Северо-Западное слово

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

«Паўночна-Заходняе слова» (руск.: Северо-Западная слово) — штодзённая грамадска-палітычная, эканамічная і літаратурная газета. Выходзіла з 15 (27) лістапада 1898 да 29 лістапада (12 снежня) 1905 у Вільні на рускай мове. Рэдактар-выдавец Г. Клачкоўскі, рэдактары Л. І. Чаркасаў і М. І. Радзін. Прытрымлівалася кансерватыўна-асветніцкага, у 1905 г. памяркоўна-ліберальнага кірунку. Выступала за развіццё культуры на аснове класавага, нацыянальнага і рэлігійнага прымірэння (15 лістапада 1898, 1 студзеня 1899). Беларусь лічыла «рускім краем». Пад уплывам рэвалюцыйнага руху крытыкавала непаслядоўнасць дэмакратычных рэформ у Расіі (25 кастрычніка 1905). Друкавала навукова-папулярныя нарысы пра дасягненні навукі, артыкулы па краязнаўстве, этнаграфіі, геаграфіі, медыцыне, літаратурна-крытычныя агляды, рэцэнзіі, інфармавала пра тэатральнае і музычнае жыццё ў краі. У перакладзе на рускую мову змяшчала творы польскіх, французскіх, нямецкіх пісьменнікаў, нарысы пра творчасць М. В. Гогаля, І. С. Тургенева, Ф. М. Дастаеўскага і інш. Свае вершы, нарысы і крытычныя артыкулы змяшчаў у газеце мінскі літаратар Д. Д. Бохан, у т.л. пераклад польскага верша Я. Лучыны «На могілках (5 верасня 1902), нарыс пра творчасць У. Сыракомлі (6—7 верасня 1902). Газета змясціла некралог «Ф. К. Багушэвіч» і артыкул Радзіна «Памяці Ф. К. Багушэвіча», характарызавала яго як адваката і гуманнага чалавека, не ўпамінаючы як беларускага пісьменніка (18 красавіка 1900).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Конан, У. «Северо-Западная слово» / Уладзімір Конан // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 274. — ISBN 985-11-0214-8.