Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Ятра)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праваслаўны храм
Свята-Раства-Багародзіцкая царква
53°25′25″ пн. ш. 25°47′21″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Ятра
Канфесія Праваслаўе
Епархія Навагрудская епархія
Стан працуе
Map

Свята-Раства-Багародзіцкая царква — праваслаўны храм у в. Ятра, Навагрудскага раёна.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першыя пісьмовыя згадкі пра царкву ў Ятры адносяцца да 1761. У 1773 годзе на сродкі памешчыцы Кашыцавай была пабудавана новая драўляная царква ў выглядзе карабля. Згодна з апісаннем Мінскай епархіі 1864 года ў сяле Ятра знаходзілася Свята-Раства-Багародзіцкая, пятага класа драўляная царква, пабудаваная ў 1773 годзе памешчыцай Кашыцавай. Пры храме дзейнічала вучылішча для дзяцей.

У апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі 1879 года — царква ў сяле Ятра Пачапаўскай воласці Навагрудскага павета драўляная, пабудаваная ў 1773 годзе, капітальна адрамантавана. Прамавугольны ў плане будынак, завершаны адным глухім купалам над гонтавым дахам. Інтэр’ер храма асвятляўся вокнамі, размешчанымі ў адзін рад, меў два ўваходы. Столь падшыта дошкамі, падтрымліваецца 6 драўлянымі слупамі, сцены пафарбаваныя алейнай фарбай, падлога зроблена з дошак. Іканастас быў пафарбаваны ў белы колер з пазалочанымі карнізамі, рамамі і разьбою, складаўся з 8 абразоў, размешчаных ў 1 рад. На званіцы, размешчанай асобна, было пяць званоў.

Настаяцелем храма да 1893 года быў святар Адам Неслухоўскі, пасвечаны ў 1875 годзе. Пры царкве было заснавана царкоўна-прыходскае папячыцельства, працавала штатнае народнае вучылішча. У склад прыходу ўваходзілі вёскі Ятра, Кабыльнікі, Заполле, Концавічы, Ціхінка, Мілеўцы, Ганчары, Лабачы.

У Памятных кніжках Мінскай губерніі захавалася прозвішча яшчэ аднаго святара Свята-Раства-Багародзіцкай царквы вёскі Ятра: Мікалай Баландовіч (1894—1914) (даты пададзены па гадах выхаду Памятных кніжак Мінскай губерніі).

У 1929—1939 гадах настаяцелем храма быў святар Кіпрыян Клімуц (далучаны да ліку мясцовашанаваных святых у 2011 годзе на пасяджэнні святога Сінода Беларускай праваслаўнай царквы), асуджаны за веру Хрыстову савецкай уладай, які прыняў пакутніцкую смерць у папраўча-працоўным лагеры ў 1942 годзе.

Пад час Другой сусветнай вайны настаяцелем храма быў святар Барыс Канстанцінавіч Кірык. У гады Другой сусветнай вайны мясцовыя партызаны ўзарвалі храм.

Царква ў гонар Раства Прасвятой Багародзіцы ўчынена ў 1940-я гады ў драўляным будынку школы 1932 года.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Вырашана працяглым прамавугольным зрубам, накрытым двухсхільным дахам, завершаным па цэнтры 3 цыбулепадобнымі купаламі. Да франтальнага фасада далучаны двух'ярусны прытвор-званіца пад мансардавым пакрыццём. Гарызантальна ашаляваныя фасады расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007. — стар. 645.
  • Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии Архимандритом Николаем, Санкт-Петербург, 1864, Новогрудский уезд, стар. 202—213.
  • Описание церквей и приходов Минской епархии, Минск, 1879.
  • Памятныя кніжкі Мінскай губерніі на 1889, 1891, 1893, 1895, 1898, 1902, 1905, 1907, 1908, 1910, 1912, 1913, 1915 гады.
  • Святыя зямлі Беларускай. Жыццеапісанні. Уклад. Л. Я. Кулажанка, Т. А. Матрунчык — Мінск. Прыход Свята-Петра-Паўлаўскага сабора. 2012. — 184 с.: іл.
  • С. В. Силова, Православная церковь в Белоруссиив годы Великой Отечественной войны(1941—1945 гг.), Монография, Гродно 2003, стр. 72, 77.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]