Свята-Ануфрыеўская царква (Сялец)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праваслаўны храм
Свята-Ануфрыеўская царква
53°52′32″ пн. ш. 31°46′37″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Аграгарадок Сялец
Канфесія Праваслаўе
Епархія Магілёўская і Мсціслаўская
Благачынне Мсціслаўскае
Архітэктурны стыль барока[1]
Першае згадванне 1407
Будаўніцтва XVIII стагоддзе1825
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г000518шыфр 513Г000518
Стан руіны
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Свя́та-Ану́фрыеўская царква́ — праваслаўны храм у аграгарадку Сялец (былая в. Ануфрыева Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці). Узведзена як уніяцкая пры даўнім праваслаўным (з XVII стагоддзя — грэка-каталіцкім) манастыры. Помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Галоўны фасад царквы, 1939 год

Царква ўваходзіла ў склад колішняга Свята-Ануфрыеўскага манастыра — аднаго са старажытных праваслаўных манастыроў Беларусі. Паводле адной з версій, ён быў утвораны ў XIV стагоддзі князем Юрыем Смаленскім[2]. Згодна з царкоўным паданнем[3], манастырскім статутам 1828 года[4][5] і паведамленнем Міхаіла Без-Карніловіча[6], кляштар заснаваў у 1407 годзе мсціслаўскі князь Лугвен Альгердавіч у глухім лесе, на месцы, дзе яго сыну Юрыю Лугвенавічу з’явіўся Святы Ануфрый і паказаў дарогу дахаты. Пазней Юрый прывёз з Афона абраз святога Ануфрыя, які разам з партрэтамі фундатараў манастыра Юрыя і яго жонкі Сафіі захоўваўся ў найстарэйшай пабудове комплекса — невялікай драўлянай Свята-Ануфрыеўскай царкве.

У 1453 годзе князь Юрый ахвяраваў манастыру тры вёскі, ягоны сын Іван таксама павялічыў валоданні манахаў, якім у пэўны час належалі 11 тысяч дзесяцін зямлі, 2 дзесяціны леса, 1000 сялян мужчынскага полу, 3 фальваркі, 7 вадзяных млыноў і бровар.

Адзін з друцкіх князёў, Багдан Друцкі-Азярэцкі, у XVI стагоддзі вырашыў стаць манахам і прыняць духоўны сан у Ануфрыеўскім кляштары. Жыгімонт Ваза падтрымаў князя і паабяцаў у выпадку прыняцця сана падарыць яму манастырскія валоданні. Але як толькі кароль падпісаў паперы аб перадачы зямель Друцкаму, той перадумаў станавіцца манахам. Жыгімонт Ваза вярнуў манастыр сабе[7].

У 1635 годзе вялікі князь літоўскі Уладзіслаў Ваза перадаў манастыр ордэну базыльянаў.

Па звестках сярэдзіны XVIII стагоддзя, усе будынкі ў Свята-Ануфрыеўскім манастыры былі драўлянымі. На той час кляштару належаў суседні фальварак, дзейнічала царкоўнапрыходская школа, дзе ў 1803 годзе на «манастырскай вопратцы і харчаванні» ўтрымлівалася 10 дзяцей, якіх вучылі рускай і польскай граматыцы і спевам. Служылі 8 манахаў. Філіяльных цэркваў манастыр не меў[3].

Выгляд з боку апсіды.

Да пачатку XIX стагоддзя манастыр кіраваўся архімандрытам, манастырская архімандрыя па багаццю даходаў саступала толькі Полацкай. Яго ігуменам лічыўся тытулаваны архіепіскап Смаленскі і Северскі.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай кляштар увайшоў у склад Расійскай імперыі, яго архімандрытам да 1803 года стаў Іраклій Лісоўскі, які адсюль фактычна кіраваў усімі ўніятамі былога Вялікага Княства Літоўскага. У апошняй чвэрці XVIII стагоддзя па яго ініцыятыве пачалося будаўніцтва новай цаглянай царквы, таксама ён змайстраваў гадзіннік для храма[7].

У 1809 годзе царкоўныя будынкі былі перададзены ваеннаму ведамству. Паводле інвентара 1817 года, у кляштары захоўваўся манастырскі архіў і была абсталявана бібліятэка, якая налічвала 302 кнігі, у тым ліку рукапісныя. Гэта былі працы па тэалогіі, філасофіі, гісторыі, праву[3].

Згодна з інвентаром 1823 года, у манастыры былі дзве царквы: старая драўляная з 5 алтарамі і новая. Новы мураваны храм быў канчаткова дабудаваны у 1825 годзе, і 25 жніўня таго ж года яго асвяцілі ў гонар Святога Ануфрыя. Пасля яго ўзвядзення старую царкву было вырашана не аднаўляць і на будучыню выкарыстоўваць як пахавальную капліцу «для далейшай кансервацыі парэшткаў там складзеных архіепіскапаў і многіх іншых знатных асоб». Галоўныя рэліквіі з яе — абразы Божай Маці, падараваны Лугвенам у 1407 годзе, і Святога Ануфрыя, былі перанесены ў новы будынак[3][7].

