Святая зямля

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карта Святой Зямлі, 1759 год.

Свята́я зямля́ (іўр.: ארץ הקורש, Eretz ha-Kodesh; лац.: Terra Sancta; грэч. Άγιοι Τόποι, Agioi Topoi; араб. اَلْأَرْض اَلْمُقَدَّسَة‎‎, al-Ardu l-Muqaddasa) — частка тэрыторыі сучаснай Дзяржавы Ізраіль (да 1948 года — Палесціны). З’яўляецца святыняй чатырох аўраамічных рэлігій: веры бахаі, іўдаізму, хрысціянства і ісламу.

У іўдаізме[правіць | правіць зыходнік]

Асноўны артыкул: Зямля Ізраіля

У хрысціянстве[правіць | правіць зыходнік]

Храм Труны Гасподняй

Святая зямля — агульная еўрапейская назва Іерусаліма і навакольных тэрыторый. Геаграфічна атаясамліваецца з Палесцінай. Назва ўзнікла ў сувязі з размяшчэннем на гэтых тэрыторыях хрысціянскіх святынь, якія з’яўляліся сведчаннямі падзей свяшчэннай (біблейскай) гісторыі, што адбываліся тут, ці былі неяк з імі звязаны (напрыклад: Гефсіманія, Галгофа і г. д.).

Гісторыя Святой зямлі[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя крыжовых паходаў фарміравалася на падставе аднаўлення кантролю над хрысціянскімі святынямі на Святой зямлі.

Да крыжовых паходаў адзінымі ўладальнікамі Святых месц з’яўляліся царкоўныя абшчыны Усхода: грэка-праваслаўная, армянская, сіра-якабіцкая, копцкая і абісінская; пасля крыжовых паходаў Святыя месцы перайшлі пад кіраванне Рымска-каталіцкай царквы.

Калі ў 1187 годзе Іерусалім зноў быў заняты мусульманамі, султан Саладзін атрымаў як ключы Труны Гасподняй, так і кантроль над іншымі Святымі месцамі, і толькі потым паступова ўдалося лацінянам і грэкам, карыстаючыся спрыяльнымі абставінамі, атрымаць права валодання Святымі месцамі.

У 1230 г. Папа Грыгорый IX прызначыў францысканцаў ахоўнікамі Святых месц. З XVI стагоддзя Францыя стала на абарону правоў рымска-каталіцкай царквы на Усходзе і дамаглася ад Порты пацверджання правоў францысканцаў на валоданне Святымі месцамі. Паміж лацінянамі і грэкамі з даўніх часоў адбываліся спрэчкі з-за розных ільгот і пераваг, якімі карысталіся паслядоўнікі абедзвюх канфесій падчас наведвання Святых месц. Гэтыя спрэчкі абцяжарвалі Атаманскую Порту, якая вырашала справы то на карысць аднаго, то на карысць другога боку і часта выклікала незадавальненне абодвух.

У 1740 г. Францыя дабілася ад султана новых прывілеяў для каталіцкай царквы, на шкоду праваслаўным; але потым, пры абыякавасці французаў да рэлігійных спраў, грэкам удалося атрымаць ад візіраў большую частку царквы Св. Труны, царквы ў Віфлееме і адзін з трох ключоў ад пячоры, дзе нарадзіўся Ісус.

Калі ў 1808 годзе царква над Труной Гасподняй згарэла, грэкі ўзялі на сябе пабудову новага храма і зрабіліся адзінымі ўладальнікамі большай яго часткі. У XIX ст. Расія выступае ў якасці заступніка ўсіх грэка-праваслаўных хрысціян на Усходзе і прад’яўляе патрабаванне на валоданне ключом ад царквы Св. Труны. Гэтаму запрацівілася Францыя, якая ў 1850 годзе запатрабавала на падставе дагавора 1740 года, каб каталіцкім святарам была вернута вялікая царква ў Віфлееме з правам усталяваць там новую зорку, змяніць дываны ў пячоры і ўвогуле мець у выключным валоданні труну Прасв. Багародзіцы і Камень мірапамазвання; разам з тым Францыя прысвойвала сабе права зрабіць неабходны рэмонт у вялікім купале царквы Васкрасення і аднавіць у ёй усё, як было да пажару 1808 года.

З-за пярэчанняў Расіі Порта абяцала грэкам даць права служыць літургію ў царкве Узнясення, якая да таго часу належала выключна каталікам; грэкам было прадастаўлена таксама права аднавіць купал без умяшання каталікоў, але апошнія атрымалі права адпраўляць службу ў пячоры Гефсіманіі, і яны атрымалі права, разам з грэкамі і армянамі, мець ключы ад паўднёва-усходніх і паўночных варот вялікай Віфлеемскай царквы. Але неўзабаве Асманская імперыя пад уплывам Францыі ўхілілася ад выканання дадзеных Расіі абяцанняў. Гэта выклікала спыненне дыпламатычных адносін паміж Расіяй і Асманскай імперыяй, а потым да Крымскай вайны 1853-55 гадоў, у выніку няўдалага для Расіі зыходу якой яе патрабаванні засталіся невыкананымі.

У 1868-69 гг. Расія, разам з Францыяй, аднавіла купал над Св. Труной, пасля чаго і Расія атрымала права валодання царквой Св. Труны.

На пачатак XX ст. розныя правы на царкву Труны Гасподняй выглядалі наступным чынам: султан лічыўся уласнікам зямлі пад царквою і паветра над царквою; ключы ад царквы знаходзіліся ў руках мусульман; яны ж ахоўвалі будынак царквы і назіралі за парадкам унутры будынка. Царква ўтварала агульную ўласнасць (condominium) шасці веравызнанняў; галоўнымі ўласнікамі з’яўляліся тры прывілеяваныя веравызнанні ў Іерусаліме — каталікі, грэкі і армяне; меншыя правы мелі копты, якабіты і эфіопы. Царква ў Віфлееме належала грэкам; што тычыцца пячоры, то на яе прад’яўлялі правы як усходняя царква, так і каталікі.

Увогуле, у пытанні аб валоданні Святымі месцамі трэба адрозніваць агульнае валоданне, выключнае валоданне і права карыстання. Берлінскі кангрэс 1878 пастанавіў, што адносна Святых месц павінна быць захавана status quo.

Пачынаючы з 60-х гадоў XX стагоддзя тэрыторыя Святой зямлі з’яўляецца прадметам араба-ізраільскага канфлікту.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Густерин П. В. города Арабского Востока. — М.: Восток-Запад, 2007. — 352 с. — (Энциклопедический справочник). 2000 экз. — ISBN 978-5-478-00729-4

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]