Сарматызм

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сармацкі партрэт польнага гетмана літоўскага Вінцэнта Гасеўскага. Мастак Д. Шульц. Каля 1662 г.

Сарматы́зм (польск.: Sarmatyzm) — шляхецкая ідэалогія Рэчы Паспалітай, якая грунтавалася на тэорыі пра сарматаў як продкаў некаторых народаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Паходжанне тэрміна[правіць | правіць зыходнік]

Карта Еўрапейскай Сарматыі на падставе Геаграфіі Пталамея. Гравюра Себасціяна Мюнстэра.

Старажытнагрэчаскі вучоны Пталамей у II стагоддзі Еўрапейскую Сарматыю пазначаў на тэрыторыі ад Віслы да Дона, а Азіяцкую Сарматыю — на ўсход ад Дона. Яго паслядоўнікі традыцыйна паказвалі існаванне гэтых тэрыторый, хоць да сярэдзіны 1-га тысячагоддзя сарматы зніклі з гістычнай арэны. Заходнееўрапейскія гісторыкі VII—XII стст. атаясамлівалі з сарматамі некаторыя славянскія народы — чэхаў, палякаў, рускіх. У XV ст. гэтыя погляды распаўсюдзіліся ў Польшчы. Сарматаў як продкаў палякаў разглядаў Ян Длугаш. 3 канца XV ст. пад Сарматыяй разумеліся ўсе землі, падуладныя дынастыі Ягелонаў. Л. Корвін у «Касмаграфіі» (1496) да Еўрапейскай Сарматыі адносіў Палонію (Польшчу), Мазовію, Прусію, Літву. Ян са Стаўбніцы ва «Уводзінах да касмаграфіі Пталамея» (1512) да Еўрапейскай Сарматыі залічваў Палонію, Мазовію, Прусію, Літву, Жамойць, Курляндыю, Лівонію. Аналагічныя погляды выказаны ў паэме Яна Вісліцкага «Пруская вайна» (1516), «Трактаце пра дзве Сарматыі» Мацея з Мехава (1517), працах дыпламата і паэта Яна Дантышака[pl], гісторыка Ёста Людвіка Дэцыя[pl] і інш.

Тытульны аркуш «Апісання Еўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваньіні. Кракаў. 1578

Легенды пра Сарматыю як радзіму народаў Усходняй Еўропы і сарматаў як продкаў славянскіх і суседніх народаў сталі ідэалагічным абгрунтаваннем дзяржаўнай уніі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, а пасля 1569 года — існавання шматнацыянальнай і шматканфесійнай Рэчы Паспалітай. Канчаткова сарматызм як этнагенетычны міф аформіўся ў творах Марціна Бельскага «Хроніка ўсяго свету» (1551) і «Аб паходжанні і гісторыі палякаў» Марціна Кромера (1555). Аляксандр Гваньіні ў «Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі» (1578) называў Рэч Паспалітую Сарматыяй, а славян атаясамліваў з сарматамі. Рабіліся спробы дапасаваць да тэорыі пра сармацкае паходжанне палякаў і літоўцаў легенду пра рымскае паходжанне літоўскай шляхты, т.зв. «міф пра Палемона». Мацей Стрыйкоўскі ў «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» (1582) сцвярджаў, што рымляне (Палемон і яго спадарожнікі) заспелі на Літве мясцовае сармацкае насельніцтва, у якім асіміляваліся. Т.ч. палякі і літвіны нібыта ў асноўным паходзяць ад сарматаў, гэтым падкрэслівалася роўнасць і аднароднасць шляхецкага стану Рэчы Паспалітай.

Шляхецкая ідэалогія[правіць | правіць зыходнік]

Таварыш гусарыі са шкурай пад леапарда на плячах. Галухоўская табліца, каля 1620. Нацыянальны музей у Познані.

Да канца XVI ст. cарматызм набыў рысы і класавай тэорыі, якая разглядала як нашчадкаў сарматаў найперш шляхту. У XVII ст. cарматызм перажываў росквіт і стаў шляхецкім светапоглядам, культурай і ладам жыцця. Падкрэсліваліся заслугі польскай шляхты ў барацьбе з «нявернымі» (туркамі, татарамі), «схізматыкамі» (маскавітамі), ератыкамі-пратэстантамі (шведамі), што нібыта працягвала традыцыю перамог сарматаў над рымлянамі. 3 сарматызму вырас месіянізм, сцвярджалася, што Рэч Паспалітая — падмурак хрысціянства, апора каталіцызму ва Усходняй Еўропе. Ідэал сарматызму — шляхціц-католік, які ў мірны час займаецца гаспадаркай, а ў час вайны выступае як ваяр. Ухваляліся патрыярхальныя адносіны на вёсцы паміж панамі і сялянамі і ў шляхецкай сям’і. Сарматызм вызначаўся кансерватызмам у эканамічных і грамадскіх адносінах, не дапускаў магчымасці змен у шляхецкай «залатой вольнасці» і дзяржаўным ладзе Рэчы Паспалітай. Ад шляхты сарматызм патрабаваў пэўнага ладу жыцця: паказной набожнасці і ахвярнасці на карысць касцёла, гасціннасці, правядзення ўрачыстых сямейных свят, нашэння багатай зброі, вопраткі і аксесуараў (кунтуша, жупана, пояса ўсходняга тыпу і гд.); у мастацтве ён выявіўся ў знешняй атрыбутыцы сармацкага партрэта. Такі лад жыцця ў Рэчы Паспалітай стаў узорным, да яго імкнулася і мяшчанства. Ідэолагамі сарматызму ў мастацкай літаратуры 17 ст. выступілі Веспасіян Кахоўскі, Пётр Каханоўскі, Ян Анджэй Морштын і інш., якія праводзілі думку пра ідэальны лад Рэчы Паспалітай і ўзорнае палітычнае жыццё краіны. Сарматызм садзейнічаў павелічэнню каставасці шляхецкага стану.

Заняпад[правіць | правіць зыходнік]

У XVIII стагоддзі сарматызм перажываў крызіс, выкліканы пачаткам заняпаду Рэчы Паспалітай. У гістарычнай навуцы даказвалася беспадстаўнасць сармацкага міфа, ставіліся пад сумненне каштоўнасці шляхецкай дзяржавы і ўсяго ладу жыцця. Асабліва ўзмацнілася крытыка сарматызму з пашырэннем у другой палвое 18 ст. ідэалогіі Асветніцтва. Сарматызм пачалі звязваць з нявыхаванасцю і маральным заняпадам.

Рамантызм[правіць | правіць зыходнік]

Як плынь у ідэалогіі сарматызм ажывіўся ў 1830—1840-я гг. як разнавіднасць рамантызму. Тагачасны сарматызм вылучаўся патрыятычна-паўстанцкімі тэнцэнцыямі, а шляхта разглядалася як асноўная сіла адраджэння Рэчы Паспалітай (творы Адама Міцкевіча, Генрыка Жавускага, Ігната Ходзькі, Уладзіслава Сыракомлі, Юзафа Ігнацыя Крашэўскага і інш.). У Галіцыі дзейнічала тайная арганізацыя «Маладая Сарматыя», у Віленскім універсітэце — «Племя сарматаў». 3 ідэалагічнай арэны сарматызм сышоў пасля аграрнай рэформы 1860-х гг. і задушэння паўстання 1863—1864 гадоў.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]