Секст Аўрэлій Віктар
| Секст Аўрэлій Віктар | |
|---|---|
| Sextus Aurelius Victor | |
| Род дзейнасці | гісторык, дзяржаўны дзеяч |
| Дата нараджэння | каля 320-х гадоў |
| Месца нараджэння | Афрыка, Рымская імперыя |
| Дата смерці | каля 390 |
| Грамадзянства | Рымская імперыя |
Секст Аўрэ́лій Ві́ктар (лац.: Sextus Aurelius Victor; 320-ыя гады, Афрыка — каля 390) — рымскі гісторык і дзяржаўны дзеяч IV стагоддзя. Аўтар кароткай гісторыі рымскіх імператараў De Caesaribus («Пра цэзараў»), у якой апісаны перыяд ад імператара Аўгуста да Канстанцыя II.[1] Належыць да ліку лацінскіх аўтараў позняй Антычнасці, якія перапрацоўвалі і скарачалі ранейшыя гістарычныя творы.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Звестак пра жыццё Аўрэлія Віктара захавалася няшмат. Ён паходзіў з рымскай Афрыкі. Ягонай датай нараджэння называюць 320-я або 325—330 гады.[2] Паводле звестак з ягонага ўласнага твора, Віктар нарадзіўся ў небагатай сям’і, але атрымаў добрую адукацыю; ён мог вучыцца ў як у Карфагене, так і ў Рыме.[3]

У 350-я гады Аўрэлій Віктар, верагодна, служыў у імперскай адміністрацыі ў Ілірыку. У 360 або ў пачатку 361 года ён завяршыў сваю гісторыю рымскіх імператараў. Твор зрабіў яго вядомым пры двары імператара Юліяна, які ў 361 годзе ўшанаваў Віктара бронзавай статуяй і прызначыў яго намеснікам правінцыі Панонія Секунда.[3]
Пасля гэтага пра кар’еру Віктара вядома няшмат. У 389 годзе, ужо пры імператары Феадосіі I, ён стаў гарадскім прэфектам Рыма.[1][3] Дакладная дата смерці Аўрэлія Віктара невядомая; звычайна яе адносяць да канца IV стагоддзя.
Творы
[правіць | правіць зыходнік]Галоўны вядомы твор Аўрэлія Віктара — De Caesaribus або Liber de Caesaribus («Пра цэзараў», «Кніга пра імператараў»). Гэта сціслая гісторыя рымскіх імператараў ад Аўгуста да Канстанцыя II.[1][4] У творы паслядоўна разглядаюцца перыяды праўлення імператараў, іх паходжанне, характар, палітычныя рашэнні, адносіны з войскам і сенатам, а таксама прычыны поспеху або заняпаду дзяржавы.
Аўрэлій Віктар не быў відавочцам большасці падзей, таму ён перапрацоўваў ранейшыя гістарычныя дакументы. Магчымымі крыніцамі для ягонай працы называюць творы Светонія, Тацыта, Марыя Максіма, а таксама, магчыма, Касія Дыёна і Іосіфа Флавія.[2] Ён моцна скарачаў матэрыял, таму шмат якія падзеі апісаны вельмі лаканічна. Асноўная ўвага надаецца не падрабязнаму апісанню войнаў або адміністрацыйных рэформ, а ацэнцы імператараў як асоб і кіраўнікоў.
Атрыбуцыя
[правіць | правіць зыходнік]З імем Аўрэлія Віктара звязана некалькі невялікіх гістарычных твораў. Надзейна яму прыпісваецца найперш De Caesaribus.[2] Пазнейшая Epitome de Caesaribus («Кароткая вытрымка пра цэзараў»), у якой звесткі даведзены да 395 года, раней памылкова лічылася творам Аўрэлія Віктара.[1]
У сучаснай навуцы пытанне пра склад і аб’ём гістарычнай спадчыны Аўрэлія Віктара застаецца прадметам дыскусіі. Джасцін Стоўвер і Джордж Вудхайзен у даследаванні The Lost History of Sextus Aurelius Victor выказалі думку, што вядомыя кароткія тэксты маглі быць вытрымкамі або пазнейшымі скарачэннямі шырэйшай страчанай гісторыі Рымскай імперыі, напісанай Аўрэліям Віктарам.[5]
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 4 Аўрэлій Віктар. Verbum.by. Беларуская Энцыклапедыя. Праверана 3 чэрвеня 2026.
- 1 2 3 Chaumont, Marie Louise. Aurelius Victor (англ.). Encyclopaedia Iranica (15 снежня 1987). Праверана 3 чэрвеня 2026.
- 1 2 3 Sex. Aurelius Victor (англ.). The Last Historians of Rome. University of Edinburgh; University of Nottingham. Праверана 3 чэрвеня 2026.
- ↑ Sexti Aurelii Victoris Liber de Caesaribus (лац.). The Latin Library. Праверана 3 чэрвеня 2026.
- ↑ Stover, Justin A.; Woudhuysen, George. The Lost History of Sextus Aurelius Victor (англ.). Edinburgh University Press (16 ліпеня 2023). Праверана 3 чэрвеня 2026.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Аўрэлій Віктар // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — С. 88. — 477 с.: іл., карты. — ISBN 985-11-0061-7.
- Bird, H. W. Aurelius Victor: De Caesaribus. — Liverpool: Liverpool University Press, 1994.
- Chaumont, Marie Louise. Aurelius Victor // Encyclopaedia Iranica. — Vol. III, Fasc. 1. — 1987. — P. 28—29.
- Dufraigne, Pierre, éd. Aurelius Victor. Livre des Césars. — Paris: Les Belles Lettres, 1975.
- Stover, Justin A.; Woudhuysen, George. The Lost History of Sextus Aurelius Victor. — Edinburgh: Edinburgh University Press, 2023.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Liber de Caesaribus — лацінскі тэкст на сайце The Latin Library
- Sex. Aurelius Victor — біяграфічны артыкул праекта The Last Historians of Rome

Секст Аўрэлій Віктар на Вікісховішчы