Перайсці да зместу

Светапогляд

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Светапогляд — сістэма абагульненых поглядаў на прыродны і сацыяльны свет, на месца ў ім чалавека і яго адносіны да асяроддзя, да самога сябе і іншых людзей, а таксама асноўныя жыццёвыя пазіцыі, каштоўнасныя арыентацыі, перакананні і ідэалы, абумоўленыя гэтымі поглядамі. Светапогляд — неабходны складнік чалавечага ўсведамлення.

Эмацыйна-псіхалагічны бок светапогляду на ўзроўні настрояў, пачуццяў складае светаадчуванне. Досвед фарміравання пазнавальных выяў міру з выкарыстаннем навочных паданняў адносяць да светаўспрымання. Пазнавальна-інтэлектуальны бок светапогляду складае светаразуменне. Носьбітамі светапогляду з’яўляюцца асобы і сацыяльныя супольнасці. Інфармацыйны бок светапогляду складаюць веды пра свет і чалавека. Перакананні з’яўляюцца стрыжнем светапогляду і сведчаць пра сталасць светапогляду асобы ці сацыяльнай супольнасці. У структуру светапогляду ўваходзяць таксама ідэалы, якія выяўляюць вызначальныя мэты, накіраваныя ў будучыню.

Ад характару светапогляду залежыць арыентацыя чалавека ў розных сферах жыццядзейнасці: сацыяльна-палітычнай, прававой, маральнай, рэлігійнай, філасофскай, навукова-тэарэтычнай. Змест светапогляду залежыць ад таго, якой сферы дзейнасці чалавек адцае перавагу. Паводле зместу і грамадскай значнасці адрозніваюць паслядоўна-навуковы і ненавуковы, атэістычны і рэлігійны, прагрэсіўны і рэакцыйны светапогляды, якія па-рознаму ўздзейнічаюць на нормы паводзін, адносіны чалавека да працы, да іншых людзей, побыт, густы, інтарэсы.

Сярод тыпаў светапогляду вылучаюць данавуковы (звычайны), які фарміруецца з дзяцінства ў працэсе набыцця жыццёвага вопыту пад уздзеяннем непасрэдных умоў жыцця і функцыянуе ў форме стыхійных, тэарэтычна не аформленых традыцыйных уяўленняў пра свет, і агульнакультурны, які ўключае міфалагічны, рэлігійны, філасофскі, навукова-тэарэтычны светапогляды, што дамінуюць на пэўных гістарычных этапах.

Міфалагічны светапогляд характарызуецца антрапамарфізмам, ачалавечваннем навакольнага асяроддзя, адушаўленнем сіл прыроды і выяўляецца ў паданнях пра багоў і герояў, злых духаў і інш., а таксама ў міфічных абрадах (гл. міфалогія).

Рэлігійны светапогляд звязаны з верай у звышнатуральны сусветны пачатак (гл. рэлігія). Светапогляд новага і навейшага часоў характарызуецца спалучэннем рэлігійнага, філасофскага і навукова-тэарэтычнага тыпаў. Філасофскі светапогляд тэарэтычна абагульняе духоўны і практычны вопыт у форме агульных паняццяў — катэгорый і стварае катэгарыяльныя мадэлі свету. Тэарэтычная аснова светапогляду — філасофія. Яна абагульняе дасягненні навук аб прыродзе і грамадстве, садзейнічае пераадоленню фрагментарнасці ведаў і дасягненню цэласных уяўленняў аб свеце. Цэнтральная праблема светапогляду — суадносіны свету і чалавека — разглядаецца як пытанне суадносін матэрыі і свядомасці. Навукова-тэарэтычны светапогляд узаемадзейнічае з філасофскім, абагульняе прыродазнаўчыя, тэхнічныя, сацыяльна-эканамічныя і культурна-гістарычныя веды і стварае адзіную навуковую карціну свету.

Зноскі

  • Марозаў В. Светапогляд // БЭ ў 18 т. Т. 14. Мн., 2002.
  • Jaspers K.. Psychologic der Weltanschauungen. Lpz., 1919.
  • Wenzl A. Wissenschaft und Weltanschauung. Lpz., 1936.
  • Беляев И. А. Человек и его мироотношение. Сообщение 1. Мироотношение и мировоззрение / И. А. Беляев // Политематический сетевой электронный научный журнал Кубанского государственного аграрного университета (Научный журнал КубГАУ) [Электронный ресурс]. — Краснодар: КубГАУ, 2011. — № 09(73). С. 310—319. — Режим доступа: http://ej.kubagro.ru/2011/09/pdf/29.pdf (http://elibrary.ru/item.asp?id=17087744)