Седрас

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Седрас
ісп. Cedros
Cedros.jpg
Характарыстыкі
Плошча348,3 км²
Насельніцтва2 696 чал.
Шчыльнасць насельніцтва7,74 чал./км²
Размяшчэнне
28°13′ пн. ш. 115°15′ з. д.HGЯO
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Седрас (Мексіка)
Седрас
Седрас
Лагатып Вікісховішча Аўдыё, фота і відэа на Вікісховішчы

Востраў Се́драс (ісп.: Isla de Cedros) — востраў у Ціхім акіяне на поўдні мексіканскага штата Ніжняя Каліфорнія. Плошча — 348,3 км². Насельніцтва (2010 г.) — 2696 чал.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Седрас месціцца ў паўночна-заходняй частцы Ціхага акіяна ў 23,3 км ад заходняй ускраіны паўвострава Каліфорнія. Даўжыня з поўначы на поўдзень — 38,34 км. Найбольшая шырыня — 16,48 км.

Седрас утвораны ў выніку вулканічнай дзейнасці, якая пачалася ў Юрскі перыяд. Суша сфарміравана магматычнымі, метамарфічнымі і асадкавымі пародамі. Дамінуюць горныя пейзажы. Найвышэйшы пункт — гара Монтэ-Седрас (1205 м). Карысныя выкапні — галіт, золата і медзь.

Клімат трапічны засушлівы. Дзякуючы прахалодным паветраным масам і плыням з Ціхага акіяна тут не так спякотна, як на суседнім паўвостраве Каліфорнія. Сярэдняя гадавая тэмпература +22°C. У ліпені слупок тэрмометра можа падвышацца да 28,6°C. На ўзбярэжжы часцяком здараюцца ранішнія туманы, аднак сутачнае надвор'е пераважна сухое. Высокія горы затрымліваюць вільготныя паветраныя масы, таму на іх схілах выпадае больш асадкаў.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Для прыроды вострава Седрас характэрны высокі паказчык эндэмічнай флоры і фаўны. Прыбярэжныя і нізкія часткі на працягу года атрымліваюць мала вільгаці, таму тут дамінуюць ксерафітныя травы і хмызнякі. У гарах захаваліся хваёвыя і ядлаўцовыя гаі. У мінулым іх плошча была значна большай, дзякуючы ім востраў атрымаў сваё сучаснае найменне (ісп.: Cedros — "кедры"). Жывёльны свет прадстаўлены рознымі відамі птушак, яшчарак, казурак, грызуноў, ластаногімі і здзічэлымі козамі. Воды каля Седраса адрозніваюцца багаццем рыбных запасаў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Індзейцы насялілі востраў Седрас болей за 10 тысяч гадоў таму. Выяўлена болей за 70 археалагічных помнікаў дакалумбавай эпохі. У 1539 г. ён быў адкрыты іспанскімі канкістадорамі. У 1732 г. па патрабаванні манахаў-дамініканцаў, якія апекавалі мясцовае карэннае насельніцтва, тубыльцы пакінулі востраў і перасяліліся ў суседнюю Каліфорнію. Седрас наведваўся піратамі, рыбакамі, кітабоямі і кантрабандыстамі.

У канцы XIX — пачатку XX з'явілася сталае насельніцтва, прадстаўленае здабытчыкамі золата і медзі. У 1917 г. прамысловая здабыча спынілася, аднак жыхары Седраса асвоілі рыбалоўства. У 1920 г. была пабудавана кансервавая фабрыка. Рыбалоўства і перапрацоўка рыбы, а таксама здабыча солі і турызм адыгрываюць значную ролю ў эканоміцы вострава і ў нашы дні.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]