Сапатэкская цывілізацыя

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Сапатэкская цывілізацыя — адна з найстаражытнейшых цывілізацый дакалумбавай Мезаамерыкі, створаная сапатэкамі (саманазва — бе’ена’а). Першыя артэфакты сапатэкскай культуры датуюцць часам каля 700 года да н. э., яе росквіт прыпаў на II—IX ст., а рэшткі ў 1521 годзе заваяваны канкістадорамі.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Старажытная сапатэкская дзяржава размяшчалася на тэрыторыі сучаснага мексіканскага штата Аахака ў раёне перашыйка Тэўантэпек. Найбуйнейшае вядомае паселішча — Монтэ-Альбан.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пачатковы перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Пачаткі сапатэкскай культуры некаторыя навукоўцы звязваюць з альмекамі. Першыя сталыя паселішчы ў Аахаке з’явіліся ў XV ст. да н. э. Паміж 1150 і 850 гадамі да н. э. найбуйнейшым паселішчам Аахакі было Сан-Хасэ-Магатэ, якое налічвала 80-120 дамоў, падчас раскопак знойдзены скамянелыя плады кукурузы, чылі і авакада. Пасля 850 года да н.э. з’яўляюцца раннія гарады — рэлігійна-цырыманіяльныя і адміністрацыйныя цэнтры, дзе вялося манументальнае будаўніцтва.

Паміж 700—500 гадамі да н. э. (фаза Расарыё) фарміруецца складаная сістэма дробных палітычных аб’яднанняў сапатэкаў, адбываецца значны прырост насельніцтва. Да сярэдзіны фазы Расарыё ўтварылася 70-85 складаных палітычных аб’яднанняў. У гэты перыяд, напэўна, таксама здараліся шматлікія войны паміж гэтымі аб’яднаннямі, вымушаючы будаваць сцены і ўмацоўваць галоўныя паселішчы. Таксама да гэтага часу складаюцца асновы сапатэкскай культуры, у т.л. пісьменнасць (раней за мая і міштэкаў) і каляндар.

Да канца фазы Расарыё сапатекі былі аб’яднаны ў палітычныя аб’яднанні-супольнасц — адну большую ў субдаліне Этла (2000 чалавек) са сталіцай у Сан-Хасэ-Магатэ, і дзве меншыя — у Валье-Грандэ (700—1000 чалавек) са сталіцай у Сан-Марцін-Цількахетэ і ў субдаліне Тлакалула (700—1000 чалавек) са сталіцай у Йегуі. Супольнасці раздзялялі 80 км² нічыйнай зямлі, найбольш прыкметнай асаблівасцю яе ландшафту быў няроўны горны ланцуг плошчай 6 км². У канцы фазы Расарыё (550—500 гады да н. э.) адзначаецца аслабленне Сан-Хасэ-Магатэ. Тым жа часам з’яўляюцца паселішчы на нічыйнай тэрыторыі, на сучаснай гары Монтэ-Альбан.

Монтэ-Альбан[правіць | правіць зыходнік]

Монтэ-Альбан стаў першай сталіцай сапатэкскай дзяржавы (вылучаюць шэраг этапаў — г.зв. Монтэ-Альбан I, Монтэ-Альбан II, Монтэ-Альбан III, Монтэ-Альбан IV, Монтэ-Альбан V). Горад быў адным з найбуйнейшых у дакалумбавай Амерыцы, займаў плошчу да 40 км² і меў 25-50 тысяч жыхароў на этапе Монтэ-Альбан IV. Ствараецца сапатэкская дзяржава (Бе’ена’а), якая заваявала практычна ўсю даліну Аахака. Максімальнага пашырэння дасягнула на этапе Монтэ-Альбан II, а пік экспансіі прыпаў на I ст. Самай паўночнай кропкай была крэпасць Кіатэпек, самай паўднёвай — Чыльтэпек. Навукоўцы выявілі каля 300 сапатэцкіх тэкстаў, прысвечаных ваеннай тэматыцы, прычым, гледзячы па знешнасці палонных, большасць з іх маглі быць тэатыўаканцамі. На этапе Монтэ-Альбан III (да 500 года) большасць з гэтых зямель было страчана праз паўстанні заваяваных народаў, затое былі наладжаны добрыя адносіны з Тэатыўаканам, дзякуючы чаму ў апошнім з’явіўся раён, дзе жылі пасланцы і гандляры сапатэкаў.

Тым жа часам ворагамі трывала сталі паўночныя суседзі па перашыйку — міштэкі. Спачатку перавага ва ўзброеных сутыкненнях заставалася, звычайна, за сапатэкамі. Але на мяжы IX—X ст. перавага міштэкаў стала адчувальнай і Монтэ-Альбан быў імі захоплены, горад пакінулі жыхары, а руіны міштэкі ператварылі ў пышная могілкі сваіх валадароў, назваўшы гэта месца Юкакую (Зялёная горка).

Мітла[правіць | правіць зыходнік]

Сапатэкі, узначаленыя жрацамі з найвышэйшым рэлігійным кіраўніком «віха-таа» («відушчы»), пакінуўшы Монтэ-Альбан не скарыліся міштэкскаму нашэсцю, а ўмацаваліся вакол свайго рэлігійнага цэнтра Мітлы (на сапатэкскай мове Міктлан — «Дом Смерці» або «месца вечнага адпачынку») у цяжкадаступных гарах былых паўднёва-ўсходніх ускраін сваіх уладанняў.

