Саламон Лурыя
| Саламон Лурыя | |
|---|---|
| | |
| Род дзейнасці | рабін |
| Дата нараджэння | 1510 |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 17 лістапада 1573 |
| Месца смерці | |
| Месца пахавання | |
| Веравызнанне | іўдаізм |
| Бацька | Yechiel Luria[d] |

Саламон бен Ехіэль Лурыя (іўр.: שלמה לוריא), званы Махаршал (таксама: «рабін Саламон з Літвы» (1510, Брэст — 7 лістапада 1573, Люблін) — рабін, знаўца і каментатар Талмуда[1][2][3].
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Сям’я выводзілася з Эльзаса. Бацька і дзед былі вядомымі рабінамі, каментатарамі Талмуда. Бацька Саламона, Янкель, быў рабінам Слуцка, рана памёр. Яго дзед, Ісаак Клаўбер, вядомы сваёй мудрасцю і пабожнасцю, быў рабінам у Познані, дзе выхоўваў і навучаў Саламона да 1535 года. У маі таго ж года ў горадзе адбыўся вялікі і катастрафічны пажар. Дом рабіна Ісаака Клаўбера разам з вялікай бібліятэкай згарэў. Затым Саламон падарожнічаў па ўсёй Рэчы Паспалітай, каб знайсці настаўніка і працягнуць вучобу.
«Ён прыбыў у Брэст, дзе слухаў пропаведзі рабіна Кальмана Хаберкастэна. Той адразу распазнаў здольнасці і розум свайго вучня і выдаў за яго замуж сваю дачку Ліпку. Каля 1540 года рабін Кальман адправіўся ў Палесціну. Ён перадаў Лурыі кіраўніцтва акадэміяй, якую заснаваў»[4].
У сярэдзіне XVI стагоддзя Лурыя стаў рабінам у Астрозе на Валыні, а пазней кіраўніком мясцовага ешыбота. Яго прызначылі галоўным рабінам Валыні.
У 1555 годзе ён стаў галоўным рабінам Любліна, а ў 1567 годзе кароль Жыгімонт II Аўгуст надаў яму тытул рэктара мясцовага ешыбота.
Лурыя быў праціўнікам схаластычнай школы Майсея Ісрэлеса з Кракава (які быў яго сваяком) за апірышча на аргументы Арыстоцеля. Ён таксама выступаў супраць дыялектычнага метаду (пілпул), піянерам якога ў Любліне быў Якаб Полак. Ён паставіў тытанічную задачу вярнуцца да крыніц Талмуда, прасачыць больш за тысячу гадоў часта заблытаных легальных дыскусій, а затым вызначыць, якія з легальных рашэнняў правільныя і якіх варта прытрымлівацца на практыцы.[5]
Для Лурыі аўтарытэт Талмуда мае найвышэйшае значэнне. Таму кожны аўтэнтычны яўрэйскі рэлігійны закон і традыцыя павінны быць заснаваны на талмудычным тэксце. Нягледзячы на вагу нават шматвяковых прэцэдэнтаў і павагу ранейшых рабінаў, якія іх усталявалі, Лурыя лічыў, што талмудычны тэкст з’яўляецца канчатковым арбітрам сапраўднасці і правільнасці любога закона, ідэі ці практыкі. У сваёй асноўнай працы «Ям Шэль Шэлома» («Мора Саламона») Лурыя пачаў, здавалася б, немагчымую задачу прасачыць кожны яўрэйскі закон і практыку да яго талмудычнага паходжання. Тыя, хто не меў такіх каранёў, лічыліся ім неаўтэнтычнымі; тыя, хто адхіляўся ад Талмуда або скажаў яго сэнс, лічыліся памылковымі. Нястомны і няўхільны ў сваёй задачы, Лурыя супрацьстаяў і выкараняў погляды і прэцэдэнты нават самых шанаваных аўтарытэтаў свайго часу і мінулых часоў. Ягоная выдатная эрудыцыя і праніклівыя аналітычныя здольнасці прывялі да стварэння прац, якія амаль немагчыма было атакаваць[6].
Нягледзячы на тое, што некаторыя з яго пастаноў былі прыняты ў пазнейшых рабінскіх тэкстах, яго спроба пераасэнсаваць структуру галахічных тэкстаў і стварыць новую трывалую мадэль для яўрэйскай юрыдычнай пісьменнасці не ўвянчалася поспехам[1].
Быў пахаваны на старых люблінскіх яўрэйскіх могілках.
Найбольш буйная і галоўная сінагога люблінскай яўрэйскай абшчыны, частка сінагогальнага комплексу ў Падзамчы, была названа ў гонар Магаршала (не захавалася).

Асноўныя працы
[правіць | правіць зыходнік]- Ям шэл Шлома (ים של שלמה; Мора Саламона) — найважнейшая, хоць і няскончаная, праца Лурыі, якая ахоплівае складанасці Талмуда і ўяўляе сабой падрабязнае тлумачэнне галахічных інструкцый.
- Хохмат Шлома (חכמת שלמה; Мудрасць Саламона) — глосы і каментарый да Талмуда
- Yeri’ot Shlomo (יריעות שלמה; Апісанне Саламона, Прадстаўленне Саламона) — каментарыі да Торы
- Амудэй Шлома (עמודי שלמה; Саламонавы слупы) — каментарыі да Сефер га-Міцвот Мошэ бен Якава з Кусі
- шматлікія рабінскія рэспонсы
- літургічная паэзія
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 The YIVO Encyclopedia of Jews in Eastern Europe. encyclopedia.yivo.org. Праверана 7 верасня 2025.
- ↑ Salomon ben Jechiel Luria (1510–1573) - Leksykon - Teatr NN (польск.). teatrnn.pl. Праверана 7 верасня 2025.
- ↑ DELET - Luria Salomon (Szlomo) ben Jechiel (польск.). delet.jhi.pl. Праверана 7 верасня 2025.
- ↑ L. Szper, Dzieje Żydów w Lublinie, «Myśl Żydowska» 1917 nr 17, s. 3
- ↑ Fram Edward. Rabbi Solomon Luria’s Legal Methodology // The Codification of Jewish Law on the Cusp of Modernity. — Cambridge University Press, 2022. — С. 131 - 192.
- ↑ Sherwin, Byron L. Sparks Amidst the Ashes. — New York: Oxford University Press, 1997. — С. 29-30.