Саянскія самадыйцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Камасінец, 1925 г.

Сая́нскія самады́йцы  — зборная назва групы паўднёвых самадыйскіх народаў, што насялялі пераважна Мінусінскую катлавіну і суседнія перадгор’і ў Сібіры.

Этнічныя супольнасці[правіць | правіць зыходнік]

У XVII — XVIII стст. у расійскіх дакументах называліся наступныя саянскія самадыйцы:

Назвы гэтых этнічных груп часткова маюць цюркскае паходжанне. Так назву камасінцаў (калмажы, камаш, кангмажы) перакладаюць з мясцовых цюркскіх моў як «жыхары верхняй плыні Кана», карагасаў — як «чорныя людзі». Існуе верагоднасць, што назва саётаў паходзіць ад назвы старажытнага скіфскага насельніцтва Сібіры. Некаторыя даследчыкі лічаць, што кайбалы першапачаткова адносіліся да енісейцаў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Існаванне самадыйцаў у горнай мясцовасці Паўднёвай Сібіры фіксавалі старажытныя кітайскія і мангольскія гістарычныя помнікі пісьмовасці. Так, назва кашынцаў была вядома ўжо ў эпоху дынастыі Тан. Хакасы лічаць кайбалаў найбольш старажытнымі насельнікамі Мінусінскай катлавіны. Цікава, што назва карагасаў у XVII ст. была вядома не толькі на Саянах, але таксама ў рэчышчы Томі.

У XVII ст., калі пачаліся кантакты з рускімі, саянскія самадыйцы займаліся жывёлагадоўляй, земляробствам, паляваннем. Большасць з іх у той ці іншай ступені знаходзіася пад уплывам енісейскіх кіргізаў і іншых груп цюркскага насельніцтва. Камасінцы мелі першаснае дзяржаўнае ўтварэнне на чале князя Байгі. Адзіныя правадыры ўзгадваліся сярод кайбалаў і кашынцаў.

Палітыка Расіі ў дачыненні да самадыйцаў уключала іх падпарадкаванне і збор даніны. Ваенныя дзеянні паміж рускімі і кіргізамі ў XVII ст. прывялі да значных змен у межаванні і міграцыі розных груп насельніцтва. Эпідэміі воспы ў XVIII ст., а таксама перасяленне рускіх сялян, захоп традыцыйных качавых і паляўнічых тэрыторый вялі да саслаблення і дэмаграфічнага крызіса самадыйцаў. З сярэдзіны XVIII ст. паведамлялася, што яны асіміляваліся цюркамі, якія мелі падобны лад жыцця. У XIX — XX ст. змена ладу жыцця паляўнічых і аленегадоўцаў прывяла да асміляцыі рускімі.

Найбольш працэс асіміляцыі вывучаны на прыкладзе камасінцаў, паколькі яны праіснавалі як самастойная этнічная і моўная група да 1989 г., з 1960-х гг. назіраліся навукоўцамі. Цюркізаваныя кайбалы ў XX ст. сталі субэтнічнай групай хакасаў. Карагасы пад уплывам цюркаў-паляўнічых змянілі мову, але захаваліся як цюркскі этнас тафалараў. Нягледзячы на тое, што перапісы насельніцтва ў СССР доўгі час ігнаравалі цюркізаваных саётаў, яны здолелі захаваць сваю назву і этнічную тоеснасць.

Даследаванні[правіць | правіць зыходнік]

Даследаванні саянскіх самадыйцаў пачаліся ў XVIII ст. Іх назвы і апісанні сустракаюцца ўжо ў запісах Г. Ф. Мілера. Адным з першых мовы саянскіх самадыйцаў пачаў даследваць М. А. Кастрэн. Дзякуючы працам мовазнаўцаў былі ўсталяваны сувязі саянскіх самадыйцаў з энцамі, нганасанамі, кетамі, сучаснымі цюркскімі народамі, выяўлены падзел іх моў на 2 групы — кайбала-камасінскую і матара-тайгінскую.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Малолетко, А. Древние народы Сибири. Этничский состав по данным топонимики. Т. 6. Раннее заселение Северной Азии. — Томск: Томский университет, 2012.
  • Тучков, А. История и культура народов Сибири. — Томск: Томский университет, 2015. ISBN 978-5-89428-768-3