Свідрыгайла

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Свідрыгайла Альгердавіч)
Перайсці да: рух, знайсці
Свідрыгайла
Свідрыгайла
Свідрыгайла. Гравюра з «Апісання Еўрапейскай Сарматыі» Гваньіні (1581). Гэтая ж гравюра выкарыстана ў тым жа выданні і як партрэт Людовіка Вялікага
вялікі князь літоўскі
1430 — 1432
(пэўнымі часткамі ВКЛ прызнаваўся вялікім князем да канца 1430-х)
Папярэднік: Вітаўт
Пераемнік: Жыгімонт Кейстутавіч
князь валынскі
1434 — 1452
Папярэднік: Фёдар Любартавіч
 
Дзейнасць: манарх
Нараджэнне: каля 1370[1]
Смерць: 10 лютага 1452
Луцк, Украіна
Пахаванне: Кафедральны сабор Святога Станіслава
Дынастыя: Гедзімінавічы
Бацька: Альгерд
Маці: Юліянія Цверская

Свідрыгайла Альгердавіч у каталіцкім хрышчэнні Баляслаў (1369—1376[2] — 10 лютага 1452, Луцк) — вялікі князь літоўскі.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Раннія гады[правіць | правіць зыходнік]

Свідрыгайла, малодшы сын вялікага князя Альгерда, паводле праўдападобных ацэнак, нарадзіўся паміж 1369 і 1376 годам. Пасля смерці бацькі ў маі 1377 года ён жыў у Віцебску разам з маці — вялікай княгіняй Ульянай.[2]

Напэўна, Свідрыгайла быў ахрышчаны ў Кракаве не разам з братамі Ягайлам і Вігунтам у 1386 годзе, але неўзабаве, пра што сведчыць яго хроснае імя Баляслаў, якое, як і хросныя імёны братоў, уваходзіць ў іменаслоў Пястаў[3]. Часта сустракаецца сцверджанне, што Свідрыгайла спачатку быў праваслаўным і меў хроснае імя Леў, але гэта, як паказаў С. Палехаў, вынік непаразумення[4]. У сярэдзіне XVI ст. у Польшчы ўзнялося пытанне рэвізіі правоў на зямельныя ўладанні — Пётрыкаўскім сеймам (1565) вырашана асобна разгледзіць шматлікія прывілеі князёў Льва Данілавіча і Свідрыгайлы Альгердавіча, якія падаваліся шляхтай у пацверджанне сваіх правоў на маёнткі[3], а Люблінскім сеймам (1566) вырашана лічыць гэтыя прывілеі правамоцнымі[4]. Выдаўцы рэцэсу Люблінскага сейму ў XVIII ст. не паставілі коску паміж імёнамі Льва і Свідрыгайла, такая сама памылка зроблена ў новым выданні Volumina constitutionum (2005)[5].

Па смерці вялікай княгіні Ульяны польскі кароль Уладзіслаў Ягайла паставіў намеснічаць ў Віцебску свайго баярына — сакольнічага Фёдара Вясну. Свідрыгайла палічыў гэта за крыўду, забіў намесніка і сам укняжыўся ў Віцебску. Адказам на гэта быў паход Вітаўта і Скіргайлы, да якіх далучыўся смаленскі князь Юрый Святаславіч. Свідрыгайлу адправілі да каралеўскага двара ў Кракаў, яго знаходжанне ў Малой Польшчы крыніцы фіксуюць з 11 жніўня 1393 да 1396 года.

Змаганне за сталец[правіць | правіць зыходнік]

Ад кракаўскага двара Свідрыгайла ад'ехаў да Сілезіі, затым да Венгрыі, адкуль разам з Фёдарам Любартавічам спрабаваў дамовіцца з кіраўніцтвам Тэўтонскага ордэна пра саюз супраць Ягайлы і Вітаўта. Зразумеўшы марнасць гэтых спроб, Свідрыгайла вярнуўся ва ўладанні Гедзімінавічаў не пазней за 12 жніўня 1399 года, калі ўдзельнічаў ў бітве войскаў Вітаўта з Цемір-Кутлуем і Едыгеем на Ворскле.[6]

Неўзабаве Ягайла даў Свідрыгайле Заходняе Падолле, папярэдні трымальнік якога на ленным праве, кракаўскі ваявода Спытка Мельштынскі, загінуў у бітве на Ворскле[6]. Аднак ужо ў 1401 годзе Свідрыгайла аднавіў сувязь з Тэўтонскім ордэнам, куды і з'ехаў у пачатку 1402 года[6].

