Сара Лідман

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сара Лідман
шведск.: Sara Adéla Lidman
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні шведск.: Sara Adéla Lidman
Дата нараджэння 30 снежня 1923(1923-12-30)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 17 чэрвеня 2004(2004-06-17)[3][4] (80 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменніца, журналістка
Гады творчасці з 1953
Жанр раман, расказы, п'еса, журналістыка
Мова твораў шведская мова
Грамадская дзейнасць
Член у
Прэміі
Узнагароды
Litteris et Artibus

ганаровы доктар[d]

Q96068904? (1961)

Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Сару Лідман (трэцяя злева) як адну з вядомых персон адлюстравала мастачка Пія Энгстром у сваёй скульптурнай кампазіцыі «Пасля купелі», усталяванай у Стакгольме, каля Вестэрторпса.

Сара Адэль Лідман (шведск.: Sara Adela Lidman 30 снежня 1923, Місэнтрэск, Вестэрботэн, Швецыя — 17 чэрвеня 2004, Умеа[7], Швецыя) — шведская пісьменніца, журналістка, драматург і крытык.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Сара Лідман нарадзілася на поўначы Швецыі, у Андрэаса і Эны Лідман. У гэтай сям’і было яшчэ дзве дачкі — Лісбет і Тура[8]. Пасля падрыхтоўчых класаў Сара ў 1931 годзе пайшла ў няпоўную сярэднюю школу, якую скончыла ў 1936 годзе. У 1937—1938 гадах вучылася ў дадатковых, у старэйшых класах сярэдняй школы. З 1940 па 1942 завочна атрымлівала адукацыю ў Хермудскам інстытуце карэспандэнцыі і 29 мая 1942 года здала выпускны экзамен.

У 1942—1944 гады Сара Лідман вучылася ў практычнай школе ў Марыанэлундзе, здала выпускны экзамен 7 чэрвеня 1944 года. У 1945 годзе яна паступіла ва Упсальскі універсітэт, затым з-за хваробы вымушаная была перапыніць навучанне і ў 1948 годзе пачала вучыцца ў Лундскім універсітэце. У 1949 Сара атрымала ступень кандыдата філасофіі ў першай з гэтых навучальных устаноў і да 1952 года вучылася ў другой. Спецыялізавалася, у прыватнасці, на французскай мове і літаратуры (летам 1947 прайшла моўную практыку ў Грэноблі), па нарвежскай мове і літаратуры (1950, 1951) і па педагогіцы (1952)[9].

Яшчэ ў студэнцкія гады Сара Лідман падзарабляла працуючы бібліятэкарам. Атрымаўшы ў 1952 поўную вышэйшую адукацыю, у наступным годзе яна дэбютавала раманам «Смаляная даліна» і з тых часоў рэгулярна друкавалася, атрымлівала літаратурныя прэміі, друкавалася ў мас-медыя і супрацоўнічала з тэатрамі і Шведскім радыё. У 1965, 1972, 1974, 1979 і 1995 гадах пісьменніца наведвала В’етнам і вынікам гэтага наведвання сталі артыкулы і іх зборнікі, адзначаныя пратэстам супраць ўмяшання ЗША ў Індакітай. Акрамя напісання артыкулаў супраць такой палітыкі, яна выступала як удзельніца Трыбунала Расэла-Сартра і актыўны член палітычнай групоўкі «Левыя 68 года». Яе ведалі як чалавека, які горача агітуе і ўпарта дамагаецца жаданага. У 1960 годзе Лідман паехала ў Паўднёва-Афрыканскі Саюз, каб «сустрэць новых людзей і знайсці новыя праблемы». Там яе абвінавацілі ў парушэнні расавых законаў (захаваўся дакумэнтавана допыт)[10] і ў наступным годзе прымусілі з’ехаць з краіны. У 1963 Лідман змагалася з расізмам ўжо ў Кеніі. У канцы 1960-х яна падтрымлівала гарнякоў-страйкоўцаў Кіруны і іншых руднікоў. Пасля перайшла ад камуністычных поглядаў на памяркоўныя і занялася аховай навакольнага асяроддзя. Ужо перад смерцю пісьменніца выступіла супраць вайны ў Іраку. Такую дзейнасць Сары Лідман і сваё сумеснае жыццё з ёй у другой палове 1950-х апісаў Івар Лу-Юхансан у рамане «Блакітная панна».

У 1955—1963 гадах пісьменніца належала да членаў літаратурнай акадэміі «Грамадства Дзевяці» і засядала ў крэсле № 8. З 1975-га года і да самай смерці яна жыла ў сваім родным доме ў Місэнтрэске.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

У 1953 годзе Сара Лідман дэбютавала раманам «Смаляная даліна», у якім адлюстравала будні вёскі Экстрэск паэтычнай мовай, якая грунтуецца на паўночна-шведскіх дыялектах і біблейскіх тэкстах[11]. «Край марошкі» (1955) — гэта шырокае эпічнае апісанне беднай вестэрботэнскай супольнасці лесаводаў. Раманы «Парасткі пад дажджом» (1958) і яго працяг «Насіць амелу» (1960) адзначаюцца псіхалагічным рэалізмам з сімвалістычнымі адценнямі. У 1960-х гадах этычная праблематыка атрымала палітычную афарбоўку. У раманах «Я і мой сын» (1961) і «З пяццю дыяментамі» (1964) гаворыцца аб расавай дыскрымінацыі[12].

