Свята-Успенская царква (Пярковічы)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праваслаўны храм
Свята-Успенская царква
52°10′28″ пн. ш. 25°01′41″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Пярковічы
Канфесія Праваслаўе
Епархія Брэсцкая і Кобрынская
Благачынне Драгічынскае
Архітэктурны стыль класіцызм
Заснавальнік Зянон Казімір Віславух
Першае згадванне канец XVI стагоддзя
Дата пабудовы 1805 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Г000214шыфр 113Г000214
Стан дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Свята-Успенская царква — праваслаўны храм у в. Пярковічы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. Знаходзіцца на заходняй ускраіне вёскі, у сядзібна-паркавым ансамбле Віславухаў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Надмагілле Кірылы Цярлецкага

Першая царква была пабудавана намаганнямі ўладальніка вёскі ўніяцкага епіскапа луцкага і астрожскага Кірылы Цярлецкага ў канцы XVI стагоддзя. Драўляная Свята-Успенская царква мела дзве невысокія вежы і купал над прэзбітэрыем. Храм стаяў на мураваным падмурку. Унутры меліся тры алтары, выкананыя ў мастацкай разьбе, царскія вароты і іншыя мастацкія каштоўнасці. У гэтай царкве ў 1607 (1605) годзе і быў пахаваны Кірыла Цярлецкі. Яго мошчы былі накрыты вялікай гранітнай плітою з надпісамі на латыні[1]. Пад час шматлікіх войнаў XVII стагоддзя царква была спалена.

Цяперашнюю царкву фундаваў як уніяцкую на месцы папярэдняй падкаморы брэсцкі Зянон Віславух каля 1770 года. Завяршыў будаўніцтва ў 1805 годзе і аздобіў храм ягоны сын Віктар. Былі прадугледжаны асобныя крыпты для роду Віславухаў, у якіх былі пахаваны ўладальнікі сядзібы Зянон і Віктар з жонкамі. Таксама ў крыпту перанеслі парэшткі Кірылы Цярлецкага[1].

Надпіс на надмагіллі К. Цярлецкага:
Түт лежит тѣло ве
лебного еп(и)ск(о)па
Лүцкого и Ѡстроз
ского Кирила Терлец
кого. А положено
рокү ҂а҃х҃(…) (16…) м(е)с(я)ца (…).
Которыи был прежде
еп(и)ск(о) пом Пінским лѣт і҃ (10),
(…) еп(и)ск(о)п(о)м
лѣтъ двадесѧт.
К(ирилъ) Т(ерлецкии),
е(пископъ) Л(уцкии) і Ѡ(строзскии)

У канцы XIX стагоддзя было зроблена падрабязнае апісанне надмагілля: «Магіла епіскапа Цярлецкага — з левага боку ад святога алтара, пад рызніцай, у склепе, наглуха закладзеным. Над ёю, у рызніцы змяшчаецца гарызантальна каменная пліта з зубчатай аздобай і з выразанымі на ёй словамі». На надмагіллі змешчаны кірылічны надпіс[2].

Рэшткі епіскапа захоўваліся ў крыпце да 1970-х гадоў. У наш час надмагілле Цярлецкага захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры ў Мінску[2].

Пасля скасавання уніі храм быў перададзены праваслаўным вернікам[1]. Пасля прыходу Савецкай улады ў 1939 годзе парэшткі пахаваных у крыпце былі параскіданы, а саму крыпту замуравалі. У 1961 годзе царкву зачынілі, аднак ў 1990 годзе намаганнямі мясцовых жыхароў яе аднавілі.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Помнік архітэктуры позняга класіцызму. Храм вырашаны ў буйных манументальных формах. Аднанефны прамавугольны ў плане аб’ём пад двухсхільным дахам з вальмай над алтарнай сцяной. Дах па краях завершаны драўлянымі васьміграннымі барабанамі. Галоўны арачны ўваход вылучаны 4-паўкалонным порцікам з трохвугольным франтонам, які рытмічна спалучаецца з драўляным франтонам даху. Бакавыя фасады расчлянёны высока ўзнятымі арачнымі аконнымі праёмамі і масіўнымі спаранымі пілястрамі ў прасценках.

У інтэр’еры сцены малітоўнай залы раскрапаваны шырокімі спаранымі пілястрамі. У паўднёвай частцы хоры, якія падтрымліваюцца 2 масіўнымі пілонамі. У агульнай прасторы залы бакавыя прамавугольныя рызніцы вылучаюць квадратную апсіду, вылучаную трох’ярусным іканастасам.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в Л. М. Несцярчук. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны X — XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы). — Мінск: БелТА, 2002. — С. 113. — 336 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-6302-37-4.
  2. а б Дзяніс Лісейчыкаў. Надмагільныя камяні з «рускімі» надпісамі XVI—XVII стст. каля вёскі Малькавічы

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]