Свідрыгайла прабыў у Ордэне да пачатку 1404 года, удзельнічаў у «рэйзах» крыжакоў на Літву, разлічваў з іх дапамогай заняць літоўскі сталец, але разам з тым не рваў сувязяў са сваім родным братам Ягайлам. Вярнуўся ва ўладанні Гедзімінавічаў, атрымаў ад Ягайлы наданні ў рускіх землях Польскага каралеўства, а ад Вітаўта — землі на літоўска-маскоўскім памежжы, у т.л. Браншчыну і Старадубшчыну.[7]

Улетку 1408 года Свідрыгайла чарговы раз узбунтаваўся, разам з епіскапам чарнігаўскім і бранскім, значнай колькасцю князёў і баяр ён ад'ехаў ў Маскву да Васіля I, які ваяваў з Вітаўтам. Васіль I надаў Свідрыгайле вялізныя ўладанні ў Вялікім княстве Маскоўскім, у тым ліку Уладзімір на Клязьме. Аднак Свідрыгайла заставаўся ў Вялікім княстве Маскоўскім толькі да паходу туды Едыгея, да якога далучыўся і пэўны час правёў у Ардзе, адкуль у 1409 годзе вярнуўся да Літвы. У тым жа 1409 годзе Свідрыгайла паспрабаваў аднавіць саюз з Ордэнам, ад гневу Вітаўта яго выратавала толькі заступніцтва Ягайлы, пакаранне горлам было заменена на зняволенне ў Крамянецкім замку. Толькі ў сакавіку 1418 года ён вызваліўся з дапамогай мясцовых князёў.[7]

Ні на Валыні, ні ў Малдавіі Свідрыгайла замацавацца не здолеў і ад'ехаў ва ўладанні рымскага караля (некаранаванага імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі) Жыгімонта Люксембургскага і яго саюзнікаў. Урэшце ў жніўні 1420 года Свідрыгайла памірыўся з Ягайлам і Вітаўтам, яму надалі ўладанні ў рускіх землях Польскага каралеўства і вялізнае Чарнігаўскае княства, да якога, мусіць, пазней (да 1422) дадалі Ноўгарад-Северскае. Тут Свідрыгайла правёў наступныя дзесяць гадоў, пазней ён сцвярджаў, што ўвесь гэты час быў у «аковах»[8].[7]

Вялікае княжанне[правіць | правіць зыходнік]

1430—1432 гады[правіць | правіць зыходнік]

Пасля смерці Вітаўта (кастрычнік 1430) паводле ўмоў Гарадзельскай уніі вялікага князя літоўскага мусілі абраць са згоды Ягайлы і польскіх паноў. Але князі і баяры ВКЛ сабраліся на сойм ў Вільні і без узгаднення з польскімі панамі, але са згоды Ягайлы, абвясцілі вялікім князем Свідрыгайлу. Свідрыгайла хоць і быў каталіком, але быў вядомы праціўнік уніі з Польшчай і даўні сапернік Вітаўта і Ягайлы. Мусіць, менавіта гэтым кіравалася незалежніцкая партыя пры яго абранні на сталец.

Польскі храніст Ян Длугаш адмыслова падкрэсліваў, што Свідрыгайла меў аўтарытэт у праваслаўных, бо хоць сам быў каталіком, але меў вялікую прыхільнасць да іх веры. Кракаўскі біскуп Збігнеў Алясніцкі ў 1432 пісаў, што праваслаўныя пры Свідрыгайле трымаюць у руках амаль усе найважнейшыя гарады і пасады, чаго быццам не было пры Вітаўце. Праўда, наколькі такая прыхільнасць Свідрыгайлы адпавядае рэчаіснасці ёсць пытаннем.

У знешняй палітыцы ўладаранне Свідрыгайлы пачалося канфліктам з Польшчай. Спрэчкі за Падолле былі яшчэ пры Альгердзе і Вітаўце, а пры Свідрыгайле зноў абвастрыліся, а ў канцы 1430 года перараслі ва ўзброеную барацьбу. Адбыўся канчатковы разрыў паміж Свідрыгайлам і Ягайлам. Пасля безвыніковых перамоў польскі кароль у чэрвені 1431 пачаў вайну і накіраваў войска на Валынь. Свідрыгайла шукаў саюзнікаў — яго падтрымліваў імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Жыгімонт Люксембургскі, які абяцаў вялікаму князю каралеўскую карону, а таксама Тэўтонскі ордэн, які хацеў рэваншу пасля паражэння 1410 года. У чэрвені 1431 года Свідрыгайла падпісаў абаронча-наступальны дагавор з вялікім магістрам Тэўтонскага ордэна Паўлам Русдорфам, таксама дапамогу абяцалі татары і малдаўскі гаспадар.

