Свята-Узнясенскі манастыр (Мінск)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Манастыр
Свята-Узнясенскі манастыр
Краіна Беларусь
Горад Мінск

Узнясенскі (Ушэсценскі) манастыр — праваслаўны, пазней ўніяцкі, мужчынскі манастыр у Менску. Дзейнічаў да пачатку XVIII ст.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вядомы з прынамсі XV ст. Паводле энцыклапедыі «Вялікае Княства Літоўскае», манастыр заснаваны пры Узнясенскай царкве вялікай княгіняй літоўскай Аленай Іванаўнай[1]. Аднак, у самім прывілеі вял.кн. Алены ад 7.3.1502 года згадваецца ранейшае наданне манастыру ад нейкага Гаўрылы Грынькова. Таксама вядома ранейшае наданне манастыру ад Ваські Любіча (памёр у 1477—1496) з пляменнікам Пятрашкам. Такім чынам, напэўна, вял.кн. Алена толькі дадаткова фундавала манастыр (паводле адной з версій, аднаўляла пасля пажару), надала яму в. Трасцянец і статус архімандрыі, што было пацверджана тады ж вял.кн. Аляксандрам.

Паводле інвентару 1579 года, манастыр меў пэўную колькасць друкаваных і рукапісных пергаментных богаслужэбных кніг, пры манастыры дзейнічала школа.

У 1635 годзе прывілеям караля Уладзіслава Вазы манастыр далучаны да базыльянскага Менскага Святадухаўскага манастыра. Пазней належаў уніяцкаму ордэну базыльян. Статус архімандрыі скасаваны у 1675 годзе на базыльянскай кангрэгацыі ў Жыровічах. У тыя ж 1670-я гады князі Горскія адабралі у манастыра Трасцянец, даўшы ўзамен у трыманне Слабодку (каля 1699).

Дакладная дата закрыцця невядома.

Архімандрыты[правіць | правіць зыходнік]

  • (1) Іона — духоўнік вял.кн. Алены Іванаўны, мітрапаліт кіеўскі ў 1503—1507 гадах.
  • Сергій (-1509-1513-) — у 1509 годзе браў удзел у віленскім саборы, у 1515 годзе адкрыў на Менскім замку шпіталь
  • Васіян (-1544-1551-) — у 1551 годзе ад Жыгімонта Аўгуста атрымаў Кіева-Пячэрскую архімандрыю
  • Іосіф (-1552-)[2]
  • Пафнуцій (-да 1570)
  • Іван Бака (да 1570—1577) — свецкая асоба, атрымаў манастыр у трыманне ад вял.кн. Жыгімонта Аўгуста, пры яго кіраванні кн. Пётр Горскі адбірае ў манастыра Трасцянец
  • Стэфан Янавіч Дастаеўскі (1577—1579) — свецкая асоба, земянін менскі, атрымаў манастыр у трыманне ад кар. Стэфана Баторыя, перад гэтым кароль надаваў манастыр каралеўскаму двараніну Богушу Невельскаму, але той адмовіўся ад яго на карысць Дастаеўскага, а сам урэшце атрымаў менскі Траецкі манастыр.
  • Міхаіл Рагоза (1579-)
  • Паісій Анікеевіч-Сахоўскі (10.3.1595-)
  • Арсеній Маслянка (-1600-я-) — сваяк менскага бурмістра Данііла Маслянкі
  • Сафроній Бясковіч (-1613)[3]
  • (1613—1615) падпарадкаваны непасрэднай уладзе ўніяцкага адміністратара Кіеўскай мітраполіі Іосіфа Руцкага[3], стаў адгалінаваннем віленскага Свята-Траецкага манастыра.
  • Афанасій Пакоста (1615-)[4] — адначасова ігумен менскіх Узнясенскага і Казьмадзям’янаўскага ўніяцкіх манастыроў

Зноскі

  1. Ярашэвіч Аляксандр. Менскі Узнясенскі манастыр // ЭВКЛ. — Т. 2. — С. 290.
  2. ЛМ № 28. — С. 185—186.
  3. 3,0 3,1 Акты, относящіеся къ исторіи южной и западной Россіи, собранные и изданные Археографическою коммисіею. — Т. 2 (1599—1637). — СПб., 1865. № 44. — С. 68-69 (30.03.1613).
  4. Анджэй Гіль. Архімандрыт менскі Афанасій Пакоста: прыклад актыўнасці ўніяцкага асяроддзя ў ВКЛ пачатку XVII ст. // Беларускі гістарычны агляд. — Т.19, Сш. 1-2, 2012.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Мікульскі Ю. М. Найдаўнейшыя менскія граматы з архіва былога Увазнясенскага манастыра (1478—1502 гг.) // Беларуская даўніна. Выпуск 1. — Мінск, 2014. — С. 132—143.
  • Ярашэвіч Аляксандр. Менскі Узнясенскі манастыр // ЭВКЛ. — Т. 2. — С. 290.