[12]. Выбары планавалася правесці паводле прынцыпу: адзін дэлегат ад кожнай тысячы рабочых на прадпрыемстве, адзін дэлегат ад прадпрыемства з колькасцю рабочых менш за 1 тыс., адзін дэлегат ад роты салдат. Аднак з-за сціслых тэрмінаў і складанасцяў у правядзенні масавых рабочых сходаў фактычна дэлегатамі сталі прадстаўнікі ўжо існаваўшых легальных рабочых арганізацый, у першую чаргу кааператываў. Таксама ўводзілася прадстаўніцтва ад сацыялістычных партый[13]. Непасрэднае кіраўніцтва Саветам ажыццяўляляў яго Выканаўчы камітэт на чале з дэпутатам Дзяржаўнай Думы сацыял-дэмакратам-меншавіком Мікалаем Чхеідзэ. На працягу сакавіка 1917 г. Выканаўчы камітэт Петрасавета ўтварыў шэраг камісій, паралельных адпаведным міністэрствам Часовага ўрада, і фактычна ператварыўся ў ценявы ўрад. Былі ўтвораны камісіі па чыгунках, пошце і тэлеграфе, харчаванні, фінансах, прызначаны камісары ў штаб Вярхоўнага Галоўнакамандуючага і штабы камандуючых франтамі і флатамі. Таксама Выканаўчы камітэт па сваім меркаванні займаўся заканадаўчай дзейнасцю, у прыватнасці, абвясціў увядзенне 8-гадзіннага працоўнага дня[14].
Неўзабаве Саветы сталі імкліва ўтварацца на ўсёй тэрыторыі дзяржавы. Як правіла, ствараліся адзіныя Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Узнікалі Саветы сялянскіх дэпутатаў (губернскія, павятовыя, валасныя). На фронце функцыі Саветаў выконвалі салдацкія камітэты (палкавыя, дывізійныя, карпусныя, армейскія, франтавыя і г.д.). На Усерасійскай нарадзе Саветаў 29 сакавіка - 3 красавіка 1917 г. была вызначана тэрытарыяльная сістэма Саветаў: абласныя, губернскія, павятовыя, раённыя аб'яднанні (з'езды). У сакавіку 1917 г. у гарадах і губернях дзейнічалі каля 600 Саветаў. Да мая 1917 г. было сфарміравана да 50 тыс. салдацкіх і матроскіх камітэтаў розных узроўняў, у якіх уваходзіла да 300 тыс. чалавек[15]. Значнай палітычнай сілай становіцца Цэнтральны камітэт Балтыйскага флота (Цэнтрабалт). Петрасавет выкончаў пачаткова кіруючую ролю ў дачыненні да ўсіх Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў на тэрыторыі дзяржавы.
У сакавіку 1917 г. у Петраградзе склаўся рэжым двоеўладдзя: з аднаго боку, улада Дзяржаўнай Думы і Часовага ўрада, з другога - улада Петрасавета. У войску і на флоце Часовы ўрад абапіраўся на традыцыйнае камандаванне, Петрасавет - на салдацкія і матроскія камітэты. Улада Дзяржаўнай Думы на месцах абапіралася на земствы і гарадскія думы, Петрасавета - на Саветы на месцах. Кіраўніцтва Петрасавета, у якім пераважалі сацыял-дэмакраты-меншавікі і сацыялісты-рэвалюцыянеры, не ставіла сваёй задачай ставараць у форме Саветаў альтэрнатыўную структуру ўлады. Супрацьвагай Часоваму ўраду Саветы сталі стыхійна. Асноўным механізмам рэжыму двоеўладдзя стала Кантактная камісія Выканкама Петрасавета, утвораная 8 сакавіка 1917 г., якая фактычна ажыццяўляла кантроль Саветаў над Часовым урадам «у мэтах інфармавання Савета аб намерах і дзеяннях Часовага ўрада, інфармавання апошняга аб патрабаваннях рэвалюцыйнага бесперапыннага кантролю над іх ажыццяўленнем»[16]. Пасля вяртання ў Расію ў красавіку 1917 г. лідэра бальшавікоў Уладзіміра Леніна, ім быў высунуты лозунг перадачы Саветам усёй паўнаты ўлады. Аднак і меншавікі і эсэры, якія на той час пераважалі ў Саветах, не падтрымлівалі яго. Яны лічылі Саветы інстытутамі грамадзянскай супольнасці, якія павінны ажыццяўляць ціск на ўрад "знізу", але не замяняць сабой урад[17].
Накірункамі дзейнасці Саветаў рабочых і салдацкіх былі садзейнічанне ўстанаўленню рабочага кантролю над вытворчасцю і ўвядзенню 8-гадзіннага рабочага дня, арганізацыя прафсаюзаў і фабрычна-заводскіх камітэтаў, стварэнне рабочай міліцыі, удзел у вырашэнні пытанняў, звязаных з забеспячэннем насельніцтва харчаваннем, удзел у падрыхтоўцы выбараў ва Ўсерасійскі Ўстаноўчы сход, культурна-асветніцкая дзейнасць, у тым ліку адкрыццё бясплатных бібліятэк[18].
Больш павольна ствараліся Саветы сялянскіх дэпутатаў. Вызначальную ролю ў іх арганізацыі адыгралі аддзяленні Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і сялянскія кааператывы, якія ў значнай ступені знаходзіліся пад іх уплывам. Вясной 1917 г. быў праведзены шэраг валасных, павятовых і губернскіх сялянскіх з'ездаў, якія ўстанаўлівалі нормы прадстаўніцтва для абрання Саветаў. У валасныя Саветы часцей за ўсё выбіраўся адзін дэлегат ад 200 жыхароў, у павятовыя - ад 2-3 тыс. або шляхам дэлегавання ад валасцей. Але на месцах часта меў месца значны хаос у вызначэнні нормаў прадстаўніцтва. Саветы сялянскіх дэпутатаў, як правіла, не спрабавалі выконваць уладныя функцыі і з'яўляліся па сутнасці мясцовымі грамадскімі арганізацыямі[19].
Параўноўваючы ступень прадстаўнічасці Часовага ўрада і Саветаў, гісторык Аляксандр Рабіновіч пісаў, што апошнія былі больш прадстаўнічыя. У падтрымку гэтай высновы ён прыводзіў наступныя аргументы: дэпутаты IV Думы абіраліся па нормах, якія выключалі ўдзел большасці насельніцтва ў выбарах; Саветы ўяўлялі сабой нізавыя дэмакратычныя арганізацыі, якія ўзніклі ў гарадах і сельскай мясцовасці па ўсёй краіне[20].
4-28 мая 1917 г. у Петраградзе па ініцыятыве Ўсерасійскага Сялянскага саюза і Ўсерасійскага з'езда кааператыўных саюзаў адбыўся І Усерасійскі з'езд сялянскіх дэпутатаў. На з'езд прыбылі 1353 дэлегаты, з іх мандатная камісія зацвердзіла 1167 дэлегатаў, у тым ліку 609 ад 70 губерняў і абласцей, 558 ад фронта. Паводле партыйнай прыналежнасці на з'ездзе былі прадстаўлены 537 эсэраў, 103 сацыял-дэмакраты (з іх 9 бальшавікоў, 8 меншавікоў-інтэрнацыяналістаў, астатнія меншавікі), 136 беспартыйных, 6 трудавікоў, 4 народныя сацыялісты. З'езд выказаўся ў падтрымку Часовага ўрада і працягу ўдзелу ў Першай сусветнай вайне. Ён таксама падтрымаў ідэю канфіскацыі памешчыцкага землеўладання, але прыняцце рашэння адкладаў да Ўстаноўчага сходу. З'езд абраў пастаянна дзеючы орган - Выканаўчы камітэт Усерасійскага Савета сялянскіх дэпутатаў у складзе 253 чалавек на чале з эсэрам Мікалаем Аўксенцьевым[21].
3-24 чэрвеня 1917 г. у Петраградзе адбыўся І Усерасійскі з'езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у якім удзельнічалі 1090 дэлегатаў (822 дэлегаты з вырашальным голасам, 268 з дарадчым). Яны прадстаўлялі 305 аб'яднаных Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, 53 абласных, губернскіх і раённых аб'яднанні Саветаў, 21 арганізацыю дзеючай арміі, 5 арганізацый фронта, 8 тылавых вайсковых арганізацыі. Сярод дэлегатаў было 295 эсэраў, 248 меншавікоў, 105 бальшавікоў, 73 пазафракцыйныя сацыялісты, 32 меншавікі-інтэрнацыяналісты, 10 аб'яднаных сацыял-дэмакратаў, 10 бундаўцаў, 5 трудавікоў, 3 народныя сацыялісты, 3 прадстаўнікі групы "Адзінства" і г.д. З'езд большасцю галасоў ухваліў дзейнасць Часовага ўрада, а таксама падтрымаў курс на працяг удзелу ў Першай сусветнай вайне да ажыццяўлення міра "без анексій і кантрыбуцый". Прапановы бальшавікоў і іншых левых груп аб перадачы ўсёй улады Саветам і выхадзе з вайны не былі ўхваленыя. Таксама з'езд падтрымаў шэраг праектаў прагрэсіўных сацыяльных і эканамічных рэформ, але іх ажыццяўленне адладвалася да рашэнняў Устаноўчага схода. Часоваму ўраду было прапанавана выдаць дэкларацыю, якая б прызнавала права нацый на самавызначэнне аж да аддзялення і стварэння самастойных дзяржаў, дэкрэт аб раўнапраўі ўсіх моў, а таксама стварыць савет па справах нацыянальнасцяў, у які б увайшлі прадстаўнікі ўсіх народаў Расіі. Асобна былі ўхвалены рэзалюцыі аб падтрымцы аўтаноміі Фінляндыі і Украіны. Аднак падкрэслівалася, што права канчатковага вырашэння гэтых пытанняў належыць Устаноўчаму сходу[22]. З'езд абраў пастаянны орган - Усерасійскі цэнтральны выканаўчы камітэт (УЦВК), у які ўвайшлі 250 членаў і 41 кандыдат і які стаў новым кіруючым цэнтрам усёй сістэмы Саветаў у межах дзяржавы. Яго рабочым органам стала Бюро УЦВК у складзе 50 чалавек, на чале з прэзідыўмам у складзе 9 чалавек, што прадстаўлялі тры буйнейшыя фракцыі: эсэраў, меншавікоў і бальшавікоў. Старшынём прэзідыўма Бюро УЦВК стаў Мікалай Чхеідзэ. У складзе УЦВК было створана 17 аддзелаў і камісій, якія дублявалі ўрадавыя функцыі[23].
У канцы жніўня 1917 г. Саветы адыгралі важную ролю ў падаўленні карнілаўскага мяцяжу. Для барацьбы з ім УЦВК стварыў Камітэт народнай барацьбы з контррэвалюцыяй у складзе 30 чалавек на чале з Мікалаем Чхеідзэ, які фактычна стаў органам надзвычайнай улады. На базе Саветаў адбывалася фарміраванне ўзброеных атрадаў чырвонай гвардыі. У гэты час у Саветах узмацняецца ўплыў леварадыкальных сіл, у першую чаргу бальшавікоў. На перавыбарах у верасні 1917 г. апошнія атрымалі большасць у 80 Саветах буйных індустрыяльных гарадоў, у тым ліку каля 90% у Петраградскім Савеце, які ўзначаліў Леў Троцкі. Абсалютная перавага бальшавікоў назіралася ў Саветах Фінляндыі, Эстоніі і Латвіі. Саветы, у якіх пераважалі бальшавікі, пры падтрымцы левых эсэраў, анархістаў, некаторых левых меншавікоў і іншых груп, узялі курс на пераход усёй улады ў рукі Саветаў ("Уся ўлада Саветам!")[24].
