Свята-Успенская царква (Лаўрышава)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праваслаўны крыж Праваслаўны храм
Лаўрышаўская царква Успення Прасвятой Багародзіцы
Свята-Успенская царква в. Лаўрышава ў 2013 г.
Свята-Успенская царква в. Лаўрышава ў 2013 г.
53°41′09″ пн. ш. 26°09′30″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
вёска
Канфесія праваслаўе
Епархія Навагрудская і Лідская
Тып будынка прыходская царква
Архітэктурны стыль народнае дойлідства
Заснавальнік Лаўрышаўскі манастыр
Першае згадванне 1517
Будаўніцтва 1770-я1775
Асноўныя даты

1596грэка-каталіцкая
1775адбудавана наноў
1836прызначана прыходскай
1839праваслаўная

2010перададзена манастыру
Статус храм манастыра
Стан дзеючая
Сайт (руск.)
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Свята-Успенская Ла́ўрышаўская царква, Ла́ўрышаўская царква Успення Прасвятой Багародзіцыправаслаўны храм у в. Лаўрышава (Шчорсаўскі сельсавет, Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць), помнік драўлянага дойлідства канца XVIII ст. Належыць Свята-Елісееўскаму Лаўрышаўскаму мужчынскаму манастыру, аднаму з найбольш старадаўніх у Беларусі (заснаваны ў XIII ст.). Упершыню згадваецца ў 1517 г. як царква манастыра, наноў пабудавана ў 1775 г. (магчыма, на месцы ранейшага храма), і за сваю гісторыю ніколі не зачынялася. Знаходзіцца на першапачатковым месцы размяшчэння манастыра, у цяперашні час з'яўляецца самым старадаўнім яго будынкам.

Асноўныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Размешчана ў паўднёвай частцы вёскі, па правы бок ад р. Валоўка, пры ўездзе ў Лаўрышава па шляху з в. Шчорсы (сам маныстыр цяпер знаходзіцца ля суседняй в. Гнесічы). Службы праводзяцца (2016): субота, 18.00 гадзін — Усяночнае трыванне; нядзеля, 8.30 — малебен з акафістам Успенню Божай Маці, 8.45 — споведзь, 9.30 — Бажэственная літургія. Прастольнае свята — Успенне Прасвятой Багародзіцы 15 (28 па сучаснаму стылю) жніўня.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Храмы манастыра да XV стагоддзя[правіць | правіць зыходнік]

Войшалк засноўвае манастыр. Мініяцюра з Астэрманаўскага І-га тому Ліцэвога летапіснага збору, XVI ст. Бібліятэка Расійскай акадэміі навук, г. Санкт-Пецярбург.

Паводле Галіцка-Валынскага летапісу, каля 1260 года сын вялікага князя Вялікага княства Літоўскага МіндоўгаВойшалк (вялікі князь літоўскі ў 12641267) — заснаваў манастыр «на рацэ на Нёмане, паміж Літвой і Наваградкам, і там жыў»[1]. Згодна царкоўнаму паданню, манастыр быў заснаваны ў сярэдзіне XIII ст. прападобным ігуменам Елісеем. Відавочна, што першы храм быў пабудаваны пры заснаванні манастыра, але пісьмовых звестак пра яго не захавалася.

Лаўрышаўскае евангелле. Вокладка XVIXVII ст. Бібліятэка Чартарыйскіх, Кракаў, Польшча.

Лаўрышаўскі манастыр з'яўляўся адным з важнейшых духоўных цэнтраў беларускіх зямель з часу ўтварэння ВКЛ. Не пазней 1329 года для манастыра было перапісана Лаўрышаўскае евангелле — выдатны прыклад ілюстраванай рукапіснай кнігі ў Беларусі XIV ст. Лаўрышаўскае евангелле — напрастольнае, яно выкарыстоўвалася ў храме манастыра.

