Сакоку

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Японская гравюра малюе галандцаў з тэлескопам у гавані Нагасакі

Сако́ку (яп.: 鎖国, літаральна «краіна на ланцугу»), таксама самаізаляцыя Японіі — знешняя палітыка самаізаляцыі Японіі ад навакольнага свету, якая была ўведзена пасля паўстання хрысціян у Сімабары і праводзілася сёгунамі з роду Такугава на працягу двух стагоддзяў, з 1641 па 1853 гады.

Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]

У сярэдзіне XVI стагоддзя на японскіх астравах завязаўся ажыўлены гандаль з еўрапейцамі. У 1542 годзе там з'явіліся партугальцы, а ў 1580 — іспанцы. У Японію еўрапейскія купцы, піраты і місіянеры прывозілі вырабы з Кітая (галоўным чынам, шоўк), а таксама еўрапейскую агнястрэльную зброю. Адтуль жа вывозілася золата, срэбра і нявольнікі. З'явіўшыся ў Японіі разам з купцамі, езуіты (Францыск Ксаверый і інш.) сталі прапаведаваць каталіцтва, што спачатку мела поспех. Феадалы вострава Кюсю не толькі прымалі ў сябе езуітаў і давалі ім дазвол на свабодную пропаведзь, на адкрыццё школ і цэркваў, але і больш таго — прымалі хрысціянства самі і звярталі ў яго сваіх васалаў. Яны спадзяваліся прыцягнуць у свае парты пабольш гандлёвых караблёў, а галоўнае — павялічыць запасы неабходнай ім агнястрэльнай зброі. І сама падтрымка еўрапейцаў магла адыграць вялікую ролю ў іх барацьбе з іншымі феадаламі.

З'яўленне еўрапейцаў на японскіх астравах не толькі спрыяла абвастрэнню міжусобных войнаў феадалаў, давала штуршок развіццю марскога гандлю, але і выклікала небяспеку падпарадкавання Японіі еўрапейскімі каланізатарамі, бо іспанцы і партугальцы бралі ўдзел у міжусобных войнах на баку паўднёвых феадалаў. У рэальнасці еўрапейскай пагрозы японцы маглі пераканацца на прыкладзе захопленых іспанцамі Філіпінаў. Існавала таксама і адчувальная небяспека ад маньчжураў, якія падпарадкавалі сваёй уладзе Кітай і Карэю.

Галоўнай прычынай закрыцця краіны стала ўнутранае становішча ў краіне. Развіццё знешняга гандлю ў XV—XVI стст. выклікала рост праслойкі багатых гараджан у марскіх партах. Іх уплыў, абумоўлены велізарнымі багаццямі, стаў настолькі значным, што пагражаў падарваць і самі асновы феадальнага ладу. Таму феадалам для захавання свайго становішча было неабходна нанесці ўдар па магутнасці гэтай гандлёвай буржуазіі — забараніць ёй займацца знешнім гандлем. Гандаль з іншаземцамі быў манапалізаваны кампаніяй, не толькі створанай і кантралюемай урадам сёгуна, але і арганізаванай з прамым удзелам урада ў якасці пайшчыка, а гэта пазбаўляла крыніцы ўзбагачэння і гандлёвае саслоўе, і паўднёвых феадалаў.

Барацьба сёгуната супраць замежнага ўплыву[правіць | правіць зыходнік]

Японская выява брытанскага фрэгата «Фаэтон», які наведаў Нагасакі ў 1808 г.

Пасля зрушэння чыноўнікаў, вінаватых у сувязях з замежнікамі, і пацвярджэння ўказу аб забароне місіянерскай дзейнасці такугаўскі ўрад перайшоў да рашучых дзеянняў — некалькі хрысціян былі пакараны смерцю, а ў 1614 годзе асобым указам была ўведзена поўная і безумоўная забарона іншаземнай рэлігіі. У 1630 годзе спынены ўвоз еўрапейскіх кніг, а таксама кітайскіх, дзе мелася хоць-якое згадванне пра хрысціянства.

Пад страхам смяротнага пакарання з 1636 года японцам забаранялася пакідаць тэрыторыю сваёй краіны без асаблівай урадавай санкцыі, а таксама будаваць вялікія судны, прыдатныя для далёкіх плаванняў. Замежныя ж купцы давалі спецыяльнае абавязацельства займацца толькі гандлем.

Пасля прыгнечання сімабарскага паўстання сялян-каталікоў сёгунат шэрагам указаў канчаткова «закрывае» краіну для замежнікаў, імкнучыся спыніць любы замежны ўплыў. У 1638 годзе ўказам Такугава з краіны высылаюцца ўсе партугальцы, на іспанцаў рэпрэсіі былі распаўсюджаны яшчэ раней. Усе кантакты з заходнім светам былі манапалізаваны галандцамі-кальвіністамі, асаблівае становішча якіх у краіне было забяспечана іх дапамогай у прыгнечанні паўстання каталікоў. Два разы ў год быў дазволены заход галандскіх і кітайскіх суднаў толькі ў адзін порт у краіне — Нагасакі.

