Імша

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Святая Імша)

Імша (лац.: missa) — асноўнае літургічнае дзянне Рымска-Каталіцкага Касцёла. Здзяйсненне еўхарыстыі ў лацінскім (рымскім) абрадзе. Асноўным момантам Імшы з’яўляецца пераісточанне або кансекрацыя: перамяненне хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста адпаведна. Для наймення здзяйснення еўхарыстыі ва Усходніх Цэрквах, уключаючы уніяцкія (Усходнія Каталіцкія Цэрквы), выкарыстоўваюцца іншыя тэрміны: Боская Літургія, святая Курбана, Бадарак і інш.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Паводле найбольш распаўсюджанага меркавання, тэрмін Імша ўзнік ад познелацінскага слова «missa», якое выкарыстоўваецца ў апошнім закліку Імшы на лацінскай мове: «Ite, missa est» што прыкладна азначае: «Ідзіце, вольны», пры гэтым маецца на ўвазе сход вернікаў. Непасрэдна ў беларускай мове тэрмін паўстаў ад польскага слова msza. Па-беларуску не прынята ўжываць множны лік назоўніка «імша».

Абрады[правіць | правіць зыходнік]

Першую еўхарыстыю здзейсніў Хрыстос падчас Тайнай вячэры, г.зн. у чацвер перад сваёй смерцю. У выніку культурных, моўных і іншых адрозненняў на розных тэрыторыях гэтае здзяйсненне набыло розную форму, захоўваючы пры гэтым аднолькавую сутнасць. З цягам часу аформіліся асноўныя абрадавыя літургічныя традыцыі (абрады). Звычайна абрад атаясамліваецца з пэўнай хрысціянскай царквой (касцёлам): лацінскі (рымскі) абрад — з Рымска-Каталіцкім Касцёлам, візантыйскі — з Праваслаўнымі цэрквамі, армянскі — з Армянскай царквой і г.д. Усходнія каталіцкія (уніяцкія) цэрквы захоўваюць свае абрады.

Згодна з моту пропрыё (motu proprio) Папы рымскага Бенедыкта XVI, у Рымска-Каталіцкім Касцёле існуюць дзве формы рымскага абраду: звычайная (уведзеная пасля Другога Ватыканскага сабора) і надзвычайная (т. зв. трыдэнцкая). З рымскім абрадам звязаны іншыя традыцыі літургіі заходняга хрысціянства: масарабская, амбразіянская, галіканская, парыжская, ліёнская, розныя манаскія (дамініканская, картуская, кармеліцкая, цыстэрская), якія ў пэўнай ступені захаваліся або цалкам зніклі.

Парадак Імшы ў рымскім абрадзе[правіць | правіць зыходнік]

Парадак Імшы ў рымскім абрадзе (звычайная форма, курсівам пазначаны элементы, якія могуць быць прапушчаны):

  • Уступныя абрады
    • Спеў на ўваход.
    • Знак крыжа і прывітанне вернікаў.
    • Уводзіны ў літургію дня.
    • Чын пакаяння.
    • Літанійныя заклікі: Пане, змілуйся (Kyrie).
    • Гімн «Хвала на вышынях» («Gloria»). У буднія дні гэты гімн апускаецца. Выкарыстоўваецца ва ўрачыстасці, святы і нядзелі, на значныя падзеі. Прамінаецца ў перыяды Адвенту і Вялікага поста.
    • Малітва дня (калекта).
  • Еўхарыстычная літургія
    • Прыгатаванне дароў. Магчыма працэсія з дарамі.
    • Малітва над дарамі.
    • Еўхарыстычная малітва:
      • Прэфацыя. Пачынаецца дыялогам святара з вернікамі.
      • Гімн «Святы, святы, святы…» (Sanctus).
      • Непасрэдна еўхарыстычная малітва. Існуе некалькі фармуляраў: першая еўхарыстычная малітва (рымскі канон), другая, трэцяя, чацвёртая; аб паяднанні, у розных патрэбах. У Імшы з удзелам дзяцей можа выкарыстоўвацца еўхарыстычная малітва, спецыяльна дастасаваная для гэтых выпадкаў. Гэта малітва змяшчае: эпіклезіс — заклік Духа Святога асвяціць ахвярныя дары, анамнезіс — успамін збаўчых дзеянняў Бога, кансекрацыя — паўтарэнне слоў Хрыста з Тайнай вячэры, заступніцкія малітвы за Касцёл і людзей. Еўхарыстычная малітва заканчваецца даксалогіяй (праслаўленнем Тройцы).
      • Абрад камуніі (прычасця). Заклік да малітвы «Ойча наш», эмбалізм — завяршэнне святаром гэтай малітвы. Знак спакою. Малітва «Баранку Божы» (Agnus Dei), падчас якой адбываецца ламанне хлеба і змешванне еўхарыстычных постацей. Прыняцце камуніі (прычасця). Духавенства прымае камунію пад двума відамі (Цела і Кроў Хрыста), вернікі — звычайна толькі Цела Хрыста. Малітва пасля камуніі завяршае еўхарыстычную літургію.
  • Заключныя абрады (прапускаюцца, калі пасля Імшы адразу пачынаецца нейкае набажэнства).

На заканчэнне Імшы могуць прагучаць душпастырскія аб’явы. Затым адбываецца благаслаўленне ўсіх прысутных, гучыць заклік на завяршэнне Імшы і спеў на заканчэнне.

Адрозненне тэкстаў Імшы[правіць | правіць зыходнік]

Некаторыя дні літургічнага года маюць адмысловае значэнне. Ад гэтага залежыць выбар зменных малітваў Імшы. Адрозніваюць тры ступені літургіі: урачыстасць, свята, успамін (абавязковы і неабявязковы). Урачыстасці (Вялікдзень, Божае нараджэнне і інш.) маюць найбольш значны характар, святы (Узвышэнне святога крыжа, нараджэнне Дзевы Марыі і інш.) — меншы, успаміны (звычайна святых) — найменшы.

Выбар тэкстаў Імшы залежыць таксама ад перыядаў літургічнага года. Калі падчас Імшы адбываецца нейкі абрад (абрадавая Імша), напрыклад святарскія пасвячэнні або шлюб, ужываюцца адпаведныя тэксты Імшы. Ватыўная Імша (votio — просьба) — Імша, тэксты якой датычацца канкрэтнай сітуацыі. Гэта можа быць просьба аб спакоі ў свеце, Імша за галадаючых, аб еднасці хрысціян і інш. Імша за памерлых мае таксама спецыяльны падбор зменных тэкстаў. Прыміцыйная Імша — першая Імша новапасвячанага святара.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]