Свіслацкая беларуская настаўніцкая семінарыя

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Свіслацкая беларуская настаўніцкая семінарыя — колішняя навучальная ўстанова мястэчку Свіслач Ваўкавыскага павета, дзейнічала ў 1916—1918 гадах.

Рыхтавала настаўнікаў для беларускіх пачатковых школ на тэрыторыі Беларусі, акупіраванай войскамі Германіі ў 1-й сусветнай вайне. Утворана з дазволу і пры фінансаванні нямецкіх акупацыйных улад. Паводле статута ў семінарыю прымаліся асобы абодвух полаў і рознага веравызнання, якія скончылі 4 класы гімназіі або гарадскога ці вышэйшага пачатковага вучылішча (фактычна прымалі і з меншым адукацыйным цэнзам). Навучанне вялося на беларускай мове, прайшло 5 патокаў слухачоў (каля 150 чал.).

Тэрмін навучання першых 4 выпускаў складаў 3-4 месяцы, 5-га — 8 месяцаў. Дазвалялася здаць курс навучання экстэрнам. Выкладаліся: беларуская мова і літаратура, нямецкая мова, рэлігія, педагогіка, арыфметыка, асновы геаграфіі, гісторыя Беларусі, гімнастыка, спевы, маляванне, гігіена, садоўніцтва і агародніцтва, ручная праца.

У 1917 годзе лекцыі па гісторыі беларускай літаратуры чытаў прафесар Вроцлаўскага універсітэта Рудольф Абіхт. Выкладчык семінарыі Баляслаў Пачопка паводле сваіх лекцый у семінарыі выдаў у Вільні лацінкай «Граматыку беларускай мовы» (1918; яе крытыкавалі беларускія мовазнаўцы за шматлікія паланізмы і русізмы). У семінарыі вучыліся В. Маслоўская, А. Грыкоўскі, У. Шалешка і інш.

Закрыта семінарыя 15 лістапада 1918 года.