Савет бяспекі Рэспублікі Беларусь
Палітыка — Партал:Палітыка |
Беларусь |
![]() Гэты артыкул — частка серыі: |
Адміністрацыйная сістэма Выбары |
Саве́т бяспе́кі Рэспу́блікі Белару́сь — міжведамасная нарада Беларусі, упаўнаважаная распрацоўваць узгодненыя захады падтрымання бяспекі дзяржавы. Разглядае ўнутраныя і знешнія справы дзяржавы датычна зацікаўленасцей бяспекі і абароны. Ухваляе пастановы аб бяспецы дзяржавы і грамадзян. Узначальваецца і ўтвараецца прэзідэнтам, які падпісвае яго пастановы. У яго склад уваходзяць 20 асоб: прэзідэнт, прэм'ер, старшыні Палаты прадстаўнікоў і Савету рэспублікі, старшыня Вярхоўнага суда, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, дзяржаўны сакратар, генеральны пракурор, старшыня Нацыянальнага банка, старшыні Камітэтаў дзяржаўнай бяспекі і дзяржаўнага кантролю, міністры абароны, замежных і ўнутраных спраў, па надзвычайных сітуацыях, старшыні следчага, дзяржаўных ваенна-прамысловага і пагранічнага камітэтаў, начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл і старэйшы сын прэзідэнта Віктар Лукашэнка ў якасці памочніка па нацыянальнай бяспецы. Дзейнасць забяспечвае сакратарыят[1].
Пры СБ дзейнічаюць камісіі:
- Міжведамасная камісія па абароне дзяржаўных таямніц;
- Міжведамасная камісія па ваенна-тэхнічнаму супрацоўніцтву і экспартнаму кантролю;
- Дзяржаўныя камісія па радыёчастотам;
- Міжведамасная камісія па бяспецы ў эканамічнай сферы.
Паўнамоцтвы[правіць | правіць зыходнік]
Паводле Закону аб абароне, СБ мае паўнамоцтвы на:
- унясенне прапаноў прэзідэнту аб напрамках кіравання войскам і развіцці Узброеных сіл, зменах ваеннай дактрыны;
- забеспячэнне ўстойлівага дзеяння войска;
- унясенне на зацвярджэнне прэзідэнту будовы і колькасці Узброеных сіл;
- прапанову прэзідэнту аб увядзенні, падаўжэнні і скасаванні ваеннага і надзвычайнага становішчаў;
- узгадненне пераводу гаспадаркі на працу ва ўмовах ваеннага часу;
- заслухоўванне справаздач кіраўнікоў ведамстваў аб абароне;
- вызначэнне напрамкаў міжнароднай ваеннай дзейнасці і задач па развіцці саюзных адносін з іншымі дзяржавамі[2].
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
15 лістапада 1991 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь (ВС) ухваліў Пастанову № 1249, якой утварыў Савет бяспекі ў складзе 14 асоб: старшыня ВС, яго першы намеснік і старшыня Камісіі ВС па нацыянальнай бяспецы, старшыня ўрада, генеральны пракурор, старшыня КДБ, міністры абароны, замежных і ўнутраных спраў, сувязі і транспарту, начальнікі Беларускай чыгункі і ўправы грамадзянскай авіяцыі, загадчык войскаў Беларускай ваеннай акругі. Старшыня ВС займаў пасаду старшыні СБ і прызначаў сабе памочніка ў якасці кіраўніка апарату СБ, які налічваў 4 супрацоўнікі. Пасяджэнні склікаліся двойчы на год[3]. У 1992–1994 гг. СБ узначальваў Станіслаў Шушкевіч, затым Мечыслаў Грыб. Паводле прынятай у 1994 г. Канстытуцыі СБ узначаліў прэзідэнт[4]. 5 жніўня 1994 г. А. Лукашэнка ўвёў Указам № 24 у склад СБ кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта і дзяржаўнага сакратара СБ замест старшыні ВС і старшыні камісіі ВС па нацыянальнай бяспецы. Пасяджэнні сталі праводзіцца кожныя тры месяцы[5]. У 1997 г. апарат СБ, на чале якога стаяў прызначаны прэзідэнтам дзяржаўны сакратар, пераназвалі ў сакратарыят.
Дзяржаўныя сакратары[правіць | правіць зыходнік]
- Віктар Шэйман (1994—2000)
- Урал Латыпаў (27 лістапада 2000 — 2001)
- Генадзь Нявыглас (12 верасня 2001 — 2008)
- Юрый Жадобін (15 ліпеня 2008 — 2009)
- Леанід Мальцаў (4 снежня 2009 — 2013)
- Аляксандр Мяжуеў (5 снежня 2013 — 2015)
- Станіслаў Зась (з 4 лістапада 2015)
Зноскі
- ↑ Анатоль Тозік. Савет бяспекі Рэспублікі Беларусь // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / Генадзь Пашкоў. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 14. — С. 52. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5.
- ↑ Станіслаў Шушкевіч Закон Рэспублікі Беларусь ад 3 лістапада 1992 г. аб абароне (руск.) . Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Праверана 13 красавіка 2014.
- ↑ Станіслаў Шушкевіч Пастанова Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 15 лістапада 1991 г. № 1249 (руск.) . Валерый Леванеўскі. Праверана 13 красавіка 2014.
- ↑ Мечыслаў Грыб Канстытуцыя 1994 года. НЦПІ Беларусі. Праверана 13 красавіка 2014.
- ↑ А. Лукашэнка Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 жніўня 1994 г. № 24 (руск.) . Беларускі прававы партал. Праверана 13 красавіка 2014.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- Мяжуеў Аляксандр Веньямінавіч. Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Праверана 13 красавіка 2014.
Шаблон:Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Шаблон:Савет бяспекі Рэспублікі Беларусь