Свята-Духаўскі манастыр базыльянак (Мінск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сакральнае збудаванне
Свята-Духаўскі манастыр базыльянак
53°54′14″ пн. ш. 27°33′29″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Дата заснавання XVII ст.
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 712Г000238шыфр 712Г000238
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Свята-Духаўскі манастыр базыльянак — будынак у Мінску, размешчаны ў Верхнім Горадзе, па вуліцы Энгельса, 1. Помнік архітэктуры Рэнесансу рэспубліканскага значэння[1]. Частка комплексу былога Свята-Духаўскага базыльянскага манастыра. Цяпер у будынку размяшчаецца Дзіцячая музычная школа № 10 імя Я. А. Глебава.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Заснаваны ў 1641 годзе на Высокім рынку, дзякуючы фундацыі ўніяцкага мітрапаліта Антонія Сялявы. Першая ігумення манастыра Кацярына Сапега ахвяравала манастыру 9 тысяч злотых, а таксама яшчэ 10 тысяч злотых на утрыманне пры манастыры бедных асірацелых дзяўчынак[2].

Першапачаткова, у другой палове XVI — пачатку XVII стагоддзя, манастыр быў размешчаны ў мураваных жылых дамах, збудаваных на паўночна-ўсходнім баку высокага рынку. Гэтыя дамы былі выкуплены ў гараджан і разам з зямельнымі пляцамі перададзены манастыру. Будаўніцтва новага мураванага жылога манастырскага корпуса скончана каля 1650 года. У час будаўніцтва былі захаваны і выкарыстаны сцены і скляпы папярэдніх будынкаў. Двухпавярховы П-падобны ў плане манастырскі будынак меў высокі вальмавы дах і быў накрыты дахоўкай. Планіроўка інтэр’ераў калідорная. На першым паверсе, які быў перакрыты крыжовымі скляпеннямі, акрамя манастырскіх келляў размяшчаліся трапезная, пакоі для гасцей, кухня і іншыя памяшканні. На другім паверсе, з драўлянай столлю, знаходзіліся толькі жылыя памяшканні[2].

Рэканструкцыя базыльянскіх манастыроў на XVIII ст. Архітэктар Людміла Іванова, 1970-я гады

У 1650 годзе да базыльянскай царквы Святога Духа прыбудавана асобная мураваная прамавугольная ў плане капліца манастыра базыльянак. Капліца была перакрыта крыжовымі скляпеннямі. Жылы манастырскі будынак быў злучаны з гэтай капліцай крытай галерэяй, якая праходзіла над высокай мураванай сцяной і мела 3-х пралётны праезд. У капліцы знаходзіўся вялікі разны залачоны драўляны алтар з абразамі Маці Божай, Святога Васіля і Іасафата. Хоры капліцы выходзілі ў інтэр’ер царквы і былі закрыты драўлянымі кратамі. Уся тэрыторыя манастыра, дзе знаходзіліся драўляныя гаспадарчыя пабудовы, была абнесена сценамі[2].

Наяўнасць побач двух манастыроў — мужчынскага і жаночага — вынікала з практыкі манаскага жыцця ўніяцкай царквы ранняга перыяду, якая прадугледжвала суіснаванне абодвух асяродкаў і іх узаемную падтрымку ў гаспадарчай і літургічнай сферах. Мужчынскі і жаночы манастыры ў Менску былі паяднаны не толькі ідэйна, але і архітэктурна: у цэнтральнай частцы горада, на галоўнай рыначный плошчы побач з ратушай, быў узведзены супольны манастырскі комплекс, дамінантай якога стала царква Святога Духа[2].

Святадухаўскі манастыр базыльянак моцна пацярпеў у час вайны паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай 1654—1667 гадоў. У ругой палове XVII стагоддзя манастыр быў адноўлены, пазней неаднаразова рэканструяваўся[2].

У 1795 годзе манастыр базыльянак быў зачынены адначасова з манастыром базыльян. Усе манастырскія будынкі былі перададзены Мінскаму праваслаўнаму Петрапаўлаўскаму манастыру, які знаходзіўся тут да 1799 года. У 1799 годзе праваслаўны манастыр пераводзіцца ў Пінск, а ў будынках былога мінскага манастыра базыльянак змяшчаецца праваслаўная кансісторыя, якая знаходзілася тут да 1840-х гадоў[2].

Пасля пажару 1835 года ў час перабудовы былой царквы Святога Духа пад Мінскі праваслаўны кафедральны сабор Св. Пятра і Паўла была разбурана манастырская капліца XVII стагоддзя, а таксама галерэя, якая злучала капліцу з манастыром. Кансісторыя была пераведзена ў новы будынак на Навамейскай плошчы, а манастырскі корпус перададзены прытчу Мінскага кафедральнага Петрапаўлаўскага сабора[2].

Корпус манастыра базыльянак да рэстаўрацыі
Шыльда музычнай школы

Пасля 1920 года памяшканні былога манастыра базыльянак XVII стагоддзя выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры[2].

У 1995 годзе будынкі карпусоў манастыра базыльянак былі рэстаўраваны, адноўлена іх першапачатковая планіроўка і страчаныя архітэктурныя элементы фасадаў, у т.л. барочны шчыт. Пасля рэстаўрацыі тут была размешчана дзіцячая музычная школа[2].

Калі ў 2012 годзе на старажытных мурах быў адноўлены будынак мінскай царквы Святога Духа, адначасова была адноўлена і галерэя, якая злучыла былы манастыр базыльянак з царквой[2].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Фасад па вуліцы Энгельса
План манастырскага корпуса
Падворак
Галерэя, якая злучае манастырскі корпус з храмам
Крыло па Музычным завулку

Аб першапачатковым выглядзе манастырскіх будынкаў вядома вельмі мала. На плане манастырскага комплексу 1799 года праглядаюцца выступы пілястр ці лапатак, якімі быў расчленены яго фасад[3].

Манастырскі корпус уяўляе сабой двухпавярховы П-падобны ў плане будынак сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі[4]. Вуглавая частка будынка акцэнтавана высокім фігурным франтонам[5]. Пад двухсхільным вальмавым дахам праходзіць шматслойны масіўны карніз. Тарцовы фасад крыла па Музычным завулку завершаны трохвугольным франтонам з маленькі акном. Плоскасці сцен пазбаўлены дэкору, члянёны прамавугольнымі вокнамі без ліштваў[4]. Падоўжны фасад будынка падзелены міжпаверхавай цягай[5]. Галоўны ўваход аформлены металічным казырком на фігурных кранштэйнах[1].

Унутраная прастора вырашана па калідорнай схеме з аднабаковым размяшчэннем памяшканняў. Калідор перакрыты крыжовымі скляпеннямі[4].

Манастырскі корпус злучаны з царквой Святога Духа крытай галерэяй[4], што праходзіць па крапасной сцяне ў выглядзе аркады, падзеленай лапаткамі на праёмы. У месцы прымыкання сцяны да манастырскага будынка размяшчаецца трохпралётная брама з цэнтральнай шырокай праязной і дзвюма вузкімі бакавымі аркамі. Галерэя была прарэзана маленькімі вокнамі, якія ў час абароны можна было выкарыстоўваць як байніцы[3].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]