Перайсці да зместу

Саюз пісьменнікаў Беларусі (2005)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Саюз пісьменнікаў Беларусі
Лагатып ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».
Лагатып ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».
Абрэвіятура СПБ
Краіна
Адміністрацыйны цэнтр Мінск
Адрас г. Мінск, вул. Фрунзэ, д. 5
Юрыдычны статус грамадскае аб’яднанне
Тып арганізацыі творчая
Дзейнічае ў рэгіёнах Беларусь
Афіцыйныя мовы руская
Кіраўнікі
Старшыня Алесь Карлюкевіч
1-я намесніца Алена Стэльмах
Намеснік Анатоль Мацвіенка[1]
Заснаванне
Дата заснавання 18 лістапада 2005[2]
Бюджэт 243,4 мільёны рублёў[3] (2010 год; 81,3 тысячы $[4])
Колькасць валанцёраў 530 членаў (2021 год)[5]
Колькасць членаў 530
Асноўныя асобы Мікалай Чаргінец, Алесь Карлюкевіч
Кіроўны орган Управа
Даччыныя арганізацыі часопіс «Полымя», газета «Літаратура і мастацтва»
Член у Міжнародная садружнасць пісьменніцкіх саюзаў (Расія)
Папярэднік Саюз беларускіх пісьменнікаў
oo-spb.by (руск.)

Саюз пісьменнікаў Беларусі (руск.: Союз писателей Беларуси) — творчая арганізацыя беларускіх празаікаў, паэтаў, журналістаў, крытыкаў і іншых дзеячаў літаратуры, якую падтрымлівае рэжым Лукашэнкі. Утвораны ў 2005 годзе, каб раскалоць незалежны Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Дом літаратара ў Мінску

Адзіны Саюз пісьменнікаў Беларусі, які існаваў з 1934 года, расколаты ў 2005 годзе пры актыўным удзеле Мікалая Чаргінца. Праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі створаны на ўстаноўчым сходзе 18 лістапада 2005 года, але пераважная большасць членаў старога Саюза не пайшлі за Чаргінцом[6]. Прычынай сваіх дзеянняў прыхільнікі Чаргінца называлі «палітызацыю СБП, яго барацьбу з уладай, якая суправаджалася шалёнай спекуляцыяй на культуры, праблеме беларускай мовы і г. д., адсутнасць дэмакратычных прынцыпаў»[7]. Грамадскасць лічыла адной з прычын стварэння новага СПБ спробу ўладаў разбурыць незалежны Саюз пісьменнікаў Беларусі, які не здолелі падпарадкаваць[8].

З прычыны забароны выкарыстання імя краіны ў назвах палітычных партый і грамадскіх арганізацый у Беларусі, Аляксандр Лукашэнка 7 верасня 2006 года выдаў указ, якім дазволіў новаму праўладнаму Саюзу пісьменнікаў ужываць у назве «Беларусь», гэтым указам праўладны Саюз таксама вызвалены ад падатку на прыбытак і дададзеную вартасць, а незалежны Саюз пазбаўлены права ўжываць у назве «Беларусь»[9]. Незалежны Саюз пазбавілі ранейшай дзяржаўнай падтрымкі, вымусілі пакінуць Дом літаратара. Новаму Саюзу пісьменнікаў Беларусі перадалі літаратурныя часопісы «Полымя», «Нёман», «Маладосць», штотыднёвую газету «Літаратура і мастацтва», заснавальнікам якіх быў стары Саюз[10]. Пры гэтым тыражы газеты «Літаратура і мастацтва» ў 2006—2020 гадах, паводле падлікаў Міхася Скоблы, зменшыліся амаль у 10 разоў[11].

14 жніўня 2020 года, у час пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі выдаў заяву, у якой заклікаў бакі да прымірэння[12]. Былі выказаны спадзяванні на каментарыі МУС датычна гвалту супраць пратэстоўцаў, таксама Саюз заклікаў вызваліць мірных затрыманых[12].

Пасля пачатку палітычных рэпрэсій у Саюз пачалі прымаць дзяржаўных прапагандыстаў. Так, у 2022 годзе стала вядома, што раней членамі сталі Андрэй Мукавозчык і Людміла Гладкая[13][14]. Тым самым часам у раздзеле афіцыйных заяў Саюза пісьменнікаў Беларусі публікуюць заявы сяброў саюза супраць «прапаганды памагатых фашыстаў», такіх як Ларыса Геніюш, Францішак Аляхновіч, Наталля Арсеннева. У гэтых жа заявах беларускі нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг параўноўваецца з фашысцкім[15]. У 2023 годзе аддзелам секцыі публіцыстыкі Саюза пісьменнікаў Беларусі прызначаны кіраваць прапагандыст Андрэй Мукавозчык[16].

