Свіраны (Віленскі раён)
| Вёска | |
| Свіраны | |
|---|---|
| літ.: Svironys | |
| 54°34′15″ пн. ш. 25°33′39″ у. д.HGЯO | |
| Краіна |
|
| Павет | Віленскі |
| Раён | Віленскі |
| Сянюнія | Рукойненская |
| Гісторыя і геаграфія | |
| Першая згадка | 1501 |
| Назвы на іншых мовах |
польск.: Świrany |
| Часавы пояс | UTC+2, летам UTC+3 |
| Насельніцтва | |
| Насельніцтва | 19 чалавек (2021) |
Свіра́ны[1], таксама Свіро́ніс[2] (літ.: Svironys, польск.: Świrany) — вёска (былая калонія і фальварак) ў Віленскім раёне Віленскага павета Літвы. Уваходзіць у склад Рукойненскай сянюніі. Размешчана за 3 км на паўночны ўсход ад мястэчка Рукойні. Сучасная вёска таксама ўключае ў сябе тэрыторыю былога засценка Доля (польск.: Dola).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вялікае Княства Літоўскае
[правіць | правіць зыходнік]Упершыню згадваюцца ў 1501 годзе[1]. На 1561 год уладанне І. Зарэцкага і іншых, цэнтр маёнтка. Напісанне ў тагачасных дакументах старабеларускай мовай: Свираны, Свиряны. Пасля адміністрацыйнай рэформы 1567 года вёска знаходзілася ў Віленскім павеце Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага[1]. Пазней паселішча з'яўлялася ўласнасцю віленскага базыльянскага манастыра[3].
Пад уладай Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Свіраны апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Віленскім павеце. У перыяд расійскага панавання былыя манастырскія ўладанні былі канфіскаваны ў дзяржаўную казну. У XIX стагоддзі гэта была дзяржаўная ўласнасць і фальварак пры тракце з Вільні да Мінска[3]. Фальварак з'яўляўся цэнтрам дзяржаўных маёнткаў, якія ў 1865 годзе ахоплівалі 43 вёскі, 6 прысёлкаў і 7 засценкаў з агульным насельніцтвам 1135 «рэвізскіх душ».
У 1840 годзе ў Свіранах, у сям'і, якая арандавала фальварак, нарадзіўся выдатны беларускі паэт Францішак Багушэвіч. Сюды, да сваіх бацькоў, прыязджала маці Багушэвіча Канстанцыя (у дзявоцтве Галаўня)[4]. Пасля 1861 года паселішча ўваходзіла ў Рукойненскую воласць Віленскага павета.
У часы Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе Свіраны занялі войскі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай паселішча абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі[5]. У пачатку 1919 года тэрыторыя занята Чырвонай Арміяй[6]. З 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР, у канцы сакавіка занята польскімі войскамі.
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]У 1920 годзе Свіраны апынуліся ў складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 года — у складзе Польшчы, у Віленска-Троцкім павеце Віленскага ваяводства. Да 1 красавіка 1927 года паселішча ўваходзіла ў склад гміны Рукойні, пасля чаго было перададзена ў склад гміны Шумск[7]. У беларускай гістарыяграфіі гэтыя землі вядомыя як Заходняя Беларусь. Паводле перапісу 1931 года ў фальварку пражывала 14 чалавек у адным будынку[8].
З пачаткам Другой сусветнай вайны ў верасні 1939 года Свіраны былі заняты савецкімі войскамі. 10 кастрычніка 1939 года паводле дагавора з СССР тэрыторыя Віленскай вобласці была перададзена Літве. З 1940 года вёска знаходзілася ў Літоўскай ССР. У чэрвені 1941 — ліпені 1944 гадоў тэрыторыя знаходзілася пад акупацыяй Германіі. З 1990 года Свіраны ўваходзяць у склад адноўленай незалежнай Літвы.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Дынаміка колькасці насельніцтва Свіранаў паказвае на ваганні ў другой палове XX стагоддзя з наступным паступовым зніжэннем у пачатку XXI стагоддзя.
| Дынаміка насельніцтва з 1905 па 2021 | ||||||||
| 1905[9] | 1931[8] | 1959пер.[10] | 1970пер.[10] | 1979пер.[11] | 1989пер.[12] | 2001пер.[13] | 2011пер.[14] | 2021[15] |
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| 12 | 30 | 16 | 23 | 30 | 24 | 17 | 10 | 19 |
Моўная сітуацыя і этнаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Разам з іншымі паселішчамі на паўднёвы ўсход ад Вільні вёска знаходзіцца ў арэале гістарычнага бытавання беларускіх гаворак, якія сфарміраваліся на беларуска-літоўскім моўным памежжы. У 1966 і 1977 гадах Свіраны (разам з суседнімі Рукойнямі) сталі адным з пунктаў маштабнай дыялекталагічнай экспедыцыі, матэрыялы якой увайшлі ў пяцітомны «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча»[16].
