Свята-Міхайлаўская царква (Такары)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праваслаўны храм
Свята-Міхайлаўская царква
52°21′30,36″ пн. ш. 23°15′44,94″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Такары
Канфесія Беларуская праваслаўная царква
Епархія Брэсцкая
Архітэктар невядома і Вільгельм Аўгуставіч Срока
Дата заснавання 1528
Будаўніцтва 1816
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Г000372шыфр 112Г000372
Стан дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Свята-Міхайлаўская царква — праваслаўны храм у вёсцы Такары Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці, помнік драўлянага дойлідства. Знаходзіцца ў цэнтры вёскі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Царква ў пачатку XX ст.

Царква ў Такарах пабудавана ў 1528 і адноўлена ў 1782 г. Паводле запісу з Актавай кнігі Берасцейскага ваяводства за 1584—1592 гг., 24 красавіка 1592 г. уладальнікі Такароўскага маёнтка «вси одностайне Панове Токаровскіе и хтожъ колвекъ кгрунты свои купчею вечистою, альбо заставою въ Токарях мели» на вечныя часы і на вечны пажытак далі мясцовай царкве адну валоку і пяць моргаў зямлі. Дакладнай і абавязковай умовай было вызначана, што парушальнік гэтага запісу з паноў Такароўскіх або іх нашчадкаў, назад узяўшы падараваны грунт сабе, мае быць прызваны да закона і сплаціць пакрыўджанаму боку «закладу вместо кгвалту» (спагнанне за шкоду) у памеры дваццаць коп літоўскіх грошаў, а пасля выплаты вярнуць адабраную зямлю Такароўскай царкве. 3 дароўнага запісу вынікае, што царква ў Такарах — «руская», г.зн. праваслаўная, старадаўняя. Чарговую святыню ў Такарах узвялі ў 1782 г[1].

У 1816 г. на месцы ранейшага храма паставілі новы. Паводле паведамлення з летапісу Такарскай царквы за 1934 г., царква 1816 г. перавезена з в. Дубін Пружанскага павета, дзе яна была могілкавай[1].

У 1837 г. святыня прысвячалася архангелу Міхаілу, уваходзіла ў Камянецкі ўніяцкі дэканат, мела філіяльную капліцу 1740 г. у Пужыцы. Апошнім уніяцкім святаром-адміністратарам у Такарах быў святар Ігнацы Залеўскі, які даў пісьмовую згоду на далучэнне да праваслаўя. У 1873 г. капітальна адрамантавана, па ўсёй шырыні павялічана на 8 аршын[1].

У чэрвені 1909 года была дабудавана званіца па праекце архітэктара Вільгельма Срокі[2]. Метрычныя кнігі з 1766 г. страчаны пад час Першай сусветнай вайны. Царква апынулася ў лініі абстрэлу, снарадам быў пашкоджаны крыж на званіцы і пазней упаў, новы пастаўлены ў 1924 г. Пры адступленні рускіх войскаў у 1915 г. ад агню пацярпелі прычтавыя пабудовы і 2-класнае вучылішча побач з царквою. У 1926 г. яна добраўпарадкавана і распісана. У 1935—1936 гг. дах перакрыты гонтам, у 1936 г. набыта Укрыжаванне (Галгофа)[1].

З 1990 года царква дзейнічае. Штогод 1 верасня ў Такарах святкуецца як дзень закладкі храма, 8 лістапада — прастольнае свята. Занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння[1].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Маці Божая з дзіцем. Канец 17 — пачатак 18 ст. МСБК НАН
Царква ў боку апсіды
Царква з брамай

Будынак адназрубавы з двух’яруснай званіцай на галоўным фасадзе, прамавугольнай у плане алтарнай часткай і дзвюма невялікімі рызніцамі з заходняга боку. Дах двухсхільны, гонтавы. Званіца (чацвярык на чацверыку) завершаная васьмігранным светлавым барабанам з макаўкай. Франтальны арачны праём званіцы запоўнены абразом «Святы Міхаіл». Сцены царквы вертыкальна ашаляваныя.

Акаймавана бутавай агароджай і скверам.

Інтэр’ер[правіць | правіць зыходнік]

Абразы 17 — 18 ст.: «Маці Божая Адзігітрыя», «Каранаванне Маці Божай» у драўляным абкладзе, «Троіца», абразы-таблеткі «Маці Божая з дзіцем» і «Мікалай Цудатворац» (19 ст.).

Зноскі

  1. а б в г д 1528, 1782, 1816, Такары // Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны: нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз; [рэдакцыйны савет: У. У. Андрыевіч (галоўны рэдактар) і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2018. — С. 101. — 511 с. — 600 экз. — ISBN 978-985-11-1055-7.
  2. Кулагин А. Н. Гродненские зодчие XIX — начала XX веков (новые архивные изыскания). // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Выпуск 24. — Мінск, «Права і эканоміка». — 2018. — С. 76—77

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]