Свірская града

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Свірская града
Каардынаты: 54°51′ пн. ш. 26°24′ у. д.HGЯO
Размяшчэнне Беларусь
physical
Свірская града
Свірская града

Сві́рская града́ знаходзіцца на паўночным захадзе Беларусі, ва ўсходняй частцы Астравецкага і Смаргонскага, на крайнім захадзе Мядзельскага раёнаў, належыць да фізіка-геаграфічнага раёна Нарачана-Вілейская нізіна.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Града цягнецца з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход уздоўж паўднёва-заходняга берага возера Свір. Даўжыня каля 70 км, шырыня 0,5-4,5 км, вышыня 165—185 метраў, найбольшая 210 метраў. Над прылеглымі ўчасткамі водна-ледавіковай і марэннай раўніны прыўзнята на 10-35 метраў, месцамі на 50-60 метраў.

Геалогія[правіць | правіць зыходнік]

Магутнасць платформавага чахла каля 370 м. Крышталічны фундамент перакрыты пародамі верхняга пратэразою, кембрыю, ардовіку, сілуру, сярэдняга дэвону. У антрапагеннай тоўшчы пашыраны адклады дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў.

Града створана паазерскім ледавіком. У фарміраванні яе вялікая роля цякучых і застойных расталых ледавіковых водаў, асадкі якіх у заключную фазу зледзянення намнажаліся ва ўмовах шырокага распаўсюджання «мёртвых» ільдоў. Пасля іх раставання ўтварыўся ўзгорыста-западзінны рэльеф.

Рэльеф і гідраграфія[правіць | правіць зыходнік]

У аснове грады цокаль з марэнных супескаў з лінзамі і праслоямі пяскоў. На яго насаджаны збліжаныя адзін да аднаго ўзоркі (адносныя вышыні 1-12, месцамі 14-16 метраў, стромкасць схілаў адпаведна 2-5° і да 8-12°), нярэдка падоўжаныя, выцягнутыя ў ланцугі. Найбольшыя вышыні прымеркаваны да паўночна-ўсходняга і ўсходняга краю гады. Узгоркі камавага тыпу, складзены з пяской рознай зярністасці. На многіх узгорках, асабліва на паўночным захадзе грады, прысутнічае покрыў з марэны магутнасцю 1-1,5 метры. Паміж узгоркамі акруглыя забалочаныя западзіны, а паміж ланцугамі ўздоўж грады лагчынападобныя паглыбленні і водна-ледавіковыя лагчыны, па якіх цякуць рэкі Тушчанка і Струна. Каля бартоў лагчыны знаходзяцца озы (в. Спонды, Косцевічы, на поўдзень ад г.п. Свір), каля вёскі Свайгіні. Даліны рэк Страча і яе прытока Свірыцы ў месцах іх перасячэння градой вузкія, часта з абрывістымі схіламі.

Глебы і расліннасць[правіць | правіць зыходнік]

Глебы дзярнова-падзолістыя слаба- і сярэднеападзоленыя на магутных марэнных глінах і суглінках, дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя на водна-ледавіковых і марэнных супесках, падасланыя пяскамі. Па паніжэннях пашыраны дзярнова-перагнойна-глеевыя глебы на суглінках і супесках, падасланыя пяскамі, а таксама тарфяна-балотныя глебы.

Свірская града малалесная. Невялікія ўчасткі хваёвых лясоў на паўночных і паўночна-ўсходніх схілах. Пераважаюць хваёвыя бары верасовага, бруснічнага і лішайнікавага тыпаў. У паніжэннях трапляюцца хвойнікі чарнічныя, сярод якіх сфагнавыя і асакова-сфагнавыя. Па ўскраінах нізінных балот ельнікі, а затарфаваныя берагі рэк укрыты чорнаалешнікамі. Сярод вытворных лясоў пераважаюць бярэзнікі і асіннікі, вельмі мала шэралешнікаў. Пад ворывам каля 30 % тэрыторыі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]