Свята-Мікалаеўская царква (Латыгаль)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праваслаўны храм
Царква Свяціцеля Мікалая, Архібіскупа Свет Лікійскіх
54°22′10″ пн. ш. 27°09′30″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Латыгаль
Канфесія Беларуская праваслаўная царква
Епархія Маладзечанская
Архітэктурны стыль беларускае народнае дойлідства, барока
Заснавальнік Брыгіта Петранела з Радзівілаў[d]
Дата пабудовы 1771 год
Асноўныя даты
1839пераасвячэнне ў праваслаўе
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Г000126шыфр 612Г000126
Стан дзейная
Сайт "Церковь д.Латыголь" (руск.)
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Свята-Мікалаеўская царква — праваслаўны (былы уніяцкі) храм у вёсцы Латыгаль Вілейскага раёна Мінскай вобласці. Адна з найстарых драўляных цэркваў рэгіёна, помнік беларускага народнага дойлідства, за сваю гісторыю ніколі не зачынялася.

Прастольнае свята — 22 мая, 19 снежня.

Настаяцель — іерэй Андрэй Громаў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Уніяцкі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Першы ўспамін пра царкву адносіцца да 1682 года, падчас візітацыі Лагойскай пратапопіі. «W Latihole, w maietnosci j ego milosci pana Heronima Samuela Kotla, marszalka oszmianskiego. Cerkiew zalozenia Swietego Mikolaia. Przy kturey cerkwi wielebny ociec Marko Klimetowicz zostaie»[1]. Прыход складаўся з вёсак Латыгаль, Трыгузі, Рогавічы, Паняцічы, Чарапкі, Кухты, Чэхі, Ляўкова. Агульна налічвалася 264 вернікі.

10 мая 1701 года падскарбі Вялікага Княства Літоўскага Міхал Казімір Коцел выдаў прывілей прасвітару Латыгальскай царквы на правядзенне два разы на год кірмашоў і дазволіў бязмытнае ўтрыманне шынка. У 1732 годзе царква знаходзілася на фундацыі пана Пачобута, чэсніка смаленскага. Настаяцелем пры храме ў той час служыў ксёндз Ян Ламановіч. Будынак царквы быў пабудаваны з брусу. Над захрысціяй і бабінцам уздымаліся па адной вежачцы з купалам. На гонтавым даху было пять жалезных крыжоў. Унутры — столь і пол драўляныя; вокнаў дзесяць (усе драўляныя). Званіца ўяўляла сабой рагаціну з падвешаным звонам. Могілкі вакол царквы былі абгароджаны плотам. Фундатары не сквапіліся на грашовыя сродкі. Унутраннае аздабленне адрознівалася багаццем і вытанчанай раскошай. Галоўны алтар быў часткова пазалочаны і пасрэбраны, аклады абразоў былі зроблены з каштоўных металаў. К таму часу ў валоданні царквы засталася адна валока зямлі, адзін падданы селянін з трыма сынамі.

У 1738 годзе, з нагоды пажару, у царквы паўстаў новы драўляны будынак, сярэдніх памераў, без купала, з жалезным крыжом на даху. Настаяцель — ксёндз Самуіл Мрайскі; фундатар Ян Коцел, стараста тынтагольскі. Пасля смерці апошняга, фундуш царкве быў дадзены Андрэем Пачобутам 10 мая 1745 года у суме паўтысячы тынфаў на маёнтку Ляўкоўскім. Два разы ў год, вясной і восенню, з адсоткаў па гэтай суме ксяндзы-пробашчы атрымвалі плату ўсяго 35 тынфаў. За гэта яны былі абавязаны штогод праводзіць 36 набажэнстваў чытаных і чатыры квартальных са спевам. Акрамя таго храму навечна перадаваўся селянін Пракоп Чарапок з жонкай, сынамі, з усёй яго хатняй гаспадаркай і будынкамі, з раллямі, сенажацямі.

У 50-60-ых гадах XVIII стагоддзя пасля пажару, храм зноў перабудавалі. У 1763 годзе ён па-ранейшаму быў драўляны, меў тры купалы з вялікімі жалезнымі прамяністымі крыжамі. У апісанні галоўнага двух’яруснага алтара ўжо не згадваецца ні пазалота, не серабрэнне, а проста зазначалася «драўляны сталярскай працы, пафарбаваны». Храм больш напамінаў сціплую могілкавую царкву.