Новая царква разам з прымыкаючымі да яе карпусамі ўтваралі адзіны фасад, звернуты да двара манастыра. З іншага боку, насупраць царквы, двор замыкалі пастаўленыя ў адну лінію стайні і карэтная з размешчанай паміж імі крытай ўязной брамай. У браме з унутранага боку знаходзілася адмысловая дошка, на якую паводле статуту павінен быў запісаць сваё імя кожны манах, які выходзіў за межы манастыра[3].

У выніку паўстання 1830—31 гадоў, у 1836 годзе манастыр быў адабраны ў базыльянаў і зноў перароблены ў праваслаўны, аднак ён хутка спыніў сваё існаванне. Свята-Ануфрыеўская царква спачатку служыла вайсковым храмам для размешчанай тут 11-й пяхотнай дывізіі  (руск.), а пазней стала прыходскай і ў такім стане праіснавала да 1920-х гадоў[3]. У пачатку XX стагоддзя ў царкве служыў настаяцелем протаіерэй Міхаіл Гашкевіч.

За савецкім часам манастырскі корпус быў пераабсталяваны пад школу, а царква — пад спартыўную залу. Значныя руйнаванні храм атрымаў падчас Другой сусветнай вайны і з таго часу больш не аднаўляўся. У 1950-х гадах улады разабралі металічны дах будынка, які знаходзіўся ў аварыйным стане.

У 2007 годзе царква была занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння. У 2018 годзе каля старой царквы быў пабудаваны невялікі драўляны храм, асвячоны ў лютым таго ж года ў гонар Святога Ануфрыя[8].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Інтэр’ер.
Бакавы фасад царквы, 1939 год

Помнік архітэктуры пераходнага перыяду ад барока да класіцызму — барочнага класіцызму. Царква — выцягнутая па падоўжнай планіровачнай восі, узнятая на высокі руставаны цокаль пабудова, накрытая агульным двухсхільным дахам. Уяўляе з сабе аднанефавы храм з паўцыркульнай алтарнай апсідай і высокай пяціяруснай чатырохграннай вежай-званіцай пад маленькім шатром. Усе ярусы падзелены развітымі карнізамі і крапаваны вуглавымі пілястрамі. Фасады расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі і падвойнымі пілястрамі ў прасценках і па вуглах, апяразаны прафіляваным карнізам. У дэкоры выкарыстаны руставаныя лапаткі, падвойныя пілястры і калоны. Тры ўваходы ў храм размешчаны ў ніжнім ярусе вежы і вылучаны паўцыркульнымі парталамі. Аконныя праёмы фасадаў з лучковымі, на вежы — з паўцыркульнымі завяршэннямі[9].

Прастора малітоўнай залы перакрыта цыліндрычным скляпеннем на падпружных арках і распалубках. У тоўшчы франтальнай фасаднай сцяны змешчана вітая лесвіца на хоры, якія падтрыманы 2 парамі калон. Каланадай вылучана і апсіда[1].

Справа ад царквы былі пабудаваны аднапавярховыя цагляныя манастырскія будынкі. У іх знаходзіліся цёплая царква Святога Мікалая (перабудавана ў школу), пакоі архімандрыта, канцылярыя, трапезная. Да нашых дзён правы корпус не захаваўся. З левага боку стаяў другі манастырскі корпус, які захаваўся часткова. Тут былі келлі, кухня і каморка, а таксама бібліятэка і архіў. У архіве знаходзілася кніга, у якой былі распісаны ўсе прывілеі, якія былі дадзены манастыру князямі[7].

Зноскі

  1. а б в Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5., с.53
  2. Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X., с.199
  3. а б в г д е Аляксандр Невар.. Базыльянская царква св. Ануфрыя (недаступная спасылка). Графічнае адраджэньне страчанай архітэктурнай спадчыны (31 сакавіка 2018). Архівавана з першакрыніцы 23 жніўня 2019. Праверана 24.08.2019.
  4. Мицько, І. Про початки Свято-Онуфріївського монастиря у Лаврові // Лавра: Часопис монахів Студитського уставу. — 1999. — Т. 6. — С. 29.
  5. Климов, С. Пустынский хронограф / Сергей Климов. — Могилев: Издательский Совет Могилевской Епархии, 2008. — 79 с.: цв. ил. — С. 23.
  6. Без-Корнилович, М. Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии: с присовокуплением и других сведений к ней же относящихся / составлены Михаилос Осиповичем Без-Корниловичем. — Санкт-Петербург: в Типографии III Отделения собственной е. и. в. канцелярии, 1855. — [2], VIII, 355 с. — С. 184, прим. 1.
  7. а б в г Юрый Жыгамонт.. Каля Ануфрыеўскага манастыра (Магілёўская вобласць) пахаваны патрыярх Смаленскі (руск.)(недаступная спасылка). СТБ. Архівавана з першакрыніцы 18 жніўня 2019. Праверана 23.08.2019.
  8. Каля руін старадаўняга манастыра вырас храм (руск.). horki.info (7 сакавіка 2018). Праверана 24.08.2019.
  9. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл., с.318

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]