Сальера

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бенвенута Чэліні
Сальера. 1543
Saliera
Матэрыял Золата, эмаль
Памеры 26 × 33,5 см
Музей гісторыі мастацтваў, Вена
(інв. Kunstkammer, 881[1])
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Сальера» (італ.: Saliera — «сальніца») — часткова пакрытая эмалью залатая настольная статуэтка, якая была выканана ў 1543 годзе фларэнційскім залатых спраў майстрам Бенвенута Чэліні для французскага караля Францыска I і ўяўляла сабой вяршыню дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва эпохі маньерызму. Вышыня скульптуры — 26 см, шырыня заснавання са слановай косці — 33,5 см.

Першапачатковым замоўцам сальніцы выступаў кардынал Іпаліта д’Эстэ. Тады ў Чэліні нарадзілася задума выканаць сальніцу як алегорыю саюза зямлі (фігура Цэрэры) і мора (фігура Нептуна), дзякуючы якому і нараджаецца соль. Гэту задуму, згаданую Чэліні ў аўтабіяграфіі, атрымалася ажыццявіць толькі напачатку 1540-х у сувязі з паступленнем замовы французскага манарха.

Сальера неацэнная ўжо таму, што гэта адзіная ювелірная праца Чэліні, атрыбуцыя якой не выклікае ніякіх сумневаў. Кароль Карл IX паднёс яе Фердынанду Цірольскаму, пасля чаго да XIX стагоддзя «Сальера» заставалася жамчужынай інсбрукскага замка Амбрас. Толькі з заснаваннем венскага Музея гісторыі мастацтваў сальніца была перамешчана ў сталіцу Аўстрыі.

11 мая 2003 года Сальера была выкрадзена з Музея гісторыі мастацтваў, які ў той час знаходзіўся на рамонце. Хоць кошт скульптуры ацэньваўся не менш чым ў 50 млн еўра[2], аўстрыйскі ўрад прапанаваў за вяртанне сальніцы параўнальна сціплую ўзнагароду ў 70 000 еўра.[3] Тлумачылася гэта тым, што збыць твор такога ўзроўню папросту немагчыма. Пры гэтым застрахавана Сальера была толькі на палову рыначнага кошту, з прычыны таго, што магчымасць выкрадання такога шэдэўра проста не разглядалася сур'ёзна[4].

Разлік адміністрацыі музея апраўдаўся: 21 студзеня 2006 года паліцыя выявіла Сальеру закапанай у свінцовай скрынцы ў лесе ля горада Цветль.

Зноскі