Перайсці да зместу

Свята-Аляксандра-Неўская царква (Слуцк)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праваслаўны храм
Свята-Аляксандра-Неўская царква
53°00′42″ пн. ш. 27°32′19″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Слуцк, вул. Віленская, 59а
Канфесія Праваслаўе
Епархія Слуцкая
Благачынне Слуцкае
Архітэктар Ігар Яўмененка
Будаўніцтва 20052006 гады
Стан дзейнічае
Map

Свята-Аляксандра-Неўская царква — драўляны праваслаўны храм у горадзе Слуцку Мінскай вобласці.

Закладзены 15 мая 2005 года на тэрыторыі вайсковай часткі № 32213 (307-я асобная чыгуначная брыгада). Праект падрыхтаваны калектывам пад кіраўніцтвам галоўнага інжынера вайсковага злучэння падпалкоўніка Ігара Яўмененкі. Будаўнічымі работамі кіраваў старэйшы прапаршчык Юрый Сударкін, працавалі старшы сяржант Аляксандр Саламацін і служачы Барыс Біч, а таксама прапаршчыкі Уладзімір Сакалоўскі і Іван Заяц.

Канчаткова завершаны і асвечаны храм быў у маі 2006 года. Царква стала першым палкавым храмам у чыгуначных войсках і буйнейшым храмам у сістэме Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Настаяцелем храма да 2015 года з’яўляўся іерэй Іаан Вейга. З 2015 года настаяцелем храма з’яўляецца іерэй Сяргей Рында.

Царква ўзведзена з круглых точаных хваёвых бярвенняў на бетонным падмурку. Гэта крыжовае ў плане цэнтрычнае збудаванне з чацвярыковай вежай-званіцай на галоўным фасадзе. Невысокі чацвярык над сяродкрыжжам завяршае шацёр з купалам на круглым барабане. Падобным купалам таксама завяршаецца шацёр званіцы. Унутраная прастора званіцы раздзелена на тры паверхі. Ніжні служыць уваходным тамбурам. На верхнім, ваконныя праёмы якога закрываюцца аканіцамі, вісяць шэсць званоў, адлітых у мінскай майстэрні «Отменное литьё». Невялікія дэкаратыўныя купалкі ўзвышаюцца над схільнымі дахамі бакавых прыдзелаў і алтарнай апсіды. Акрамя галоўнага ўвахода, ёсць два бакавыя. Сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Агульная вышыня храма 17,5, шырыня — 12,5, даўжыня — 18 метраў. Абразы для шасціяруснага іканастаса напісаны мінскім мастаком-іканапісцам Анатолем Мацяшам[1].

Зноскі

  1. Ігар Ціткоўскі.. Царква Аляксандра Неўскага. Наследие Слуцкого края (5 верасня 2016).
  • Багдашыц С. Храм без единого гвоздя // Інфа-Кур’ер. 2005. № 42.
  • Достанко А. Заложен камень в основание часовни // Інфа-Кур’ер. 2005. № 19.
  • Квіткевіч С. Храм палка // Мінская праўда. 20 мая 2006.