Сваімі рэпартажамі «Сустрэчы ў Ханоі» (1966), «Руднік. Карціна Уда Урбума» (1968), «Наземныя і падземныя сябры» (1969) і «Птушкі ў Намдзіне» (1972) Лідман прыняла ўдзел у тагачасных спрэчках на сацыяльна-палітычныя пытанні, стаўшы на бок левага сацыялістычнага крыла і развіваючы тэму салідарнасці з беднякамі і эксплуатаванымі. У рамане «Твой слуга слухае» (1977) пісьменніца вярнулася да цыклу пра жыццё ў Вестэрботэне і апісала каланізацыю Поўначы Швецыі ў 1870-х гадах. То быў першы твор у так званым «Чыгуначным эпасе», які складаецца з пяці частак: «Дзіця гневу» (1979, адзначаны Літаратурнай прэміяй Паўночнага Савета), «Камень Набота» (1981), «Дзіўны чалавек» (1983) і «Жалезная карона» (1985). У іх моцна і пераканаўча сінтэзаваны правінцыйнае і ўніверсальнае сродкамі своеасаблівай паэтычнай прозы. Галоўным героем гэтых твораў выступае Дзідрык Мортэнсан — селянін, які дзякуючы сваёй настойлівасці і мэтанакіраванасці дамогся ўлады ў гэтай мясцовасці. Энтузіяст жалезнай дарогі, ён лічыць яе сродкам пераадолець ізаляванасць паселішча ад астатняга свету. У рэшце рэшт яго абвінавачваюць у злоўжываньнях і па іроніі лёсу вязуць у турму адным з першых цягнікоў. У гэтым цыкле многае ўзята з гісторыі роду Сары Лідман. Апошнім з серыі выйшаў у свет раман «Хвіліна невінаватасці» (1999).

Асабісты архіў Сары Лідман захоўваецца ў даследчым архіве бібліятэкі ўніверсітэта Умеа. Яе шматлікія п’есы не дачакаліся публікацыі і да гэтага часу знаходзяцца ў стане рукапісаў і машынапісаў. Некаторыя з іх у свой час перадаваліся па радыё і тэлебачанні.

Творы[правіць | правіць зыходнік]

Проза[правіць | правіць зыходнік]

  • Tjärdalen (1953) — «Смаляная даліна», раман
  • Hjortronlandet (1955) — «Край марошкі», раман
  • Regnspiran (1958) — «Парасткі пад дажджом», раман
  • Bära mistel (1960) — «Насіць амелу», раман
  • Jag och min son (1961) — «Я і мой сын», раман
  • Jag och min son (1963) — «Я і мой сын», раман, переработанная версія
  • Med fem diamanter (1964) — «З пяццю алмазамі», раман
  • Din tjänare hör (1977) — «Твой слуга слухае», раман
  • Vredens barn (1979) — «Дзіця гневу», раман
  • Nabots sten (1981) — «Камень Набота», раман
  • Den underbare mannen (1983) — «Дзіўны чалавек», раман
  • Järnkronan (1985) — «Жалезная карона», раман
  • Lifsens rot (1996) — «Корань глузду жыцця», раман
  • Oskuldens minut (1999) — «Мінута невінаватасці», раман

Журналістыка[правіць | правіць зыходнік]

  • Samtal i Hanoi (1966) — «Сустрэчы ў Ханоі», рэпартаж
  • Gruva. Bild Odd Uhrbom (1968) — «Руднік. Карціна Уда Урбума», зборнік інтэрв’ю
  • Gruva. Bild Odd Uhrbom (1969) — «Руднік. Карціна Уда Урбума», пашыраная версія
  • Vänner och u-vänner (1969) — «Наземныя і падземныя сябры», зборнік артыкулаў
  • Fåglarna i Nam Dinh (1972) — «Птушкі ў Намдіне», артыкулы пра В’етнам
  • Varje löv är ett öga (1980) — «Кожны лісток вока», зборнік артыкулаў
  • …och trädet svarade (1988) — «…і дрэва адказала», зборнік артыкулаў
  • Kropp och skäl (2003) — «Цела і душа», розныя артыкулы

Драматургія[правіць | правіць зыходнік]

