Сарока звычайная

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сарока звычайная
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Pica pica Linnaeus, 1758

Арэал

выява

Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  179720
NCBI  34924
FW  129838

Сарока звычайная (Pica pica) — від птушак з сямейства крумкачовых атраду вераб’інападобных, шырока распаўсюджаны на большай частцы тэрыторый Еўразіі, Паўночнай Афрыкі і Паўночнай Амерыкі. У Еўропе селіцца пераважна паблізу чалавечых паселішчаў. Лёгка распазнаецца, адрозніваецца ад іншых птушак адметнай чорна-белай афарбоўкай пер’я і доўгім хвастом.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Даўжыня цела 40-48 см, размах крылаў 52-60 см, маса да 260 г. Апярэнне мяккае, кантраснае. Асноўныя колеры намінальнага таксону сарокі — чорны і белы, з металічным, зеленавата-сіняватым бляскам. Галава, шыя, спіна, крылы і хвост чорныя; брушка, грудзі, плечы і плямы на крылах белыя. Хвост доўгі, ступенчаты, звычайна даўжэйшы чым астатняя частка тулава, і абавязкова даўжэйшы чым крылы (складае 1/3 даўжыні цела). Афарбоўка пер’я маладых асабін амаль што не адрозніваецца ад апярэння дарослых птушак, але без бляску, хвост без глянцу і некалькі карацейшы.

Голас: гучнае, хуткае і прарэзлівае «чак-чак, чакерак», або «чр-тртртр». Рэзка стракоча, асабліва пры з’яўленні чалавека ці звера ў месцах існавання.

Пашырэнне[правіць | правіць зыходнік]

Арэал разарваны: у Палеарктыцы ад Еўропы да Ціхага акіяна, у Азіі (акрамя поўначы, Аравійскага паўвострава, Індыі, Індакітая); ізаляваная папуляцыя на Камчатцы, паўночным захадзе Афрыкі і захадзе Паўночнай Амерыкі.

Лічыцца, што род Pica бярэ свой пачатак у Старым Свеце, распаўсюдзіўшыся на паўночнаамерыканскім кантэненце ў перыяд позняга плейстацэну, верагодней усяго праз Берынгаў праліў. У Тэхасе былі знойдзены акамянеласці, якія сведчаць аб значна большаму падабенству знаходкі да Pica pica чым да Pica nuttallii, таму магчыма, што Pica pica з’явіўся ў перыяд палеацэна. Некаторыя даследчыкі прытрымліваюцца акрамя таго тэзіса, што паміж звычайнай сарокай і блакітнай сарокай (Cyanopica cyanus) існуе даволі блізкая роднасць.

Сарока насяляе адкрытыя ландшафты з купінамі дрэў і кустоў, ускрайкі дрэвастояў і хмызнякоў сярод палёў і пашаў, маладыя невялікія ляскі на вільготных тэрыторыях з прымессю бярозы і вольхі (часам ускрайкі хваёвых лясоў), а таксама групы дрэў паблізу рачных далін і лугоў. Радзей — ускраіны населеных пунктаў паблізу вільготных тэрыторый.

Селіцца як на раўнінных ландшафтах, так і ў гарыстай мясцовасці. Сустракаецца паўсюль у свеце на арэалах з вышынёй да 2500 метраў. Выключэнне складаюць падвіды Pico pico asirensis, Pico pico bottanensis і Pico pico hemileucoptera. Так, напрыклад, падвід Pico pico bottanensis жыве на вышынях да 4000 метраў, а ў пошуках корму сустракаецца нават да вышыні 5500 метраў.

Месца зімовак у межах гнездавога арэала, зімой вандруе невялікімі чародамі, часта трымаецца населеных пунктаў.

На Беларусі звычайны на гнездаванні і зімуючы від, заходнюю частку насяляе пераважна падвід P. p. pica, тады як P. p. fennorum сустракаецца часцей ва ўсходняй частцы.