На кастрычнік 1917 г. у Расійскай Рэспубліцы дзейнічалі 1429 Саветаў, сярод іх 706 Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, 235 Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, 33 Саветы салдацкіх дэпутатаў, 455 Саветаў сялянскіх дэпутатаў. Сярод іх 974 знаходзіліся ў падпарадкаванні УЦВК Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, 455 - Выканаўчаму камітэту Савета сялянскіх дэпутатаў[18].
Утварэнне Саветаў на тэрыторыі Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]4 сакавіка 1917 г., адразу пасля Лютаўскай рэвалюцыі, быў утвораны Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Рашэнне аб яго стварэнні і правядзенні выбараў было прынятае на пасяджэнні служачых Заходнефрантавога камітэта Усерасійскага земскага саюза. Меркавалася правядзенне выбараў ад прадпрыемстваў горада і часцей гарадскога гарнізона. Аднак з-за сціслых тэрмінаў рэальна яны праведзены не былі, а склад першага Мінскага Савета і яго выканаўчага камітэта быў укамплектаваны на ўзгаданым пасяджэнні намаганнямі арыентаваных на левыя партыі мясцовых дзеячоў Усерасійскага земскага саюза і Усерасійскага саюза гарадоў[25]. Выканаўчы камітэт Мінскага Савета ўзначаліў сацыял-дэмакрат "міжраёнец" Барыс Позерн. У маі - пачатку чэрвеня 1917 г. адбыліся перавыбары Савета, у выніку якіх было абрана 265 дэпутатаў, з ліку якіх сфарміраваўся выканаўчы камітэт у складзе 36 чалавек на чале з Позернам: 18 прадстаўлялі рабочых, 18 салдат (пазней прапорцыя змянілася на 16:20 на карысць салдат)[26].
8 сакавіка 1917 г. адбыўся устаноўчы сход Віцебскага Савета рабочых дэпутатаў у складзе 300 дэлегатаў. Быў створаны выканкам Савета ў складзе 45 чалавек і прэзідыўм у складзе 7 чалавек на чале з бундаўцам Рыгорам Арансонам. 19 сакавіка быў утвораны Віцебскі Савет салдацкіх дэпутатаў на чале з меншавіком Аляксандрам Тарле[27]. 20 сакавіка было прынята рашэнне аб аб'яднанні абодвух Саветаў, аднак, аб'яднаны прэзідыўм не быў створаны; праводзіліся толькі сумесныя пасяджэнні выканкамаў і членаў Саветаў[28].
У Магілёве 6 сакавіка быў арганізаваны часовы Камітэт салдацкіх дэпутатаў. Аб утварэнні аб'яднанага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў было абвешчана 22 сакавіка. Выканкам Савета ўзначаліў меншавік Ветраў[29].
Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў узніклі таксама ў Гомелі, Бабруйску, Барысаве, Оршы, Полацку, Слуцку, Рэчыцы, Рагачове і іншых гарадах і мястэчках Беларусі. Усяго на працягу сакавіка - чэрвеня 1917 г. Саветы рабочых дэпутатаў або рабочыя секцыі пра рознага кшталту Саветах узніклі ў 57, Саветы салдацкіх дэпутатаў або салдацкія секцыі пры Саветах - у 59 населеных пунктах Беларусі[30]. Колькасна Саветы налічвалі ад некалькіх дзесяткаў да 200-300 чалавек. Рабочыя органы Саветаў - выканаўчыя камітэты - налічвалі ад 10 да 40 чалавек. Буйнейшыя Саветы мелі шэраг спецыяльных камісій: агітацыйна-прапагандысцкую, харчова-эканамічную, юрыдычную і г.д.
Своеасаблівасцю працэсу стварэння Саветаў на тэрыторыі Беларусі было тое, што ў большасці населеных пунктаў яны ўзніклі пад уздзеяннем вайскоўцаў (Бешанковічы, Вілейка, Гарадок, Друя, Дуброўна, Жодзіна, Івянец, Койданава, Крывічы, Лунінец, Магілёў, Мазыр, Мір, Нясвіж, Сіняўка, Слуцк), а некаторыя з іх (Вілейка, Гарадок, Койданава, Магілёў) непасрэдна на базе салдацкіх камітэтаў[31].
17 сакавіка 1917 г. Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў большасцю галасоў прызнаў неабходным устанавіць 8-гадзінны рабочы дзень з захаваннем зарплаты на прадпрыемствах горада. Аналагічныя рашэнні прынялі Віцебскі, Аршанскі, Мазырскі і іншыя Саветы[32].
Неўзабаве пазначылася тэндэнцыя да каардынацыі дзейнасці Саветаў. 7-17 красавіка 1917 г. у Мінску адбыўся І з'езд ваенных і рабочых дэпутатаў армій і тылу Заходняга фронту. На ім прысутнічала 850 дэлегатаў з рашаючым і 350 з дарадчым голасам ад вайсковыых часцей фронту і рабочых арганізацый Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай і Смаленскай губерняў. З'езд прыняў рэзалюцыі за працяг вайны, падтрымку знешняй палітыкі Часовага ўрада. Зацвердзіў праект статута выбарных салдацкіх арганізацый, выбраў Франтавы камітэт Заходняга фронту[33]. 22-25 мая 1917 г. дэлегаты ад 13 Саветаў Мінскай, Магілёўскай і неакупаванай часткі Віленскай губерні правялі з'езд у Мінску, які выбраў Абласны выканаўчы камітэт Заходняй вобласці. Паміж пасяджэннямі Абласнога выканкама яго функцыі былі ўскладзены на выканкам Мінскага Савета. дэлегаты ад Мінскага, Віцебскага, Гомельскага, Бабруйскага Аршанскага Саветаў і ад Саветаў армій Заходняга фронту[30][34]. У чэрвені 1917 г. у І Усерасійскім з'ездзе Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў узялі ўдзел 5 дэпутатаў Аршанскага Савета, 3 - Мінскага, па 2 - Бабруйскага, Віцебскага і Гомельскага[31]. У створаны з'ездам выканкам увайшлі 9 прадстаўнікоў з Беларусі і 18 - з Заходняга фронту[35].
Арганізацыя Саветаў сялянскіх дэпутатаў адбывалася ў ходзе падрыхтоўкі і правядзення сялянскіх з'ездаў, якія ва ўсіх губернях і большасці паветаў Беларусі прайшлі ў красавіку - ліпені 1917 г. З'езды ўтваралі пастаянна дзеючыя органы - выканаўчыя камітэты сялянскіх дэпутатаў губерні або павета. Значная частка Саветаў сялянскіх дэпутатаў узнікла на базе раней створаных мясцовых камітэтаў Усерасійскага сялянскага саюза; яны набылі сваё арганізацыйнае афармленне пад назвай "Савет Сялянскага саюза" (напрыклад, Палойніцкі Савет Віцебскага павета, Гадзілавіцкі Савет Рагачоўскага павета, Клясціцкі і Юхавіцкі Саветы Дрысенскага павета). За адзначаны перыяд узніклі чатыры губернскія, 26 павятовых і больш за 10 валасных Саветаў сялянскіх дэпутатаў. 20-23 красавіка 1917 г. у Мінску прайшоў з'езд сялянскіх дэпутатаў Мінскай і неакупаванай часткі Віленскай губерні з удзелам каля 800 дэлегатаў, на якім быў абраны выканаўчы камітэт сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў на чале з бальшавіком Міхаілам Фрунзэ. У маі 1917 г. прайшоў з'езд Саветаў сялянскіх дэпутатаў Магілёўскай губерні, а ў чэрвені - Віцебскай і Віленскай (у Дзісне), на якіх таксама былі абраны выканкамы ў складзе 20-40 чалавек. У І Усерасійскім з'ездзе Саветаў сялянскіх дэпутатаў у маі 1917 г. прынялі ўдзел 74 прадстаўнікі з Беларусі, у тым ліку 28 - з Мінскай губерні, 24 - з Магілёўскай, 16 - з Віцебскай, 6 - з Гродзенскай[36].
Усяго з сакавіка да ліпеня 1917 г. на тэрыторыі Беларусі ўзніклі каля 150 Саветаў розных тыпаў. Яны пераважна лаяльна ставіліся да Часовага ўрада і створаных ім на месцах органаў улады, пасылалі сваіх прадстаўнікоў у камітэты грамадскай бяспекі. Перавагу ў Саветах мелі сацыял-дэмакраты (мясцовыя меншавікі і бальшавікі стварылі пасля Лютаўскай рэвалюцыі аб'яднаныя арганізацыя ў рэгіёне, у якіх першапачаткова пераважалі меншавікі), бундаўцы і эсэры[30]. Выключэннем быў Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, дзе значным уплывам карысталіся бальшавікі, якія абапіраліся пераважна на салдацкую частку Савета, што паступова заняла ў ім вядучую ролю: з ліпеня 1917 г. яны ўтварылі ў ім асобную фракцыю, мелі перавагу ў прэзідуўме выканаўчага камітэта, а іх прадстаўнікі ўзначальвалі Савет (з 8 ліпеня Ісідар Любімаў, з 15 жніўня Карл Ландэр)[26]. У сялянскіх Саветах была відавочная перавага эсэраў. Летам 1917 г. абазначылася тэндэнцыя аб'яднання некаторых Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў з Саветамі сялянскіх дэпутатаў, якое адбывалася, як правіла, на павятовым узроўні. У Віцебску ў жніўні 1917 г. на аб'яднаным з'ездзе Саветаў адбылося стварэнне аб'яднанага губернскага выканкама Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў пры захаванні аўтаноміі за кожнай арганізацыяй. Усяго з красавіка да кастырчніка 1917 г. прайшлі тры губернскія з'езды Саветаў сялянскіх дэпутатаў у Магілёве, па 2 - у Мінску, Віцебску і Дзісне[37].
Падчас палітычнага крызісу ў пачатку ліпеня 1917 г. большасць Саветаў падтрымала пазіцыю Часовага ўрада. Толькі Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у якім моцныя пазіцыі мелі бальшавікі, выступіў за пераход улады да Саветаў[38]. Саветы на тэрыторыі Беларусі адыгралі значную ролю ў барацьбе з карнілаўскім мяцяжом у жніўні 1917 г. Прадстаўнікі Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, Выканаўчага камітэта Заходняга фронту, Савета сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў уваўшлі ў склад створанага ў Мінску Часовага рэвалюцыйнага камітэта[39]. Вялікую актыўнасць праявілі ў гэты час Саветы Віцебска, Оршы, Бабруйска.
У выніку перавыбараў у другой палове верасня - пачатку кастрычніка бальшавікі атрымалі большасць у Мінскім Савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў - 184 месцы з 337 (54,6%); 60 месцы атрымалі эсэры, 21 - меншавікі, 21 - бундаўцы, 3 прадстаўнікі Паалей-Цыёна, 1 - ад Яўрэйскай аб'яднанай сацыялістычнай партыі, 48 - беспартыйныя. З 38 членаў выканкама бальшавікоў было 23[26][40]. Моцны ўплыў бальшавікі мелі таксама ў Саветах Нясвіжскага гарнізона, Слуцка, Рэчыцы[41]. Але ў большасці Саветаў на тэрыторыі Беларусі дамінавалі памяркоўна-левыя сілы, асабліва ў Саветах сялянскіх дэпутатаў.