На 23 студзеня 1766 года царква знаходзілася пад патранатам прадстаўніцы роду князёў Радзівілаў графіні Брыгіды Салагуб. І калі на пачатку 70-ых гг. XVIII ст. здарыўся чарговы пажар, менавіта па яе фундацыі вялося аднаўленне святыні.

Новая царква паўстала ў 1771 годзе з дрэва, ў паўночнай частцы вёскі, на месцы старой трохкупальнай[2]. У параўнанні з папярэднім новы храм выглядаў пышна. Гонтавы дах з двума высокімі купаламі і жалезнымі крыжамі на іх, восем вокнаў, фігурны франтон надавалі запамінальны сілуэт. Над уваходам размяшчаліся хоры; столь была драўляная, а падлога — цагляная. Пасля смерці графіню пахавалі ўнутры храма, перад алтаром, з усімі належнымі ўшанаваннямі. Тады ж была збудавана і званіца з двума звонамі, ў 12 кроках ад царквы. У такім выглядзе царква прастаяла больш стагоддзя.

20 лістапада 1812 года французская армія пад кіраўніцтвам Напалеона, прайшоўшы праз Вязынь, падышла да вёсак Шчукі і Латыгаль, дзе ў царкве заняла абарону. На той час латыгальская царква стаяла на вялікім узгорку, з трох бакоў абкружаная балотамі, што было зручнай пазіцыяй для вядзення бою. У царкве размясцілі коней і валоў, разам з якімі грэліся і салдаты. 21 лістапада завязаўся бой паміж данскімі палкамі генерала Платава і артылерыяй генерал-лейтэнанта Мартынава з французамі. Царкоўны летапіс латыгальскага храма змяшчае апісанне абстрэлаў царквы ў 1812 годзе. А цудам уцалелая ад пажару царква да сёння захоўвае шматлікія сляды карцечы з паўночнага боку[3].

Праваслаўны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

!920 год
2014 год
Брама

У 1839 годзе абылося пераасвячэнне царквы ў праваслаўную[2]. Адносілася яна да пятага разраду. Па штаце ў ёй было дзве пасады — святара і псаломніка, але фактычна ўтрымлівалася яшчэ і прасфорня. Царква неаднаразова рамантавалася: у 1861 годзе звонку сцены ашалявалі, у 18821883 гг. адбыўся капітальны рамонт. У 1897 годзе на ахвяраванні была пабудавана каменная званіца і агароджа. Аднак да 1927 года званіца стала абсоўвацца пад сваёй вагой, з'явіліся расколіны ў агароджы. Усе спробы зберагчы збудаванне поспеху не мелі і званіцу прыйшлося разабраць, а званы перамесціць у храм. З тых камянёў склалі лесвіцу з прыступкамі і ўмацавалі слупы брамы контрфорсамі.

У 2016 годдзе адбылося ўрачыстае святкаванне 245-годдзя Свята-Мікалаеўскай царквы[4].

Настаяцелі[правіць | правіць зыходнік]

  • Марка Клімянтовіч (каля 1682 г.)
  • Ян Ламановіч (1732 — 1738, 1745 — 1784)
  • Самуіл Мрайскі (1738 — 1745)
  • Пётр Капусцнскі (1784 — ? )
  • Андрэй Акуліч (? — 1813)
  • Васіль Радзівіновіч (1813 — 1847)
  • Мікалай Шпакоўскі (1847 — 1857)
  • Іосіф Шалепін (1857 — 1862)
  • протаіерэй Іосіф Савіч (1862 — 1918)
  • протаіерэй Уладзімір Кудраўцаў (лістапад 1918 — чэрвень 1920)
  • Уладзімір Альбаў (чэрвень 1920 — 1938)
  • протаіерэй Віктар Бекарэвіч (1939 — 1955) [5][6]
  • протаіерэй Феадосій Курылла (1955 — 1980)[7]
  • протаіерэй Віталь Серафімовіч (1981 — 1985)
  • протаіерэй Вячаслаў Зуеўскі (? — 2007)
  • іерэй Андрэй Швяцоў (2008 — 2014)
  • іерэй Андрэй Громаў з 2015 г.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Свята-Мікалаеўская царква - адна з нешматлікіх, што захаваліся амаль у нязменным выглядзе і адлюстроўваюць уласна беларускі стыль у архітэктуры, выпрацаваны за доўгія стагоддзі тутэйшымі дойлідамі[8][9]. Складаецца з двух амаль квадратных у плане зрубаў, накрытых агульным шматсхільным дахам, які ўтварае невялікія трохвугольныя навісі ў месцы прымыкання зрубаў. Галоўны фасад завершаны трапецападобным франтонам з дэкаратыўнай шалёўкай і вялікім лучковым акном у цэнтры. Франтон увянчаны чацверыковай вежачкай з галоўкай.

