Свята-Казьма-Дзям’янаўская царква (Гарадок)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праваслаўная царква
Казьма-Дзям’янаўская царква
53°02′32″ пн. ш. 28°45′52″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Гарадок
Канфесія Праваслаўе
Епархія Бабруйская
Благачынне Бабруйска-Глускае
Архітэктурны стыль народнае дойлідства
Архітэктар Фёдар Санкоўскі[1]
Заснавальнік Жылінскі
Дата пабудовы 1814 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г000408шыфр 513Г000408
Стан дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Свята-Казьма-Дзям’янаўская царква — праваслаўная царква ў вёсцы Гарадок Глускага раёна Магілёўскай вобласці. Размешчана на заходняй ускраіне вёскі, на вуліцы Садовай, 57[2].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Царква вядома з сярэдзіны XVII стагоддзя. На цвінтары захаваліся магілы святароў, якія адносяцца да XVII—XVIII стагоддзяў[3].

У 1814 годзе мясцовы памешчык Жылінскі пабудаваў у мястэчку новую царкву, якая была адкрыта на прастольнае свята 14 лістапада. Храм быў узведзены архітэктарам Фёдарам Санкоўскім у гонар перамогі ў вайне 1812 года, удзельнікам якой быў сам Жылінскі[4].

Да 1860 года царква стала трухлявай і патрабавала капітальнага рамонту[5]. У 1866 годзе на дзяржаўныя грошы храм перабудавалі, была дабудавана званіца. Таксама было набыта новае царкоўнае начынне, узведзены новы дом для святара. Аднак працы былі выкананы няяксана, і ў 1884 годзе на царкве зноў перакрылі дах, перабудавалі купалы[5]. У 1905 годзе будынак ашалявалі, вакол збудавалі агароджу з брамай[3].

За савецкім часам храм дзейнічаў да 1940 года, калі памяшканне было перададзена пад яўрэйскую ганчарную майстэрню. Царкоўныя пабудовы былі знішчаны. З прыходам акупацыйных уладаў на пачатку Вялікай Айчыннай вайны службы ў царкве аднавіліся і ў далейшым не прыпыняліся[4].

У 1944 годзе, калі ў Гарадку адбываліся жорсткія баі за стратэгічна важны мост цераз раку Пціч, нацысты ператварылі вежы храма ў агнявыя кропкі, размясціўшы на іх кулямёты. Царкву абстрэльвалі, аднак будынак не загарэўся. Яе сцены дагэтуль захоўваюць сляды ад куль і асколкаў шрапнелі[3][6].

Пасля вайны храм быў адзінай дзеючай царквой у раёне[6]. У 1960-я гады святыня паўторна асвячалася вікарным епіскапам Бабруйскім Лявонціем[5]. Шмат намаганняў для захавання храма ў пасляваенны час прыклаў святар Георгій Семянюк[7]. У 1970-я гады будынак рамантаваўся.

У 1992 годзе прыход царквы быў адноўлены. У цяперашні час настаяцелем у ім з’яўляецца іерэй Аляксандр Фёдараў[2]. Пры садзейнічанні ўладаў у царкве быў зроблены рамонт бляшанага даху[7].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Выгляд з боку апсіды

Помнік драўлянага народнага дойлідства з выкарыстаннем стылізаваных рысаў класіцызму[8][9]. Будынак вышынёй 22 м уяўляе працяглую падоўжана-восевую кампазіцыю, якая складаецца з прамавугольнага асноўнага аб’ёму (32x12 м), пяціграннай апсіды, трох’яруснай званіцы і бабінца. Царква накрытая двухсхільным дахам з вальмамі над апсідай.

З асноўнага аб’ёма выступаюць бакоўкі прытвора і прыдзелаў. З боку галоўнага фасада размешчана званіца (васьмярык на чацверыку), завершаная паўсферычным купалам. Над асноўным аб’ёмам — васьмігранны самкнуты купал на гранёным светлавым барабане. Сцены прарэзаныя высокімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі, якія абрамленыя простымі ліштвамі з сандрыкамі. Кутнія часткі будынка ўмацаваны драўлянымі лапаткамі. Галоўны ўваход вырашаны ў выглядзе стылізаванага порціка. Унутраная прастора царквы развітая па падоўжнай восі. Светлавы барабан з васьмігранным самкнутым скляпеннем падтрымліваецца васьмю слупамі.

У глыбінна развітай унутранай прасторы пануе падкупальная прастора сяродкрыжжа, перакрытая 8-гранным шатром, абапёртым на ветразі і 8 слупоў. У дэкоры інтэр’ера шырока выкарыстана разьба па дрэве. Адзін з абразоў Маці Божай датуецца 1861 годам[3].

Прыход[правіць | правіць зыходнік]

Царква з боку апсіды

Па звестках 1864 года, прыходу належалі 33 дзесяціны сядзібнай, ворнай і сенакоснай зямлі. Штатны прыбытак прычта складаў 256 рублёў. Побач з царквой размяшчалася плябанія, пабудаваная ў 1847 годзе. Сярод дабрачынцаў храма згадваюцца графы Мікалай і Алена Бандзецкія. Налічвалася 970 мужчын і 1052 жанчын вернікаў. Царкоўнае начынне і святарскія рызы былі беднымі. Да храма былі прыпісаны цэрквы ў Вільчы і Глушы.

У другой палове XIX стагоддзя прыход уключаў у сябе 16 вёсак (акрамя самога мястэчка) і складаўся з 785 двароў, у якіх насялялі 3142 мужчын і 2875 жанчын. Штогадовае дараванне, якое было прызначана святару, складала 391 рубель 68 капеек, псаломшчыку — 117 рублёў 48 капеек. Царкоўная зямля налічвала 86 дзесяцін 1662 квадратных сажаней зямлі[5].

На 1879 год сярод царкоўнага начыння адзначаны срэбны прыбор літургічных пасудзін вагой 82 лота і тры новых і чатыры старых камплектаў святарскіх адзенняў з таннай парчы. З іншых рэчаў не хапала толькі вадасвятнай чашы. Евангелле захоўвалася ў металічнай пасярэбранай аправе. З ліку іншых кніг не было Ірмалогія і месячнай мінеі. У царкоўным архіве знаходзіліся метрычныя кнігі пачынаючы з 1822 года і спавядальныя спісы прыхаджан з 1840 года[10].

У прыходзе дзейнічалі 5 школ: двухкласная школа ў Гарадку, аднакласная ў Вільчы, і яшчэ 3 школы ў бліжэйшых вёсках, пра якія нічога невядома. Прыпісныя цэрквы былі ў вёсках Барысаўшчыне, Вільчы, Гарадзішчы, Глушы і Сіманавічах[5].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5. — С. 603
  2. а б Храмы Бобруйской епархии. Список приходов. — Бобруйская епархия Белорусской Православной Церкви. (руск.)
  3. а б в г У храма счастливая судьба. // Глусская районная газета «Радзіма», 12 лістапада 2013. (бел.)
  4. а б Навум Сандамірскі. Царква пад старымі ліпамі. // 7 цудаў: Глускі раён. — Народная газета, 22 жніўня 2009. — С. 15. (бел.)
  5. а б в г д История Космо-Дамиановского храма д. Городок. — Бобруйская епархия Белорусской Православной Церкви. (руск.)
  6. а б Тут маліліся два вякі Архівавана 17 ліпеня 2020.. — Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, 13 лістапада 2014. (бел.)
  7. а б Да 200-годдзя рукой падаць. Касма-Даміянаўская царква на плынях гісторыі // Радзіма — 2004 — 12 лістапада. — С.2.
  8. Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5. — С. 143
  9. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл. — С. 174
  10. Описаніе церквей и приходовъ Минской епархіи, составленное по оффиціально затребованнымъ от притчовъ свѣдѣниямъ. VII Бобруйскій уѣздъ. — Минскъ: Типо-литографія Б. И. Соломонова. — 1879. — 146 с. — С. 39—42.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]