Саветы пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі
[правіць | правіць зыходнік]У кастрычніку 1917 г. бальшавікі ўзялі курс на сілавы захоп улады ад імя Саветаў. З мэтай падрыхтоўкі паўстання пры тых Саветах, дзе большасць мелі леварадыкальныя сілы, ствараліся ваенна-рэвалюцыйныя камітэты. Першы такі камітэт быў створаны пры Петраградскім Савеце 12 кастрычніка 1917 г. Усяго да 25 кастрычніка ў Расійскай Рэспубліцы паўстала каля 40 ваенна-рэвалюцыйных камітэтаў (ВРК). У іх склад уваходзілі бальшавікі, левыя эсэры, эсэры-максімалісты, анархісты. Акрамя прадстаўнікоў Саветаў да іх далучаліся прадстаўнікі прафсаюзаў, фабрычна-заводскіх камітэтаў і іншых арганізацый. Петраградскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт ажыццяўляў непасрэднае кіраўніцтва паўстаннем у Петраградзе 24-25 кастрычніка 1917 г., якое прывяло да звяржэння Часовага ўрада[42].
З мэтай легітымізацыі паўстання 25-27 кастрычніка 1917 г. адбыўся ІІ Усерасійскі з'езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Колькасць удзельнікаў з'езда, паводле розных дадзеных, складала ад 648 да 1049 чалавек, якія прадстаўлялі ад 366 да 402 Саветаў. Колькасную перавагу сярод дэлегатаў з'езда мелі бальшавікі і левыя эсэры. Правыя эсэры, меншавікі і блізкія ім групы, якія апынуліся ў меншасці, абвясцілі байкот з'езда, асудзіўшы ўзброены захоп улады бальшавікамі і іх саюзнікамі. З'езд абвясціў аб пераходзе ўсёй улады ў цэнтры і на месцах да Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. Фактычна ён узяў на сябе функцыі заканадаўчай улады, прыняўшы дэкрэты аб міры і аб зямлі, а таксама адмяніўшы смяротнае пакаранне на фронце; хаця адначасова даваліся гарантыі правядзення выбараў і своечасовага склікання Устаноўчага сходу. З'езд выбраў новы склад УЦВК у колькасці 101 асобы, у тым ліку 62 бальшавікі, 29 левых эсэраў, 6 аб'яднаных сацыял-дэмакратаў-інтэрнацыяналістаў, 3 украінскія сацыялісты, 1 эсэр-максімаліст. Старшынёй станавіўся бальшавік Леў Каменеў (9 лістапада яго замяніў Якаў Свердлаў). Пры гэтым дэкларавалася магчымасць папаўнення складу УЦВК за кошт сялянскіх Саветаў, армейскіх арганізацый, а таксама тых фракцый, якія пакінулі з'езд[43].
26 кастрычніка 1917 г. на з'ездзе быў сфарміраваны вышэйшы орган выканаўчай улады - Савет народных камісараў (СНК) на чале з Уладзімірам Леніным[44]. Першапачаткова ў СНК увайшлі выключна бальшавікі. Але 10 снежня 1917 г. у яго склад на аснове кааліцыйнага пагаднення ўвайшлі таксама левыя эсэры. На пачатковым этапе меркавалася, што ўлада СНК (як і дэкрэты, прынятыя на з'ездзе) мае часовы характар, да склікання Устаноўчага сходу[45]. Было пастаноўлена, што кантроль за дзейнасцю СНК і права яго фарміравання належыць УЦВК[46]. Аднак па сутнасці ўжо ад самага пачатку сваёй дзейнасці СНК выдаваў дэкрэты, якія мелі заканадаўчую сілу, без санкцыі УЦВК. Нягледзячы на адсутнасць на гэта да лета 1918 г. прававых падстаў, легітымнасць дэкрэтаў СНК была фактычна санкцыянавана на пасяджэнні УЦВК 4 лістапада 1917 г.; хаця разам з тым рашэнне УЦВК ад 17 лістапада 1917 г. падкрэслівала поўную падсправаздачнасць СНК у дачыненні да УЦВК[47] Акрамя таго ў першыя месяцы пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі рэальныя ўладныя паўнамоцтвы ў Петраградзе і на месцах ажыццяўлялі ваенна-рэвалюцыйныя камітэты як надзвычайныя органы, якія ствараліся на базе Саветаў[48]. 29 кастрычніка Петраградскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт з органа пры Петраградскім Савеце пераўтварыўся ў орган агульрасійскага значэння пры УЦВК. У значнай ступені ён дубляваў урадавыя функцыі; пры гэтым з 15 наркамаў першага СНК 7 былі адначасова членамі Петраградскага ВРК. Апошні спыніў сваю дзейнасць 5 снежня 1917 г.[49]
На падставе рашэння УЦВК Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў ад 27 кастрычніка 1917 г. было абвешчана аб скліканні Надзвычайнага Усерасійскага з'езда сялянскіх дэпутатаў, які працаваў у Петраградзе 11-25 лістапада 1917 г. Яго легітымнасць была пад пытаннем. Па першае, рашэнне аб яго скліканні прыняў УЦВК Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, а не Выканаўчы камітэт Усерасійскага Савета сялянскіх дэпутатаў, па другое, у ім прынялі ўдзел максімальна 330 дэлегатаў пры кворуме ў 790. Перавагу на з'ездзе мелі левыя эсэры, якія пайшлі на пагадненне з бальшавікамі; правыя эсэры дэманстратыўна пакінулі з'езд. Напрыканцы сваёй дзейнасці з'езд абвясціў аб скліканні ІІ Усерасійскага з'езда сялянскіх дэпутатаў, які працаваў з 26 лістапада па 10 снежня 1917 г. і ў склад якога аўтаматычна ўвайшлі дэлегаты часовага з'езда. На 1 снежня удзел у з'ездзе прымалі 790 дэлегатаў, на 8 снежня - 1282. Удзел у з'ездзе (на 1 снежня) прымалі 350 левых эсэраў, 307 правых эсэраў, 91 бальшавік, 40 прадстаўнікоў іншых груп. На з'ездзе адбыўся раскол: 5 снежня каля траціны дэлегатаў пакінула яго і арганізавала асобны Ўсерасійскі з'езд Саветаў сялянскіх дэпутатаў на платформе Устаноўчага сходу ў складзе 347 (потым 356) дэлегатаў[50]. Рэшта ўдзельнікаў з'езду прыняла рашэнне аб падтрымцы ўлады Саветаў і прызнанні яе дэкрэтаў, а таксама аб аб'яднанні з УЦВК Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Быў абраны новы склад Выканаўчага камітэта Усерасійскага Савета сялянскіх дэпутатаў; з 250 яго членаў 108 (сярод іх пераважалі левыя эсэры) увайшлі ў склад аб'яднанага УЦВК Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў[51].
Рэгіянальныя Саветы па-рознаму адрэагавалі на падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Петраградзе. Частка з іх (дзе пераважалі бальшавікі) прынялі рашэнні ІІ Усерасійскага з'езда Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў і ажыццявілі меры аб узяцці ўлады з дапамогай ваенна-рэвалюцыйных камітэтаў. У некаторых выпадках Петраградскі і іншыя ваенна-рэвалюцыйныя камітэты буйных гарадоў накіроўвалі сваіх эмісараў у рэгіёны, дзе тыя абвяшчалі аб роспуску Саветаў, што не падтрымлівалі бальшавікоў, і правядзенні перавыбараў, якія адбываліся пад ціскам і давалі патрэбны вынік на карысць бальшавікоў і іх саюзнікаў (хаця рост папулярнасці бальшавікоў і левых эсэраў, асабліва сярод салдат, таксама быў на той час фактам). Аднак, некаторыя Саветы катэгарычна адмовіліся падтрымаць новую ўладу (Арол, Тула і г.д.). Некаторыя Саветы кансалідаваліся з іншымі мясцовымі органамі ўлады (земствы, гарадскія думы), ствараючы з імі адзіныя органы мясцовай улады (Сімбірск і г.д.). У некаторых рэгіёнах адбыўся раскол Саветаў і ўзніклі канкуруючыя паміж сабой паводле пытання аб уладзе Саветы (Тамбоў і г.д.)[52]. Першапачаткова на месцах назіраўся феномен двоеўладдзя, паколькі функцыі мясцовага кіравання працягвалі выконваць земствы і гарадскія думы. Да склікання Устаноўчага сходу значная іх частка адстойвала сваю самастойнасць у адносінах да Саветаў і СНК[40].
Да студзеня 1918 г. савецкія органы ўлады фармальна лічыліся часовымі, да склікання Устаноўчага сходу, які павінен быў вызначыць форму далейшага дзяржаўнага ўладкавання. Аднак ужо напярэдадні склікання Устаноўчага сходу бальшавікі і левыя эсэры супрацьпаставілі Саветы як форму прамой дэмакратыі інстытутам прадстаўнічай дэмакратыі як больш дасканалую і прагрэсіўную. У Дэкларацыі правоў працоўнага і эксплуатуемага народа, напісанай Леніным і ўхваленай УЦВК 3 студзеня 1918 г., Устаноўчаму сходу па сутнасці ўльтыматыўна прадпісвалася прызнаць уладу Саветаў[53]. Усерасійскі Устаноўчы сход, у якім перавагу атрымалі эсэры, на сваім адзіным пасяджэнні 5-6 студзеня 1918 г. адмовіўся ад гэтага, пасля чаго 6 студзеня быў разагнаны паводле рашэння УЦВК.
Канчатковае афармленне статуса Саветаў як інстытутаў дзяржаўнай улады адбылося на аб'яднаным ІІІ з'ездзе Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, які праходзіў у Петраградзе 10-18 студзеня 1918 г. На з'ездзе прысутнічалі больш за 700 дэлегатаў ад 133 сялянскіх Саветаў, 129 салдацкіх камітэтаў, 94 аб'яднаных рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, 91 павятовага (з 414) і 14 губернскіх з'ездаў сялянскіх Саветаў, 5 Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. На дадзеным з'ездзе былі заўважныя перавагі пры выбары дэлегатаў, якія даваліся больш бальшавізаваным рабочым і салдацкім Саветам у параўнанні з сялянскімі. Абсалютную большасць дэлегатаў складалі ў прыблізна роўных прапорцыях бальшавікі і левыя эсэры. На з'ездзе была прынятая Дэкларацыя правоў працоўнага і эксплуатуемага народа, абвешчана дзяржаўна-палітычнае ўладкаванне Расіі як федэрацыі савецкіх рэспублік і легітымізаваны пераход усёй улады да Саветаў і створаных імі органаў. Вышэйшым заканадаўчым органам быў абвешчаны з'езд Саветаў. У перапынках паміж з'ездамі гэтыя функцыі выконваў УЦВК. Вышэйшым выканаўчым органам з'яўляўся Савет Народных Камісараў. Быў абраны новы склад УЦВК, у які ўвайшлі 306 членаў, з іх 160 бальшавікоў, 125 левых эсэраў і невялікая колькасць меншавікоў, эсэраў-максімалістаў і анархістаў. У склад прэзідыўма УЦВК увайшлі 22 чалавекі на чале з Якавам Свярдловым, у тым ліку 14 бальшавікоў, 7 левых эсэраў і 1 меншавік. Паралельна 10-18 студзеня 1918 г. працаваў ІІІ Усерасійскі з'езд Саветаў сялянскіх дэпутатаў на платформе Устаноўчага сходу, на які прыехалі больш за 300 дэпутатаў, пераважна эсэраў. Ён падтрымаў Устаноўчы сход і яго рашэнні і рэзка раскрытыкаваў аўтарытарную палітыку бальшавікоў. Улады разагналі з'езд, але ён перайшоў на падпольнае становішча, працягнуў працу і абраў новы выканкам[40].