  • Marta Marta (1970) — «Марта-Марта»
  • П’еса на матэрыяле «Парасткаў пад дажджом». Рукапіс. Не пастаўлена. 1950-я гады
  • Job Klockmakares dotter — «Дачка гадзіншчыка Іова». Машынапіс, пастаўлена ў гарадзкім тэатры Гётэбарга (1954, 1955), у тэатрах «Рыкстэатэрн» (1956) і «Камартэатэрн» (1956)
  • Aina — «Айна». Рукапіс, пастаўлена ў Каралеўскім драматычным тэатры і ў гарадскім тэатры Гётэбарга (1956, 1957), а таксама ў «Рыкстэатэрне» (1960)
  • De vilda svanarna — «Дзікія лебедзі». Машынапіс інсцэніроўкі казкі Андэрсана. Пераклад на нямецкую Фрэды Эльмы і Сары Лідман. Пастаўлена на тэлебачанні сіламі тэатраў «Камартэатэрн» (1971, 1972), «Трэндэлаг тэатэр» (1975, 1976) і «Рыкстэатэрн» (1979)
  • Balansen och Skogen — «Раўнавагу і лес». Пастаўлена ў тэатры «Данстэатэр» (1975)
  • Din tjänare мы чуем, Vredens barn — «Твой слуга слухае», урыўкі з рамана «Дзіця гневу». Для тэатральнай пастаноўкі апрацавалі Лейф Сундберг і Сара Лідман. Рыхтавалася для тэатра «Норботэнстэатэрн» (1981)
  • Hästen och tranan — «Конь і журавель». Машынапіс. Пастаўлена і перададзена па тэлебачанню сіламі тэатраў «Вестэрботэнстэатэрн» (1983), «Норботэнстэатэрн» і іншых
  • Järnkronan — «Жалезная карона». Машынапіс. Пастаўлена не менш чым у двух версіях (1987)

Кнігі аб Сары Лідман[правіць | правіць зыходнік]

  • Birgitta Holm. Sara Lidman : i liv och text, 1998, isbn 91-0-056670-5, Finn boken
  • Lina Sjöberg. Genesis och Jernet : ett möte mellan Sara Lidmans Jernbaneepos och bibelns berättelser, 2006, isbn 91-7844-727-5, Finn boken

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

  • 1953 — Літаратурная прэмія газеты «Svenska Dagbladet»
  • 1956 — Медаль BMF
  • 1956 — Пісьменніцкая прэмія педагагічнай грамады школ для дарослых
  • 1957 — Стыпендыя Кніжнай латарэі
  • 1961 — Прэмія Доблоуга
  • 1964 — Літаратурная прэмія газеты «Vi»
  • 1968 — Вялікая заахвочвальная літаратурная прэмія
  • 1977 — Вялікая прэмія «Грамадства Дзевяці»
  • 1980 — Літаратурная прэмія Паўночнай Парады (за раман «Дзіця гневу»)
  • 1985 — Літаратурная прэмія Сельмы Лагерлёф
  • 1985 — Прэмія Доблоуга
  • 1986 — Вялікая літаратурная заахвочвальная прэмія за раман
  • 1987 — Медаль Хедэнвінда
  • 1991 — Прэмія «Аніара»
  • 1992 — Прэмія Івара Лу
  • 1993 — Прэмія Хары Мартынсона
  • 1993 — Прэмія Херарда Боніра
  • 1996 — Прэмія Мае Мартынсан
  • 1998 — Прэмія Стыга Шодына
  • 1998 — Прэмія Сікстэна Хеймана
  • 1999 — Pilotpriset
  • 1999 — Шведская прэмія па рыторыцы
  • 2001 — Асабовая прэмія Івара Лу-Юхансана

Пашаны[правіць | правіць зыходнік]

  • Званне ганаровага доктара філасофіі ўніверсітэта Умеа (1978)
  • Званне прафесара — 1999
  • У 2009 імем Сары Лідман вуліца ў Стакгольме[13]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. http://urn.nb.no/URN:NBN:no-nb_digibok_2008060900023#85
  2. Лидман Сара // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 27 верасня 2015.
  3. Sara Lidman // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. Sara Adela Lidman // Brockhaus Enzyklopädie / Hrsg.: Bibliographisches Institut & F. A. Brockhaus, Wissen Media Verlag Праверана 9 кастрычніка 2017.
  5. Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.
  6. а б http://www.samfundetdenio.se/
  7. Sveriges dödbok 1901—2009
  8. http://www.foark.umu.se/samlingar/Hand52_Lidman.pdf(недаступная спасылка)
  9. http://www.foark.umu.se/samlingar/Hand52_Lidman.pdf(недаступная спасылка)
  10. http://www.foark.umu.se/samlingar/Hand52_Lidman.pdf(недаступная спасылка)
  11. Издательство Альберта Боннира — Сара Лидман. Архівавана з першакрыніцы 27 жніўня 2010. Праверана 21 жніўня 2013.
  12. Store norske leksikon. Pär Hellström, Sara Lidman
  13. Fastighetssverige 2009-03-05 Архівавана 31 жніўня 2010 года.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]