Ва ўкладной грамаце манастыру за 1488 г. ад імя Дашкі Яцкавіча Храптовіча згадваецца царква святой Прачыстай Божай Маці: «за | писую къ ц[е]ркви с[вя]тое пр[е]ч[ис]тое б[о]гом[а]т[е]ре къ лаврашову манастырю ч[е]л[ове]ка данника [с]вое[го] отчино | го в щерсехъ на имя маронка михалковича съ его братаничом иванцомъ»[2] (старабелар.).

Успенская царква XVIXVIII стагоддзяў[правіць | правіць зыходнік]

Выява XVI—XVII ст. на абкладзе Лаўрышаўскага евангелля. Срэбра, чаканка.
А. І. Хадкевіч. Фота са старадаўняга партрэту, фотакалекцыя Супрасльскага манастыра, г. Супрасль, Беластоцкі павет, Падляшскае ваяводства, Польшча.

У даравальнай грамаце манастыру за 1517 г. ад імя А. І. Хадкевічамаршалка дворнага Вялікага Княства Літоўскага — ёсць згадка пра Успенскі храм. Перадаючы манастыру свой маёнтак у в. Лычыцы, А. І. Хадкевіч адрасуе яго такім чынам: «монастыру пречистое Божое Матери храму честнаго Ея Успения во обшеру Лавры преподобнаго отца Елисея» (старабелар.)[2]. З граматы вынікае, што манастыр у той час называўся Багародзіцкім, прычым у дакуменце ён двойчы названы лаўрай. (Гэта грамата з'яўляецца таксама найбольш раннім дакументам, у якім згадваецца Елісей Лаўрышаўскі.)

Інвентарны вопіс манастыра, 1601. Фрагмент тытульнага аркуша. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.

У выніку Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 г. манастыр стаў грэка-каталіцкім. У інвентарным вопісу манастыра 1601 г. адзначана драўляная царква, «збудованая пре з ихъ м[и]л[о]стей пановъ Войныловичовъ и Беликовичовъ без притвору кгонтами критая, крестовъ на ней железных позолотистых три, на дзвонныци дзвоновъ пятъ»[2] (старабелар.). З 1615 г. манастыр належаў Ордэну базыльян святога Іасафата.

У 2-ой палове XVII ст. манастыр збяднеў і заняпаў ў сувязі са скасаваннем лаўрышаўскай архімандрыі, абмежаваннем правоў на свецкія ахвяраванні і падпарадкаваннем з 1628 г. навагрудскаму манастыру. У 1650 г. гісторык А. Каяловіч у сваёй кнізе «Розныя звесткі, якія маюць дачыненне да царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім» (на лацінскай мове) піша, што ад манастыра засталася пры в. Лаўрышава «толькі царква адна, якая падпарадкаваная манастыру ўніятаў у Навагрудку»[3], і ў той царкве знаходзілася пахаванне (лац. «sepulc(h)rum») прападобнага Елісея, якое здаўна славілася тым, што пры пабожным яго наведванні можна было прагнаць з просьбітаў злых духаў[4]. (У 1864 г. у кнізе «Гісторыка-статыстычнае апісанне Мінскай епархі, якое складзена рэктарам Мінскай духоўнай семінарыі архімандрытам Мікалаем», верагодна, з-за недакладнага перакладу звестак А. Каяловіча было напісана, што ў храме ў XVII ст. знаходзілася не пахаванне, а труна прападобнага Елісея, ў далейшым гэта паўтаралі і іншыя аўтары[4].)

Успенская царква згадваецца ў 1719 г. у завяшчанні Яна Бужынскага, які прасіў «ксяндзоў-базыльян лаўрышаўскіх» пахаваць яго ў царкве Успення Маці Божай «парадкамі каталіцкімі»[3].

Успенскі храм 1775 г.[правіць | правіць зыходнік]

У 1770-х гг. Лаўрышаўскі манастыр базыльян был адбудаваны наноў. У ходзе гэтага будаўніцтва быў узведзены і новы манастырскі храм — таксама Ўспенскі[3]. Можна меркаваць, што будаўнічыя працы ажыццяўляліся на аснове ўжо існаваўшай манастырскай планіроўкі[2].