Звесткі пра заходнюю навуку і культуру пранікалі ў Японію пад відам рангаку праз галандскую гандлёвую факторыю на насыпным астраўку Дэдзіма ў гавані Нагасакі. Ізаляцыянісцкая палітыка дазваляла сёгунам наглядаць за гандлем з Карэяй і Кітаем, зводзіць да мінімуму місіянерскую дзейнасць каталіцкіх святароў і не дапускаць каланізацыі астравоў еўрапейцамі.

Своеасаблівым праломам у ладзе сакоку былі візіты ў Японію рускіх гандляроў і мараплаўцаў — такіх як Павел Лебядзеў-Ластаўчын (1778), Мікалай Разанаў (1807) і Васіль Галаўнін (1811); апошні з іх быў затрыманы на востраве Кунашыр і правёў у японскім палоне два гады. Незадаволенасць урада выклікалі таксама пачашчэнне выпадкаў заходу ў японскія гавані англійскіх (фрэгат «Фаэтон») і французскіх (Лаперуз) суднаў. Гэта прывяло да ўзмацнення жорсткасці палітыкі сакоку.

Крах палітыкі Сакоку[правіць | правіць зыходнік]

У 1825 годзе выйшаў указ, які патрабаваў адкрываць стральбу па любым заходнім караблі, які з'явіцца каля японскіх берагоў.

Спалучэнне знешніх фактараў прывяло ў сярэдзіне XIX стагоддзя да росту цікавасці еўрапейскіх краін, і асабліва ЗША, да адкрыцця гандлю з Японіяй[1]:

  • Адкрыццё ў 1842 годзе цынскага Кітая для гандлю з Еўропай і ЗША[2], разам з далучэннем Каліфорніі да ЗША ў 1850, стварыла пастаянны паток марскіх перавозак паміж Паўночнай Амерыкай і Азіяй. У дадатак, кітабойная індустрыя ЗША, якая паспяхова разгортвала свае аперацыі ў паўночнай частцы Ціхага акіяна з сярэдзіны XVIII стагоддзя, мела патрэбу ў бяспечных гаванях, дапамозе ў выпадках караблекрушэнняў, і надзейных станцыях дазапраўкі;
  • Пераход ад паруснага флоту да паравога, які адбываўся паралельна і быў заснаваны на спальванні вугалю, прывёў да росту патрэбнасці амерыканскіх гандляроў у прамежкавых базах, дзе гандлёвыя судны маглі загрузіцца вугалем і правізіяй падчас працяглага пераходу са ЗША ў Кітай. Спалучэнне выгоднага геаграфічнага становішча і чутак пра наяўнасць значных запасаў вугалю ў Японіі зрабілі адкрыццё японскіх партоў для гандлю са ЗША прыярытэтным у вачах амерыканскага ўрада;
  • Нарэшце, пастаянны паток амерыканскіх маракоў, якія апынуліся на берагах Японіі з-за караблекрушэнняў і падвяргаліся дрэннаму абыходжанню з боку японцаў, падахвочваў урад ЗША да ўсталявання прамых дыпламатычных адносін з Японіяй.
Японская гравюра з выявай экспедыцыі Перы

Усё гэта прывяло ўрад ЗША да рашэння накіраваць у Японію ў 1853 годзе экспедыцыю ВМС ЗША пад камандаваннем камандора Перы, перад якой была пастаўлена задача дамагчыся ўсталявання прамых дыпламатычных адносін з Японіяй. Дзейнічаючы ў духу дыпламатыі кананерак, «чорныя караблі» Пэры, пад пагрозай абстрэлу сталіцы, прымусілі Японію да заключэння пагаднення ў Канагаве, які адкрыў Японію замежнаму гандлю і фактычна паклаў канец палітыцы самаізаляцыі краіны. Аналагічныя дагаворы былі неўзабаве заключаны з Расіяй, Францыяй і Брытаніяй.

Падпісанне нераўнапраўных дагавораў з замежнымі дзяржавамі; смерць сёгуна, які не пакінуў краіне спадчынніка; эканамічны крызіс і эпідэміі хвароб, што сталі следствам адкрыцця краіны да міжнароднага гандлю — усё ў сукупнасці прывяло краіну да эканамічнага і палітычнага крызісу, які скончыўся грамадзянскай вайной (1868—1869), у якой прыхільнікі мадэрнізацыі, якія згуртаваліся пад лозунгам вяртання ўлады імператару (Рэстаўрацыі Мэйдзі), перамаглі прыхільнікаў сёгуната.

Пасля Рэстаўрацыі Мэйдзі ў 1868, новы ўрад Японіі ўзяў курс на мадэрнізацыю краіны. У прыватнасці, былі зняты абмежаванні эпохі Сакоку, такія, як забарона пакідаць тэрыторыю краіны, адкрыты да гандлю ўсе парты краіны і г.д.

Зноскі

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]