Святлана Леанідаўна Багінская
Святлана Багінская | |
---|---|
![]() | |
Асабістая інфармацыя | |
Пол | жанчына |
Грамадзянства | |
Дата нараджэння | 9 лютага 1973 (52 гады) |
Месца нараджэння | |
Ліцэнзія FIG | [1] |
Найлепшыя вынікі на чэмпіянатах свету | |
Найлепшыя вынікі на Алімпіядзе | |
Святлана Леанідаўна Багінская, мянушка «Беларуская лебедзь»[крыніца?] (9 лютага 1973, Мінск) — беларуская спартсменка (спартыўная гімнастыка). Трохразовая алімпійская чэмпіёнка, пяціразовая чэмпіёнка свету, шматразовая чэмпіёнка Еўропы. Заслужаны майстар спорту СССР (1988).
Адна з васьмі гімнастак у гісторыі гэтага віду спорту, якія выступалі на трох Алімпійскіх гульнях і адзіная, хто пры гэтым выступаў за тры розныя зборныя. Гімнастычны стыль спартсменкі адрозніваўся выдатнай грацыяй і артыстызмам.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Паходзіць са старажытнага беларускага роду гутнікаў. У дзяцінстве займалася фігурным катаннем, але затым перайшла ў секцыю спартыўнай гімнастыкі. У 1987 годзе яна выйграла першую ўзнагароду на буйным дарослым спаборніцтве — ёю стала бронза сусветнага першынства ў Ротэрдаме. У наступным годзе 15-гадовая спартсменка была ўключана ў алімпійскую зборную СССР на Алімпіядзе ў Сеуле. Алімпіяда прынесла Святлане 4 медалі — залатыя ў камандным турніры і апорным скачку, сярэбраны ў вольных практыкаваннях і бронзу ў абсалютным першынстве, у якім юная дэбютантка саступіла толькі двум прызнаным фаварыткам, сваёй сяброўцы па камандзе Алене Шушуновай і румынцы Даніэле Сіліваш.
У 1989 годзе Багінская выйграла тры золата на чэмпіянаце свету ў Штутгарце і тройчы перамагала на еўрапейскім першынстве ў Бруселі. У наступным годзе на еўрапейскім чэмпіянаце ў Афінах Багінская ўстанавіла выбітнае дасягненне, перамогшы ва ўсіх індывідуальных дысцыплінах першынства. Да яе такое ўдавалася толькі Веры Часлаўскай і Людміле Турышчавай.
У 1991 годзе на першынстве свету ў Атланце Багінская не ўдалося адстаяць тытул чэмпіёнкі свету ў абсалютным першынстве, яна саступіла амерыканцы Кім Змескал пры вельмі спрэчным судзействе. Зрэшты Святлана двойчы стала чэмпіёнкай у камандным першынстве і практыкаваннях на бервяне.
На Алімпійскіх гульнях у 1992 годзе ў Барселоне Святлана выступала ўжо ў складзе Аб'яднанай каманды, якая выйграла каманднае золата. У асабістых спаборніцтвах выступ Багінская быў менш паспяховым — яна стала пятай у абсалютным першынстве, чацвёртай у апорным скачку і пятай на бервяне.
Пасля барселонскай Алімпіяды Багінская сышла са спорту, аднак аднавіла кар'еру ў 1995 годзе, выступаючы пры гэтым ужо за Беларусь. У 1996 годзе 23-гадовая спартсменка (ветэранскі, па мерках гімнастыкі, узрост) стала другой у абсалютным першынстве на чэмпіянаце Еўропы ў Бірмінгеме.
Трэцяя Алімпіяда ў жыцці Багінская — Гульні 1996 года ў Атланце не прынесла Святлане медалёў, яна здолела прабіцца ў фінал толькі ў апорным скачку, дзе заняла 5 месца, а таксама заняла 6 месца ў камандных стартах у складзе зборнай Беларусі.
У 2005 годзе Багінская была ўключана ў Міжнародны Зала Славы гімнастыкі.
Цяпер жыве ў Х’юстане, ЗША, дзе вядзе свой бізнес. Мае ўласную анлайн-краму па продажы гімнастычнай экіпіроўкі. Другая фірма займаецца арганізацыяй і правядзеннем летніх гімнастычных лагераў. У ЗША Святлана наладзіла асабістае жыццё. У сям'і Святланы і яе мужа Уільяма падрастаюць двое дзяцей. Старэйшая дачка Ганна займаецца гімнастыкай, гэтак жа, як і сын Брэндан-Аляксандр[1].
Зноскі
- ↑ Olympic Champion Svetlana Boginskaya «My main job is to be a mother» Архівавана 24 красавіка 2009.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- БЭ ў 18 тамах, Т.2, Мн., 1997, С.207
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Святлана Багінская на сайце Міжнароднай Залы Славы гімнастыкі (англ.)
- Біяграфія на сайце НАК Беларусі Архівавана 15 лютага 2010.
- Статыстыка выступаў Архівавана 22 верасня 2013.
- Нарадзіліся 9 лютага
- Нарадзіліся ў 1973 годзе
- Нарадзіліся ў Мінску
- Асобы
- Гімнасты СССР
- Гімнасты Беларусі
- Алімпійскія чэмпіёны ад СССР
- Алімпійскія чэмпіёны па спартыўнай гімнастыцы
- Чэмпіёны летніх Алімпійскіх гульняў 1988 года
- Чэмпіёны летніх Алімпійскіх гульняў 1992 года
- Сярэбраныя прызёры летніх Алімпійскіх гульняў 1988 года
- Бронзавыя прызёры летніх Алімпійскіх гульняў 1988 года
- Гімнасты на летніх Алімпійскіх гульнях 1988 года
- Гімнасты на летніх Алімпійскіх гульнях 1992 года
- Гімнасты на летніх Алімпійскіх гульнях 1996 года
- Заслужаныя майстры спорту СССР