Саранчаны (возера)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Саранчаны
Морфаметрыя
Вышыня над узроўнем мора 174,8[1] м
Даўжыня 1,6 км
Шырыня 0,6 км
Плошча 0,68 км²
Аб’ём 0,00097 км³
Даўжыня берагавой лініі 5,6 км
Найбольшая глыбіня 3,5 м
Сярэдняя глыбіня 1,4 м
Гідралогія
Салёнасць да 0,27 ‰
Празрыстасць 0,9 м
Басейн
Плошча вадазбору 45,6 км²
Упадаюць ручаі
Выцякаюць ручай у раку Страча
Размяшчэнне
Краіна  Беларусь
Рэгіён Віцебская вобласць
Саранчаны (Беларусь)
Саранчаны
Саранчаны
Саранчаны (Віцебская вобласць)
Саранчаны
Саранчаны
Map

Саранча́́ны, Серанчаны — возера ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі, у басейне ракі Страча, за 27 км на паўднёвы захад ад горада Паставы, каля вёскі Саранчаны.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Назва возера пайшла ад назвы паселішча Серанчаны (польск.: Sieręczany, руск.: Серенчаны) на беразе возера. Назва паселішча, у сваю чаргу, ад адпачатнай формы назвы *Sirinčia, якою мусіла называцца рака, што ўцякае ў возера і выцякае з яго.

Найімаверней гэтая рака адпачатна і называлася Страча (цяпер лічыцца правым прытокам Страчы), бо аднаўляецца эвалюцыя назвы: *Sirinčia > *Съряча > Стряча (форма назвы зафіксавана ў 1518 г.) > Страча[2].

Прыток з возера Малая Швакшта, які цяпер лічыцца пачатковым цячэннем Страчы, найімаверней раней лічыўся левым прытокам гэтай ракі. Ён карацейшы і часам на картах пазначаецца як асобная рака Шыльва (ад літоўскага šilventi «гайдацца, калыхацца»).

Адпачатная назва *Sirinčia з дапамогай пашыральніка -nt- утвораная ад кораня Sir-, ад якога таксама літоўская рачная назва Sirija.

Звязана з літоўскім sirenti «накропваць, капаць; цячы, струменіць; памалу варыцца; бегчы дробнымі крокамі»[3]. Корань з шэрагу Sar- : Ser- : Sir- (ад індаеўрапейскага ser- «цячы, шпарка рухацца»[4]). Таго ж паходжання ў гэтым поўным водаў рэгіёне навокал возера Нарачы таксама назвы рэк Сэрвач (Ser-v-, Ak-), Сермеж (*Ser-m-ėž-).

Корань Sir- пашыраны балцкім гідранімічным пашыральнікам -nt-, як і ў азёрных назвах Вісяты (< *Veisintas[5]), Дрывяты (< *Druvintas[6]). Ён таксама ў балцкіх гідронімах тыпу Gamanta, Laukantė, Ušantė[7].

Назва Страча (< *Sirinčia) значыць «Плыткая (рака)».

Гідраграфія[правіць | правіць зыходнік]

Плошча паверхні возера складае 0,68 км². Найбольшая глыбіня 3,5 м, сярэдняя 1,4 м. Даўжыня 1,6 км, найбольшая шырыня 0,6 км. Даўжыня берагавой лініі 5,61 км. Аб’ём вады 0,97 млн м³. Плошча вадазбору 45,6 км².

Катлавіна возера рэшткавага тыпу, выцягнутая з поўначы на поўдзень. Схілы катлавіны вышынёй 2—3 м (на паўднёвым захадзе 6—8 м), на ўсходзе спадзістыя, параслі лесам і хмызняком. Берагавая лінія звілістая. Берагі нізкія, месцамі сплавінныя, на ўсходзе месцамі вышынёй да 0,5—0,7 м. Пойма шырынёй 5—10 м, пад хмызняком. Дно выслана сапрапелем, у прыбярэжнай частцы да глыбіні 1 м пясчанае. У паўднёвай частцы востраў плошчай 0,4 га. Шырыня паласы расліннасці 10—75 м, пашырана да глыбіні 1 м. На поўначы ўпадае ручай з возера Лодасі, на поўдні выцякае ручай у раку Страча.

У возеры водзяцца шчупак, лешч, плотка, карась, акунь і іншыя віды рыб.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Ліст карты N-35-29. Выданне 1986 г. Стан мясцовасці на 1982 г. (руск.)
  2. R. Būga. Rinktiniai raštai. Vilnius, 1961. С. 607.
  3. Vanagas A. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. С. 299.
  4. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 909—910.
  5. K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 3. Vilnius, 1961. С. 546.
  6. H. Krahe. Unsere ältesten Flussnamen. Wiesbaden, 1964. C. 55.
  7. P. Skardžius. Rinktiniai raštai. T. 4. Vilnius, 1998. C. 879—944.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]