На 2016 год колькасць членаў Саюза складала больш за 600 чалавек[18], аб’яднаных у 6 абласных і Мінскую гарадскую арганізацыі. На 2021 г. колькасць членаў, паводле СПБ, перавысіла 700[19]. Пры СПБ створаныя секцыі прозы, паэзіі, дзіцячай літаратуры, публіцыстыкі, сатыры і гумару, крытыкі і літаратуразнаўства, драматургіі, перакладу і славянскіх літаратур, краязнаўства, прыгод і фантастыкі[20]. Таксама заяўлялася пра творчыя клубы СПБ, секцыі пры бібліятэках, школах, ВНУ, літаратурную студыю[21]. Сярод членаў СПБ лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных прэмій, у тым ліку Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, уладальнікі ордэнаў і медалёў, дактары і кандыдаты навук[18].

На 2021 год Саюз пісьменнікаў Беларусі налічваў каля 530 членаў у 7 аддзяленнях. На 6 абласных аддзяленняў прыпадала менш за палову членаў (46 %).

У канцы 2023 года ў складзе Саюза пісьменнікаў Беларусі налічвалася болей чым 700 літаратараў[29].

Каля 70 % членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі рускамоўныя, частка з іх адмоўна ставіцца да беларускай літаратуры, аддаючы перавагу рускай. Мікалай Чаргінец, які больш за 15 гадоў узначальваў СПБ, прынцыпова не гаварыў па-беларуску[30].

Шэраг вядомых беларускіх творцаў з цягам часу пакінулі прарэжымны Саюз пісьменнікаў Беларусі. Сярод іх празаікі Андрэй Федарэнка, Алесь Наварыч, Валер Гапееў, Анатоль Казлоў, Леанід Левановіч, паэтка Раіса Баравікова і дзіцячая пісьменніца Алена Масла[8][30]. Большасць з іх працавалі ў дзяржаўных літаратурных выданнях і выдавецтвах, і ўдзел у СПБ быў умовай захавання працоўнага месца. Па меры зыходу з працы ў дзяржаўных выданнях і холдынгах яны пакінулі і саюз. Пісьменнікі, якія выйшлі з СПБ, называлі далейшае членства ў Саюзе Чаргінца несумяшчальным са сваімі маральнымі прынцыпамі[8].

Палітолаг Вольф Рубінчык крытыкаваў СПБ за тэндэнцыйна праведзенае даследаванне запатрабаванасці кніг у беларускіх бібліятэках (2019—2021)[31], а таксама за маніпуляванне з нумарацыяй з’езда 22 сакавіка 2022 года (з’езд названы 25-м, нягледзячы на тое, што папярэдні, у 2016 годзе, лічыўся 3-м). Непаслядоўнасць у нумарацыі звязваецца з тым, што ўвосень 2021 года быў фармальна ліквідаваны Саюз беларускіх пісьменнікаў, і ў СПБ вырашылі забраць тое, што «кепска ляжала» — амаль 90-гадовую гісторыю пісьменніцкай арганізацыі. Паводле Вольфа Рубінчыка, паводзіны арганізатараў з’езда ў сакавіку 2022 года можна трактаваць як марадзёрства[32].

