Сар’янка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Сар'янка
Рэшткі грэблі млына
Рэшткі грэблі млына
Выток в. Біжас
Вусце р. Заходняя Дзвіна
Даўжыня 87 км
Расход вады 7,4 м³/с
Вадазбор 1000 км²
Краіна Беларусь Латвія

Сар'я́нка (лат.: Sarjanka, Sārija) — рака ў Лудзенскім і Краслаўскім раёнах Латвіі і ў Верхнядзвінскім раёне Беларусі.

Даўжыня ракі — 87 км (з якіх 38 км прыпадаюць на беларускі ўчастак), плошча вадазбору — 1000 км² (у Беларусі — 800 км²), сярэднегадавы расход вады ў вусці — 7,4 м³/с, сярэдні нахіл воднай паверхні — 0,9 м/км. Па вышыні рака спадае больш як на 100 м.

Асноўныя прытокі[правіць | правіць зыходнік]

Справа: Асуніца (у Латвіі — Суніца), Віранка, Ціўша (у Латвіі — Чаўшыца). Злева: ручай Каменка, Тур'я.

Агульнае[правіць | правіць зыходнік]

Выцякае з усходняга краю возера Біжас, упадае ў Заходнюю Дзвіну за 1 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Вусце (дакладныя геаграфічныя каардынаты: шырыня — 55° 49' 60 N, даўжыня — 27° 52' 60 E). Цячэ ў межах Латгальскага ўзвышша і паўночна-заходняй частцы Полацкай нізіны. На адлегласці ў 7 км рака ўтварае натуральную мяжу паміж Беларуссю і Латвіяй. У басейне ракі знаходзяцца 75 дробных азёр агульнай плошчай 29 км².

Даліна ракі трапецападобная, пераважная шырыня — 250—300 м. Пойма перарывістая, шырыня — ад 150 да 200 м, у паводку затапляецца на глыбіню да 1 м, а ў высокую паводку — нават да 1,5—2,5 м. Схілы вышынёй да 10—15 м, перарэзаныя ярамі. Рэчышча звілістае, шырынёй 5—10 м у верхнім і сярэднім цячэнні і 15—25 — у ніжнім. На тэрыторыі Латвіі рэчышча Сар'янкі на працягу 15 км штучна рэгулявалася.

На правым беразе ракі, за 10 км ад вусця, знаходзіцца вёска Сар'я, цэнтр Сар'янскага сельсавета.

Турызм і адпачынак[правіць | правіць зыходнік]

Рэкі Сар'янка і Асуніца з'яўляюцца адным з этапаў адзінага ў Беларусі воднага турысцкага маршруту 2-й катэгорыі складанасці.

Басейн Сар'янкі ў сярэднім цячэнні бязлюдны, тут шмат помнікаў на магілах спаленых і неадноўленых вёсак, сустракаюцца старадаўнія курганы. У Беларусі даліна і рэчышча ракі амаль на ўсім працягу аб'яўлены помнікам прыроды. На яе берагах растуць хваёвыя бары і пушчы, у лясах і на лугавой абалоне нямала рэдкіх прадстаўнікоў флоры і фаўны, у т.л. занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі (шпажнік чарапіцавы, скочкі, рагулькі высокія, гарычка крыжакветная; зімародак, аляпка, чорны бусел, буры мядзведзь і інш.).

Ля былой вёскі Пустэльнікі цягнуцца маляўнічыя пясчаныя яры, руіны былога млына; каля вёскі Абухава — россып валуноў і донныя ключы, флювіягляцыяльны цырк і геалагічны помнік — агаленне міжледавіковых арганагенных адкладаў. Па берагах нямала крыніц. Найбольш вядомыя з іх крыніца ў Сар'і і каля моста праз раку Асуніцу, абедзве маюць статус помнікаў прыроды.

Каля былой вёскі Калюты на дзённую паверхню выходзяць дэвонскія даламітазаваныя вапнякі, якія ў рэчышчы ўтвараюць каскады парогаў, а на берагах — праявы карставага рэльефу. Захаваліся рэшткі старых земляных печаў па абпальванні вапняку.

Мясціны адпачынку добраўпарадкаваны ў Пустэльніках і пры вусці ракі Віранкі, а таксама ў Суніцы. Паўсюдна шмат прыдатных месцаў для купання. Дно ракі пясчанае або камяністае, часта сустракаюцца пясчаныя і галечныя пляжы.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]