Разрыў з Польшчай выклікаў незадаволенасць часткі князёў і баяр, якія лічылі за лепшае польскую арыентацыю Літвы. Былі незадаволеныя і тыя, каталікі і праваслаўныя, хто меў уладу пры Вітаўце і быў адхілены ад яе Свідрыгайлам. Не абышлося без падбухторвання з польскага боку, якая падтрымлівала прапольскую (ці процісвідрыгайлаўскую) апазіцыю ў ВКЛ і дапамагала ў падрыхтоўцы замаху на Свідрыгайлу. Спробу замаху ўначы 1 верасня 1432 ажыццявілі ў Ашмяне Жыгімонт Кейстутавіч (каталік) і Сямён Іванавіч Гальшанскі (праваслаўны), але Свідрыгайле пашчасціла ўратавацца і ўцячы ў Полацк.

Феадальная вайна[правіць | правіць зыходнік]

Адразу пасля гэтага прапольская партыя абвясціла вялікім князем аднаго са змоўшчыкаў, малодшага брата Вітаўта — Жыгімонта Кейстутавіча. Яго ўладу прызналі Вільня, Трокі, Коўна, Жамойць, Новагародак і Гродна, ўзброенай сілай было падпарадкавана Берасце. Аднак Полацкая, Віцебская і Смаленская землі, Севершчына, Кіеўшчына, Валынь не прызналі Жыгімонта, а лічылі вялікім князем Свідрыгайлу.

Жыгімонт адразу аднавіў саюз з Польшчай, падпісаўшы унію ў Гародні, ў якой пацвердзіў вярхоўную ўладу Ягайлы на ўмовах Віленска-Радамскай уніі, такім чынам абмежаваўшы самастойнасць ВКЛ часам свайго жыцця. Каб змагацца са Свідрыгайлам Ягайла прыслаў Жыгімонту польскае войска. Так у ВКЛ пачалася феадальная вайна (1432-1437). Трэба адзначыць, што гэта вайна не мела нацыянальна-рэлігійнага характару, бо ў абодвух супрацьлеглых лагерах былі як праваслаўныя, так і каталікі. На самай справе гэтая вайна была змаганнем княжацка-баярскіх партый паміж сабою. Напрыклад, Свідрыгайла быў каталіком і пры гэтым узначальваў у асноўным праваслаўную партыю, але гэтая партыя змагалася не за веру, а за сваё пануючае становішча ў дзяржаве, і ў ёй таксама былі князі і баяры каталіцкага веравызнання, якія выступалі супраць уніі з Польшчай і за саюз з Тэўтонскім ордэнам.

Свідрыгайла абапіраючыся на Полацк з восені 1432 пачаў рабіць вайсковыя выправы на прызнаўшыя Жыгімонта землі. Зімой і летам 1433 войска Свідрыгайлы хадзіла да Вільні і Новагародка, заняло шэраг невялікіх гарадоў, але ўвогуле вайсковыя дзеянні былі для іх няўдалыя. Не аказалі абяцанай дапамогі татары і малдаўскі гаспадар. Толькі Лівонскі ордэн пасылаў свае войскі супраць Жыгімонта. У сваю чаргу Жыгімонт Кейстутавіч пры падтрымцы польскіх войскаў, ваюючы землі, захаваўшыя адданасць Свідрыгайлу, у 1433 даходзіў да Мсціслава.

