Саюз вызвалення Беларусі (справа)
Справа «Саюза вызвалення Беларусі» — сфальсіфікаваная палітычна-крымінальная справа, распачатая ДПУ БССР у 1930 годзе супраць дзеячаў беларускай навукі і культуры; частка рэпрэсій у БССР 1929—1931 гадоў.
Арышты ў 1930 годзе
[правіць | правіць зыходнік]Справа пачалася 17 лютага 1930 года арыштам Пятра Ільючонка. Агулам па справе «СВБ» вясной—летам 1930 года арыштавалі 108 дзеячаў беларускай навукі і культуры. Спачатку ДПУ за кіраўніцтва «СВБ» называла Вацлава Ластоўскага, Аляксандра Цвікевіча і Аркадзя Смоліча, але іх уплыў у Беларусі быў невялікі. Пазней за кіраўніцтва «СВБ» у ДПУ называлі намесніка наркамзема Аляксандра Адамовіча, наркама асветы Антона Баліцкага, Пятра Ільючонка і наркама земляробства Дзмітрыя Прышчэпава, але іх справу разглядалі асобна. Абвінавачанні ў належнасці да «СВБ» выстаўляліся Янку Купалу, Якубу Коласу, Усеваладу Ігнатоўскаму, Івану Васілевічу і іншым.
Прысуды
[правіць | правіць зыходнік]Калегіяй АДПУ ўсе арыштаваныя, апроч 18, былі асуджаны на розныя тэрміны зняволення або ссылкі. Усевалад Ігнатоўскі застрэліўся 4 лютага 1931 года.
У снежні 1930 года справу абвінавачаных камуністаў вылучылі ў асобную. Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 18 сакавіка 1931 года, Прышчэпаў, Баліцкі, Адамовіч і Ільючонак прыгавораны да 10 гадоў канцлагераў[1] (рэабілітаваны ў чэрвені 1988 года).
Астатнія 86 чалавек пастановай калегіі АДПУ ад 10 красавіка 1931 года асуджаны на розныя тэрміны зняволення: 77 чалавек — на 5 гадоў высылкі ў аддаленыя раёны Савецкага Саюза, 8 чалавек (М. Адзярыха, Я. І. Бядрыцкі, А. Дарашэвіч, П. Жаўрыд, Ф. Ждановіч, М. Каспяровіч, А. Сак, І. І. Цвікевіч) — на 5 гадоў, 1 чалавек (П. М. Біндзюк) — на 3 гады папраўча-працоўных лагераў. Алесь Гурло быў асуджаны на 5 гадоў высылкі ўмоўна[1].
Усе арыштаваныя абвінавачваліся ў тым, што «з’яўляліся членамі контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі „Саюз адраджэння Беларусі“, у далейшым перайменаванай у „Саюз вызвалення Беларусі“, ажыццяўлялі арганізаванае шкодніцтва на культурным, ідэалагічным і іншых участках сацыялістычнага будаўніцтва, праводзілі антысавецкую нацыяналістычную агітацыю, скіраваную на запавольванне тэмпаў развіцця Беларусі на сацыялістычным шляху, ставячы канчатковай мэтай адарванне Беларусі ў этнаграфічных межах ад Савецкага Саюза і стварэнне так званай Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР)»[1].
Па ўзгадненні з Палітбюро ЦК ВКП(б) і АДПУ СССР рыхтаваўся адкрыты судовы працэс па справе «Саюза вызвалення Беларусі», аналагічны таму, які быў праведзены ў 1930 годзе над украінскай нацыянальнай інтэлігенцыяй па так званай справе «Спілка визволення України». Але ў ходзе яго падрыхтоўкі выявілася, што на папярэднім следстве ўдалося прымусіць прызнаць сваю «віну» толькі 25 чалавек. Больш за 40 чалавек адмовіліся ад усякіх абвінавачанняў, а каля 20 чалавек прызналіся часткова, гэта значыць зрабілі пэўнае прызнанне сваіх памылак і недахопаў у навуковай, культурнай і грамадска-палітычнай рабоце, але якія ніяк не маглі кваліфікавацца артыкуламі крымінальнага кодэкса. У працэсе следства справа на 18 чалавек спынена. Сярод адпушчаных на свабоду ў канцы 1930 года былі М. Байкоў, П. Бузук, М. Бурштэйн, А. Дайлідовіч (Дудар), Л. Дашкевіч С. Дубінскі, Ф. Купцэвіч, Ю. Лістапад, В. Шашалевіч, Б. Эпімах-Шыпіла і іншыя. Амаль да ўсіх арыштаваных прымяняліся фізічныя катаванні і маральна-псіхалагічныя здзекі з мэтай атрымаць ад іх патрэбныя паказанні[1].
