Святлана Дзмітрыеўна Воцінава
| Святлана Дзмітрыеўна Воцінава | |
|---|---|
| | |
| Род дзейнасці | пісьменніца |
| Дата нараджэння | 30 снежня 1972 (53 гады) |
| Месца нараджэння | |
| Месца працы | |
Святлана Дзмітрыеўна Воцінава, да лістапада 2016 — Дзянісава (нар. 30 снежня 1972, Гродна) — беларуская журналістка, літаратарка, даследчык творчасці Элізы Ажэшкі і гісторыі беларускай медыцыны XIX—XX стагоддзяў, паводле адукацыі біёлаг.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзілася 30 снежня 1972 года ў Гродне ў сям’і студэнтаў Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута. Дзяцінства прайшло ў Капыльскім (вёскі Старыца і Бабоўня) і Дзяржынскім (вёскі Скірмантава і Баравое) раёнах Мінскай вобласці. Да школы выхоўвалася ў вёсцы Старыца бабуляй Дзянісавай Людмілай Уладзіміраўнай — настаўніцай пачатковых класаў, якая навучыла чытаць і пісаць.
З 1979 па 1989 гады вучылася ў Скірмантаўскай СШ, Лоцвінскай і Бабаўнянскай пачатковых школах, Старыцкай СШ, Лясноўскай СШ (Капыльскі раён), Бараўской СШ і СШ № 3 Дзяржынска (цяпер гімназія), якую скончыла з Залатым медалём.
У школьныя гады аднолькава актыўна цікавілася літаратурай, біялогіяй і астраноміяй. У старэйшых класах рыхтавалася да паступлення на факультэт журналістыкі МДУ імя Ламаносава, займалася там на завочных падрыхтоўчых курсах для школьнікаў, друкавалася ў раённай і абласной прэсе, але аддала дакументы ў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут (цяпер БДМУ).
Пасля няўдачы з паступленнем у Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут (цяпер БДМУ) паступіла ў Мінскае медыцынскае вучылішча № 2 (цяпер Беларускі дзяржаўны медыцынскі каледж) на аддзяленне «Сястрынская справа», якое скончыла ў 1991 годзе з кваліфікацыяй «Медыцынская сястра» з адзнакай.
Пасля другой няўдалай спробы паступлення ў МДМІ, у 1991—1999 гадах працавала ў Рэспубліканскай клінічнай стаматалагічнай паліклініцы (цяпер Рэспубліканскі клінічны стаматалагічны цэнтр — Універсітэцкая клініка).
У 1995 годзе паступіла на біялагічны факультэт БДУ (спецыялізацыя — Фізіялогія чалавека і жывёл), які скончыла ў 2000 годзе з кваліфікацыяй «Біёлаг. Выкладчык біялогіі і хіміі», атрымаўшы дыплом з адзнакай.
У 1999 годзе, за год да заканчэння ўніверсітэта, перайшла на працу ў Інстытут фізіялогіі НАН Беларусі, у лабараторыю рэгуляторных бялкоў і пептыдаў. Выканала там дыпломную працу «Уплыў псіхастымулятараў і транквілізатараў на пратэалітычную актыўнасць субклетачных фракцый вялікіх паўшар’яў пацукоў». У 2002 годзе па прычыне несупадзення поглядаў на навуку з рэальным станам спраў звольнілася. Працавала медыцынскай сястрой у прыватным стаматалагічным цэнтры да 2006 года.
З 2003 года рэгулярна друкавалася ў часопісах «Салон красоты», «Все сразу», «ЖЖ. Женский журнал» — пісала на тэмы здароўя, прыгажосці, псіхалогіі, кулінарыі, выхавання дзяцей, гісторыі брэндаў і інш., а таксама рэкламныя тэксты.
З пачатку 2008 да пачатку 2012 гадоў — намесніца галоўнага рэдактара ў рэдакцыі беларускага часопіса «ЖЖ. Женский журнал». З яе ініцыятывы ў гэты час там з’явіліся рэгулярныя публікацыі на беларускай мове: рубрыка «Архіў», якая да таго існавала па-руску, беларускамоўныя інтэрв’ю з дзеячамі нацыянальнай культуры, агляды беларускіх кніг.
У 2011—2014 гадах супрацоўнічала з радыё «Беларусь»: рыхтавала і вяла выпускі «Музейныя таямніцы», «Беларусь ад А да Я», рабіла аўтарскія праграмы «Materia medica» і «У сваёй талерцы».
З 11 студзеня 2012 да 2 лютага 2021 — галоўны рэдактар часопіса «Маладосць», у 2015—2017 адначасова выконвала абавязкі галоўнага рэдактара часопіса «Бярозка»[1] [2]. Працягвала супрацоўніцтва з «глянцавым друкам»: пісала артыкулы па гісторыі Беларусі ў рубрыку «Архіў» часопіса «ЖЖ. Женский журнал», у рубрыку «Легенда» часопіса «Город женщин», рабіла для гэтых выданняў агляды новых беларускіх кніг. Пісала ў рубрыку «Здоровье».
У газеце «Звязда» мела аўтарскія рубрыкі «Падарожнік», «Лісты да Жылібера» і «Нататнік Яго жонкі».
На працягу многіх гадоў з’яўлялася старшынёй і членам журы шматлікіх літаратурных конкурсаў, ад рэгіянальных да рэспубліканскіх. У 2018—2020 гг. па прапанове Ігара Запрудскага была суарганізатарам конкурсаў біяграфічных твораў «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя», прысвечаных беларускім пісьменнікам ХІХ стагоддзя, па выніках якіх былі выдадзены два зборнікі мастацкіх біяграфій.
У 2021—2024 гг. працавала адказным сакратаром навукова-практычнага і інфармацыйна-метадычнага часопіса «Сацыяльна-эканамічныя і прававыя даследаванні».
З 2024 года — рэдактар часопіса «1000 советов» у выдавецкім доме «ЮНИЛАЙН-БЕЛ».
Аўтар мноства публікацый па медыцыне, гісторыі, літаратуры, вандроўках па Беларусі і інш.
Актыўна супрацоўнічае з часопісам «Стоматолог». Штогод працуе ў якасці карэспандэнта на пляцоўках міжнародных стаматалагічных форумаў. Аўтар кнігі «Брекеты. Равнение на улыбку».
Пастаянны шматгадовы аўтар артыкулаў па гісторыі медыцыны для газеты «Медицинский вестник».
Даследуе жыццё і творчасць Элізы Ажэшкі. Аўтар мноства навукова-папулярных і навуковых публікацый па гэтай тэме ў часопісах і зборніках канферэнцый. Праводзіла асобныя лекцыі і серыі лекцый: «Сны самотнага дзьмухаўца» (па біяграфіі Элізы Ажэшкі), «Пасля буры» (пра цыкл навел «Gloria victis»), «Эліза Ажэшка і Новы год», «Эліза Ажэшка і Францішак Багушэвіч».
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Мае трох сыноў.
Асноўныя публікацыі
[правіць | правіць зыходнік]Аўтар прадмовы да кнігі: Ажэшка Э. Над Нёманам: раман; Gloria victis: навелы / Эліза Ажэшка; пер. з пол. мовы Анатоля Бутэвіча; прадм. Святланы Воцінавай; навук. рэд. Іван Саверчанка. — Мінск: Беларуская навука, 2020. — 2020. — 829 с. — «Беларускі кнігазбор».
Пераклала з польскай мовы на беларускую раман Элізы Ажэшкі «Дзікунка» («Два полюсы»), Элізы Ажэшкі і Тадэвуша Гарбоўскага «Ad astra». Пераклады выйшлі кнігамі:
- Ажэшка Э. Дзікунка: раман XIX стагоддзя і як яго сёння чытаць / Эліза Ажэшка; пер. з польск., камент., уступ Святланы Воцінавай. Мінск : Галіяфы, 2021. 466 с.
- Ажэшка Э., Гарбоўскі Т. Ad astra: празаічная паэма ў лістах / Пераклад, прадмова і пасляслоўе С. Воцінавай, — Warszawa: Czabor Publishing, 2025.
Пераклала з рускай на беларускую раман Чынгіза Айтматава «Когда падают горы. Вечная невеста» (апублікаваны ў часопісе «Маладосць», № 8—12 за 2018 г.)[3].
Кнігі
[правіць | правіць зыходнік]Уласнага аўтарства
[правіць | правіць зыходнік]- Воцінава, С. Д. Астроўскі. Сонечны круг: [біяграфія беларускага біяхіміка] / Святлана Воцінава. — Мінск : Цымбераў Р. М., 2025. — 403 с.
- Брекеты. Равнение на улыбку / С. Вотинова, Ю. Денисова / Центр ортодонтии «Брекетлаб», [Медицинский центр] «Doctor Profi», [Стоматологическая клиника] «Profi-Dent». — Минск: СтройМедиаПроект, 2023. — 77, [2] с.
- «Скрозь „Маладосць“. Не самая сумная кніжка пра грошы, чорны шакалад, пісьменнікаў і літаратуру». Аўтар і ўкладальнік С. Дзянісава, 2013 год, Выдавецкі дом «Звязда».
Укладанне
[правіць | правіць зыходнік]- Слаўная кампанія: рэANIMацыя: зборнік гісторыка-бияграфічных твораў [у рамках аднайменнага конкурсу, які праводзіўся ў 2018 і 2019 гг. / складальнікі: С. Дз. Воцінава, І. М. Запрудскі]. — Мінск: БудМедыяПраект, 2022. — 349, [2] с.
- Слаўная кампанія: рэANIMAцыя: зборнік гісторыка-біяграфічных твораў. Выпуск 2 / БДУ, Філалагічны фак., Каф. гісторыі беларускай літаратуры; [склад.: С. Д. Воцінава, І. М. Запрудскі]. — Мінск : БДУ 2023. — 361 с.
Прызнанне
[правіць | правіць зыходнік]- Грамата Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь (2018).
- Прэмія «Добры слімак» рэсурсу «Новыя беларускія кнігі» («За вяртанне Элізы Ажэшкі ў Беларусь», 2025)[4].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ У «Маладосцi» новый редактор и новые планы // Советская Белоруссия. — 16 февраля 2012 года.
- ↑ Іван Ждановіч. “Маладосць” сталее, не старэючы. www.sb.by (3 мая 2013). Праверана 11 сакавіка 2026.
- ↑ Светлана Вотинова: Перевод произведений Айтматова – захватывающее занятие. ЭКСКЛЮЗИВ (руск.). МИР 24 (7 сакавіка 2025). Праверана 11 сакавіка 2026.
- ↑ Шосты "Добры слімак" – Святлане Воцінавай . bellit.store -- Новыя беларускія кнігі (18 кастрычніка 2025). Праверана 11 сакавіка 2026.