У аддзеле рукапісаў бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта захоўваюцца інвентарны вопіс манастыра 1824 г. і яго копія 1829 г. Паводле вопісу, манастырская царква пабудавана ў 1775 г. з брусавай драўніны, на цагляным падмурку, крыжовай формы. Дах быў пакрыты гонтай (дранкай). Вышыня будынка — 12, даўжыня разам з прысенкамі — 38, шырыня — 15, а разам з каплічкамі (прыдзеламі) — 26 літоўскіх локцяў. Купал быў заснаваны на чацвярыку, пакрыты бляхай, на ім быў крыж жалезны. Падобны купалок і над алтаром, на ім быў крыж жалезны, унутры быў падвешаны звон вагой каля 16 фунтаў. Пры краях дахаў над прыдзеламі знаходзіліся 2 жалезныя крыжы.

Згодна інвентарнаму вопісу, царква мае 3 дзверы і 8 акон; у прытворылесвіца на хоры. У вопісу адзначана, што ў царкве ёсць 3 склепы, адзін з іх — для пахаванняў, да яго дзверы з прыступкамі ўнутры царквы.

З абодвух бакоў алтара прыбудаваны 2 рызніцы з часанай драўніны, якія былі пакрытыя дранкай і абабітыя дошкамі, абедзве аднолькавага памеру (8 у даўжыню, 4 у шырыню, 5 у вышыню локцяў). Першая з рызніц называлася пераходная і служыла свяшчэннікам для аблачэння і падрыхтоўкі да службы. Яна знаходзіцца з левага боку храма і вяла раней да манастырскіх пабудоў. У ёй 2 дзверы, адна — уваход з двара, другая, наадварот, у асноўнае памяшканне царквы.

Агароджа царквы была агульная з манастыром. «Ад царквы тутэйшай ступаючы, ідучы трохі налева да дарогі, якая ідзе міма манастыра, на адлегласці крокаў 25» была званіца драўляная на каменным падмурку. Яна складалася з двух паверхаў. Першы быў утвораны 12 слупамі з бруса, другі — 6-цю. На ёй былі ўсталяваны жалезны крыж і размешчаныя 4 званы вагой 10, 7, каля 5 пудоў і каля 25 фунтаў адпаведна. Пад званіцай знаходзілася ўязная брама з драўлянымі засовамі[3].

Фота пачатку XX ст. (да 1919 г.)

У 1836 г. манастыр быў зачынены, а храм прызначаны прыходскім. У 1839 г. пераведзены ў праваслаўе. У канцы ХIX ст. перабудаваны пад праваслаўны.

У 1939 г. у Заходнюю Беларусь прыйшла савецкая ўлада. Храмы ў іншых вёсках вакол Лаўрышава былі зачынены, аднак старадаўнюю манастырскую царкву бальшавікі не кранулі. Зараз тут бачаць у гэтым нябеснае заступніцтва прп. Елісея Лаўрышаўскага. У 2007 г. быў узноўлены Лаўрышаўскі манастыр, а ў лютым 2010 г. лаўрышаўскі храм увайшоў у склад манастыра.

Пастановай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 02.08.2016 № 607 царкве нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі 3 (рэгіянальнага значэння)[5].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Царква — помнік народнага дойлідства. Выражана прамавугольным зрубам і працяглай пяціграннай апсідай, над якой двухсхільны дах пры дапамозе трохвугольных застрэшкаў пераходзіць у гранёнае вальмавае пакрыццё з купалам-цыбулінай на барабане ў завяршэнні. Дах над галоўным фасадам мае двух'ярусную (васьмярык на чацверыку) званіцу, шацёр якой завершаны купалам-цыбулінай.

Да асноўнага аб'ёму па баках далучаны квадратныя ў плане прыдзелы, аб'яднаныя з апсідай больш нізкімі бакавымі рызніцамі. Уваход праз невысокі прамавугольны прытвор пад двухсхільным дахам. Гарызантальна ашаляваныя фасады прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, расчлянёныя брусамі-сцяжкамі ў прасценках.