За некалькі стагоддзяў сапатэкі вакол Мітлы змаглі адрадзіцца эканамічна. Пра гэта сведчыць пышнасць самой сталіцы з палацамі і храмамі, а таксама аднаўленне інтэнсіўнага горадабудаўніцтва, на кантраляваных імі землях склаліся новыя цэнтры — Уіязаа, Ламбітэк, Саачыла. У 650—700 гадах Саачыла і Ягул атрымалі значную самастойнасць.

У 1440-я гады Мітла, дзе кіраваў тым часам віха-таа Нукана, была заваявана міштэкамі, якія такім чынам давяршылі разгром незалежных сапатэкскіх аб’яднанняў і цалкам авалодалі Тэўантэпекскім перашыйкам — праўда, ненадоўга, бо праз некалькі дзесяцігоддзяў у рэгіёне панавалі ўжо ацтэкі.

Саачыла[правіць | правіць зыходнік]

Апошнім аскепкам вялікай у мінулым сапатекскай цывілізацыі быў Сапатекапан (краіна сапатэкаў) са сталіцай у Саачыла-Ёа (заснаваны каля 1390—1400 гадоў) у раёне сучаснага горада Аахака. Ацтэкская агрэсія адцягнула сілы міштэкаў і дала магчымасць Сапатэкапану праіснаваць да іспанскай канкісты і нават падначаліць суседнія плямёны першапачатковай перыферыі — сакэ і ўавэ, аднак роля сапатэкаў у палітыка-эканамічных і культурных працэсах Месаамерыкі была ўжо мінімальнай.

У пачатку XVI ст. сапатэкі здолелі адстаяць незалежнасць ад ацтэкаў. Гэтым часам самым магутным з некалькіх сапатэкскіх цароў быў Касійаэса («Стваральнік маланкі»), які валадарыў у 1487—1529 гады. Ён быў спадчыннікам дынастыі ў Саачыла, але праз ацтэкскі ваеннага ціск вымушанага перанёс сваю сталіцу на ўмацаваную гару паблізу ціхаакіянскага ўзбярэжжа. Касійаэса стварыў альянс з міштэкскім валадаром з Ачыўтла на поўначы ад даліны Аахака, каб атакаваць ацтэкскае войска ў трапічных нізінах Тэўантэпека. Пасля сямімесячнай блакады, ацтэкі і сапатэкі дамовіліся пра перамір’е, адной з умоў якога быў шлюб дачкі тлатаані Аўісотля Уэй з Касійаэсай. Ацтэкі таксама атрымалі права размясціць невялікі гарнізон у даліне Аахака і атрымліваць "у знак ветлівасці " даніну штогод. Аднак фактычна сапатэкі захавалі незалежнасць і пашырылі свае ўладанні з дапамогай ацтэкаў.

Сапатэкі падтрымалі Эрнана Картэса ў звяржэнні ацтэкскага панавання і заваёве Тэначцітлана ў 1519 годзе. Ужо ў 1521 годзе сапатэкі вымушаныя былі самі падпарадкавацца іспанцам. Апошні суверэнны кіраўнік сапатэкаў Касійапія I перанёс сталіцу ў Тэўантэпек, але пад ціскам канкістадора Пэдра дэ Альварада прыняў каталіцызм і перадаў сваю дзяржаву іспанцам.

Апошняга прадстаўніка дынастыі, таксама Касійапія (1502—1563), дапытвалі іспанскія святары з прычыны яго «ідалапаклонніцкіх» рэлігійных практык і ўрэшце ахрысцілі пад імем дон Хуан Картэс.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Старажытныя сапатэкі мелі ўласную пісьменнасць, арыгінальны пантэон і міфалогію, пры ўсёй развітай самабытнасці іх культуры, аднак, прасочваецца ўплыў тальтэкаў і мая. Вывучэнне ўскладнена знішчэннем сапатэкскай дзяржавы ў IX ст. міштэкамі і ўключэння народа ў пазнейшыя цывілізацыі, спачатку — міштэкаў, пазней — ацтэкаў.

Пісьменнасць[правіць | правіць зыходнік]

Пісьменнасць сапатэкаў, створаная ў VII ст. да н. э., лічаць адной з самых старажытных у Амерыцы. Зараз выяўлена (і часткова апублікавана) больш за 500 сапатэкскіх тэкстаў (усе запісаныя вертыкальнымі калонкамі), аднак з больш за сотню ідэнтыфікаваных у іх іерогліфаў дэшыфраваць здолелі толькі некалькі, у прыватнасці іерогліф «сонца» і традыцыйныя для Мезаамерыкі лічбавыя знакі — «кропка» (адзін), «рыска» (пяць).

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Лавров Н. М., Ларин Е. А. История Латинской Америки. — Наука, 1991. — Т. 1. — ISBN 5020090271.
Wiki letter w.svg На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпедыі,
калі ласка, карыстайцеся падказкай і пастаўце спасылкі ў адпаведнасці з прынятымі рэкамендацыямі.