Паводле даследаванняў польскага славіста Міраслава Янковяка (2008—2025 гг.), сёння мясцовая беларуская гаворка (якую жыхары называюць «простай мовай») паступова саступае месца польскай, а таксама рускай і літоўскай мовам. Яна захоўваецца пераважна толькі сярод жыхароў старэйшага пакалення[16]. У перыяд з 2008 года даследчыкам былі зроблены аўдыязапісы мясцовай беларускай гаворкі ад ураджэнцаў Свіранаў.
У ліпені 2010 года Свіраны таксама сталі адным з пунктаў этнаграфічнай экспедыцыі студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам беларускага этнолага Юрыя Іосіфавіча Внуковіча. Даследчыкі збіралі звесткі па народнай культуры, каляндарнай і сямейнай абраднасці, вуснай гісторыі мясцовых жыхароў-каталікоў, якія захавалі беларускую гаворку і памяць пра свайго знакамітага земляка Францішка Багушэвіча[17]. Цікава, што ў суседняй вёсцы Кулі навукоўцамі быў запісаны верш «Задумаў бацька жаніць сына», аўтарства якога народная традыцыя таксама прыпісвае Францішку Багушэвічу[17].
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Францішак Багушэвіч (1840—1900) — выдатны беларускі грамадскі і культурны дзеяч, паэт, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 4 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: Белкартаграфія. — Т. 1 / [рэд. Л.У. Шклярэвіч]. — 244, [3] с., іл. с. — ISBN 978-985-508-060-3. С. 233.
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 187-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Літоўскай Рэспублікі на беларускую мову»
- ↑ а б SgKP 1890.
- ↑ Янушкевіч Я. Францішак Багушэвіч // Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. У 2 т. / Навук. рэд. тома У. Мархель, В. Чамярыцкі. — 2. — Мн.: Беларус. навука, 2010. — Т. 2. Новая літаратура: другая палова XVIII—XIX стагоддзе. — С. 373. — ISBN 978-985-08-1167-7.
- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 4 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: Белкартаграфія. — Т. 4 / [рэд. В.Л. Насевіч]. — 270 с., іл. с. — ISBN 978-985-508-476-2. С. 18.
- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 4 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: Белкартаграфія. — Т. 4 / [рэд. В.Л. Насевіч]. — 270 с., іл. с. — ISBN 978-985-508-476-2. С. 20.
- ↑ Dz.U. 1927 nr 24 poz. 189 (польск.). Dziennik Ustaw. Праверана 11 красавіка 2026.
- ↑ а б Wykaz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, 1938. — Т. I. Województwo wileńskie.
- ↑ І. І. Гошкевич. Виленская губернія: Полный списокъ населенныхъ мѣстъ со статистическими данными о каждомъ поселеніи. — Вильна: Губернская типография, 1905.
- ↑ а б Lietuvos TSR kaimo gyvenamosios vietovės 1959 ir 1970 metais (Visasąjunginių gyventojų surašymų duomenys). Vilnius: Centrinė statistikos valdyba prie Lietuvos TSR Ministrų tarybos, 1974.
- ↑ Lietuvos TSR kaimo gyvenamosios vietovės (1979 metų Visasąjunginio gyventojų surašymo duomenys). Vilnius: Lietuvos TSR Centrinė statistikos valdyba, 1982.
- ↑ Kaimo gyvenamosios vietovės (1989 metų Visuotinio gyventojų surašymo duomenys). Vilnius: Lietuvos Respublikos Statistikos departamentas, 1993.
- ↑ Vilniaus apskrities gyvenamosios vietovės ir jų gyventojai. Vilnius: Statistikos departamentas, 2003.
- ↑ Gyventojai gyvenamosiose vietovėse: Lietuvos Respublikos 2011 metų gyventojų ir būstų surašymo rezultatai. Vilnius: Statistikos departamentas, 2013. Suarchyvuota 2022-04-08.
- ↑ Gyventojai gyvenamosiose vietovėse: Lietuvos Respublikos 2021 metų gyventojų surašymo rezultatai. Vilnius: Statistikos departamentas, 2022.
- ↑ а б Jankowiak 2025.
- ↑ а б Внуковіч 2012.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Jankowiak M. Granice zasięgu gwar białoruskich w świetle badań lingwistów. Część III: pogranicze białorusko-litewskie // Acta Albaruthenica : часопіс. — 2025. — Т. 25. — С. 76–95. — DOI:10.31338/2720-698Xaa.25.4
- Внуковіч Ю. І. Народная культура Віленшчыны ў палявых запісах пачатку ХХІ стагоддзя // Фальклор беларусаў замежжа : часопіс. — 2012. — С. 393—455.
- Świrany (5) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola (польск.). — Warszawa, 1890. — S. 714.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Свіраны (Віленскі раён)- Свіраны (Віленскі раён) на сайце Radzima.org
