Святаянская вуліца
| Швянта Ёна Вільня | |
|---|---|
| літ.: Švento Jono gatvė | |
| | |
| Агульная інфармацыя | |
| Краіна | |
| Горад | |
| Раён | Сянюнія Сянаміесціс |
| Працягласць | 190 м м |
| Ранейшыя назвы | Іванаўская, Струогі |
| Назва ў гонар | Касцёл Святых Янаў |
| Паштовы індэкс | LT-01123 |
Святая́нская ву́ліца[заўв 1][1], таксама ву́ліца Швя́нта Ё́на[2] (літ.: Švento Jono gatvė, польск.: ulica Świętojańska) — вуліца ў цэнтральнай частцы Вільні, у Старым Горадзе. Звязвае Замкавую з скрыжаваннем вуліц Універсітэцкай, Дамініканскай і Гаона. Працягваецца вуліцай Дамініканскай.
Архітэктурныя дамінанты вуліцы — касцёл Святых Янаў у стылі віленскага барока і палац Пацаў, помнікі архітэктуры XVI—XVIII стагоддзяў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Назва вуліцы ўтварылася ад касцёла Святых Янаў, які захаваўся да нашага часу. Упершыню ўпамінаецца ў канцы XVI ст. У гэты час забудова вуліцы была мураванай, а многія дамы мелі драўляны водаправод.

Па здушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—1864 гадоў у 1864 годзе Мураўёў-Вешальнік з мэтай русіфікацыі зямель колішняга Вялікага Княства Літоўскага загадаў перайменаваць вуліцу ў Іванаўскую (руск.: Ивановская улица). Па адыходзе расійскіх войскаў з Вільні ў 1915 годзе вуліцы вярнулі традыцыйную гістарычную назву.
За савецкім часам вуліцу перайменавалі ў імя літоўскага літаратара Баліса Сруогі (літ.: Sruogos gatvė). У наш час вуліцы зноў вярнулі гістарычную назву.
Агульныя звесткі
[правіць | правіць зыходнік]Даўжыня вуліцы каля 190 м. Мае брукаваную праезную частку. Нумарацыя дамоў пачынаецца ад скрыжавання з вуліцамі Універсітэцкай і Дамініканскай. З правага паўднёвага боку вуліцы дамы з няцотнымі нумарамі, з левага паўночнага боку — цотная нумарацыя.
Будынкі
[правіць | правіць зыходнік]Няцотны бок
[правіць | правіць зыходнік]- № 3 — палац Пацаў. Упершыню будынак упамінаецца ў XVI ст., калі ім валодалі Радзівілы, потым гаспадаром палаца быў сын канцлера Льва Сапегі — Казімір Леў. У 1628 годзе будынак перайшоў да роду Пацаў, тут гаспадарылі ў тым ліку падканцлер Стэфан і канцлер Крыштаф Жыгімонт Пацы. Па пажары 1748 года палац прыйшоў у заняпад, пакуль яго не адрамантаваў канцлер Аляксандр Міхал Сапега. Па здушэнні вызваленчага паўстання 1830—1831 гадоў расійскія ўлады канфіскавалі будынак у генерала Францішка Сапегі. Далей тут размяшчаліся губернскія адміністрацыйныя ўстановы і кватэры чыноўнікаў, а ў другой палове XIX ст. — друкарня, у якой выходзілі газеты «Виленские губернские ведомости» і «Виленский вестник». У XX ст. палац двойчы рэстаўраваўся. У наш час у ім размяшчаецца пасольства Польшчы ў Літве[3].

- № 7 — дом Эртля
- № 9 — дом Ладзіка
- № 11 — дом Русецкага
Цотны бок
[правіць | правіць зыходнік]- № 4 — езуіцкая друкарня
- № 10 — будынак аўлы
- № 12 — касцёл Святых Янаў. Першы драўляны парафіяльны касцёл збудавалі ў 1387 годзе з фундацыі Ягайлы. У канцы XIV — першай чвэрці XV ст. на месцы спаленага крыжакамі збудавалі новы мураваны касцёл, асвечаны ў 1427 годзе. У 1739—1745 гадах паводле праекту Яна Гляўбіца праодзілася рэканструкцыя касцёла, у выніку якой ён стаў выдатным творам архітэктуры і мастацтва віленскага барока.
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Таксама вуліца Святога Яна
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Наша Ніва. № 1, 1994. С. 7.
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 187-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Літоўскай Рэспублікі на беларускую мову»
- ↑ Лашкевіч К. «Страчаная сталіца». 10 палацаў Вільні, якія варта пабачыць беларусу Архівавана 5 сакавіка 2016., TUT.BY, 29.03.2011.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні. — Вільня: Рунь, 1998.— 160 с.: іл. ISBN ISBN 9986-9228-2-8.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Святаянская вуліца