Інтэр’ер[правіць | правіць зыходнік]

У малітоўную залу выступаюць хоры, падтрыманыя 2 гранёнымі слупамі і агароджаныя балюстрадным парапетам. Асабліва шануецца абраз «Прападобны Елісей Лаўрышаўскі».

Двор[правіць | правіць зыходнік]

У двары храма знаходзяцца некалькі пахаванняў 2-ой паловы XIX — пачатку XX стст. У 1996 г. у двары ўсталяваны помнік Елісею Лаўрышаўскаму, у выглядзе пліты з рэльефнай выявай святога ў поўны рост, стылізаваным надпісам «Прападобнаму Елісею ігумену лаўрышаўскаму» і тэкстам трапара (кароткага песнапення) у яго гонар (царкоўнаслав.)

Археалагічныя даследаванні[правіць | правіць зыходнік]

У 1990 г. А. К. Краўцэвіч абследаваў 6 м2 каля царквы. Культурны пласт на краі пагорка каля 1,5 м, утрымліваў шматлікія фрагменты кафлі XVII ст. (развал печы), керамічнага посуду (самыя раннія з іх XIVXV стст.), шкляных квартаў. Сабрана больш за 500 фрагментаў зялёнапаліванай кафлі, большасць з іх мае выявы дзяржаўных гербаў Вялікага Княства Літоўскага, Польскага каралеўства і нявызначанага геральдычнага знака, які нагадвае дзядоўнік[6]. З 2011 г. даследаванні вялі Лаўрышаўскія археалагічныя экспедыцыі.

Свяшчэннаслужыцелі (XVI — пачатак XX ст.)[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Пераклад са старажытнарускай мовы паводле артыкула: Краўцэвіч, А. К. Войшалк (1264 — 1267 г.). Інтэлігент на троне // pawet.net [Электронны рэсурс] — 2008. — 27 чэрвеня. — Дата доступу: 13.11.2015.
  2. а б в г д Котельников, А. Вклады в Лавришевский монастырь от основания (ок. 1250 г.) до принятия унии в 1596 г. // bogoslov.ru. — 2012. — 23 ноября. — Дата доступа: 14.09.2016. (руск.)
  3. а б в г Котельников, А. К вопросу о локализации Лавришевского монастыря // minds.by — Дата доступа: 17.09.2016. (руск.)
  4. а б Метельский, А. Лавришевский монастырь и его основатели: мифы, агиографические предания, историческая реальность, гипотезы // Гісторыка-археалагічны зборнік / рэдкал.: А. А. Каваленя (гал. рэд.), В. В. Даніловіч (нам. гал. рэд.) і інш.; Інстытут гісторыі НАН Беларусі. — Мінск: Беларуская навука, 2015. — Вып. 30. — С. 38—46. (руск.)
  5. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь 02.08.2016 № 607.// pravo.by.
  6. Краўцэвіч, А. К. Лаўрышаўскі манастыр / А. К. Краўцэвіч // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 2: Л — Я. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — 492, [1] c. — С. 10. — ISBN 978-985-11-0354-2.
  7. Мачульскі (Мачульский) Сергій // marakou.by [Электронны рэсурс] — Дата доступу: 29.09.2016.
  8. Сергій Радакоўскі // marakou.by [Электронны рэсурс] — Дата доступу: 29.09.2016.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларускі праваслаўны каляндар. 1997. — Мінск, 1996. — С. 109.
  • Живописная Россия: Отечество наше в его земельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении / под общ. ред. П. П. Семенова. — СПб. : [Тип.] М. О. Вольф, 1881—1901. Т. 3. Ч. 1: Литовское полесье; Ч. 2: Белорусское полесье. — СПб. М., 1882. — 490, VI с. : ил., 23 л. ил.; Минск, 1994. — С. 374. (руск.)
  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. — ISBN 978-985-11-0389-4.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]