Перагляды справы
[правіць | правіць зыходнік]У 1937—1941 гадах справа «Саюза вызвалення Беларусі» была перагледжана. Усіх, хто праходзіў па справе, зноў арыштавалі за ранейшыя «злачынствы». Большасць з іх расстраляны ці загінулі ў канцлагерах[1]. У 1937—1939 гадах ліквідаваны і многія следчыя ДПУ, што вялі справу «Саюза вызвалення Беларусі».
Некаторых з удзельнікаў «Саюза вызвалення Беларусі» арыштавалі ў 1949—1952 гадах трэці раз і асудзілі на вечнае пасяленне ў Сібіры на той падставе, што яны былі асуджаны раней. Сярод іх У. М. Дубоўка, М. М. Улашчык і іншыя[1].
Усе члены «Саюза вызвалення Беларусі» рэабілітаваны ў 1956—1988 гадах за адсутнасцю саставу злачынства. Матэрыялы справы «СВБ» складаюць 29 тамоў[1].
Вынікі
[правіць | правіць зыходнік]Справа «Саюза вызвалення Беларусі» азначыла сабой першыя практычныя наступствы змянення балансу сіл у ВКП(б) і выніковага павароту палітычнага курсу ў СССР і БССР, якія адбыліся ў канцы 1920-х гадоў і былі скіраваныя, у тым ліку на згортванне тагачаснай нацыянальнай палітыкі («каранізацыя»). Вастрыня крытыкі нацыянал-дэмакратызму ўзрасла яшчэ ў 1927 годзе; Камуністычная партыя Беларусі ў 1929 годзе сваёй устаноўкай прызнала нацыянал-дэмакратызм «галоўнай небяспекай на гэтым этапе развіцця», а ў маі 1930 года рэзалюцыяй свайго XIII з’езда назвала яго «галоўнай небяспекай для нацыянальнай палітыкі».[2]
Ацэнкі
[правіць | правіць зыходнік]Дасюль пэўна невядома, ці праўда існаваў «Саюз вызвалення Беларусі». У позняй савецкай гістарыяграфіі даследчыкі лічылі «СВБ» выдумкай ДПУ, а асуджаных па гэтай справе — ахвярамі[3]. Прыкладна такога самага меркавання трымаліся і беларускія эмігранцкія гісторыкі, праўда з іншых матываў, бо асуджаныя па справе «СВБ» у асноўным былі іх палітычнымі праціўнікамі.
Таксама ёсць меркаванне, што «СВБ» існаваў і яго кіруючы цэнтр быў не ў інтэлігенцкім асяродку, а ў нацыянальных колах урада БССР, што за савецкім часам зацямнялася па зразумелых прычынах[4].
Яшчэ ў 1957 годзе спецслужбы выказвалі такую версію: «У 1926 годзе на тэрыторыі БССР нацыяналісты стварылі антысавецкую паўстанцкую арганізацыю з цэнтрам у Мінску, … якая атрымала назву „Саюз вызвалення Беларусі“ (СВБ). Яна мела філіялы ў Віцебску, Полацку і іншых гарадах Беларускай ССР. Для пашырэння антысавецкай дзейнасці „Саюза вызвалення Беларусі“ спецыяльная група на чале з актыўным нацыяналістам Улашчыкам вербавала ў падполле моладзь. Агентурнай распрацоўкай і следствам па справе „Саюза вызвалення Беларусі“ выяўлена, што праграма гэтага варожага падполля была накіравана на ліквідацыю заваяванняў Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі і аднаўлення ў рэспубліцы ўлады памешчыкаў і капіталістаў.»[5].
