Саюз амерыканска-беларускіх ветэранаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Саюз амерыканска-беларускіх ветэранаў (САБВ; да 1965 г. — Беларускае вайсковае аб’яднанне) — беларуская арганізацыя ў ЗША. Створана 14 верасня 1964 г. у Пасэйку (штат Нью-Джэрсі) як Беларускае вайсковае аб’яднанне. У 1965 г. змяніла назву на Саюз амерыканска-беларускх ветэранаў. Сярод ягоных кіраўнікоў былі Андрэй Мінчук, Мікалай Партлезнік, Сымон Жамойда. 27 верасня 1966 г. суполка Саюзу была закладзена таксама ў Саўт-Рыверы. Андрэй Мінчук прапаноўваў утварыць вайсковы камітэт як складовую частку БККА, але атрымаў адмову старшыні камітэту. Іван Касяк у сваім адказе адзначыў, што згодна са статутам, БККА з’яўляецца парасонавай структурай, якая яднае пад сваёй шыльдай некалькі арганізацыяў. Старшыня БККА прапанаваў САБВ увайсці ў склад сваёй арганізацыі. А.Мінчук пагадзіўся, і да пачатку 1980-х гадоў члены САБВ выяўлялі актыўнасць у БККА ды жыцці беларускай дыяспары ў штаце Нью-Джэрсі. Найперш гэта тычылася рэпрэзентацыі беларусаў на розных маніфестацыях, парадах лаяльнасці, тыднях паняволеных народаў і г.д. Так, члены САБВ узялі актыўны арганізацыйны ўдзел у пахаванні прэзідэнта БЦР у Саўт-Рыверы, што прайло ў кастрычніку 1976 г.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гардзіенка А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА) / Алег Гардзіенка. — Смаленск, 2009. — 428 с., [12] с. іл. — (БІНІМ; Бібліятэка Бацькаўшчыны, Кніга 16). — С. 198.
  • Кіпель В. Беларусы ў ЗША / Вітаўт Кіпель; Беларускі інстытут навукі і мастацтва, Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.Скарыны. — Мн.: Беларусь, 1993. — 348 с. — С. 186.