Світа
| Світа | |
|---|---|
| Світа | |
| Морфаметрыя | |
| Вышыня над узроўнем мора | 141,6[1] м |
| Даўжыня | 1,5 км |
| Шырыня | 1,06 км |
| Плошча | 0,83 км² |
| Аб’ём | 0,00754 км³ |
| Даўжыня берагавой лініі | 5,44 км |
| Найбольшая глыбіня | 31 м |
| Гідралогія | |
| Салёнасць | больш 0,25 ‰ |
| Празрыстасць | 3,2—4 м |
| Басейн | |
| Плошча вадазбору | 22 км² |
| Упадаюць | ручаі |
| Выцякаюць | ручай |
| Размяшчэнне | |
| Краіна |
|
| Рэгіён | Віцебская вобласць |
Сві́та — возера ў Беларусі, у Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці. Размешчанае ў 7 км на поўдзень ад Паставаў, каля вёскі Сіманькі. Належыць да групы Пастаўскіх азёр.
Знаходзіцца ў басейне ракі Мядзелка. Плошча возера складае 0,83 км². Найбольшая глыбіня возера — 31 м. Даўжыня Світы складае 1,5 км, найбольшая шырыня — 1,06 км. Берагавая лінія вельмі звілістая, яе даўжыня складае — 5,44 км. Аб'ём вады ў возеры складае 7,54 м³, плошча вадазбору возера — 22 км².
Схілы катлавіны возера маюць вышыню 20—35 метраў. Схілы парослыя лесам і хмызняком, у верхняй часты — часткова разараныя. Берагі возера пакрытыя хмызняком.
Абалона возера мае шырыню 10—15 метраў, на захадзе шырыня поймы складае да 200 метраў.
У возеры размешчаныя 3 астравы агульнай плошчай 0,016 км². Катлавіна мае шэраг заліваў, найбольшы з якіх размяшчаецца на паўночным усходзе, дзе ўтварае плёс.
Найбольшыя глыбіні знаходзяцца ў паўднёвай частцы возера. У прыбярэжнай частцы дно пясчанае. На большых глыбінях — гліністае.
У Світу ўпадае ручай з возера Чэцверць, выцякае ручай у возера Світка.
Улетку водная маса возера мае выразнае тэмпературнае раздзяленне. На паверхні возера назіраецца кіслароднае перанасычэнне з рэзкім падзеннем у металімніоне і з высокім дэфіцытам каля дна. Агульная колькасць соляў падвышаецца ад паверхні да дна, дзе складае больш за 250 мг/л. Таксама характэрнай асаблівасцю возера з'яўляецца падвышэнне ўтрымання жалеза ў вадзе і яго накапленне ў ніжніх пластах вады. Аднак вада возера адрозніваецца высокай празрыстасцю, якая складае 3,2—4 метры.
Наяўнасць у возеры двух плёсаў, якія дастаткова моцна адрозніваюцца па глыбіні, вядзе да таго, што ўсталёўваецца розніца ў іх гідрахімічным рэжыме. У мелкаводным паўночна-усходнім плёсе вада добра перамешваецца ветрам, лепей праграваецца сонцам, утрыманне кіслароду ў ім вышэйшае, што дасягаецца ў першую чаргу наяўнасцю расліннасці, якая амаль цалкам пакрывае паверхню.
Розніца ў зарастанні мелкаводнага плёсу і астатняй акваторыі возера вельмі вялікая. У выніку высокай празрыстасці вады плёс зарастае амаль цалкам да глыбіні 4—4,5 метраў, прычым пераважна падводнымі раслінамі, сярод якіх пераважаюць харавыя водарасці. Глыбакаводная частка зарастае слаба, пераважна з-за наяўнасці рэзкіх схілаў дна. Шырыня паласы прыбярэжнай расліннасці складае да 5 метраў.
Іхтыяфаўна возера сігова-снеткавая. Таксама ў возеры распаўсюджаныя акуні, самы, мянтузы, лінь, карасі, вугры. Вялікая колькасць вадаплаўных дзікіх птушак.
Возера Світа трапляе пад уздзеянне анрапагеннага фактару. Схілы катлавіны разараныя, недалёка пабудаваныя жывёлагадоўчыя фермы. Вада з возера выкарыстоўваецца для гаспадарчых патрэб насельніцтва вёскі Сіманькі. Слабы абмен вады і значная глыбіня возера ствараюць умовы нізкай самаачышчальнасці вадаёма.
Зноскі
- ↑ Ліст карты N-35-30. Выданне 1986 года. Стан мясцовасці на 1982 год. (руск.)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Світа // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 266—267. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
- Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
- Озера Белоруссии / О. Ф. Якушко и др. — Мн.: Ураджай, 1988. (руск.)
- Республика Беларусь. Витебская область. Поставский район: карта. — Мн.: Белкартография, 2007. — Доп.тираж 3 000 экз. (руск.)