У гэты час перад новай уладай паўстала задача фарміравання адзінай сістэмы Саветаў у межах усёй дзяржавы, якія з інстытутаў грамадскага самакіравання пераўтвараліся ў органы мясцовай улады. 24 студзеня 1918 г. СНК прыняў рашэнне аб ліквідацыі земстваў і гарадскіх дум і перадачы іх паўнамоцтваў на месцах Саветам (працэс завяршыўся ў асноўным да чэрвеня 1918 г.)[54]. Сувязь цэнтральнай улады з рэгіянальнымі Саветамі першапачаткова ажыццяўлялі Наркамат унутраных спраў і іншагародні аддзел УЦВК, якія накіроўвалі ў рэгіёны камісараў. Аднак першапачаткова не было дакладна вызначаны размежаванне кампетэнцый цэнтральных органаў Савецкай улады і рэгіянальных Саветаў. Наркам унутраных спраў Рыгор Пятроўскі ў сваім звароце "Да ўсіх Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў" 24 снежня 1917 г. спрабаваў спалучыць, з аднаго боку, дэмакратычную ідэю аўтаноміі ўсіх Саветаў, з другога, ідэю цэнтралізаванага фарміравання Саветаў і падпарадкавання ўжо існуючых Савецкаму ўраду з дапамогай аўтарытарнага (хаця фармальна часовага) інстытута камісараў (т.зв. "камісарадзяржаўе")[40]:
«Уся краіна павінна пакрыцца цэлай сеткай савецкіх арганізацый, якія мусяць знаходзіцца ў цеснай арганізацыйнай залежнасці паміж сабой. Кожная з гэтых арганізацый, аж да самай дробнай, цалкам аўтаномная ў пытаннях мясцовага характару, але кіруецца ў сваёй дзейнасці агульнымі дэкрэтамі і пастановамі цэнтральнай улады і пастановамі тых буйнейшых савецкіх арганізацый, у склад якіх яна ўваходзіць. Такім шляхам ствараецца сціслы, ва ўсіх сваіх частках аднастайны арганізм - Рэспубліка Саветаў ... пры такім спосабе арганізацыі ўлады, натуральна, само сабой падае інстытут прызначаных зверху камісараў. Ён захоўваецца часова, як пераходная форма, толькі ў тых выпадках, калі на месцы не паспела яшчэ стварыцца адпаведная савецкая арганізацыя або калі існуючая не прызнае паўнаты Савецкай улады. Але ў такім выпадку першай і найважнейшай задачай прызначанага камісара з'яўляецца стварэнне савецкай арганізацыі, якой ён і павінен перадаць апарат мясцовага кіравання. Пры гэтым павятовыя і валасныя камісары павінны абірацца цэнтральнай уладай. Народнаму камісарыяту ўнутраных спраў належыць аб'яднаць дзейнасць усіх органаў кіравання на месцах, якімі зараз з'яўляюцца Саветы. Без такой сувязі Савецкая ўлада ніколі не зліецца ў тое стройнае цэлае, якое адно ў стане забяспечыць ёй найбольшую ўстойлівасць».
Да сакавіка 1918 г. завяршыўся пачаты "зверху" працэс аб'яднання розных тыпаў Саветаў на рэгіянальным узроўні. З дапамогай камісараў мясцовыя сялянскія Саветы расколваліся; іх бальшавіцка-леваэсэраўскія часткі аб'ядноўваліся з Саветамі рабочых і салдацкіх дэпутатаў, як правіла, застаючыся там у меншасці, а праэсэраўскія выканкамы разганяліся.
Саветы самастойна вырашалі мясцовыя пытанні, але павінны былі дзейнічаць у адпаведнасці з нарматыўнымі актамі цэнтральных органаў і вышэйстаячых Саветаў. Пры Саветах ствараліся розныя аддзелы, якія выконвалі функцыі мясцовага кіравання. Рэгіянальныя савецкія органы часам аб'ядноўвалі некалькі губерняў (Маскоўскі абласны і Уральскі Саветы, Аблвыканкамзах, Цэнтрасібір) і стваралі па сутнасці аўтаномныя палітычныя адзінкі. Яны маглі мець свае Саўнаркамы, якія праводзілі палітыку ў рамках уласнага разумення агульных указанняў, што паступалі з Петраграда[50].
Саветы на тэрыторыі Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]У ІІ Усерасійскім з'ездзе Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў удзельнічалі прадстаўнікі 10 гарадскіх, 1 губернскага і 1 абласнога Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў з тэрыторыі Беларусі[31].
Пасля паведамленняў з Петраграда аб ходзе Кастрычніцкай рэвалюцыі прэзідыўм выканкама Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у якім большасць мелі бальшавікі, 26 кастрычніка 1917 г. абвясціў аб пераходзе ўлады ў Мінску і ваколіцах да Савета. 27 кастрычніка прэзідыўм Мінскага Савета разам з бюро Абласнога выканаўчага камітэта Саветаў Заходняй вобласці, бальшавіцкай фракцыяй камітэта Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняга фронту, прадстаўнікамі Мінскага раённага чыгуначнага камітэта і ўсіх вайсковых часцей Мінска абвясцілі аб стварэнні Ваенна-рэвалюцыйнага камітэту Мінска і Заходняга фронту, які ўзначаліў Карл Ландэр. Аднак сітуацыя ў рэгіёне і на фронце была даволі складанай, у выніку чаго кіраўніцтва Савета пайшло на кампраміс з Камітэтам выратавання рэвалюцыі, створаным памяркоўна-левымі сіламі на чале з Франтавым камітэтам Заходняга фронту, фармальна прызнаўшы яго ўладу. Але 2 лістапада ўся ўлада ў горадзе перайшла да ВРК Мінска і Заходняга фронту[55].
Большасць Саветаў на тэрыторыі Беларусі, аднак, першапачаткова не прызнала ўрад, створаны бальшавікамі ў Петраградзе. Вынікам процістаяння сталі разгон старых Саветаў і стварэнне новых, складзеных з бальшавікоў, левых эсэраў і іх саюзнікаў, з дапамогай спецыяльна створаных ваенна-рэвалюцыйных камітэтаў, якія бралі на сябе функцыі часовай мясцовай улады. Так, у Віцебскім Савеце пераважалі памяркоўныя сацыялісты. Гэты Савет адмовіўся ад прыняцця бальшавіцкага тэксту наказу на ІІ Усерасійскі з'езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў і выбраў дэлегатамі на з'езд прадстаўнікоў Бунда і ПСР. На сваім пасяджэнні 27 кастрычніка 1917 г. Віцебскі Савет не прызнаў створаныя бальшавікамі ў Петраградзе органы ўлады. Пасля гэтага быў створаны ваенна-рэвалюцыйны камітэт, які абвясціў роспуск Савета і правядзенне ў яго новых выбараў. Новы Савет, пераабраны пад націскам гэтага камітэта, з перавагай бальшавікоў пачаў працу 11 лістапада[28]. Яго кіраўніком стаў Уладзімір Каралёў[56], пазней Якаб Гоба[57].
Падобная сітуацыя назіралася ў Магілёўскім Савеце. 28 кастрычніка 1917 г. ён прыняў рэзалюцыю з асуджэннем палітыкі бальшавікоў і заклікам да стварэння аднароднага сацыялістычнага ўрада. Магілёўскі Савет падтрымліваў дзейнасць антыбальшавіцкіх сіл, якія ў канцы кастрычніка - першай палове лістапада 1917 г. канцэнтраваліся вакол Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання і намагаліся сфарміраваць новы ўрад. З уступленнем у Магілёў бальшавіцкіх атрадаў з Петраграда выканкам Савета 18 лістапада прызнаў Савецкі ўрад і ўтварыў ваенна-рэвалюцыйны камітэт з перавагай у ім бальшавікоў і левых эсэраў, які ўзяў уладу ў горадзе і павеце. У канцы лістапада - снежні 1917 г. Магілёўскі Савет быў папоўнены бальшавікамі, якія атрымалі над ім кантроль[29][55].
Да сярэдзіны лістапада 1917 г. улада Саветаў была абвешчана ў большасці павятовых цэнтраў і гарадоў Беларусі, а таксама ў 2-й, 3-й і 10-й арміях Заходняга фронту. У той жа час некаторыя Саветы выступілі супраць захопу ўлады бальшавікамі і іх саюзнікамі і патрабавалі стварэння дэмакратычнага ўрада на кааліцыйнай аснове і вырашэння пытання аб уладзе на Ўстаноўчым сходзе. Такую пазіцыю занялі Магілёўскі губернскі, Мсціслаўскі, Чавускі, Чэрыкаўскі, Рагачоўскі, Сенненскі павятовыя Саветы сялянскіх дэпутатаў, выканкам Савета сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерні, з'езд сялянскіх дэпутатаў Заходняга фронту[58].
Вынікам дадзеных працэсаў стала пераабранне пад націскам бальшавікоў і іх саюзнікаў каардынацыйныйных рэгіянальных органаў Саветаў, якія прызналі СНК у Петраградзе і сфарміравалі падпарадкаваныя яму органы мясцовай улады, якія замянялі ў гэтай функцыі распушчаныя ваенна-рэвалюцыйныя камітэты. 18 лістапада 1917 г. у Мінску адбыўся ІІІ з'езд Саветаў сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў (335 дэлегатаў), 19 лістапада - з'езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (560 дэлегатаў, з 23 Саветаў былі прадстаўлены 12), 20-25 лістапада - ІІ з'езд армій Заходняга фронту (714 дэлегатаў). Усе яны прызналі створаныя ў Петраградзе ў выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі органы ўлады і іх дэкрэты; абсалютную перавагу на ўсіх дадзеных з'ездах мелі бальшавікі. У выніку зліцця выканкамаў абласнога Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў (35 чалавек), Савета сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерні (35 чал.), Франтавога камітэта Заходняга фронту (100 чал.), а таксама 17 прадстаўнікоў прафсаюзаў быў сфарміраваны Абласны выканаўчы камітэт саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (скарочана Аблвыканкамзах або Аблвыкамзах). Яго прэзідыўм узначаліў бальшавік Мікалай Рагазінскі, а з 17 студзеня 1918 г. - бальшавік Аляксандр Мяснікоў. Выканаўчым органам Аблвыканкамзаха стаў Савет народных камісараў Заходняй вобласці і фронту. Яго ўлада пашыралася на Мінскую, неакупіраваную частку Віленскай губерні і Заходні фронт[59][60]. У абавязак камісараў уваходзіла і ажыццяўленне дэкрэтаў расійскага СНК у Петраградзе. У іх межах кожны аддзел быў упаўнаважаны самастойна вырашаць пытанні сваёй кампетэнцыі. Розныя дырэктывы, не прадугледжаныя дэкрэтамі цэнтральнага ўрада, выдаваліся для выканання толькі пасля зацвярджэння іх на агульным сходзе членаў Аблвыкамзаха.
У Віцебскай губерні вышэйшым органам улады стаў губернскі Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, сфарміраваны на губернскім з'ездзе 11-17 снежня 1917 г. у складзе 65 чалавек (55 бальшавікоў, 6 левых эсэраў, 2 анархісты, 1 эсэр-максімаліст, 1 беспартыйны)[59], які ўзначаліў бальшавік Віліс Чунчын[61]. У Магілёўскай губерні губернскі з'езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў быў скліканы 16 снежня 1917 г., аднак, быў вымушаны перанесці сваю працу, паколькі на ім не было прадстаўлена каля паловы Саветаў губерні. 5-10 студзеня 1918 г. у Магілёве паралельна працавалі ІІ губернскі з'езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў (на ім былі прадстаўлены 15 з 23 Саветаў) і IV губернскі з'езд Саветаў сялянскіх дэпутатаў. Абодва з'езды выказаліся за аб'яднанне Саветаў. 14 студзеня 1918 г. на парытэтных пачатках у выканкам увайшлі па 29 членаў выканкамаў, абраных адпаведнымі з'ездамі Саветаў[62]. Старшынёй аб'яднанага выканкама быў абраны эсэр-максімаліст Міхаіл Гольман[63].