Асаблівасці біялогіі[правіць | правіць зыходнік]

Жыве парамі. Усёедная, корміцца насякомымі, яйцамі і птушанятамі дробных птушак, мышападобнымі грызунамі, харчовымі адкідамі і інш. Можа паляваць на куранят. Вельмі асцярожная і кемлівая птушка.

Гняздо ладзіць амаль на верхавінах дрэў бліжэй да ствала альбо ў верхняй частцы высокіх кустоў, ад 1 да 2,2 м над зямлёй (часам на зямлі). Будуюць гняздо абедзве птушкі. Яно шарападобнае, слаістае, знешняя частка выступае па-за гняздо, з тонкіх і гнуткіх галінак (ніжняя частка тоўстая, краі і дах — тонкія), адтуліна з боку гнязда; потым ідзе слой зямлі, змяшанай з карэньчыкамі і травой (толькі ў ніжняй частцы паўшар’я); высцілка з травы і карэньчыкаў (часам з прымессю шэрсці, валосся і пёраў).

Яйкі (5-7, часам 3-10) звычайна з рознымі канцамі і завостраным вузейшым. Зеленавата-блакітныя або аліўкава-карычневыя (зменлівыя нават у адной і той жа кладцы). Глыбокія плямы шэрыя альбо шэра-папялістыя, паверхневыя большыя і больш густыя) — карычнева-аліўкавыя. Звычайныя памеры: 33 х 24 мм.

Наседжвае толькі самка, з адкладкі першага яйца 17-18 сутак. У першыя дні пасля з’яўлення птушанят корм ім прыносіць толькі самец. Лётныя птушаняты (праз 22-27 сутак) спачатку трымаюцца вывадкам. Узятыя з гнязда добра прыручаюцца.

Старыя гнёзды сарокі часта выкарыстоўваюць совы, вавёркі і інш.

Падвіды[правіць | правіць зыходнік]

  • Pica pica pica: Намінальная форма — Брытанскія астравы, паўднёвы захад Францыі, поўдзень Скандынавіі, Паўночная і Цэнтральная Еўропа (да р. Буг);
  • Pica pica galliae вызначаецца больш цёмнай ніжняй часткай спіны і некалькі шыршым пер’ем нясучай паверхні крылаў у параўнанні з падвідам Pica pica germanica і скандынаўскімі сарокамі. Падвід распаўсюджаны на паўднёвым захадзе Еўропы (усход Францыі, Бельгія, Рэйнланд-Пфальц у Германіі).
  • Pica pica fennorum — поўнач Скандынавіі, Расія (да Волгі і Каўказа).
  • Pica pica bactriana — Цэнтральная Расія (на ўсходз і поўдзень ад Волгі).
  • Pica pica hemileucoptera — Цэнтральная Расія (да Заходняй і Паўднёвай Сібіры) і Паўднёва-Заходняя Азія.
  • Pica pica melanotos — Пірэнейскі паўвостраў.
  • Pica pica bottanensis самы вялікі падвід сарок з самым кароткім хвастом і чорнай ніжняй часткай спіны. Распаўсюджаны ў Бутане, Сікіме і ва ўсходніх рэгіёнах Тыбету.

Акрамя таго выдзяляецца яшчэ 5 падвідаў.

У міфалогіі[правіць | правіць зыходнік]

У германскай міфалогіі сарока лічылася пасланніцай багоў і птушкай багіні тагасветнага жыцця Хель, за што за сарокай замацавалася «слава» весніцы бяды і няшчасця. У сярэднявечнай Еўропе птушка мела рэпутацыю вядзьмярскай жывёлы і бадзягі са злодзейскім норавам. У азіяцкіх народаў сарока, наадварот, традыцыйна лічыцца веснікам шчасця, а паўночнаамерыканскія індзейцы ставіліся да птушкі як да прыязнай чалавеку істоты духа.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]