Перайсці да зместу

Саюз барацьбы за свабодную Беларусь

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Саюз барацьбы за свабодную Беларусь
Адміністрацыйны цэнтр Барысаў
Кіраўнікі
Кіраўнік Язэп Даўгалаў
Заснаванне
Дата заснавання восень 1941 года
Ліквідацыя
Дата скасавання чэрвень 1942 года

«Саюз барацьбы за свабодную Беларусь» — беларуская канспірацыйная арганізацыя з мястэчка Барысава. Арганізацыя мела на мэце здабыць незалежнасць Беларусі.

У ліпені 1941 года ў Барысаў прыбыў як прыватная асоба Іван Ермачэнка. Восенню 1941 года ён узначаліць Беларускую нацыянальную самапомач. Тут у яго жылі сваякі, ён сустрэў свайго земляка Язэпа Даўгалава, былога супрацоўніка барысаўскай міліцыі, звольненага ў 1938/39 з органаў напярэдадні паходу Чырвонай Арміі на захад з прычыны шляхецкіх каранёў. Іван Ермачэнка прапанаваў апошняму арганізаваць у Барысаве «Саюз барацьбы за свабодную Беларусь».

Асноўная падпольная дзейнасць «Саюза барацьбы за свабодную Беларусь» павінная была зводзіцца да таго, каб заняць максімальную колькасць ключавых пастоў у створанай немцамі мясцовай цывільнай адміністрацыі і паліцыі і рыхтаваць сілы і сродкі для заваёвы незалежнасці Радзімы, калі Нямеччына і СССР аслабнуць у ходзе крывавай вайны.

Выкарыстоўваючы свае магчымасці і сувязі, Іван Ермачэнка дапамог заняць шэраг ключавых пасад у створанай нямецкімі акупантамі управе тым, каго рэкамендаваў туды Язэп Даўгалаў. Сярод іх была і Вольга Карнюшка, адна з першых барысаўскіх жанчын-міліцыянтаў, звольненая ў 1938 годзе з міліцыі з прычыны шляхецкіх каранёў. Сам Даўгалаў стаў дырэктарам сталовай на шклозаводзе.

Створанае Іванам Ермачэнкам і Язэпам Даўгалавым падполле займалася ў тым ліку патаемным рыхтаваннем і складаваннем недзе па-за горадам зброі. Збольшага яна было ліквідаваная акупантамі і калабарацыяністамі ў траўні-чэрвені 1942 года. Частка падпольшчыкаў загінула. Кіраўнік Саюза, нягледзячы на жорсткія катаванні, нікога, у тым ліку Ермачэнка, ня выдаў. Некаторыя з пакінутых у жывых падпольшчыкаў далучыліся да камуністычнага крыла падполля.

Сябрамі арганізацыі былі загадчык аддзела аховы здароўя ўправы А. Чайкін, начальнік сельскагаспадарчай камендатуры Альфонс Імшанецкі і іншыя.

Можна меркаваць, што «Саюз барацьбы за свабодную Беларусь» меў шчыльныя кантакты з Крупскім падполлем на чале з бургамістрам раённай управы даваенным настаўнікам Вікенцій Петрайцісам. Крупскае нацыянальна арыентаванае падполле было выкрытае і ліквідаванае акупантамі і калябарацыяністамі летам 1942 года ўслед за барысаўскім Саюзам.

У 1975 годзе на фасадзе галоўнага будынка барысаўскага шклозавода імя Ф.Э. Дзяржынскага з’явілася памятная дошка загінулым кіраўнікам падполля, на якой напісаныя імёны галоўнага інжынера прадпрыемства ўкраінца Уладзіміра Лазоўскага, які стаў на патрабаванне Даўгалава дырэктарам шклозавода, і імя самога Язэпа Даўгалава, хаця абодва не былі камуністамі (пра што ёсць пасляваенныя запісы краязнаўцаў апытання сваякоў Язэпа Даўгалава). Але ў той час ніяк інакш, як групай партыйна-патрыятычнага падполля горада Барысава, назваць іх ніхто не меў права. І гэта адзін з нямногіх памятных знакаў у Беларусі, прысвечаных нацыянальна арыентаваным антынацысцкім падпольшчыкам.