Царква да 1914 года
Царква ў 2014 годзе

Такая ж галоўка над алтаром. Па баках алтарнага зрубу невысокія квадратныя сакрысціі, накрытыя аднасхільнымі дахамі. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі. Над дзвярамі — абраз святога Мікалая ў ківоце, паабапал яго і над карнізам — прамавугольныя вокны ў атачэнні белых ліштваў, аздобленыя нішамі. Такія ж вокны папарна размешчаны і ў бакавых сценах нефа. Апсіда вылучаецца сваёй даволі рэдкай прамавугольнай формай. Насупраць, над уваходам — хоры, зробленыя па тыпе антрэсолей. У інтэр'еры вылучаецца плоскі алтар; пры ўваходзе — вузкі бабінец і дапаможныя памяшканні. Столь плоская. Спалучаюцца рысы традыцыйнага народнага дойлідства і стылю барока.

Калі параўнаць сучасны выгляд царквы і на здымку Я. Балзункевіча на пачатку ХХ ст., то бачны істотныя адрозненні ў абліічы галоўнага фасада. Першапачаткова ён меў франтон складанага, пластычнага абрысу, характэрнага для барочнай архітэктуры і стылю ракако. Франтон надаваў усяму збудаванню незвычайную выразнасць і эмацыянальнасць. Царква была абнесеная каменнай агароджай у стылі мазаічнай муроўкі, са стрэшкай і слупавай брамай з лучковымі варотамі з дахам. Справа ад іх знаходзілася мураваная званіца, якая мела высокі трохсхільны дах з вальмай пад галоўным фасадам[10]. Над вальмай — чатырох'ярусная вежа са спараннымі вокнамі з шатром і галоўкай.

Зноскі

  1. Візіты уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680—1682 гг.: Зб. дак-таў / Склад. Д. В. Лісейчыкаў. — Мінск.: І. П. Логвінаў, 2009. — с., 270 c.: іл. ISBN 978-985-6901-23-5
  2. а б ЛЕТАПІСНАЯ СТУЖКА ЧАСУ: з гісторыі праваслаўных храмаў Вілейшчыны // Вілейскі краязнаўчы музей
  3. Адна з самых цікавых і каларытных апавяданняў пра скарбы Напалеона датычыцца мясцін каля вёсак Сосенка і Рабунь(недаступная спасылка) // Шлях перамогі
  4. Престольный праздник, 245-летие церкви (руск.)
  5. «Взаимовыручка и доброжелательность спасли нас всех»(недаступная спасылка) (руск.) // «Белорусская военная газета. «Во славу Родины»
  6. ПАСТЫРЬ ДОБРЫЙ. К 100-ЛЕТИЮ СО ДНЯ РОЖДЕНИЯ ПРОТОИЕРЕЯ ВИКТОРА БЕКАРЕВИЧА (руск.)
  7. «И С КРЕСТОМ, И С МЕЧОМ» Архівавана 12 жніўня 2014. (руск.) // «Белорусская военная газета. «Во славу Родины»
  8. На тэрыторыі Вілейскага раёна на ўліку знаходзіцца 314 помнікаў гісторыі і культуры(недаступная спасылка) // VIALEJKA.INFO
  9. Шляхамі паўстанцаў: падарожжа ў невядомую Беларусь Архівавана 6 красавіка 2016. // VIALEJKA.INFO
  10. Паломніцтва па святынях Маладзечанскай епархіі Архівавана 3 лютага 2018. // Шлях перамогі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.
  • Памяць. Вілейскі раён. // — Мн.: БелТА., 2003. — 704 с. — (Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі.). — 3000 экз. — ISBN 985-6302-56-0.
  • Латыгольская летопись / А. С. Плавинский — Минск: Бизнесофсет, 2013 — 184 с. ISBN 978-985-693966-5
  • Візіты уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680-1682 гг.: Зб. дак-таў / Склад. Д.В. Лісейчыкаў. - Мінск.: І.П. Логвінаў, 2009. - с., 270 c.: іл. ISBN 978-985-6901-23-5

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]