Прадстаўнікі некаторых Саветаў рабочых, салдацкіх, сялянскіх дэпутатаў, прадстаўнікі ад беларускіх губерняў у Выканаўчым камітэце Усерасійскага Савета сялянскіх дэпутатаў прымалі ўдзел ва Усебеларускім з'ездзе 5-17 снежня 1917 г., які быў разагнаны СНК Заходняй вобласці і фронту[64]. Нормы прадстаўніцтва на з'ездзе ўключалі па тры дэлегаты ад губернскіх Саветаў сялянскіх дэпутатаў, па аднаму дэлегату ад павятовых Саветаў сялянскіх дэпутатаў і павятовых Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў[65]. Адным з арганізатараў з'езда быў Беларускі абласны камітэт, створаны перадусім з ліку дэлегатаў ад беларускіх губерняў на Усерасійскіх сялянскіх з'ездах[66]. Дэкларацыі ў падтрымку палітычнай аўтаноміі Беларусі паступілі ў прэзідыўм Усебеларускага з'езда ад выканкамаў Магілёўскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў і Магілёўскага губернскага Савета сялянскіх дэпутатаў[67]. У той жа час ніводзін з губернскіх з'ездаў Саветаў не выказаўся на карысць нацыянальнага самавызначэння Беларусі. ІІІ з'езд Саветаў сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў падкрэсліў, што "Беларусь ёсць непадзельнае цэлае вялікай рэвалюцыйнай Расіі"[68]. Падобную пазіцыю заняў Віцебскі губернскі з'езд сялянскіх, садлацкіх, рабочых і батрацкіх дэпутатаў. Некаторыя павятовыя сялянскія з'езды Магілёўскай і Віцебскай губерняў, Слуцкага павета Мінскай губерні адклікалі сваіх дэлегатаў падчас працы Усебеларускага з'езда[69].
У студзені - сакавіку 1918 г. разгарнулася работа па арганізацыі мясцовых Саветаў як адзіных органаў улады і кіравання. За гэты час на тэрыторыі Беларусі былі створаны 3 павятовыя, 1 раённы, 7 местачковых і 14 валасных Саветаў рабочых і сялянскіх дэпутатаў. Некаторыя валасныя Саветы ўтварыліся ў выніку простага перайменавання ранейшых валасных земскіх упраў. Пры Саветах ствараліся спецыяльныя аддзелы па кіраванні рознымі галінамі мясцовага жыцця, рэвалюцыйныя трыбуналы, следчыя камісіі. У Віцебскай і Магілёўскай губернях у Саветах розных узроўняў на той час пераважалі левыя эсэры: сярод удзельнікаў з'ездаў Саветаў у пяці буйнейшых паветах адзначаных губерняў левыя эсэры складалі 48%, у той час як бальшавікі - 31,8%, у выканкамах дадзеных Саветаў левыя эсэры і бальшавікі складалі адпаведна 51% і 31,7%[70]. Гэты працэс ішоў паалельна з ліквідацыяй земскіх устаноў і гарадскіх дум. У студзені - сакавіку 1918 г. на тэрыторыі Беларусі былі ліквідаваны 5 гарадскіх дум, земскія ўправы ў трох гарадах і 10 валасцях. Значная колькасць кадраў гарадскіх дум і земскіх устаноў была ўключана ў склад гаспадарскіх аддзелаў і службаў пры выканкамах павятовых, гарадскіх і валасных Саветаў[71].
Трансфармацыя Саветаў ва ўмовах усталявання бальшавіцкай дыктатуры
[правіць | правіць зыходнік]У сувязі з палітычным крызісам у Расіі, звязаным з падпісаннем Брэсцкага міру, левыя эсэры ў знак пратэсту 18 сакавіка 1918 г. выйшлі са складу Саўнаркама. Пачалі фарміравацца асновы аўтарытарнага аднапартыйнага рэжыму бальшавікоў. З вясны 1918 г. рэжым узяў курс на вертыкальную інтэграцыю ўсіх Саветаў пад уладай цэнтральных органаў кіравання на чале з Саўнаркамам. З дапамогай сваіх камісараў, розных надзвычайных органаў (рэўкамаў і г.д.), лаяльных вайсковых атрадаў, аддзяленняў ВЧК бальшавіцкае кіраўніцтва абмяжоўвала аўтаномію мясцовых Саветаў, выкарыстоўвала розныя маніпуляцыі і ціск з мэтай фарміравання зручнага складу Саветаў і іх органаў. Адвольна ўстанаўліваліся непрапарцыйныя нормы прадстаўніцтва пры выбарах у Саветы, якія давалі рабочым перавагу над сялянамі, а салдатам, сярод якіх найбольшай папулярнасцю карысталіся бальшавікі, - над рабочымі. Апазіцыйным дзеячам нярэдка адмаўлялі ў праве быць дэлегатамі Саветаў[72]. Прыкладам ціску на дзейнасць Саветаў можа быць сітуацыя ў Пермскім акружным Савеце рабочых і сялянскіх дэпутатаў, які адбыўся ў красавіку 1918 г., на якім большасць склалі левыя эсэры: 307 дэлегатаў супраць 210 бальшавіцкіх дэлегатаў. Аднак, абласны камітэт камісараў Урала дырэктыўна запатрабаваў сфарміраваць выканаўчы камітэт Савета, якому належала рэальная ўлада, у прапорцыі 13 бальшавікоў і 7 левых эсэраў, нягледзячы на супраціўленне з'езда[73]. У выпадку паражэння бальшавікоў на выбарах нядобранадзейныя Саветы разганяліся. Так, у сакавіку - чэрвені 1918 г. былі разагнаны Саветы ў Яраслаўлі, Сормаве, Кастраме, Іжэўску, Тамбове, Арле, Вятцы, Златавусце і іншых гарадах; у Растове-на-Доне, Саратаве, Калузе і іншых гарадах з Саветаў выгналі апазіцыйных дэпутатаў[74]. Дэпутат Петраградскага Савета эсэр В. Каплан казаў у гэты час[75]:
"Лічаць, што Саветы валодаюць уладай, — насамрэч Петраградскі Савет, напр., ніякай улады не мае, ён і не ведае, што робіцца ва ўрадзе, чакае, што скажа старшыня, адкрывае спрэчкі па ўказцы старшыні, галасуе па ўказцы, адхіляе ўсе спробы апазіцыі абараніць сваё меркаванне таксама па ўказцы".
14 чэрвеня 1918 года УЦВК выключыў сацыял-дэмакратаў (меншавікоў) і правых эсэраў з Саветаў, матывуючы гэтае рашэнне ўдзелам гэтых партый ва ўзброенай барацьбе супраць бальшавіцкага рэжыму. Памяркоўна-сацыялістычныя партыі (эсэры, меншавікі) спрабавалі ў дадзеных умовах арганізаваць Сходы народных упаўнаважаных, якія фарміраваліся па ўзоры ранніх Саветаў у сакавіку - ліпені 1918 г., але былі падаўлены бальшавіцкімі ўладамі[76].
Да лета 1918 г. гегемонія бальшавікоў у Саветах яшчэ не была абсалютнай. Вясной-летам 1918 г., ва ўмовах частых перавыбараў і падзення папулярнасці бальшавікоў, выкліканых устанаўленнем харчовай дыктатуры і ўзмацненнем рэпрэсіўнасці рэжыму, назіралася нават тэндэнцыя змяншэння ўдзельнай вагі бальшавікоў у Саветах мясцовых узроўняў. Паводле інфармацыі аб партыйным складзе дэпутатаў каля 100 павятовых Саветаў, удзельная вага бальшавікоў у іх за перыяд з сярэдзіны сакавіка да красавіка - жніўня 1918 г. скарацілася з 66% да 44,8%, у той час як левых эсэраў павялічылася з 18,9% да 23,1%, беспартыйных - з 9,3% да 27,1%[77]. Аднак бальшавікі пераважалі ў выканаўчых органах Саветаў: 52,4% у 47 павятовых выканкамах і 70,4% у 21 губернскім выканкаме на пачатак ліпеня 1918 г.[78].
Летам 1918 г. узмацнілася барацьба за ўплыў у Саветах паміж бальшавікамі і левымі эсэрамі. На V Усерасійскім з’ездзе Саветаў, які праходзіў у Маскве 4-10 ліпеня 1918 г., сярод 1164 дэлегатаў было 773 (66,4%) бальшавікоў і 353 (30,3%) левых эсэраў[79]. Апошнія абвінавацілі бальшавікоў у маніпуляцыях з прадстаўніцтвам у сувязі з тым, што шматлікія дэлегаты былі накіраваны не ад мясцовых з'ездаў Саветаў, а ад выканкамаў, непрапарцыйнага прадстаўніцтва ад розных губерняў. У якасці прыкладу левы эсэр Уладзімір Карэлін прыводзіў адпраўку пяці дадатковых дэлегатаў-бальшавікоў ад Магілёўскага губернскага выканкама Саветаў[80]. Пасля разгрому паўстання левых эсэраў 6-7 ліпеня 1918 г., пачалося паступовае выцісканне з Саветаў прадстаўнікоў гэтай партыі; былі разагнаны некаторыя мясцовыя Саветы і іх выканкамы (Казань), у якіх дамінавалі левыя эсэры. Гэтая падзея прывяла да якаснай трансарфмацыі савецкай сістэмы на працягу другой паловы 1918 - пачатку 1919 гг.. Хаця прадстаўнікі апазіцыйных сацыялістычных партый яшчэ дапускаліся ў невялікай колькасці да ўдзелу ў Саветах, іх не дапускалі да прыняцця ўладных рашэнняў[81][82]. Па меры падпарадкавання Саветаў цэнтральнай уладзе і падаўлення ўнутрысавецкай апазіцыі рэальная ўлада пераходзіла ад Саветаў да органаў кіруючай бальшавіцкай партыі. У пастанове VIII з'езда РКП(б) у сакавіку 1919 г. было заяўлена, што «камуністычная партыя асабліва дабіваецца правядзення сваёй праграмы і свайго поўнага панавання ў сучасных дзяржаўных арганізацыях, якімі з'яўляюцца Саветы»[83].
