Салінскі дагавор (1398)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Салінскі дагавор, 1398)
Салінскі дагавор
Дагавор на востраве Салін
Дзяржава Тэўтонскага ордэна. Жамойць пазначана светла-ружовым
Дзяржава Тэўтонскага ордэна.
Жамойць пазначана светла-ружовым
Тып дагавора Міжнародны дагавор
Дата падпісання 12 кастрычніка 1398
Месца падпісання востраў Салін у вусце ракі Невяжы
Бакі Тэўтонскі ордэн
Вялікае Княства Літоўскае
Мова латынь

Салінскі дагавор, Залінвердэрскі дагавор — дагавор паміж ВКЛ і Тэўтонскім ордэнам, тэкст узгоднены 23 красавіка 1398 у Гародні, абмен дагаворнымі граматамі паміж вялікім князем літоўскім Вітаўтам і вялікім магістрам Ордэна Конрадам фон Юнгінгенам адбыўся 12 кастрычніка 1398 на востраве Салін, што на Нёмане супраць вусця ракі Невяжы.

Гэты дагавор устанаўляў «вечны мір» паміж ВКЛ і Ордэнам. Вітаўт пацвердзіў сваю ранейшую саступку Ордэну Жамойці да ракі Невяжы і абяцаў пэўную падтрымку Ордэну ў замацаванні ўлады над гэтай тэрыторыяй. Таксама Вітаўт саступаў палову Судувы. У сваю чаргу, Ордэн абавязваўся не падтрымліваць прэтэнзій Свідрыгайлы на сталец ВКЛ.

Вітаўт адмаўляўся ад усякіх прэтэнзій на Пскоў, і ў выпадку пераходу Пскова пад уладу Ордэна прызнаваў такі пераход «навечна». Адпаведна, Ордэн адмаўляўся ад усякіх прэтэнзій на Ноўгарад, і ў выпадку пераходу Ноўгарада пад уладу ВКЛ прызнаваў такі пераход «навечна». Прадугледжвалася літоўская дапамога Ордэну для заваявання Пскова і ордэнская падтрымка ВКЛ для авалодання Вялікім Ноўгарадам, а таксама для паходу супраць Залатой Арды.

Неафіцыйна Вітаўт заручыўся згодай Ордэна са сваімі планамі дабівацца поўнай незалежнасці ад Польшчы; на святкаваннях у гонар падпісання Салінскага дагавору Вітаўт быў адзінадушна абвешчаны князямі і баярамі ВКЛ “каралём Літвы і Русі”. Гэта выклікала насцярожанае стаўленне да дагавора польскага караля Ягайлы, а планы захопу Ноўгарада і Пскова прывялі да пагаршэння адносінаў ВКЛ з гэтымі землямі, а таксама з вялікімі княствамі Маскоўскім і Цвярскім. Сур'ёзнай рэальнай падтрымкі ў рэалізацыі сваіх экспансіянісцкіх планаў Вітаўт не атрымаў, што, у прыватнасці, абумовіла паражэнне войскаў ВКЛ у бітве на Ворскле (1399). Умовы Салінскага дагавору былі ўдакладнены Рацёнжскім дагаворам (1404), да якога далучылася і Польшча.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]