У 1988 годзе КДБ БССР у адказ на зварот Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ адказаў, што «…руплівым вывучэннем архіўных матэрыялаў не выяўлена якіх-небудзь дакументальных матэрыялаў пра верагоднасць існавання „Саюза вызвалення Беларусі“»[2].
Пералік названых як удзельнікі СВБ[заўв 1]
[правіць | правіць зыходнік]- АДАМОВІЧ Антон
- АДАМОВІЧ Аляксандр
- АДЗІНЕЦ Аркадзь
- АДЗЯРЫХА Цімафей
- АДЗЯРЫХА Міхаіл
- АЗБУКІН Мікалай
- АНІХОЎСКІ Аляксандр
- АПАЦЁНАК Фёдар (Тодар)
- БАБАРЭКА Адам
- БАГДАНОВІЧ Генадзь
- БАЙКОЎ Мікола
- БАЛІЦКІ Антон
- БАНДАРЧЫК Хведар
- БІЛЬДЗЮКЕВІЧ Лявон
- БІНДЗЮК Павел
- БУЗУК Пётр
- БУРДЗЕЙКА Андрэй
- БЯЛЬКЕВІЧ Янка
- БЯДРЫЦКІ Яўген
- ВАЛЬКОВІЧ Аляксандр
- ВАСІЛЕВІЧ Язэп
- ВОЛЫ Валерыян
- ГАЛАВІНСКІ Аляксандр
- ГАЦЬКО Рыгор[заўв 2]
- ГАРЭЦКІ Максім
- ГАРЭЦКІ Гаўрыла
- ГРАМЫКА Міхайла
- ГУРЛО Алесь
- ГУРСКІ Міхась
- ГУТКОЎСКІ Мікалай
- ДАШКЕВІЧ Леў
- ДАРАШЭВІЧ А.
- ДУБІНСКІ Сяргей
- ДУБОЎКА Уладзімір
- ДУДАР Алесь
- ДЫНЬКО Д.
- ДЫЛА Язэп
- ЖАЎРЫД Павел
- ЖДАНОВІЧ Фларыян
- ЖЫЛКА Уладзімір
- ЗАБЕЛА Фёдар (Тодар)
- ЗАЯЦ Лявон (Леанард)
- ЗЯНЮК Пётр
- ІГНАТОЎСКІ Усевалад
- ІЛЬЮЧОНАК Пётр
- ІМШЭНІК Хведар
- КАРАВАЙЧЫК Павел
- КАСПЯРОВІЧ Мікалай
- КАЦЯРЫНІЧ П.
- КІПЕЛЬ Яўхім
- КІСЛЯКОЎ Іван
- КОЛАС Якуб[7]
- КРАСІНСКІ Мікалай
- КРАСКОЎСКІ Іван
- КРУТАЛЕВІЧ Аляксандр
- КУПАЛА Янка
- КУПЦЭВІЧ Фелікс
- КУРЫЛОВІЧ Л.
- ЛАСТОЎСКІ Вацлаў
- ЛЁСІК Язэп
- ЛІСТАПАД Юрый (Георгій)
- ЛЯЖНЕВІЧ Алесь
- МАМЧЫЦ Мікалай
- МІЦКЕВІЧ Адам
- МУРАШКА У.
- МЯДЗЁЛКА Паўліна
- МЯЛЕШКА Міхаіл
- МЯЛЕШКА Сяргей
- НЕКРАШЭВІЧ Сцяпан
- ПАШКОВІЧ Іван
- ПРАКУЛЕВІЧ Уладзімір
- ПРЫШЧЭПАЎ Дзмітрый
- ПУШЧА Язэп (І. П. Плашчынскі)
- ПЯЦЭВІЧ Р.
- РОДЗЕВІЧ Часлаў
- САВІЧ Ігнат
- САК Аляксандр
- САСІНОВІЧ І.
- СЕРАДА Янка
- СКАНДРАКОЎ Сяргей
- СМОЛІЧ Аркадзь
- СУШЫНСКІ Язэп
- ТРАМПОВІЧ Павел
- ТРАСЬКО І.