10 ліпеня 1918 года V Усерасійскі з’езд Саветаў прыняў першую Канстытуцыю РСФСР, якая ўніфікавала і вызначыла структуру савецкай улады. Вышэйшым органам улады стаў Усерасійскі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх, чырвонаармейскіх і казацкіх дэпутатаў. Ён абіраў УЦВК як пастаянны вышэйшы заканадаўчы, распарадчы і кантрольны орган паміж з’ездамі. УЦВК фарміраваў падсправаздачны яму Савет Народных Камісараў РСФСР. Падзелу ўладаў на заканадаўчую і выканаўчую Канстытуцыя не прадугледжвалася: СНК мог прымаць тэрміновыя рашэнні, а УЦВК - разглядаць яго дэкрэты і выдаваць уласныя. У савецкіх рэспубліках сістэму ўзначальвалі рэспубліканскія з’езды Саветаў і абраныя імі ЦВК. На мясцовым узроўні дзейнічалі абласныя, губернскія, павятовыя і валасныя з’езды Саветаў. Яны фарміравалі выканаўчыя камітэты. Канстытуцыя ўніфікавала шматступенную сістэму выбараў: вышэйшыя Саветы абіраліся не непасрэдна насельніцтвам, а праз ніжэйшыя Саветы і іх з’езды. Пры гэтым гарадское насельніцтва мела большую норму прадстаўніцтва, чым сельскае (1 голас у гарадскія Саветы прыраўноўваўся да 5 галасоў у сельскія Саветы). Выбарчым правам карысталіся грамадзяне РСФСР ад 18 гадоў, якія займаліся «вытворчай і грамадска карыснай працай», а таксама некаторыя іншыя катэгорыі. Аднак выбарчых правоў былі пазбаўленыя, у прыватнасці, асобы, якія выкарыстоўвалі наёмную працу дзеля прыбытку, жылі з непрацоўных даходаў, займаліся прыватным гандлем, духавенства, былыя супрацоўнікі паліцыі і жандармерыі, члены царскай сям’і, а таксама асуджаныя за пэўныя злачынствы[84][85].
У ходзе грамадзянскай вайны і войнаў у нацыянальных рэгіёнах былой Расійскай імперыі ў 1918-1921 гг. Саветы ў некаторых выпадках яшчэ часова выконвалі функцыі рэальных органаў мясцовай улады і інстытутаў грамадскага самакіравання, заснаваных на шматпартыйнай аснове. Аднак па меры ўстанаўлення бальшавіцкай дыктатуры яны пераўтвараліся дэ-факта ў чыста бальшавіцкія органы, якія кіраваліся ў сваіх рашэннях інструкцыямі ЦК РКП(б)[86]. Аб папулярнасці ідэі ўлады Саветаў у іх першасным выглядзе сведчаць лозунгі нізавых антыбальшавіцкіх паўтанняў пачатку 1920-х гг. (Кранштацкае паўстанне 1921 г., Заходне-Сібірскае паўстанне 1921-1922 гг. і г.д.): "Уся ўлада Саветам, а не партыям!", "За Саветы без камуністаў!", а таксама патрабаванні перавыбараў у Саветы на дэмакратычнай аснове[87].
Паводле меркавання шэрагу даследчыкаў, Саветы усіх узроўняў у СССР не валодалі ніякай рэальнай уладай і з'яўляліся выключна дэкарацыяй непадзельнай улады партыйна-дзяржаўнай бюракратыі[88][89].
Саветы на тэрыторыі Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]У выніку германскай акупацыі большай часткі Беларусі ў канцы лютага - пачатку сакавіка 1918 г. Саветы на яе тэрыторыі былі ліквідаваны, а кіруючыя органы Саветаў Заходняй вобласці і фронту эвакуяваны ў Смаленск. 10-14 красавіка 1918 г. у Смаленску адбыўся ІІ з'езд Саветаў Заходняй вобласці. На ім прысутнічалі 429 дэлегатаў, з іх 277 бальшавікоў, 69 левых эсэраў (апошнія пакінулі з’езд у канцы яго работы). З’езд вырашыў стварыць новую канфігурацыю Заходняй вобласці, у якую ўвайшлі Смаленская і неакупаваныя часткі Віцебскай і Магілёўскай губерняў. Меркавалася, што з’езд Саветаў Заходняй вобласці будзе склікацца праз кожныя тры месяцы. Ён быў аб’яўлены вярхоўным органам савецкай улады Заходняй вобласці і з’яўляўся яе вышэйшым заканадаўчым органам паміж з’ездамі, хоць на справе заканадаўчыя функцыі маглі належаць толькі цэнтральным дзяржаўным органам. З'езд выбраў выканаўчы камітэт (новы склад Аблвыканкамзаха) з 75 чалавек на чале з Аляксандрам Мясніковым[90][91].
Пасля паўстання левых эсэраў у Маскве ў ліпені 1918 г. пачалося выцісканне левых эсэраў з Саветаў на тэрыторыі Заходняй вобласці, асабліва ў сувязі з антыўрадавымі выступленнямі чырвонаармейцаў у Оршы і Сянне ў жніўні 1918 г.[92]. Бальшавікамі быў разагнаны VI з'езд Саветаў Чэрыкаўскага павета[93]. Саветы пераўтварыліся ў інструмент аднапартыйнай бальшавіцкаай дыктатуры.
Саветы на тэрыторыях, акупіраваных Германіяй падчас Першай сусветнай вайны
[правіць | правіць зыходнік]Пасля Лістападаўскай рэвалюцыі ў Германіі і завяршэння Першай сусветнай вайны 11 лістапада 1918 года на акупаваных германскімі войскамі тэрыторыях былой Расійскай імперыі ўзнік палітычны вакуум. У перыяд, пакуль рыхтавалася эвакуацыя з дадзеных тэрыторый германскіх войскаў, на ўладу над імі прэтэндавала некалькі палітычных цэнтраў. Аднам з іх былі новапаўсталыя з дазволу германскіх ваенных уладаў Саветы рабочых і сялянскіх дэпутатаў.
Так, у канцы снежня 1918 - пачатку 1919 гг. адбыліся выбары ў Гродзенскі Савет рабочых дэпутатаў. Са 103 выбраных дэпутатаў аб сваёй партыйнай прыналежнасці заявілі 83. Сярод іх былі 25 камуністаў і 6 спачуваючых ім. Першае пасяджэнне Савета адбылося 26 студзеня 1919 г. у будынку Гродзенскага гарадскога тэатра. Старшынёй Савет быў абраны польскі камуніст (у мінулым кіраўнік камітэту Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы ў Гродне і Беластоку) Вацлаў Багуцкі. Савет прыняў "Дэкларацыю да ўсяго насельніцтва Гродна і ваколіц", у якой заявіў аб сваіх прэтэнзіях на ўладу ў рэгіёне. Таксама ён абвясціў аб увядзенні 8-гадзіннага працоўнага дня на прадпрыемствах горада. Пасля заняцця Гродна польскімі войскамі 27 красавіка 1919 г. Савет быў разагнаны[94][95].
На тэрыторыі Гродзенскай губерні ў канцы 1918 - пачатку 1919 г. ажыццяўляліся спробы арганізацыі сялянскіх Саветаў (Рад), у тым ліку з удзелам прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага руху. На Гродзенскім беларускім сялянскім з'ездзе, які адбыўся 15-16 снежня 1918 г. была ўтворана Беларуская сялянская рада Гроденскага павета на чале з Андрэем Якубецкім, якая дзейнічала да красавіка 1919 г. Гэтая арганізацыя дзейнічала у цесным кантакце з Радай народных міністраў БНР і ставіла сваёй задачай стварэнне беларускіх лакальных тэрытарыяльных структур улады ў саюзе з Літоўскай Рэспублікай у супрацьвагу польскім арганізацыям. Пад яе патранатам адбывалася стварэнне беларускіх сялянскіх Рад (Саветаў) у валасцях і акругах Гродзенскай губерні, а ў паветах прызначалаіся для гэтага адпаведныя камісары. Адбыліся выбары прадстаўнікоў у сялянскія Рады (Саветы) у Ваўкавыскім павеце, у акрузе Плянты - Шчучын; сяляне са Скідзельскай воласці самі звярнуліся да Беларуская сялянскай рады Гродзенскага павета па інструкцыі, якім чынам яны павінны арганізавацца. 2 студзеня 1919 г. адбыўся з'езд сялянскіх Рад Ваўкавыскага павета, на якім была ўтворана Беларуская сялянская рада Ваўкавыскага павета на чале з Хведарам Данілюком.Вялікую ролю ў арганізацыі і каардынацыі сялянскіх Рад адыграў міністр па ўнутраных справах БНР Кузьма Цярэшчанка, які адначасова меў падтрымку Міністэрства беларускіх спраў Літоўскай Рэспублікі ў Гродне і Беластоку і ўсталяваў сувязі з Віленскім Саветам рабочых дэпутатаў[96].
Віленскі Савет рабочых дэпутатаў у 1918-1919 гг.
[правіць | правіць зыходнік]У Вільні на ўладу прэтэндавалі толькі што абвешчаныя Польская і Літоўская Рэспублікі, а таксама Савецкая Расія. У канцы лістапада 1918 г. левыя сілы горада стварылі спецыяльную камісію да выбараў у Савет рабочых дэпутатаў. У яе склад увайшлі прадстаўнікі Камуністычнай партыі Літвы і Беларусі, Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі, Сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі Літвы і Беларусі (інтэрнацыяналістаў), Бунда, Рэвалюцыйнай сацыялістычнай народнай партыі Літвы, Яўрэйскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (Паалей Цыён) і іншых яўрэйскіх сацыялістычных груп. Камісія распаўсюдзіла ў прэсе часовы статут Віленскага Савета рабочых дэпутатаў, які абвяшчаў яго цэнтральным органам кіравання ў Літве да часу склікання агульнакраёвага з’езда рабочых саветаў[97].
У выбарах рабочых дэпутатаў маглі ўдзельнічаць выключна члены прафесійных саюзаў. Выбары праходзілі ва ўмовах напружанасці паміж рознымі палітычнымі сіламі. Так, сярод польскіх рабочых вялася актыўная кампанія супраць выбараў у савет, якую ўзначальвала газета «Dziennik Wileński». Галасаванне пачалося ў пачатку снежня 1918 г. Выбарчую кампанію каардынавалі мясцовыя прафсаюзы[97].
Усяго ў Віленскі Савет рабочых дэпутатаў былі абраныя 202 чалавекі розных нацыянальнасцей. Сярод іх 96 дэпутатаў прадстаўлялі Камуністычную партыю Літвы і Беларусі, 60 - Бунд, 22 - Сацыял-дэмакратычную рабочую партыю Літвы і Беларусі (інтэрнацыяналістаў), 15 - Літоўскую сацыял-дэмакратычную партыю і 9 - іншыя групоўкі (Паалей Цыён, Аб’яднаную яўрэйскую сацыялістычную рабочую партыю і іншыя)[98].
15 снежня 1918 г. Віленскі Савет рабочых дэпутатаў правёў сваё першае пасяджэнне ў віленскай ратушы. Сесію адкрыла прамова шматгадовага дзеяча рабочага руху літоўскага сацыял-дэмакрата Андруса Дамашэвічуса. Савет абраў прэзідыум з дзевяці чалавек, у склад якога ўвайшлі пяць камуністаў, тры бундаўцы і адзін сацыял-дэмакрат-інтэрнацыяналіст. Старшынём прэзідыума Савета быў абраны камуніст, кіраўнік прафсаюзнага аб'яднання ў Вільні Пранас Эйдукявічус[99]. Савет абвясціў сябе адзінай уладай, якая кіруе горадам. Ён таксама абвясціў скасаванне цэнзуры, забараніў вываз харчавання за межы горада і ўвёў кантроль над цэнамі на прадукты харчавання. Савет таксама спрабаваў арганізаваць міліцыю, якая б кантралявала чыгуначны рух, у тым ліку нямецкія вайсковыя эшалоны. У выніку 30 дэпутатаў Савета былі арыштаваныя нямецкімі ўладамі[100][101].
22 снежня 1918 года адбылося другое пасяджэнне Віленскага Савета. Некамуністычныя партыі паставілі на ім на галасаванне рэзалюцыю, у якой адмаўляліся перадаць уладу новаўтворанаму Часоваму рэвалюцыйнаму рабоча-сялянскаму ўраду Літвы на чале з Вінцасам Міцкявічусам-Капсукасам. Замест гэтага, як прапаноўвалі аўтары рэзалюцыі, улада павінна была належаць агульналітоўскаму з’езду Саветаў, а да часу склікання такога з’езда кіраваць павінен быў выканаўчы камітэт Віленскага Савета рабочых дэпутатаў. Большасць членаў Віленскага Савета ахарактарызавала Часовы рэвалюцыйны ўрад як навязаны «бальшавіцкімі камісарамі ў Маскве». Камуністычная фракцыя выступіла супраць рэзалюцыі, пасля чаго адмовілася ўдзельнічаць у галасаванні[102][101].
Віленскі Савет прыняў пастанову адносна палітычных вязняў, якія ўтрымліваліся ў Лукішскай турме. Было абвешчана, што калі вязні (у тым ліку 30 дэпутатаў Савета, затрыманых за спробы стварэння рабочай міліцыі) не будуць вызваленыя да 23 снежня 1918 г., рабочыя распачнуць палітычную забастоўку. Паколькі нямецкія ўлады не саступілі, 24 снежня 1918 года ў Вільні сапраўды пачалася масавая забастоўка. Забастоўшчыкі адключылі ў горадзе электрычнасць і спынілі працу ўсіх друкарняў. Паводле некаторых звестак, вечарам 25 снежня 1918 г. нямецкія ўлады вызвалілі палітычных вязняў і перадалі кіраванне турмой Савету[102]. Іншыя крыніцы паведамляюць толькі пра вызваленне некаторых вязняў[101]. Ведаючы, што да ўсталявання кантролю над Вільняй імкнулася таксама польская Самаабарона Літвы і Беларусі, Віленскі Савет пачаў арганізоўваць рабочую міліцыю[101][102].
Трэцяе пасяджэнне Віленскага Савета рабочых дэпутатаў адбылося 27 снежня 1918 г. У гэты час нямецкая армія, рыхтуючыся да адыходу з горада, перадавала рэсурсы (забеспячэнне, харчаванне, фінансы і г.д.) Віленскай гарадской думе. Камуністы заклікалі на пасяджэнні Савета да канфрантацыі з ёй, патрабуючы прыняцця рэзалюцыі з заклікам перадаць усе ўстановы, рэсурсы і дзяржаўных служачых Савету рабочых дэпутатаў, а таксама аддаваць раскрадальнікаў харчавання пад ваенны суд. Бунд адхіліў прапанову камуністаў, аргументуючы гэта тым, што барацьба павінна быць скіравана выключна супраць нямецкіх акупацыйных сіл, і тым, што пазіцыя камуністаў прывядзе да грамадзянскай вайны. Камуністычная прапанова тым не менш была прынятая 110 галасамі[103].
Да ўсталявання кантролю над Вільняй у момант адыходу немцаў імкнулася таксама польская Самаабарона. 1 студзеня 1919 г. яе атрады акружылі будынак на вуліцы Вароняй, у якім працаваў Савет і ў якім знаходзіліся каля 50 членаў рабочай міліцыі. Бой доўжыўся больш за 12 гадзін, у выніку якога Самаабарона захапіла будынак. Некалькі членаў савета скончылі жыццё самагубствам у падвале будынка, не жадаючы здавацца польскім атрадам. Пасля захопу будынка польская Самаабарона ўзяла ў палон некалькі дзясяткаў арганізатараў Савета і захапіла каля 1000 адзінак зброі, якую рэвалюцыянеры здабылі ад нямецкіх войск, што адыходзілі[103][104].
Пасля заняцця Вільні Чырвонай Арміяй 5 студзеня 1919 г. адбыліся новыя выбары ў Віленскі Савет рабочых дэпутатаўпад наглядам і з удзелам салдат Чырвонай Арміі. Пасля праведзеных такім чынам выбараў склад і характар Савета зведалі карэнныя змены. У склад Віленскага Савета рабочых і чырвонаармейскіх дэпутатаў уваходзілі 130 камуністаў (не лічачы прадстаўнікоў часцей Чырвонай Арміі), 45 прадстаўнікоў Бунда, 9 сацыял-дэмакратаў-інтэрнацыяналістаў, 5 прадстаўнікоў Польскай сацыялістычнай партыі Літвы і Беларусі, 2 левыя эсэры, 1 дэлегат Аб’яднанай яўрэйскай сацыялістычнай рабочай партыі і 4 беспартыйныя[105]. На першым пасяджэнні 7 лютага 1919 г. Савет абраў Выканаўчы камітэт з 20 чалавек, у склад якога ўвайшлі 16 камуністаў, 3 бундаўцы і 1 сацыял-дэмакрат-інтэрнацыяналіст. Па прапанове Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Літвы і Беларусі старшынёй Савета быў абраны камуніст (былы польскі сацыял-дэмакрат) Казімір Цыхоўскі. Фармальна Савет рабочых дэпутатаў узяў уладу ў горадзе ў свае рукі. Ён прызнаў уладу Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада Літоўскай Савецкай Рэспублікі, а 16 лютага 1919 г. ухваліў утварэнне Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі[105]. Пасля таго, як Вільня была занятая польскімі войскамі 19-21 красавіка 1919 г., Савет спыніў сваё існаванне.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]Гісторыя Беларусі. — Т. 4: Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.) / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2005.
Гісторыя Беларусі. — Т. 5: Беларусь у 1917-1945 гг. / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2006.
Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики (На пути к провозглашению республики. Октябрь 1917 - декабрь 1918 г.). - Минск: Наука и техника, 1975.
Магілёўскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 5 / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. - Мінск: БелЭн імя П. Броўкі, 1999. - С. 28.
Міхалюк Д. Беларуская Народная Рэспубліка 1918-1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. - Беласток 2005.
Первая русская революция: взгляд сквозь столетие / отв. ред. А.П. Карелин, С.В. Тютюткин. - Москва: Памятники исторической мысли, 2005.
Першы з'езд ваенных і рабочых дэпутатаў армій і тылу Заходняга фронту // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 5 / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. - Мінск: БелЭн імя П. Броўкі, 1999. - С. 479.
Петрыкаў П. Саветы дэпутатаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6, кн. 1 / рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. - Мінск: БелЭн імя П. Броўкі, 2001. - С. 189.
Прыгунова Я.К. Віцебскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. - Т. 2 / рэдкал.: Б.І Сачанка і інш. - Мінск: БелЭн імя П. Броўкі, 1994. - С. 337.
Рабинович А. Большевики приходят к власти: Революция 1917 года в Петрограде. - Москва: Прогресс, 1989.
Рабинович А. Большевики у власти. Первый год советской эпохи в Петрограде. - Москва: Новый хронограф, 2008.
Россия в 1917 году: энциклопедия / редколл.: Ф.А. Гайда и др. - Москва: РОССПЭН, 2017.
Рудовіч С. Усебеларускі з'езд 1917 г. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. - Т. 6, кн. 2 / рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. - Мінск: БелЭн імя П. Броўкі, 2003.
Рудовіч С. Час выбару. Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 годзе. - Мінск: Тэхналогія, 2001
Солский В. 1917 год в Западной области и на Западном фронте; науч. ред. С.Н. Хомич. - Минск: Тесей, 2004.
Сяменчык М. Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 5 / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. - Мінск: БелЭн імя П. Броўкі, 1999. - С. 194.
Сяменчык М. Саветы сялянскіх дэпутатаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6, кн. 1 / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. - Мінск: БелЭн імя П. Броўкі, 2001. - С. 192.
Шубин А.В. 1918 год. Революция, кровью омытая. - Москва: Академический проект, 2019.
Шубин А.В. Старт Страны Советов. Революция. Октябрь 1917 - март 1918. - Санкт-Петербург, 2017.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Первая русская революция: взгляд сквозь столетие / отв. ред. А.П. Карелин, С.В. Тютюткин. - Москва: Памятники исторической мысли, 2005. - С. 239.
- ↑ Новиков А.В. Иваново-Вознесенская общегородская стачка 1905 года: новые ракурсы изучения // Исторический журнал: научные исследования. - 2013. - № 6 (18). - С. 528-531.
- ↑ Новиков А.В. Иваново-Вознесенская общегородская стачка 1905 года: новые ракурсы изучения // Исторический журнал: научные исследования. - 2013. - № 6 (18). - С. 531-539.
- ↑ Первая русская революция: взгляд сквозь столетие / отв. ред. А.П. Карелин, С.В. Тютюткин. - Москва: Памятники исторической мысли, 2005. - С. 237-240.
- ↑ Первая русская революция 1905-1907 гг. и международное революционное движение, ч. I. - Москва: Госполитиздат, 1955. - с. 130.
- ↑ Первая русская революция: взгляд сквозь столетие / отв. ред. А.П. Карелин, С.В. Тютюткин. - Москва: Памятники исторической мысли, 2005. - С. 335.
- ↑ https://encspb.ru/object/2804022759
- ↑ Морской А. Исход российской революции 1905 года и правительство Носаря. - Москва, 1911. - С. 76-113.
- ↑ Первая русская революция: взгляд сквозь столетие / отв. ред. А.П. Карелин, С.В. Тютюткин. - Москва: Памятники исторической мысли, 2005. - С. 298-299.
- ↑ Первая русская революция: взгляд сквозь столетие / отв. ред. А.П. Карелин, С.В. Тютюткин. - Москва: Памятники исторической мысли, 2005. - С. 360-382.
- ↑ Гісторыя Беларусі. — Т. 4: Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.) / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2005. - С. 321.
- ↑ Кулегин А. М.. Петроградский Совет рабочих и солдатских депутатов. Историко-культурный интернет-портал «Энциклопедия Санкт-Петербурга». Фонд имени Д. С. Лихачева. Архівавана з першакрыніцы 25 кастрычніка 2016. Праверана 29 жніўня 2011.
- ↑ Бурджалов Э.Н. Вторая русская революция. Восстание в Петрограде. - Москва: Наука, 1967. - С. 213-214.
- ↑ Россия в 1917 году: энциклопедия / редколл.: Ф.А. Гайда и др. - Москва: РОССПЭН, 2017. - С. 733.
- ↑ Россия в 1917 году: энциклопедия / редколл.: Ф.А. Гайда и др. - Москва: РОССПЭН, 2017. - С. 908.
- ↑ https://www.ponjatija.ru/node/20655
- ↑ Кара-Мурза, С. Г.. Глава 2. Государство и право после Февральской революции 1917 г.. История советского государства и права. Архівавана з першакрыніцы 11 студзеня 2012. Праверана 29 жніўня 2011.
- 1 2 Россия в 1917 году: энциклопедия / редколл.: Ф.А. Гайда и др. - Москва: РОССПЭН, 2017. - С. 909.
- ↑ Россия в 1917 году: энциклопедия / редколл.: Ф.А. Гайда и др. - Москва: РОССПЭН, 2017. - С. 906-907.
- ↑ Рабинович А. Большевики приходят к власти: Революция 1917 года в Петрограде. - Москва: Прогресс. - С. 18.
- ↑ Россия в 1917 году: энциклопедия / редколл.: Ф.А. Гайда и др. - Москва: РОССПЭН, 2017. - С. 713-714.
- ↑ Россия в 1917 году: энциклопедия / редколл.: Ф.А. Гайда и др. - Москва: РОССПЭН, 2017. - С. 714-716.
- ↑ Россия в 1917 году: энциклопедия / редколл.: Ф.А. Гайда и др. - Москва: РОССПЭН, 2017. - С. 210-211.
- ↑ Россия в 1917 году: энциклопедия / редколл.: Ф.А. Гайда и др. - Москва: РОССПЭН, 2017. - С. 99, 909.
- ↑ Солский В. 1917 год в Западной области и на Западном фронте; науч. ред. С.Н. Хомич. - Минск: Тесей, 2004. - С. 39-40.
