Свінагадоўля ў Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Свінагадоўля Беларусі — галіна жывёлагадоўлі, якая займаецца гадоўляй свіней.

Пагалоўе[правіць | правіць зыходнік]

Пагалоўе свіней у сельскагаспадарчых прадпрыемствах Беларусі, 2018
Парасяты і свінаматка (справа) беларускай мясной пароды
Свінні беларускай чорна-пярэстай пароды

Па стане на 1 студзеня 2017 года ў гаспадарках усіх катэгорый налічвалася 3152 тыс. свіней. Пры гэтым 2734 тыс. з ніх змяшчалася ў сельскагаспадарчых арганізацыях, 30,7 тыс. — у фермерскіх гаспадарках і 387 тыс. — у асабістых гаспадарках насельніцтва[1]. У 2017 годзе больш за ўсё свіней змяшчалася ў Гродзенскай вобласці (710,6 тыс.), Мінскай вобласці (663,2 тыс.), Брэсцкай вобласці (579,5 тыс.), менш за ўсё — у Гомельскай (488,5 тыс.), Віцебскай (405,2 тыс.) і Магілёўскай абласцях (305,1)[2]. У некалькіх раёнах свіней больш за 100 тыс. галоў — Камянецкім (108,2 тыс.), Гомельскім (149,5 тыс.), Гродзенскім (121,7 тыс.), Шчучынскім (121,1 тыс.)[3].

У 2010—2016 гадах у краіне штогод уводзілася ў эксплуатацыю памяшканняў для ўтрымання свінняў на 32-206 тыс. месцаў (у суме — 562 тыс. месцаў)[4].

На дынаміку рэалізацыі свініны на забой аказала негатыўны ўплыў эпізаатыя афрыканскай чумы свіней (гл. ніжэй):

Год Усяго
(тыс. т)[5][6]
(у жывой вазе)
Δ Буйнымі с/г
арганізацыямі
Фермерамі Гаспадаркамі
насельніцтва
2010 512 380 4 128
2011 540 +5,5% 411 4 125
2012 573 +6% 434 4 136
2013 599 +4,5% 460 4 135
2014 460 -23% 386 4 71
2015 460 н/м 390 4 66
2016 486 +5,5% 416 4 66
2017 496 +2% 431 4 61
2018 495 н/м 435 4 57

Пагалоўе свіней у Беларусі (тыс. галоў):

Эканамічныя паказчыкі[правіць | правіць зыходнік]

Вытворчасць свініны ў Рэспубліцы Беларусь характарызуецца няўстойлівай рэнтабельнасцю: за 2012—2018 гады гэты паказчык у розныя гады вар’іраваўся ад −6,2 % (2013 год) да + 19,4 % (2012 год). У 2018 годзе рэнтабельнасць рэалізацыі свініны сельскагаспадарчымі арганізацыямі склала −4,1 %[7].

Эпізаатыі АЧС[правіць | правіць зыходнік]

16-18 лютага 2012 года ў вёсцы Нязнанава (Навагрудскі раён Гродзенскай вобласці) органы ветэрынарнага нагляду канфіскавалі ў мясцовых жыхароў і знішчылі ўсё пагалоўе свіней. Шэраг абставінаў паказваў на тое, што ў вёсцы магла адбыцца ўспышка афрыканскай чумы свіней. У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі гэтую інфармацыю абверглі, назваўшы падзеі, якія адбыліся, вучэннямі. Аднак версія Мінсельгасхарча ў незалежнай прэсе была падвергнутая сумневу па шэрагу прыкмет[8]. Не маючы дакладнай інфармацыі аб тым, што здарылася, 29 лютага Дзяржаўная ветэрынарная і фітасанітарная служба Украіны ўвяла забарону на імпарт свініны, іншых адчувальных да хваробы жывёл і прадукцыі з іх з Беларусі, паказваючы на тое, што «існуе верагоднасць таго, што выпадак у с. Нязнанава абумоўлены заносам узбуджальніка афрыканскай чумы свіней у Рэспубліку Беларусь»[9].

Улетку 2013 года ў Беларусі зноў была зафіксавана ўспышка афрыканскай чумы свіней. Паводле афіцыйнай інфармацыі, упершыню захворванне было выяўлена ў вёсцы Чапунь Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці[10]. З прычыны гэтага ў зоне пагрозы ў чатырох суседніх раёнах — Карэліцкім, Навагрудскім, Стаўбцоўскім і Валожынскім — пачалося знішчэнне ўсяго пагалоўя свіней[11]. Па папярэдніх дадзеных, крыніцай інфекцыі стаў імпартны камбікорм[12]. Неўзабаве другі ачаг захворвання быў зарэгістраваны ў вёсцы Копці Віцебскага раёна[13]. Да канца ліпеня абмежаванні для беларускай свініны ўвялі ўсе суседзі Беларусі — Латвія, Літва, Польшча, Расія і Украіна[14]. Суседняя Літва абвясціла аб тым, што з 23 ліпеня ўсе людзі, якія перасякаюць яе мяжу з боку Беларусі, будуць падвяргацца прымусовай дэзінфекцыі[14]. Акрамя таго, у Літве і Польшчы былі абвешчаныя планы будаўніцтва шматкіламетровых загарод для прадухілення траплення АЧС пасродкам дзікоў[12].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]