Саюз супольнай справы
Саюз супольнай справы | |
---|---|
Адміністрацыйны цэнтр | Маладзечна |
Тып арганізацыі | падпольная |
Кіраўнікі | |
Кіраўнік | Анатоль Радзюкевіч |
Заснаванне | |
Дата заснавання | 1949 |
Ліквідацыя | |
Дата скасавання | 1951 |
«Саюз супольнай справы» — канспірацыйная падпольная арганізацыя з Маладзечна.
Арганізацыя
[правіць | правіць зыходнік]На чале арганізацыі быў «актыўны беларускі нацыяналіст» Радзюкевіч. Падчас нямецкай акупацыі ён быў сябром СБМ, у 1944 закончыў курсы кіроўнага складу арганізацыі ў Альбярціне. Імаверна, з Беларусі не выязджаў.
«Саюз супольнай справы» складаўся з троек, аднак агульная колькасць сяброў невядомая.
Дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Пра «Саюз супольнай справы» вядома не шмат і ўсе гэтыя звесткі паходзяць з матэрыялаў савецкай дзяржбяспекі. Ён быў заснаваны ў 1949 годзе ў Маладзечанскай вобласці. Паводле звестак савецкай дзяржбяспекі, яна была створаная «з мэтай вядзеньня барацьбы супраць Савецкай улады за стварэньне беларускай буржуазнай дзяржавы».
Акрамя вярбоўкі новых сяброў, канспірацыйнікі займаліся вырабам і распаўсюдам сярод насельніцтва антысавецкіх ўлётак, адозваў. Яны былі «накіраваныя супраць мерапрыемстваў, якія праводзілі Камуністычная партыя і Савецкі ўрад у галіне сельскай гаспадаркі», то бок, мелі антыкалгасны змест, а сама арганізацыя магла ўзнікнуць у час актывізацыі супраціўлення сялянства масавай калектывізацыі.
Сябры арганізацыі, нібыта, таксама мусілі набываць зброю і боепрыпасы, а таксама ствараць партызанскія атрады для ўзброенай барацьбы ў выпадку вайсковага канфлікту паміж СССР і Захадам.
Радзюкевіч пакінуў нямала дакумэнтальных сведчанняў існавання «Саюза супольнай справы». Напрыклад, завербаваныя сябры давалі пісьмовыя «забавязацельствы» і атрымлівалі ад кіраўніка арганізацыі «пасьведчанні-даведкі», на якіх стаяла пячатка «Саюза супольнай справы» — яны сведчылі пра прыналежнасць гэтых людзей да арганізацыі. Гэтыя даведкі склаў Радзюкевіч, а надрукаваў на пішучай машынцы ў 1949 годзе ўдзельнік арганізацыі Скарнічэнка, які працаваў у Маладзечне метадыстам Інстытута ўдасканалення настаўнікаў.
Паводле звестак МГБ, кіраўнікі арганізацыі мелі намер усталяваць сувязь з «узброенай бандай беларускага нацыяналіста Мятліцкага», якая ў той час дзейнічала ў Маладзечанскай вобласці. У 1951 годзе МГБ выкрыў і ліквідаваў арганізацыю.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Сяргей Ёрш КАНСЬПІРАЦЫЙНЫ “САЮЗ СУПОЛЬНАЙ СПРАВЫ” 1949-1951 ГАДОЎ(бел. (тар.)) // Беларускі Рэзыстанс. — 2009. — № 2 (7). — С. 121 — 124.