Маючы колькасную перавагу, Свідрыгайла не здолеў плённа яе выкарыстаць, да таго ж хутка страціў галоўнага саюзніка. Польска-чэшскае войска напала на Новую Марку і падышло да Гданьска, вялікі магістар Тэўтонскага ордэна вымушаны быў заключыць з Польшчай перамір'е. У выніку дагавора, заключанага ў канцы 1433 ў Ленчыцах, Ордэн выракся саюзу са Свідрыгайлам. Вызначальнымі для зыходу вайны сталі прывілей 1432 года выдадзены Ягайлам для Луцкай зямлі і Троцкі прывілей выдадзены Жыгімонтам у Троках 6 мая 1434 года. Гэтыя прывілеі абвяшчалі роўнасць правоў праваслаўных і каталікоў у межах ВКЛ — правы, што гарантаваліся каталікам Гарадзельскім прывілеем, пашыраліся на ўсіх падданых незалежна ад веравызнання. У прывілеі Жыгімонта адзначалася, што такая роўнасць была заўжды, але гэтым актам яна афіцыйна пацвярджаецца. Хоць у Троцкім прывілеі дэкларавалася, што пасады ваявод і кашталянаў віленскага і троцкага могуць займаць толькі каталікі, але ж праваслаўнае баярства атрымала гарантыі недатыкальнасці сваіх зямельных уладанняў, свабоду распараджэння зямлёй, ільготы ад дзяржаўных павіннасцей. Гэтым былі знятыя значныя супярэчнасці ў грамадстве і Свідрыгайла пачаў страчваць падтрымку.

Свідрыгайла спадзяваўся на дапамогу Захаду, звярнуўся да Базельскага сабора. У 1433 годзе ў Базель быў дасланы ліст нібыта ад праваслаўных баяр з Віцебска, якія выказалі жаданне падпарадкавацца Рыму, а ў наступным годзе на царкоўным саборы з'явілася дэлегацыя Свідрыгайлы, якая пацвердзіла яго планы уніі і папрасіла дапамогі ў барацьбе з Жыгімонтам і Ягайлам. Але гэта было памылкаю, бо праваслаўныя пасля Троцкага прывілея і так пакідалі лагер Свідрыгайлы, а яго намер увесці царкоўную унію яшчэ больш адштурхнуў іх. Паспрыяла гэтаму і тое, што князь летам 1435 загадаў спаліць у Віцебску мітрапаліта Герасіма, бо падазраваў апошняга ў пераходзе на бок Жыгімонта.

У такім становішчы Свідрыгайла, пакуль яшчэ маючы даволі шмат прыхільнікаў, вырашыў даць прапольскай партыі генеральную бітву, і ў ліпені 1435 разам з войскамі Лівонскага ордэна рушыў на Жыгімонта, але панёс цяжкую паражэнне пад Вількамірам, і ўцёк з 30 баярамі ў Полацк. Падтрымка Свідрыгайлу, пасля такога паражэння яго партыі, працягвала слабець. У тым самым годзе ўладу Жыгімонта прызнаў Смаленск, але Полацк і Віцебск адбілі аблогі войскаў Жыгімонта. Тэўтонскі ордэн падпісаў у Брэсце Куяўскім вечны мір з Жыгімонтам Кейстутавічам і Ягайлам, зноў адмовіўся ад саюзу са Свідрыгайлам і прызнаў уладаром ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча, абавязваючыся і ў будучым прызнаваць толькі таго вялікага князя літоўскага, які будзе абраны са згоды паноў Польскага каралеўства, ды не падтрымліваць вялікіх князёў літоўскіх у іх антыпольскіх захадах. Наступным летам Полацак і Віцебск прызналі ўладу Жыгімонта. Нейкі час Свідрыгайла яшчэ знаходзіў падтрымку на Кіеўшчыне, Севершчыне і Валыні, але пасля пакінуў і гэтыя землі, атрымаўшы прытулак у Валахіі.

У Валахіі Свідрыгайла знаходзіўся да забойства Жыгімонта Кейстутавіча арганізаванага незалежніцкай партыяй. Пасля гэтага Свідрыгайла з'явіўся на Валыні і называў сябе вярхоўным князем літоўскім. Але рада князёў і паноў, узначаленая Янам Гаштольдам, 29 чэрвеня 1440 абвясціла вялікім князем трынаццацігадовага Казіміра Ягелончыка, зрабіўшы гэта зноў без узгаднення з польскімі панамі.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя. Т. 14. — Мн., 2002;
  • Беларусь: энцыкл. давед. — Мн., 1995;
  • Полехов С.В. Браки князя Свидригайла Ольгердовича // По любви, въ правду, безо всякие хитрости. Друзья и коллеги к 80-летию В.А. Кучкина. : Сб. ст.. — Москва: ИНДРИК, 2014. — С. 235—268.
  • Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі: ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2001. — 412 с. ISBN 985-6374-34-2 — С. 95-100;
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Кн. 1. — Мн., 2001.