Перайсці да зместу

Святы Казімір і Святая Ганна з Марыяй

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Невядомы майстар
Святы Казімір. Канец XVIII – пачатак XIX ст.
Матэрыял дрэва, алей, пазалота
Тэхніка разьба па дрэве, паліхромія
Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, Мінск
Невядомы майстар
Святая Ганна з Марыяй. Канец XVIII – пачатак XIX ст.
Матэрыял дрэва, алей, пазалота
Тэхніка разьба па дрэве, паліхромія
Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, Мінск

Святы Казімір і Святая Ганна з Марыяй — пара драўляных скульптур канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя. Захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі (інв. КП-11803, ДБС-50 (першапачаткова запісаны як «Святы»); КП-11804, ДБС-65). Паходзяць, верагодна, з бернардзінскага касцёла ў Слоніме, куды былі перавезены з бернардзінскага касцёла ў Брэсце[1].

У Кнізе паступленняў, якая з’яўляецца асноўным уліковым дакументам музея, запісана, што гэтыя музейныя прадметы трапілі на пастаяннае захаванне з Дамініканскага касцёла г. Навагрудка. У Інвентарнай кнізе калекцыі старажытнабеларускай скульптуры для «Фігуры святога» (Святы Казімір, ДБС-50) зафіксавана такое ж паходжанне[2]; у той жа час адносна скульптуры Св. Ганны з Марыяй (ДБС-65) пазначана іншае: «з царквы г. Слоніма, Гродзенская вобл.»[3][1].

Насамрэч, у акце, на які спасылаюцца названыя ўліковыя дакументы, значацца прадметы, вывезеныя з розных месцаў. У дачыненні да пары твораў, якія разглядаюцца, паведамляецца, што яны паходзяць «з г. Слоніма Гродзенскай вобл. З касцёла»[1].

Сярод дакументаў касцёла Св. Тройцы і кляштара бернардзінцаў у Слоніме, якія фіксуюць яго стан на 1830 год, ёсць такое апісанне алтара[1]:

" у паўночнай капліцы Св. Крыжа (Пшэцлаўскіх) 1753: драўляная разьба Хрыстос Укрыжаваны з 4 рэлікварыямі па баках, з абразом Маці Божай Чанстахоўскай (перад 1668) у срэбнай шаце і пазалочаных каронах, па баках драўляныя пазалочаныя рэзьбы Св. Ганны і Св. Казіміра, прывезеныя ў 1830 з касцёла Бернардынаў у Брэсце Літоўскім[1]. "

На адваротным баку фігуры Св. Казіміра надрапаны надпіс «Rok 1936». Гэтая дата можа быць звязана з рамонтам інтэр’ера касцёла Св. Тройцы ў 1936—1937 гг. З апублікаваных крыніц вядома, што ў гэты час былі адноўлены тынкі, папоўнены страты стукавага аздаблення алтароў, а таксама пафарбаваны сцены[1].

Праз адсутнасць дакладных экспедыцыйных звестак нельга дакладна сцвярджаць пра паходжанне скульптур з Брэста[1].

  1. а б в г д е ё Атрыбуцыя старажытнабеларускай скульптуры са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь: праблема паходжання музейных прадметаў / Чавус Станіслаў // Аладовские чтения — 2021 : материалы Международной научно-практической конференции (Минск, 27 мая 2021 года) / [редколлегия: С. И. Анейко, С. А. Шукан, А. В. Янковская]. — Минск, 2021. — С. 238―251
  2. Инвентарная книга Государственного художественного музея БССР по учету древнебелорусской скульптуры с № ДБС-1 по № ДБС-419 включ. Начата 26 февраля 1973 г. окончена 20 июня 1980 г. / Бягучы архіў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
  3. Книга постоянных поступлений № 4 с №-9871 по №-13024 / Бягучы архіў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь