Асноўнай крыніцай нашых звестак пра Салоне служыць «Афінская палітыя» Арыстоцеля, а таксама познія жыццяпісы Салона, складзеныя Плутархам і Дыягенам Лаэрцкім.
Сын Эксекестыда, паходзіў са збяднелага знатнага роду. У канцы 7 ст. да н.э. праславіўся як военачальнік у вайне Афін з Мегарай за востраў Саламін, які апеў у сваёй элегіі і такім чынам набыў шырокую вядомасць. У 594 да н.э. быў абраны ў Афінах архонтам і пасрэднікам па ўладкаванні грамадскіх спрэчак. Займаючы пасаду архонта, Салон правёў рад сацыяльна-палітычных рэформ, ліквідаваў даўгі сялян і забараніў даўгавое рабства, паставіў палітычныя правы грамадзян у залежнасць ад іх даходаў з зямельных участкаў. На аснове маёмаснага цэнзу ўсё насельніцтва незалежна ад паходжання падзяліў на 4 разрады, у адпаведнасці з якімі і вызначалася ступень іх палітычных праў і абавязкаў у дзяржаве. Рад яго рэформ былі праведзены ў інтарэсах гандлёва-рамесных слаёў грамадства, правёў уніфікацыю мер, вагі і валюты.
Яго рэформы нанеслі моцны ўдар па родавай зямельнай арыстакратыі, абмежавалі ўладу архонтаў і Арэапага, і стварылі перадумовы для развіцця афінскай рабаўладальніцкай дэмакратычнай дзяржавы, для кіравання якой быў створаны Савет 400 і найвышэйшы судовы орган — суд прысяжных (гелія). Рэфарміраваў усе віды афінскага права, апрача крымінальнага, унёс змены ў сямейнае і родавае права, дазволіў кожнаму пакрыўджанаму прыносіць скаргі на несправядлівасць. Разам з тым Салон быў адным з першых антычных паэтаў, які пісаў элегіі, ямбы і павучальныя вершы.
Верагодных выяваў (вядомых статуй з Саламіну і Афінаў, або копіяў з іх) дасюль не ўдалося знайсці, а мазаіка з Баальбека няпэўная. Магчыма, партрэтам Салона з’яўляецца партрэт, які прыпісваецца Фалесу[2].