- ТРАФІМАЎ Яўсей
- УЛАШЧЫК Мікалай
- ХУРСІК Сымон
- ЦВІКЕВІЧ Аляксандр
- ЦВІКЕВІЧ Іван
- ЧАРЖЫНСКІ Уладзіслаў
- ЧАРНУШЭВІЧ Нічыпар
- ШАШАЛЕВІЧ Васіль
- ШЛЮБСКІ Аляксандр
- ШУКАЙЛА Паўлюк
- ШЧАКАЦІХІН Мікола
- ЭПІМАХ-ШЫПІЛА Браніслаў
- ЮРАШКЕВІЧ І.
- ЯНШЫН Мікалай
- ЯРАШЧУК Еўдакім
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Пералік не поўны, толькі 99 асоб
- ↑ Рыгор Мікалаевіч Гацько (1903, в. Ступяні Бабруйскага пав. Мінскай губ., цяпер Бабруйскі р-н Магілёўскай вобл. — пазней 10.4.1931) — настаўнік. З сялянскай сям'і. Атрымаў вышэйшую адукацыю. Працаваў настаўнікам 9-гадовай школы імя К. Лібхнехта ў Гомелі. Арыштаваны 15.4.1930 г. Асуджаны калегіяй АДПУ 10.4.1931 як «удзельнік контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі „Саюз вызвалення Беларусі“» да 5 гадоў ППЛ. Этапаваны ў Угліч Яраслаўскай вобл., Расія. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны Вярхоўным Судом БССР 30.1.1956 г. Групавая справа Р. Гацько і інш. № 20951-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.[6]
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 4 5 6 7 «Саюз вызвалення Беларусі» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 249—250. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- 1 2 Чыгрынаў. Гісторыя Беларусі…, С.482.
- ↑ Сачанка, Б. Баліць, крывавіць…
- ↑ Аркуш А. Рызыкоўная…
- ↑ Белорусские буржуазные националисты: Учебный материал. / сост. Бойченко В. М. и Ерёмин П. П. — М.: «Редакционно-издательский отдел Высшей школы КГБ при Совете Министров СССР», 1957. — С. 14.
- ↑ Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 4. Кніга 1. Рэпрэсаваныя настаўнікі Беларусі. 1917—1954 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2007.
- ↑ Иоффе Э. Раздел III. Григорий Рапопорт…
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Аркуш, А. Рызыкоўная барацьба намэнклятуры // Наша Ніва, № 7;
- Адамушка, У. Палітычныя рэпрэсіі 20-50-х гадоў на Беларусі. — Мн., 1994;
- Васілеўская, Н. У. Абвінавачваецца ў нацыянал-дэмакратызме: (Пра наркома асветы Беларусі А. В. Баліцкага) / Пад рэд. Палуяна У. А.; АН Беларусі, Ін-т гісторыі. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995;
- Иоффе, Э. Раздел III. Григорий Рапопорт: «Изобретатель „СВБ“» / И палачи и жертвы. (Руководители карательных органов СССР и Беларуси) // Pепрессивная политика советской власти в Беларуси. Вып. I. — Минск, 2007.
- Міхнюк, У. Арыштаваць у высылцы: Дакументальны нарыс пра Алеся Дудара. — Мн., 1996.
- Міхнюк, У. Вязень сумлення // Полымя. — 1996. — № 2. — С.
- Міхнюк, У. Захоўваць вечна: справа № 20951-с // Маладосць. — 1992. — № 6. — С.
- Міхнюк, У. «Саюз вызвалення Беларусі» / Уладзімір Міхнюк // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 249—250. — ISBN 985-11-0214-8.
- Міхнюк, У. Справа Вацлава Ластоўскага // Маладосць. — 1993. — № 8—9. — С.
- Сачанка, Б. Баліць, крывавіць / З пісьменніцкіх дзённікаў // Віртуальны музей Барыса Сачанкі — Эл.рэсурс sachenko.iatp.by
- Сідарэвіч, А. Трыюмвіры, або Помнік камісарам // Наша Ніва, № 13.