  1. Кіраўніцтва(руск.). ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». 24 лютага 2021. Праверана 7 ліпеня 2021.
  2. а б http://unicat.nlb.by/opac/pls/dict.prn_ref?tu=r&tq=v0&name_view=va_all&a001=BY-NLB-ar2870144&strq=l_siz=20
  3. Закон Рэспублікі Беларусь аб рэспубліканскім бюджэце на 2010 год (руск.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (12 снежня 2011).(недаступная спасылка)
  4. Звесткі аб сярэднеўзважаным курсе беларускага рубля да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2010 год. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь (12 снежня 2011).
  5. Ларыса Цімошык Нашчадкі ды сутворцы. Летапіс пісьменніцкай арганізацыі: удакладніць і працягваць. // Літаратура і мастацтва : газета. — 2 снежня 2016. — № 48. — С. 1, 4. Архівавана з першакрыніцы 20 лютага 2019.
  6. Іна Студзінская. Навошта ствараецца Саюз пісьменьнікаў Саюзнай дзяржавы?. Радыё Свабода (4 снежня 2009). Праверана 27 лютага 2019.
  7. Баценкова Н. «Мы опоздали на десять лет» // Рэспубліка. — № 226 (3916). — 2 декабря 2005 Архівавана 26 верасня 2007.
  8. а б в Мікола Бугай. Баравікова і Масла выходзяць з лукашэнкаўскага Саюза пісьменнікаў. Наша Ніва (27 ліпеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 27 лютага 2019. Праверана 27 лютага 2019.
  9. Указ Президента Республики Беларусь от 7 сентября 2006 г. №564 «О некоторых вопросах деятельности общественного объединения „Союз писателей Беларуси“ и о внесении изменений и дополнения в отдельные указы Президента Республики Беларусь» (руск.). Валерый Станіслававіч Леванеўскі (27 мая 2010).
  10. Саюз беларускіх пісьменнікаў патрабуе спыніць масавы пераслед літаратараў(недаступная спасылка). TUT.BY (4 лютага 2010). Архівавана з першакрыніцы 18 верасня 2020. Праверана 27 лютага 2019.
  11. Скобла М.. Не глядзі, Чаргінец, у чужы гаманец(недаступная спасылка). Народная Воля (16 кастрычніка 2020). Архівавана з першакрыніцы 23 кастрычніка 2020. Праверана 21 кастрычніка 2020.
  12. а б З А Я В Л Е Н И Е Союза писателей Беларуси (руск.). www.oo-spb.by. Праверана 6 лістапада 2023.
  13. «Мукавозчык і Гладкая сталі сябрамі Саюза пісьменнікаў Беларусі». Таццяна Нядбай — пра пафас і пустэчу афіцыёзу . Наша Ніва. Праверана 8 кастрычніка 2023.
  14. Дискуссионный клуб Андрея Муковозчика начал работу (руск.). www.oo-spb.by. Праверана 6 лістапада 2023.
  15. Отклики на Заявление Союза писателей Беларуси против реабилитации фашизма и фальсификации истории (руск.). www.oo-spb.by. Праверана 6 лістапада 2023.
  16. Пра што распавёў Алесь Карлюкевіч на пашыраным Пленуме Саюза пісьменнікаў Беларусі?(недаступная спасылка). zviazda.by (25 снежня 2023). Архівавана з першакрыніцы 6 студзеня 2024. Праверана 2 студзеня 2024.
  17. Старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі выбраны Аляксандр Карлюкевіч . blr.belta.by (22 сакавіка 2022).
  18. а б Яна Явіч Сустрэнемся, пагаворым... напішам! // Літаратура і мастацтва : газета. — Мн.: РВУ «Звязда», 6 студзеня 2016. — В. 4852. — № 1. — С. 3.
  19. Гісторыя СПБ
  20. Структура СПБ Архівавана 28 верасня 2013.
  21. Союз писателей Беларуси в 2006 году познакомил читателей с творчеством 43 новых поэтов
  22. Брэсцкае абласное аддзяленне. ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». 24 лютага 2021. Праверана 7 ліпеня 2021.
  23. Віцебскае абласное аддзяленне(руск.). ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». 24 лютага 2021. Праверана 7 ліпеня 2021.
  24. Гродзенскае абласное аддзяленне. ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». 24 лютага 2021. Праверана 7 ліпеня 2021.
  25. Гомельскае абласное аддзяленне. ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». 24 лютага 2021. Праверана 7 ліпеня 2021.
  26. Магілёўскае абласное аддзяленне(руск.). ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». 24 лютага 2021. Праверана 7 ліпеня 2021.
  27. Мінскае абласное аддзяленне. ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». 24 лютага 2021. Праверана 7 ліпеня 2021.
  28. Мінскае гарадское аддзяленне. ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». 24 лютага 2021. Праверана 7 ліпеня 2021.
  29. Пра што распавёў Алесь Карлюкевіч на пашыраным Пленуме Саюза пісьменнікаў Беларусі? (27.12. 2023)
  30. а б Міхась Скобла. Раіса Баравікова: Зь мяне зрабілі «ворага народу». Радыё Свабода (9 жніўня 2013). Праверана 27 лютага 2019.
  31. https://belisrael.info/?p=28973
  32. https://belisrael.info/?p=30254