- 1 2 3 Сяменчык М. Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 5 / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. - Мінск: БелЭн імя П. Броўкі, 1999. - С. 194.
- ↑ https://evitebsk.com/wiki/Тарле,_Александр_Давидович
- 1 2 Прыгунова Я.К. Віцебскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. - Т. 2 / рэдкал.: Б.І Сачанка і інш. - Мінск: БелЭн імя П. Броўкі, 1994. - С. 337.
- 1 2 Магілёўскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 5 / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. - Мінск: БелЭн імя П. Броўкі, 1999. - С. 28.
- 1 2 3 Гісторыя Беларусі. — Т. 4: Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.) / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2005. - С. 466-467.
- 1 2 3 Сяменчык М. Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6, кн. 1 / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. - Мінск: БелЭн імя П. Броўкі, 2001. - С. 191-192.
- ↑ Россия в 1917 году: энциклопедия / редколл.: Ф.А. Гайда и др. - Москва: РОССПЭН, 2017. - С. 84.
- ↑ Першы з'езд ваенных і рабочых дэпутатаў армій і тылу Заходняга фронту // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 5 / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. - Мінск: БелЭн імя П. Броўкі, 1999. - С. 479.
- ↑ Петрыкаў П. Саветы дэпутатаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6, кн. 1 / рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. - Мінск: БелЭн імя П. Броўкі, 2001. - С. 189.
- ↑ Гісторыя Беларусі. — Т. 4: Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.) / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2005. - С. 475.
- ↑ Сяменчык М. Саветы сялянскіх дэпутатаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6, кн. 1 / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. - Мінск: БелЭн імя П. Броўкі, 2001. - С. 192.
- ↑ Сяменчык М. Саветы сялянскіх дэпутатаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6, кн. 1 / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. - Мінск: БелЭн імя П. Броўкі, 2001. - С. 193.
- ↑ Гісторыя Беларусі. — Т. 4: Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.) / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2005. - C. 477.
- ↑ Гісторыя Беларусі. — Т. 4: Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.) / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2005. - C. 481.
- 1 2 3 4 Шубин А.В. Старт Страны Советов. Революция. Октябрь 1917 - март 1918. - Санкт-Петербург, 2017.
- ↑ Гісторыя Беларусі. — Т. 4: Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.) / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2005. - C. 486.
- ↑ Россия в 1917 году: энциклопедия / редколл.: Ф.А. Гайда и др. - Москва: РОССПЭН, 2017. - С. 167, 728-730.
- ↑ Рабинович А. Большевики у власти. Первый год советской эпохи в Петрограде. - Москва: Новый хронограф, 2008. - С. 51.
- ↑ Россия в 1917 году: энциклопедия / редколл.: Ф.А. Гайда и др. - Москва: РОССПЭН, 2017. - С. 215-216.
- ↑ Россия в 1917 году: энциклопедия / редколл.: Ф.А. Гайда и др. - Москва: РОССПЭН, 2017. - С. 902-903.
- ↑ Рабинович А. Большевики у власти. Первый год советской эпохи в Петрограде. - Москва: Новый хронограф, 2008. - С. 48.
- ↑ Россия в 1917 году: энциклопедия / редколл.: Ф.А. Гайда и др. - Москва: РОССПЭН, 2017. - С. 903.
- ↑ Рабинович А. Большевики у власти. Первый год советской эпохи в Петрограде. - Москва: Новый хронограф, 2008. - С. 81-87.
- ↑ Россия в 1917 году: энциклопедия / редколл.: Ф.А. Гайда и др. - Москва: РОССПЭН, 2017. - С. 729-730.
- 1 2 Шубин А.В. Старт Страны Советов. Революция. Октябрь 1917 - март 1918. - Санкт-Петербург, 2017.
- ↑ Россия в 1917 году: энциклопедия / редколл.: Ф.А. Гайда и др. - Москва: РОССПЭН, 2017. - С. 214-215.
- ↑ Россия в 1917 году: энциклопедия / редколл.: Ф.А. Гайда и др. - Москва: РОССПЭН, 2017. - С. 909.
- ↑ Рабинович А. Большевики у власти. Первый год советской эпохи в Петрограде. - Москва: Новый хронограф, 2008. - С. 162.
- ↑ Россия в 1917 году: энциклопедия / редколл.: Ф.А. Гайда и др. - Москва: РОССПЭН, 2017. - С. 251.
- 1 2 Гісторыя Беларусі. — Т. 5: Беларусь у 1917-1945 гг. / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2006. - С. 36-37.
- ↑ https://evitebsk.com/wiki/Королёв,_Владимир_Яковлевич
- ↑ https://evitebsk.com/wiki/Гоба,_Якоб_Иванович
- ↑ Гісторыя Беларусі. — Т. 5: Беларусь у 1917-1945 гг. / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2006. - С. 38.
- 1 2 Гісторыя Беларусі. — Т. 5: Беларусь у 1917-1945 гг. / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2006. - С. 38-40.
- ↑ Марозава А.І. Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 1 / рэдкал.: М.В. Біч і інш. - Мінск: БелЭн імя П. Броўкі, 1993. - С. 12.
- ↑ https://evitebsk.com/wiki/Чунчин,_Вилис_Янович
- ↑ Гісторыя Беларусі. — Т. 5: Беларусь у 1917-1945 гг. / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2006. - С. 40-41.
- ↑ https://ria1914.info/index.php?title=Гольман_Михаил_Борисович
- ↑ Рудовіч С. Усебеларускі з'езд 1917 г. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. - Т. 6, кн. 2 / рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. - Мінск: БелЭн імя П. Броўкі, 2003. - С. 5-6.
- ↑ Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики (На пути к провозглашению республики. Октябрь 1917 - декабрь 1918 г.). - Минск: Наука и техника, 1975. - С. 127.
- ↑ Скалабан В.У. Беларускі абласны камітэт // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 1 / рэдкал.: М.В. Біч і інш. - Мінск: БелЭн імя П. Броўкі, 1993. - С. 423.
- ↑ Міхалюк Д. Беларуская Народная Рэспубліка 1918-1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. - Беласток 2005. - С. 167.
- ↑ Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики (На пути к провозглашению республики. Октябрь 1917 - декабрь 1918 г.). - Минск: Наука и техника, 1975. - С. 89-90.
- ↑ Міхалюк Д. Беларуская Народная Рэспубліка 1918-1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. - Беласток 2005. - С. 174.
- ↑ Гісторыя Беларусі. — Т. 5: Беларусь у 1917-1945 гг. / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2006. - С. 45-47.
- ↑ Гісторыя Беларусі. — Т. 5: Беларусь у 1917-1945 гг. / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2006. - С. 55.
- ↑ Шубин А.В. 1918 год. Революция, кровью омытая. - Москва: Академический проект, 2019. - С. 27.
- ↑ Шубин А.В. 1918 год. Революция, кровью омытая. - Москва: Академический проект, 2019. - С. 48-49.
- ↑ Шубин А.В. 1918 год. Революция, кровью омытая. - Москва: Академический проект, 2019. - С. 57-59, 72, 262-263.
- ↑ Шубин А.В. 1918 год. Революция, кровью омытая. - Москва: Академический проект, 2019. - С. 26.
- ↑ Шубин А.В. 1918 год. Революция, кровью омытая. - Москва: Академический проект, 2019. - С. 272-278.
- ↑ Спирин Л.М. Классы и партии в гражданской войне в России (1917-1920 гг.). - Москва: Мысль, 1968. - С. 174.
- ↑ Шубин А.В. 1918 год. Революция, кровью омытая. - Москва: Академический проект, 2019. - С. 309.
- ↑ Спирин Л.М. Классы и партии в гражданской войне в России (1917-1920 гг.). - Москва: Мысль, 1968. - С. 173.
- ↑ Шубин А.В. 1918 год. Революция, кровью омытая. - Москва: Академический проект, 2019. - С. 310-311.
- ↑ Спирин Л.М. Классы и партии в гражданской войне в России (1917-1920 гг.). - Москва: Мысль, 1968. - С. 218-221.
- ↑ Шубин А.В. 1918 год. Революция, кровью омытая. - Москва: Академический проект, 2019. - С. 324-328.
- ↑ Резолюции и постановления VIII съезда РКП(б) — 18-23 марта 1919 г. // КПСС в резолюциях и решениях съездов, конференций и Пленумов ЦК (1898-1986) / Под общей редакцией А. Г. Егорова и К. М. Боголюбова. — 9-e изд. — М.: Политиздат, 1983. — Т. 2. — С. 108.
- ↑ https://www.hist.msu.ru/ER/Etext/cnst1918.htm
- ↑ Шубин А.В. 1918 год. Революция, кровью омытая. - Москва: Академический проект, 2019. - С. 328-331.
- ↑ Революция и гражданская война в России: 1917−1923 гг. Энциклопедия в 4 т. — М.: Терра, 2008. — Т. 4. — 560 с.
- ↑ http://a-pesni.org/grvojna/makhno/a-antibolch.php
- ↑ Восленский М. С. Номенклатура. Господствующий класс Советского Союза. 1990. Главы 1,3-5,9.
- ↑ Джилас М., Новый класс. 1957.
- ↑ Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики (На пути к провозглашению республики. Октябрь 1917 - декабрь 1918 г.). - Минск: Наука и техника, 1975. - С. 274-278.
- ↑ Заходняя вобласць // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 3 / рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. - Мінск: БелЭн імя П. Броўкі, 1996. - С. 425.
- ↑ https://verbum.by/belen/АРШАНСКАЕ%20ПАЎСТАННЕ%201918
- ↑ Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики (На пути к провозглашению республики. Октябрь 1917 - декабрь 1918 г.). - Минск: Наука и техника, 1975. - С. 280.
- ↑ Гродзенскі Савет рабочых дэпутатаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 3 / рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. - Мінск: БелЭн імя П. Броўкі, 1996. - С. 140.
- ↑ Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада / рэд. В. Карнялюк, В. Швед. - Гародня - Wrocław: Гарадзенская бібліятэка, 2012. - С. 213.
- ↑ Міхалюк Д. Беларуская Народная Рэспубліка 1918-1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. - Беласток 2005. - С. 322-328.
- 1 2 Vaitkevičius B. Socialistinė revoliucija Lietuvoje 1918-1919 metais. - Vilnius: Mintis, 1967. - P. 374-375.
- ↑ Vaitkevičius B. Socialistinė revoliucija Lietuvoje 1918-1919 metais. - Vilnius: Mintis, 1967. - P. 447.
- ↑ Vaitkevičius B. Socialistinė revoliucija Lietuvoje 1918-1919 metais. - Vilnius: Mintis, 1967. - P. 388-389.
- ↑ Vaitkevičius B. Socialistinė revoliucija Lietuvoje 1918-1919 metais. - Vilnius: Mintis, 1967. - P. 389-403.
- 1 2 3 4 Balkelis T. War, Revolution, and Nation-making in Lithuania, 1914-1923. - Oxford University Press, 2018. - Р. 85-86.
- 1 2 3 Vaitkevičius B. Socialistinė revoliucija Lietuvoje 1918-1919 metais. - Vilnius: Mintis, 1967. - P. 402-407.
- 1 2 Vaitkevičius B. Socialistinė revoliucija Lietuvoje 1918-1919 metais. - Vilnius: Mintis, 1967. - P. 408-410.
- ↑ Balkelis T. War, Revolution, and Nation-making in Lithuania, 1914-1923. - Oxford University Press, 2018. - Р. 68-69.
- 1 2 Vaitkevičius B. Socialistinė revoliucija Lietuvoje 1918-1919 metais. - Vilnius: Mintis, 1967. - P. 467-469.