Сацыяльная з’ява
Сацыя́льная з’я́ва, або грамадская з’ява, — адно з асноватворных паняццяў сацыялогіі і сацыяльнай філасофіі. Яно вызначае элемент сацыяльнай рэальнасці, які валодае ўсёй паўнатой сацыяльных уласцівасцей і прыкмет. Пад сацыяльнай з’явай разумеецца любая праява адносін або ўзаемадзеяння людзей, асобная падзея, выпадак або працэс, што існуе ў сацыяльнай рэчаіснасці. Сацыяльныя з’явы ўяўляюць сабой феномены ўзаемадзеяння індывідаў, якое ажыццяўляецца ў сацыяльнай прасторы: непасрэдна ў кантактнай групе або апасродкавана праз прыналежнасць індывідаў да грамад, сацыяльных арганізацый і інстытутаў.
Як сацыяльныя з’явы разглядаюцца як самі людзі з іхнімі дзеяннямі, пачуццямі, адносінамі і думкамі, так і матэрыяльныя і духоўныя прадукты чалавечай дзейнасці: сацыяльныя інстытуты, установы, арганізацыі, а таксама патрэбы, інтарэсы, асобныя аспекты грамадскіх працэсаў і таму падобнае.
Класіфікацыя
[правіць | правіць зыходнік]Частата
[правіць | правіць зыходнік]За сваёй частатой праявы сацыяльныя з’явы можна падзяліць на дзве асноўныя разнавіднасці[1]:
- З’явы, што адлюстроўваюць выпадковыя (другасныя) адносіны і сувязі. Яны носяць адзінкавы, нерэгулярны характар.
- З’явы, якія сведчаць пра істотныя (сутнасныя) характарыстыкі сацыяльных аб’ектаў. Яны валодаюць устойлівасцю, паўтаральнасцю (масавасцю) і тыповасцю, што робіць іх асноўным аб’ектам сацыялагічнага аналізу.
Кожная сацыяльная з’ява адрозніваецца ад іншай пэўнымі эмпірычнымі прыкметамі — характарыстыкамі, якія можна зафіксаваць і вымераць праз сацыяльныя паказчыкі. Масавыя (паўтаральныя) сацыяльныя з’явы вывучаюцца з дапамогай колькасных, у тым ліку статыстычных, метадаў. Колькасны аналіз сукупнасці такіх з’яў і інтэнсіўнасці іхніх праяў дазваляе зразумець імавернасны характар сацыяльных сувязей, а таксама зафіксаваць заканамернасці і тэндэнцыі іхняга развіцця.
Відавочнасць
[правіць | правіць зыходнік]Многія сацыяльныя з’явы з’яўляюцца латэнтнымі (схаванымі). Нароўні з відавочнымі (маніфестнымі) рысамі сацыяльнай рэчаіснасці, яны адлюстроўваюць яе глыбінныя, няяўныя працэсы. У такіх выпадках непасрэдная сувязь паміж з’явай і глыбінным працэсам можа быць невідавочнай. Напрыклад, павелічэнне спажывання пэўных раскошных тавараў (маніфестная з’ява) можа быць латэнтнай праявай росту грамадскай няроўнасці або змены каштоўнасных установак у грамадстве.
Выяўленне і аналіз сацыяльных з’яў, асабліва латэнтных, з’яўляецца задачай сацыялагічных даследаванняў, якія выкарыстоўваюць для гэтага спецыфічныя працэдуры і метады збору даных[1].
Сацыяльная з’ява і сацыяльны факт
[правіць | правіць зыходнік]Любая сацыяльная з’ява можа разглядацца як сацыяльны факт (у тэрміналогіі Э. Дзюркгейма і ягоных паслядоўнікаў), калі ўстаноўлены яе аб’ектыўныя, сістэмныя ўласцівасці: паўтаральнасць, масавасць, тыповасць, агульная значнасць і здольнасць аказваць знешні прымус на індывіда. Так, адзінкавы выпадак беспрацоўя з’яўляецца прыватнай жыццёвай сітуацыяй, але масавае беспрацоўе, якое мае ўстойлівыя прычыны і наступствы для грамадства, з’яўляецца сацыяльным фактам.
