Свята-Петра-Паўлаўская царква (Вензавец)
Праваслаўны храм | |
Свята-Петра-Паўлаўская царква | |
---|---|
53°25′19″ пн. ш. 25°19′57″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Аграгарадок | Вензавец |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Навагрудская |
Благачынне | Дзятлаўскае |
Архітэктурны стыль | рэтраспектыўна-рускі |
Архітэктар | Леанард Аўгусцінавіч Кржыжаноўскі |
Будаўніцтва | 1872—1875 гады |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Г000696 |
Стан | дзейнічае |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Свята-Петра-Паўлаўская царква — праваслаўны храм у аграгарадку Вензавец Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Размешчаны ў цэнтры аграгарадка.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Папярэдні драўляны храм быў збудаваны ў 1755 годзе ў стылі барока ў традыцыях народнага драўлянага дойлідства[1]. Да 1845 года царква струхнела і патрабавала капітальнага рамонту. У 1860 годзе яна была канчаткова закрыта для набажэнстваў.
21 верасня 1865 года святар А. Васілеўскі звярнуўся да гродзенскага губернатара І. М. Скварцова з хадатайствам аб будаўніцтве новага храма. Праект царквы ў тым жа годзе прадставіў гродзенскі архітэктар Мікалай Ціхвінскі[2], аднак ён не быў ажыццёўлены.
Гродзенскаму грамадзянскаму інжынеру Леанарду Кржыжаноўскаму 20 мая 1867 года даручылі скласці праект і каштарыс[3] на ўзвядзенне мураванай царквы на 350 вернікаў. 7 лютага 1869 года прыхаджане склалі «прыгавор», у якім хадайнічалі перад начальствам.
У 1871 годзе старая царква была разабрана і на яе месцы ў цэнтры Вензаўца, пры паштовым тракце Навагрудак — Вільня, у 1872—1875 гадах з цэглы і бутавага каменю была збудавана царква.
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 верасня 2010 года царкве быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці рэгіянальнага значэння.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Падоўжна-восевая сіметрычная прасторавая кампазіцыя храма паслядоўна ўключае трох’ярусную шатровую званіцу (2 васьмерыкі на чацверыку), кароткую трапезную, кубападобны асноўны аб’ём і паўкруглую апсіду. Пакаты чатырохсхільны дах асноўнага аб’ёму завершаны пяцікупаллем, якое дапаўняецца макаўкай званіцы. Атынкаваныя фасады насычаны масіўнай архітэктурнай пластыкай, запазычанай са старажытнарускага царкоўнага дойлідства: вялікія фасадныя арачныя парталы ў кілепадобным абрамленні, какошнікі, прамавугольныя панелі цокаля і званіцы, круглыя прафіляваныя разеткі, плоскасныя ліштвы арачных аконных праёмаў, буйнапрофільны карніз з сухарыкамі. Галоўны ўваход вырашаны масіўным і глыбокім арачным парталам на буйных пілонах.
Зноскі
- ↑ Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна, ф. 97, воп. 1, спр. 72, арк. 25 — 28.
- ↑ Кулагин А. Н. Гродненские зодчие XIX — начала XX веков (новые архивные изыскания). // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Выпуск 24. — Мінск, «Права і эканоміка». — 2018. — С. 78—79
- ↑ Кулагин А. Н. Архивные сведения о гродненских зодчих XIX — начала XX веков // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Выпуск 23. — Мінск, «Права і эканоміка». — 2017. — С. 47—48
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Гродзенская вобласць. — 371 с., іл. — С. 172.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Свята-Петра-Паўлаўская царква (Вензавец)
- Свята-Петра-Паўлаўская царква (Вензавец) на сайце Radzima.org
- Свята-Петра-Паўлаўская царква (Вензавец) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Свята-Петра-Паўлаўская царква (Вензавец) на сайце «Архіварта»