Свята-Петра-Паўлаўская царква (Галынка)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праваслаўны храм
Свята-Петра-Паўлаўская царква
52°53′53,30″ пн. ш. 26°31′55,52″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Галынка
Канфесія Беларуская праваслаўная царква
Епархія Слуцкая епархія
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Г000197шыфр 612Г000197
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Свята-Петра-Паўлаўская царква знаходзіцца на паўночны захад ад вёскі Галынка Клецкага раёна, на могілках.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пабудавана ў 1-й палове 19 ст. з дрэва ў маёнтку Вендорфаў на сродкі памешчыка Чыжа. У царкоўным архіве захоўваліся візітныя кнігі з 1745 г. У 1863 г. адрамантавана на ўрадавыя сродкі (2 тыс. руб.). У 1909 г. збудавана 1-павярховая драўляная царкоўнапрыходская школа. Адчынена пасля заняпаду ў 1990-я гг.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Помнік народнага дойлідства з рысамі архітэктуры класіцызму. У сіметрычна-восевай аб'ёмнай кампазіцыі храма пануе цэнтрычны 8-гранны асноўны аб'ём, да якога па падоўжнай восі прымыкаюць рознавялікія прамавугольныя ў плане бабінец і апсіда з бакавымі рызніцамі. Над асноўным аб'ёмам, што падзелены вялікім карнізам з адлівам на 2 ярусы, гранёны паўсферычны купал, над якім 8-гранны барабан з шатровым завяршэннем і макаўкай наверсе. Усе аб'ёмы аб'яднаны адзіным бутавым цокалем і гарызантальнай шалёўкай фасадаў. Сцены прарэзаны прамавугольнымі рознавялікімі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах. Галоўны ўваход у храм вылучаны высокім 4-слуповым ганкам з трохвугольным франтонам.

Інтэр'ер[правіць | правіць зыходнік]

У арганізацыі ўнутранай прасторы паўтараецца агульная ступенчатая кампазіцыя царквы. Адносна нізкія прылеглыя памяшканні пераходзяць у высокую цэнтральную гранёную залу, перакрытую паўцыркульным скляпеннем на светлавым барабане. Над уваходам хоры з балюстраднай агароджай, што пераходзяць у 2-ярусныя абходныя галерэі цэнтральнай залы. У апсідзе ў 1863 г. ўстаноўлены новы драўляны 2-ярусны іканастас, архітэктоніка якога заснована на чляненні канеліраванымі пілястрамі з пазалочанымі капітэлямі, што падтрымліваюць прафіляваны антаблемент. Царскія вароты разныя, у арнаментальныя звівы ўкампанаваны медальёны з выявамі евангелістаў. Іканастас упрыгожаны жывапісам мясцовых майстроў, накладной арнаментальнай разьбой, мае шэра-белае каляровае вырашэнне з пазалотай.

Званіца[правіць | правіць зыходнік]

Брама-званіца

Адзіны ансамбль з царквою складае брама-званіца, размешчаная перад галоўным уваходам. Уяўляе сабой квадратнае ў плане двух'яруснае збудаванне з шатровым верхам на нізкім васьмігранным барабане, завершаным макаўкай. Каркасная канструкцыя запоўнена драўляным брусам. Праёмы першага і другога ярусаў вырашаны ў выглядзе трапецападобных арак.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць. Кніга 1. / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мн., 1984, стар. 213—214.
  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]