Такім чынам, назіранне і адзначэнне сацыяльных з’яў служаць адпраўным пунктам для сацыялагічнага даследавання. У складаным працэсе пазнання грамадскага жыцця аналіз сацыяльных з’яў уяўляе сабой першую, эмпірычную ступень, якая дазваляе перайсці ад простага назірання разнастайных праяў сацыяльнай рэальнасці да выяўлення яе падставовых рыс і заканамернасцей[2].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Волович, В.И., рэд. (1990). "Явление социальное". Социологический справочник. Киев: Политиздат Украины. Архівавана з арыгінала 2016-08-29.
- ↑ Шедий, Мария Владимировна (2014). Кoррупция как coциaльнoе явлeниe: coциoлoгичecкий aнaлиз (PDF) (доктор социологических наук thesis)(руск.). Москва: Российская академия народного хозяйства и государственной службы при Президенте Российской Федерации. p. 27. Архівавана з арыгінала (диссертация) 2016-06-05.
Любая сацыяльная з’ява можа разглядацца як сацыяльны факт, калі яе паўтаральнасць, масавасць, тыповасць, грамадская значнасць устаноўлены, гэта значыць калі зафіксаваны яе прыкметы і ўласцівасці. У гэтым выпадку сацыяльныя з’явы робяцца зыходным момантам сацыялягічнага аналізу. Такім чынам, сацыяльны факт, уключаны ў сістэму сацыялагічных ведаў, ператвараецца ў навуковы факт як элемент эмпірычных і тэарэтычных ведаў, становіцца фактам сацыялагічнай навукі. У складаным працэсе вывучэння сацыяльнага жыцця грамадства сацыяльная з’ява выступае, з аднаго боку, пэўным этапам на шляху пазнання яе сутнасных характарыстык, з другога — найбольш простым і непасрэдна назіраным элементам гэтага працэсу, зыходным пунктам руху сацыяльнага пазнання ад простага да складанага, ад разнастайнасці уласцівасцяў праявы сацыяльнага жыцця да ягоных сутнасных характарыстыках.
Арыгінальны тэкст (руск.)Любое социальное явление может рассматриваться как социальный факт, если его повторяемость, массовость, типичность, общественная значимость установлены, то есть если зафиксированы его признаки и свойства. В этом случае социальные явления становятся исходным моментом социологического анализа. Таким образом, социальный факт, включенный в систему социологического знания, превращается в научный факт как элемент эмпирического и теоретического знания, становится фактом социологической науки. В сложном процессе изучения социальной жизни общества социальное явление выступает, с одной стороны, определенным этапом на пути познания ее сущностных характеристик, с другой — наиболее простым и непосредственно наблюдаемым элементом этого процесса, исходным пунктом движения социального познания от простого к сложному, от многообразия свойств проявления социальной жизни к ее сущностным характеристикам.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Дворецька, Г.В. (2001). "Основні категорії (поняття) соціології". Соціологія. Навчальний посібник(укр.). Київ: КНЕУ. ISBN 966-574-320-1.
- Floyd, H. A. (1974). Gardner, Lindzey (рэд.). A History of Psychology in Autobiography(англ.). Englewood Cliffs, NJ: Prentice Hall. pp. 3–29. Архівавана з арыгінала 2005-08-08.
- Markey, J. (1925). "A Redefinition of Social Phenomena: Giving A Basis for Comparative Sociology". American Journal of Sociology(англ.). 31: 733–743.
- Jegede, A. S. (2002). "The Yoruba Cultural Construction of Health and Illness". Nordic Journal of African Studies(англ.). 11 (3): 322–335.