Свята-Аляксандра-Неўская царква (Мінск)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Праваслаўны храм
Царква святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага
Замалёўкі Мінска 45.jpg
53°54′31,27″ пн. ш. 27°35′14,37″ у. д.HGЯO
Краіна Flag of Belarus.svg Беларусь
Горад Мінск
Канфесія Праваслаўе
Епархія Мінская
Архітэктурны стыль неарускі стыль
Архітэктар В. І. Струеў
Дата заснавання 1896
Будаўніцтва 18961898 гады
Матэрыял цэгла
Стан дзеючы
Лагатып Вікісховішча Свята-Аляксандра-Неўская царква на Вікісховішчы

Царква святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў Мінску — праваслаўны храм, пабудаваны ў 1896—1898 гадах на тэрыторыі вайсковых могілак горада. Архітэктар — В. І. Струеў. Адзіны храм Мінска, які амаль цалкам захаваў першапачатковае аблічча.

Гісторыя стварэння[правіць | правіць зыходнік]

Храм пасля ўзвядзення

На ўзвядзенне храма-помніка будаўнічым аддзяленнем Мінскага губернскага кіравання ў красавіку 1896 года быў зацверджаны каштарыс на агульную суму 11.227,39 рублёў. Месцам для будаўніцтва абраны вайсковыя могілкі на ўскраіне Мінска, званай Доўгім Бродам.

На збудаванне храма ў візантыйскім стылі сродкі ахвяравалі таксама войскі мясцовага гарнізона і прыватныя асобы — галоўным чынам сваякі загінулых воінаў. Актыўна дапамагаў у гэтай справе благачынны 30-й пяхотнай дывізіі протаіерэй Павел Багдановіч. 20.000 рублёў на пабудову храма ўнесла «дачка» лейб-гвардыі Кексгольмскага палка Марыя Кексгольмская[1] — турэцкая сірата, падабраная салдатамі палка ў 1877 годзе на полі бою.

Будаўніцтва было задумана як помнік воінам, якія аддалі сваё жыццё ў руска-турэцкай вайне 1877-1878 гадоў. Пра гэта нагадваюць захаваныя з тых часоў дзве мемарыяльныя дошкі, умантаваныя ў цэнтральны неф. На іх выгравіраваны імёны 118 воінаў 30-й артылерыйскай брыгады і 119-га пяхотнага Каломенскага палка, загінулых пры ўзяцці Плеўны(руск.) бел. ў Балгарыі. Акрамя таго, побач храма знаходзяцца магілы некалькіх герояў вайны 1877-1878 гадоў — генерал-лейтэнанта Э. В. Жыржынскага(руск.) бел., генерал-маёра І. А. Бырдзіна, падпалкоўнікаў А. Т. Дзехцярова, В. К. Жэжэро[2] і С. К. Абрамава.

Храм быў спраектаваны ў неарускім стылі(руск.) бел. XVII—XVIII стагоддзяў, і збудаваны на месцы маленькай драўлянай царквы, якая стаяла на гэтым месцы.

Як паведамляў у сваім рапарце ад 9 снежня 1897 года святар Павел Багдановіч,

Каменная церковь на Минском военном кладбище, разрешенная Вашим Высокопреподобием, ныне окончена, донося о сем, прошу разрешения Вашего Высокопреподобия на освещения ея, предположенное совершить 28 сего декабря.

Аднак падчас узгаднення з Мінскім архіерэем была вызначаная іншая дата -- 2 лютага 1898 года, якая практычна супадала з 20-годдзем сканчэння Руска-турэцкай вайны. Храм быў прысвечаны памяці "в бозе почившего Государя Императора Александра III"[3].

Урачыстае асвячэнне храма адбылося 2 лютага 1898 года. Чын асвячэння здзейсніў праасвяшчэнны Сімеон(руск.) бел., епіскап Мінскі і Тураўскі, пасля архіепіскап, духавенства мінскіх цэркваў у прысутнасці вялікай колькасці гараджан. Храм быў прыпісаны да 119-га пяхотнага Каломенскага палка.

Пачаткова ў царквы не было правага і левага прыдзелаў, у ліпені 1899 года Павел Багдановіч накіраваў рапарт з просьбай дазволіць дабудаваць два каменныя прыдзелы, ужо ў 1900 годзе працы па прыбудове прыдзелаў былі завершаны, і храм набыў сучасны выгляд.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Царква Аляксандра Неўскага

Мураваны крыжова-купальны трохнефавы аднаапсідны чатырохслуповы храм-помнік. У цэнтры сіметрычнай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі ўзвышаецца масіўны купал на васьмігранным светлавым барабане, завершаны цыбулепадобнай галоўкай. Меншыя дэкаратыўныя купалы сіметрычна размешчаны над дахамі бакавых нефаў. Дамінантай кампазіцыі з'яўляецца высокая двух'ярусная званіца з шатровым пакрыццём, размешчаная над бабінцам.

Цікавыя факты[правіць | правіць зыходнік]

  • За алтарнай сцяной пахаваны рэшткі вышэйшых афіцэраў, а побач з імі знаходзяцца дзве брацкія магілы з рэшткамі салдатаў.
  • Самым цікавым элементам царквы можна назваць драўляную пераносную царкоўку, якой карыстаўся Каломенскі полк(руск.) бел. для малітваў падчас ваенных дзеянняў у Турцыі.
  • У храме знаходзіцца спіс (копія) святыні Белай Русі — Мінскай іконы Божай Маці, зроблены ў XIX стагоддзі.
  • Падчас Вялікай Айчыннай вайны храм падвяргаўся бамбардзіроўцы, аднак бомба, якая прабіла купал храма, не ўзарвалася. Яна прашыла цэнтральны купал царквы і ўпала каля абраза Мікалая Угодніка.
  • Пры аднаўленні царквы выкарыстоўвалася чырвоная цэгла, якая выпускаецца на адным латвійскім заводзе, які пастаўляў сваю прадукцыю ў маскоўскі Крэмль.
  • У ківоце ў правай прыбудоўцы змешчана ікона Нерукатворнага абраза Збавіцеля(руск.) бел., аўтарам якой паводле падання з'яўляецца вядомы рускі жывапісец Мікалай Ге. Ікона была ахвяравана храму адным з яго апекуноў у канцы XIX стагоддзя.

Набажэнствы[правіць | правіць зыходнік]

Набажэнствы ў храме праходзяць штодня раніцай і ўвечар, акрамя вечара панядзелка. Пачатак ранішняй службы ў 09.00, вячэрняй — у 18.00. У нядзелю раніцай праходзяць дзве службы — у 07.00 і ў 10.00.

У храме рэгулярна здзяйсняюцца таінствы хрышчэння і вянчання, ёсць уласны хор, дзейнічае нядзельная школа.

З моманту асвячэння храма і да цяперашняга часу чатыры разы ў год на Сусветныя суботы тут праходзяць памінальныя набажэнствы, у якіх загінулыя войны называюцца пайменна.

Зноскі

  1. БЕЛОРУССКИЙ СЛЕД НА ШИПКЕ Архівавана 24 верасня 2014. (руск.) 
  2. Жежеро Василий Константинович Архівавана 7 сакавіка 2016. (руск.) 
  3. Церковь святого Александра Невского в Минске. - Минск: Приход храма благоверного князя Александра Невского в г. Минске, 2018. - 176 с.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]